Андрэй Бараноўскі
Андрэй Юльянавіч Бараноўскі (1895, засьценак Вялікія Машчыцы, Слуцкі павет Менская губэрня, цяпер Слуцкі раён — 1 верасьня 1938, Менск, НКВД) — беларускі грамадзка-палітычны дзеяч, настаўнік, мовазнаўца.
Андрэй Бараноўскі | |
Андрэй Юльянавіч Бараноўскі | |
Род дзейнасьці | настаўнік, мовазнаўца |
---|---|
Дата нараджэньня | 1895 |
Месца нараджэньня | Вялікія Машчыцы, Слуцкі павет |
Дата сьмерці | 1 верасьня 1938 |
Месца сьмерці | Менск |
Месца вучобы | |
Занятак | мовазнаўца |
Месца працы | |
Сябра ў | Беларускі нацыянальны камітэт і Папараць-Кветка |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Бараноўскі.
Біяграфія
рэдагавацьПаходзіў з дробнай вясковай шляхты. У 1913 скончыў Слуцкае праваслаўнае духоўнае вучылішча, у 1914 здаў экстэрнам іспыт на званьне настаўніка. У траўні 1915 прызваны ў расейскае войска, служыў пісарам, справаводам.
Пасьля Кастрычніцкага перавароту 1917 вярнуўся ў родную вёску. Падчас нямецкай акупацыі працаваў на гаспадарцы. З прыходам бальшавікоў служыў справаводам у Слуцкім ваенным камісарыяце. З пачаткам польска-савецкай вайны эвакуяваўся ў Рослаўль Смаленскай губэрні. Там пазнаёміўся з Палутай Бадуновай, зь якой паехаў у Маскву для перагавораў ад імя ЦК БПСР з бальшавікамі. Стаў сябрам партыі беларускіх эсэраў, па заданьні якой вярнуўся на радзіму і стаў ініцыятарам узнаўленьня Слуцкага беларускага нацыянальнага камітэту.
Пасьля заканчэньня Менскіх беларускіх настаўніцкіх курсаў у 1920 годзе выкладаў беларусазнаўства ў слуцкіх школах. Засноўваў у Слуцкім павеце беларускія школы, культурніцкія арганізацыі і каапэратывы. Адзін з кіраўнікоў таварыства «Папараць-кветка», узначальваў работу яго драматычнай дружыны, рэдагаваў газэту «Наша Каляіна». Быў прыхільнікам супрацоўніцтва з бальшавікамі.
Пасьля прыходу Чырвонага войска ў ліпені 1920 загадваў школьным аддзелам Слуцкага рэўкаму. У першай палове 1920-х гадоў жыў у Слуцку, працаваў настаўнікам, інспэктарам акруговага аддзелу народнай адукацыі. Арганізаваў у горадзе першую канфэрэнцыю па беларусазнаўстве.
У 1921 разам зь іншымі чальцамі БПСР арыштаваны ДПУ і месяц знаходзіўся ў вязьніцы. Напачатку 1922 ізноў арыштаваны па справе беларускіх эсэраў.
Пасьля Менскіх вышэйшых курсаў беларусазнаўства ў 1924 выкладаў у Аб’яднанай беларускай вайсковай школе ў Менску, адначасова працаваў у камісіі Інстытуту беларускай культуры па складаньні слоўніка беларускай вайсковай тэрміналёгіі.
Удзельнічаў у ліквідацыйным зьезьдзе партыі беларускіх эсэраў у чэрвені 1924 году. У 1930 пазбаўлены работы ў вайсковай школе. З 1933 працаваў у геадэзічнай майстэрні Белдзяржтрансу наркамату земляробства БССР.
Арыштаваны НКВД БССР 26 студзеня 1938 году па абвінавачаньні ў контрарэвалюцыйнай і антысавецкай дзейнасьці на Случчыне і ў Менску ў 1920-х гг. Асуджаны «тройкай» да вышэйшай меры пакараньня. Расстраляны магчыма ў Курапатах. Рэабілітаваны 4 лютага 1960 году «з-за адсутнасьцю складу злачынства». Заяву на рэабілітацыю падавала яго жонка Аляксандра Янчук, былая акторка драматычнага гуртка «Папараць-кветка». Ёй вярнулі некаторыя асабістыя рэчы Бараноўскага: фотаапарат (Андрэй быў аматарам фотасправы), і выданьне «Малой Советской Энциклопедии».
Літаратура
рэдагаваць- Андрэй Бараноўскі / Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка. Слуцкі раён. Мн., 2001. Кн. 1. С. 257—258
- Слуцкі збройны чын 1920 г. ў дакументах і ўспамінах. Мн., 2001. С. 291—302.