Ю́ры (Ю́рка, Гео́ргі) Іва́навіч Лістапа́д (7 красавіка 1897, Варкавічы, цяпер Слуцкі раён, Менская вобласьць5 ліпеня 1938, ГУЛАГ) — беларускі палітычны дзяяч, публіцыст. Удзельнік Слуцкага збройнага чыну.

Юры Лістапад
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 7 красавіка 1897
Варкавічы, Слуцкі павет, Менская губэрня, Расейская імпэрыя
Памёр: 5 ліпеня 1938 (41 год)
ГУЛАГ
Сужэнец: Марыя (Сагановіч)
Дзеці: Ніна
Адукацыя: Панявеская настаўніцкая сэмінарыя

Біяграфія

рэдагаваць
 
Ю. Лістапад з жонкай Марыяй, 1920-я гг.
 
Ю. Лістапад з дачкой Нінай, канец 1920-х

Нарадзіўся 7 красавіка 1897 году ў Варкавічах Слуцкага павету ў сялянскай сям’і[1]. У 1914 годзе скончыў Панявескую настаўніцкую сэмінарыю. Настаўнічаў на Случчыне і ў Слуцку. У 1918 годзе ў Менску скончыў 1-я Беларускія пэдагагічныя курсы, адзначаўся пэдагагічнай радай курсаў за добрае валоданьне беларускай мовай і веданьне гісторыі Беларусі. Ягоны выпускны твор «Слуцкае вясельле» Язэп Лёсік надрукаваў у менскай газэце «Беларусь» у траўні 1920 году. У 1919 годзе працаваў у менскіх беларускіх выдавецтвах, пераклаў на беларускую мову апавяданьне Ўладзімера Караленкі «Бяз мовы», камэдыі Аляксандра Астроўскага «Беднасьць ня ганьба» й «На бойкім месцы», таксама падручнік «Арытмэтыка» Цыгельмана[2].

Увосень 1919 году накіраваны Беларускай школьнай радай Меншчыны школьным інструктарам у Слуцкі павет, дзе з дапамогай Андрэя Бараноўскага й іншых актывістаў стварыў восем беларускіх школаў. Актыўна ўдзельнічаў у працы слуцкіх беларускіх арганізацыяў (Нацыянальны камітэт, «Папараць-Квета» ды інш.)[2].

У лістападзе 1920 году абраны ў Беларускую Раду Случчыны, удзельнік Слуцкага збройнага чыну 1920 году[2].

З 1921 году ў Заходняй Беларусі, вучыўся на Віленскіх беларускіх настаўніцкіх курсах (адначасова быў іхным адказным сакратаром), увайшоў у арганізацыю «Нацыянальная сувязь», супрацоўнічаў з газэтамі «Еднасьць», «Беларускія Ведамасьці», «Наша думка»[1]. Інструктар беларускіх школаў на Віленшчыне[2].

У 1922 вярнуўся ў Слуцак. Настаўнічаў, у 19231925 гадох працаваў выкладчыкам беларусазнаўства на Слуцкіх агульнаадукацыйных пэдагагічных курсах, дзе блізка сышоўся зь Якубам Коласам[1][2].

Арыштаваны ДПУ БССР 22 лістапада 1925, у сакавіку 1926 асуджаны на 5 гадоў турэмнага зьняволеньня.[3][4] Вызвалены ў лістападзе 1927. Даўгі час ня мог уладкавацца на працу, зарабляў грошы як «вольны перакладчык» у Белдзяржвыдавецтве[2]. Зноў арыштаваны летам 1930 па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі», вызвалены празь некалькі месяцаў. У ліпені 1933 году перасяліўся ў Ржэў, працаваў рахункаводам збожжанарыхтоўчага пункту. У кастрычніку 1933 арыштаваны па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтру», у студзені 1934 асуджаны на 8 гадоў зьняволеньня. Этапаваны ў Байкала-Амурскі канцлягер АДПУ Далёкаўсходняга краю (Свабодны), паводзіў сябе там непакорліва. У жніўні 1935 на яго была заведзеная крымінальная справа. 31 сакавіка 1938 «тройкай» НКУС за «антысавецкую агітацыю сярод зьняволеных» прыгавораны да расстрэлу.

Быў жанаты на Марыі Стагановіч, меў дачку Ніну.

Рэабілітаваны 16 ліпеня 1956.

  1. ^ а б в У матэрыялах яго крымінальнай справы стаіць выснова: «Невыправімы». kurjer.info (5 сьнежня 2013). Праверана 23 чэрвеня 2015 г. Архіўная копія ад 23 чэрвеня 2015 г.
  2. ^ а б в г д е Ул. Ляхоўскі, Ул. Міхнюк, А. Гесь Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах. — 2-ое выд. дапрац.. — Менск: Энцыклапедыкс, 2006. — С. 289—290. — 400 с. — ISBN 985–6599–25–3
  3. ^ Слуцкі паўстанец. Працэс «Лістападаўцаў». // Беларускае слова : газэта. — 1926, 31 сакавіка. — № 8. — С. 2.
  4. ^ Слуцкі паўстанец. Працэс «Лістападаўцаў». // Беларускае слова : газэта. — 1926, 9 красавіка. — № 9. — С. 2.

Літаратура

рэдагаваць
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць