Лінія Кэрзана
Лінія Кэрзана — умоўная назва лініі, вызначанай міністрам замежных спраў Вялікабрытаніі, лордам Дж. Кэрзанам, і прапанаванай Парыскай мірнай канфэрэнцыяй (1919—1920) у 1920 годзе для ўсталяваньня ўсходняй дзяржаўнай мяжы Польшчы. Праходзіла праз Гародню — Ялаўку — Няміраў — Берасьце Літоўскае — Дарагуск — Усьцілуг, усходней Грубешова, праз Крылоў і далей заходней Равы-Рускай, усходней Перамышлю да Карпатаў.
На Тэгеранскай канфэрэнцыі (лістапад-сьнежань 1943) была прынятая прапанова Чэрчыля аб тым, што прэтэнзіі Польшчы на землі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны будуць задаволены за кошт Нямеччыны, а ў якасьці мяжы на ўсходзе павінна быць лінія Кэрзана.