Фэрэнц II Ракацы

(Перанакіравана з «Фэрэнц Ракацы II»)

Фэ́рэнц II Ра́кацы (па-вугорску: II. Rákóczi Ferenc; 27 сакавіка 1676, Боршы, Трансыльванія, Габсбурская манархія — 8 красавіка 1735, Радоста, Асманская імпэрыя) — князь Сяміградзьдзя, кіраўнік антыгабсбургскай нацыянальна-вызвольнай вайны вугорскага народу 1703—1711 рокаў.

Фэрэнц Ракацы
II. Rákóczi Ferenc
Фэрэнц II Ракацы. Партрэт работы Адама Маньёкі (1724)
Фэрэнц II Ракацы. Партрэт работы Адама Маньёкі (1724)
Князь Сяміградзьдзя
8 ліпеня 1704 — люты 1711
ПапярэднікІмрэ Тэкэлі
НаступнікКарл VI
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 27 сакавіка 1676
Боршы, Трансыльванія
Памёр 8 красавіка 1735
Радоста, Асманская імпэрыя
Пахаваны
Род Ракацы
Бацькі Фэрэнц I Ракацы
Алена Зрынская
Жонка Шарлота Амалія фон Гесэн-Райнфэльс-Ўанфрыд
Дзеці
Рэлігія кальвінізм
Дзейнасьць вайскавод, палітык
Подпіс Выява аўтографу
Рэгаліі
Ордэн Залатога руна
Ордэн Залатога руна
Замак Ракацы ў Боршы

Поўны шляхецкі тытул (па-лацінску): Franciscus II. Dei Gratia Sacri Romani Imperii & Transylvaniae princeps Rakoczi. Particum Regni Hungariae Dominus & Siculorum Comes, Regni Hungariae Pro Libertate Confoederatorum Statuum necnon Munkacsiensis & Makoviczensis Dux, Perpetuus Comes de Saros; Dominus in Patak, Tokaj, Regécz, Ecsed, Somlyo, Lednicze, Szerencs, Onod.

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Паходжаньне і выхаваньне

рэдагаваць

Фэрэнц II Ракацы нарадзіўся ў вёсцы Боршы (цяпер Борша ў Кошыцкім краі Славаччыны) ў сям’і спадчыннага валадара Сяміградзьдзя Фэрэнца I Ракацы й Ілоны Зрыні, пляменьніцы Міклаша Зрыні. Унук сяміградзкага князя Юрыя II Ракацы і харвацкага бана Пятра Зрыні.

Бацька Фэрэнца памёр, калі апошні быў яшчэ немаўлём, таму аўстрыйская імпэрская рада пры Леапольде I дабіўся прадугледжанага запаветам Фэрэнца I Ракацы прадастаўленьня правоў на апякунства над няпоўнагадовымі спадчыньнікамі сяміградзкага стальцу, каб скасаваць патэнцыйнае апірышча супраціву падпарадкаваньню ўсталяваньню ўлады дынастыі аўстрыйскіх Габсбургаў над Вугоршчынай. Тым ня менш, Ілона Зрыні захавала за сабой апекаваньне над дзецьмі пры вярхоўнай апецы з боку Леапольда I.

Дзяцінства Фэранца прайшло ў замках Мункача, Шарошпатаку і Рэгеца, аднак па сьмерці бабулі Соф’і Баторы з 1680 сям’я Ракацы канчаткова замешкала ў Мункацкім замку, які пазьней стане апірышчам паўстанцаў, і да якога Ракацы меў асабліва цёплыя пачуцьці цягам усяго жыцьця. Выхоўваўся юны нашчадак трансыльванскіх кіраўнікоў у езуіцкіх школах Чэскага Крумлава, Індржыхава Градца і Прагі[1].

Паўстаньне Тэкэлі

рэдагаваць

Другі муж Ілоны Зрыні, «кароль куруцаў» Імрэ Тэкэлі, ня ўмешваўся ў выхаваньне ейных дзяцей, займаючыся пераважна змаганьнем за захаваньне сувэрэнітэту Сяміградзьдзя. Аднак разгром туркаў пад Венай у 1683 року ўзмацніў недавер Асманскай імпэрыі да сяміградзкага князя, і Тэкэлі нават быў гатовы накіраваць прыёмнага сына закладнікам у Стамбул, але ж Ілона Зрыні супрацівілася такому рашэньню.

У 1686—1688 Фэрэнц мешкаў з маці ў абложаным аўстрыйскімі войскам Мукачаве. Хоць пачаткова Ілоне Зрыні атрымлівалася абараняць замак, да 1688 сілы абаронцаў былі вычарпаныя, і пасьля капітуляцыі яна зь дзецьмі была накіраваная ў Вену, якую маглі пакінуць толькі з дазволу імпэратара. Пасьля падпісаньня Карлавіцкай мірнай дамовы 26 студзеня 1699 Тэкэлі і Зрыні былі высланыя з краіны, а сам юны Ракацы застаўся пры двары.

З 1694 Фэрэнц II Ракацы быў ішпанам (загадчыкам) Шараскага камітату. У гэты час рэшткі сялянаў, што падтрымлівалі Імрэ Тэкэлі, узьнялі новае паўстаньне і нават авалодалі цьвердзямі Такай, Патак і Уйгей. Тым ня меней, самому ішпану не падабалася неарганізаванасьць стыхійнага сялянскага руху. Ён быў вымушаны хутка выехаць у Вену, каб абвергнуць сумневы ў сваёй ляяльнасьці да імпэратарскага двара. Аднак на самой справе Ракацы прыйшоў да высновы пра неабходнасьць аднаўленьня сувэрэнітэту скасаванага ў 1526 року Вугорскага каралеўства і пачаў разважаць пра арганізацыю ўзброенага выступу супраць Габсбургаў. З гэтай мэтаю ён заручыўся поўнай падтрымкай трэцяга па памерах зямельных уладаньняў фэўдала краіны, адукаванага землеўласьніка Міклаша Берчэні, чые ўладаньні межавалі зь землямі Ракацы і ўлучалі места Унгвар.

Нацыянальна-вызвольная вайна

рэдагаваць
 
Жоўт Варадзі. Конная статуя Ракацы ў Сэгедзе (1912)

Наконадні вайны за гішпанскую спадчыну, у 1697 Фэрэнц Ракацы ўжо быў сярод удзельнікаў антыаўстрыйскае змовы, падтрымліваючы кантакты з францускім каралём Людовікам XIV, які рыхтаваўся да вайсковага канфлікту з Аўстрыяй. Пасьля раскрыцьця змовы дзякуючы перахопу ліставаньня між Ракацы і французамі малады вугорскі арыстакрат 18 красавіка 1700 быў зьняволены аўстрыйскімі ўладамі ў фартэцыі Вінэр-Нойштат (Бечуйхей) непадалёк ад Вены. Ракацы пагражала немінучае пакараньне, аднак у 1701 ён з дапамогай цяжарнай жонкі і камандзіра турэмнай варты здолеў уцячы ў Польшчу, дзе спаткаўся зь Берчэні і прадстаўнікамі Францыі.

У 1703 большасьць аўстрыйскага войска была адведзеная з Вугоршчыны і Сяміградзьдзя для ўдзелу ў вайне за гішпанскую спадчыну, і ў ваколіцах Мукачава было сабранае новае войска паўстанцаў-куруцаў, набраная пераважна з вугорскіх і русінскіх сялянаў Закарпацьця, што патрабавалі ліквідацыі фэўдальнага і іншаземнага прыгнёту. Куруцы зьвярнуліся па дапамогу да Фэрэнца Ракацы, і гэтым разам ён пагадзіўся ачоліць паўстаньне з прычыны спрыяльнай зьнешнепалітычнай сытуацыі. Палічыўшы момант падыходзячым для пачатку барацьбы, Ракацы вярнуўся ў паўночна-ўсходнюю Вугоршчыну, дзе 7 чэрвеня 1703 заклікаў да паўстаньня супраць валадараньня Габсбургаў. Яшчэ падчас знаходжаньня ў Польшчы выдаў адозву «да ўсіх праўдзівых вугорцаў… шляхцічаў і няшляхцічаў», заклікаючы іх да змаганьня «cum Deo pro Patria et Libertate» (бел. з Богам за Айчыну і Волю).

У мінімальныя тэрміны Фэрэнц стварыў рэгулярнае войска, заснаванае на базе сілаў сялянаў, паўсталых супраць уласных гаспадароў (практычна ўся вугорская шляхта адмовіла ў падтрымцы Ракацы). 15 чэрвеня 1703 ля Лавачнага да паўстанцаў далучыліся трохтысячныя часткі Тамаша Эсэ, а пазьней яшчэ 600 адборных польскіх наймітаў пад даводзтвам Берчэні. Да верасьня 1703 уся Вугоршчына да Дунаю была вызваленая ад аўстрыйцаў. На вызваленых тэрыторыях Ракацы аказваў судзейнічаньне разьвіцьцю эканамічнага жыцьця, асабліва рамёстваў і гандлю. Каб прыцягнуць пад свае штандары, Ракацы ў верасьні 1703 року выдаў патэнт[2], паводле якога ўдзельнікі паўстанцкага войска цалкам вызваляліся ад павіннасьцяў і сплаты грашовых збораў. Дробных землеўласьнікаў і мяшчанаў ён прывабліваў абяцаньнямі рэлігійнай свабоды.

У сакавіку 1704 на бок Ракацы перайшоў імпэрскі генэрал Шыман Форгах, які падтрымліваў правадыра да самага выгнаньня. Да ліпеня 1704 падтрымка славянскага і румынскага насельніцтва дазволіла барацьбітам за незалежнасьць Вугоршчыны вызваліць ад габсбурскага войска ўсё Сяміградзьдзе, а да сьнежня 1705 — увесь Задунайскі край. Больш за тое, пад уплывам ваенных посьпехаў паўстанцаў да іх далучылася значная частка шляхты, што зьмяніла характар паўстаньня з сацыяльнага на грамадзянскі.

Пры падтрымцы арыстакратыі ў 1704 року Ракацы ў Бялградзе быў абраны князем адноўленага княства Трансыльванія. А 20 верасьня 1705 саслоўны Нацыянальны (Дзяржаўны) сход у ноградзкім мястэчку Сячэнь адмовіўся зацьвердзіць імпэратара Ёсіпа I вугорскім каралём, наўзамен абвясьціўшы стварэньне канфэдэрацыі на чале з Фэрэнцам II для аднаўленьня незалежнасьці дзяржавы. Адначасна быў створаны і новы дзяржаўны апарат для адноўленай Вугорскай дзяржавы: былі створаны органы выканаўчае ўлады — Сэнат і Эканамічная рада, — а таксама рэгулярная армія.

13 чэрвеня 1707 Дзяржаўны сход у Анодзе зацьвердзіў прапанаваны Фэрэнцам Ракацы закон пра дэкаранізацыю Габсбургаў з вугорскага стальца. Паколькі Францыя была ня ў стане аказваць сыстэматычную дапамогу, Ракацы зьвярнуўся ў бок Расеі. У верасьні 1707 ягоныя прадстаўнікі падпісалі ў Варшаве з пасламі Пятра I таемнае пагадненьне, і дзяржавы абмяняліся амбасадарамі. Аднак вайскова-палітычны хаўрус між Вугоршчынай і Расеяй застаўся не рэалізаваным на практыцы: уварваньне Карла XII на тэрыторыю Рэчы Паспалітай і Расейскай дзяржавы скавала ўсе сілы Пятра I на палёх бітваў Паўночнай вайны.

Сканчэньне вайны

рэдагаваць
 
Помнік Ракацы ля будынку вугорскага парлямэнту ў Будапэшце

Яшчэ ў 1704 року пад баварскім Гёхштэце аўстрыйцы і ангельцы здолелі разьбіць сілы французаў і баварцаў, што дазволіла вызваліць дадатковыя аддзелы аўстрыйскіх лябанцаў для змаганьня з вызвольным рухам у Вугоршчыне.

Унутраныя справы Вугорскай канфэдэрацыі таксама не былі ідэальнымі. Ад паўстаньня пачала адварочвацца сталічная шляхта, незадаволеная ўсталяванымі законамі. Турчанская сталіца на пачатку 1707 року выдала цыркуляр, у якім пазначыла, што пастановы Ракацы ідуць уразрэз з законамі і свабодамі дзяржавы, аднак супраць іх няможна пратэставаць, што нават пад уладай Габсбургаў было цалкам распаўсюджана і звычайна. Канфлікт скончыўся на сойме(hu) ў Анодзе, дзе паслы Турчанскай сталіцы былі забітыя на месцы. Князь Ракацы назваў іх «носьбітамі сусьветнага зла» і абвінаваціў у «пагрозе вугорскай рэвалюцыі».

Акрамя іншага, пасьля 1707 року саслабела і ўнутраная база куруцаў пасьля таго, як Фэрэнц II Ракацы пасьля паўгадовых перамоваў адрынуў прапановы імпэратара Ёзэфа I, які быў гатовы прапанаваць паўстанцам саступкі. Пасьля аднаўленьня баявых дзеяньняў значная частка прыхільнікаў Ракацы расчаравалася спыненьнем мірных перамоваў.

3 жніўня 1708 у бітве пад Трэнчынам Фэрэнц II Ракацы, намагаючыся падбадзёрыць правае крыло свайго войска, пераскокваючы ручай, зваліўся з каня і страціў прытомнасьць. Палічыўшы, што іхні верхавод загінуў, дэмаралізаваныя куруцы кінуліся ва ўцёкі, хоць і мелі перавагу. Такая сур’ёзная параза ў бітве з габсбурскімі войскамі адбіла ў сялянства ахвоту працягваць змаганьне ў войску Ракацы, нават нягледзячы на прыняцьце Нацыянальным сходам у сьнежні 1708 року закону пра вызваленьне ўдзельнікаў вызвольнай вайны ад прыгоньніцтва, а таксама на абяцаньні атрыманьня зямлі.

Наступная перамога лябанцаў у студзені 1710 року пад Роханам змусілі Ракацы адводзіць сілы на паўночны ўсход, да Сатмару і Мукачава, дзе ён карыстаўся вялізарнай падтрымкай.

Не давяраючы запэўніваньню імпэрскага пасла Янаша Пальфі ў амністыі, Фэрэнц II Ракацы 21 лютага 1711 зьехаў з краіны і накіраваўся ў Рэч Паспалітую, намерваючыся дабіцца дапамогі ад Расеі і Францыі. Вярхоўнае даводзтва вугорскімі войскамі было даручанае барону Шандару Кароі.

Вугорская шляхта схілялася да кампрамісу і міру з Габсбургамі, і сам галоўнакамандуючы барон Кароі бяз згоды кіраўніка вызвольнага руху распачаў таемныя перамовы з аўстрыйскім галоўнакамандуючым графам Пальфі. 30 красавіка (паводле іншых зьвестак — 1 траўня) 1711 року ў Сатмары (цяпер у Румыніі) была заключаная мірная дамова. Наступнага дня асноўныя сілы куруцаў колькасьцю 12 000 чалавек капітулявалі на Надзьмайтэнскім полі ля Сатмара. Нягледзячы на афіцыйную капітуляцыю, абаронцы апошняй крэпасьці, кантраляванай куруцамі — Мукачаўскага замку ў Закарпацьці — абараняліся да 22 чэрвеня 1711 року.

Паводле ўмоваў мірнага пагадненьня Ракацы атрымліваў памілаваньне ў выпадку, калі складзе клятву вернасьці імпэратару, і магчымасьць пры жаданьні свабодна пакінуць краіну. Аднак Фэрэнц II не прыняў гэтыя ўмовы, не давяраючы габсбурскаму двару, і нават не прызнаў законнасьць Сатмарскага замірэньня, бо яно было падпісанае ўжо па сьмерці імпэратара, што пазбаўляла паўнамоцтваў ягонае даверанае асобы Янаша Пальфі.

Эміграцыя

рэдагаваць
 
Катэдра Сьв. Альжбэты ў Кошыцах, дзе пахаваны Ракацы.

У Рэчы Паспалітай Фэрэнц з часам пачаў адчуваць пагрозу ад таемных агентаў зь Вены з улікам таго, што ян разам зь Мікалашам Берчэні адрынуў імпэратарскую амністыю. Даведаўшыся, што аўстрыйская вайсковая рада выдала на яго атэнтат, Фэрэнц пераехаў у Данцыг і да лістападу 1712 року хаваўся там пад імем графа Шарошы.

9 лістапада 1712 выехаў у Ангельшчыну, аднак каралева пад ціскам Габсбургаў не дапусьціла яго ў краіну, таму высадзіўся ў францускім порце Д’еп і сьпярша жыў у Вярсалі пад Парыжам, а пасьля цягам 5 рокаў у камальдульскім кляштары Грабуа, дзе запісаў уласныя мэмуары.

14 верасьня 1717, па сьмерці свайго заступніка караля Людовіка XIV, накіраваўся ў Турэччыну з мэтаю пасяліцца ў Стамбуле. Намагаўся з дапамогаю Асманскай імпэрыі аднавіць сваю ўладу ў Сяміградзьдзі, аднак заключэньне аўстрыйска-турэцкае дамовы перакрэсьліла ягоныя надзеі. Перакладнікам Ракацы ў Турэччыне быў Ібрагім Мутафэрыка — мусульманін вугорскага паходжаньня, першадрукар ісламскага сьвету.

У Турэччыне Фэрэнц працаваў над «Успамінамі пра вугорскую вайну».

Ад 1720 року жыў у месьце Радоста (цяпер Тэкірдаг) на беразе Мармуровага мора, дзе й памёр. Таемна быў пахаваны ў храме францускіх лязарыстаў імя сьвятога Бэнэдыкта ў Стамбуле, дзе была пахаваная і ягоная маці Алена.

Труну Фэрэнца II у 1899 року выявіў дасьледнік Каляман Таль. У 1906 ягоны прах быў перанесены на радзіму, у Кошыцы, і пахаваны ў крыпце катэдры Сьвятой Альжбэты.

Фэрэнц II быў трэцім з трох дзяцей у сям’і. Старэйшы брат Юры памёр у дзяцінстве яшчэ да зьяўленьня Фэрэнца, а сястра Юльяна была на чатыры гады за яго старэйшая.

У верасьні 1694 року Фэрэнц Ракацы ажаніўся ў Кёльне з 15-гадоваю княгіняю Каралінаю Амаліяю Гесэнскаю-Райнфэльс, дачкою князя Карла Гесэнскага і ягонай другой жонкі Александрыны Юльяны, графіні Ляйнінген-Дагзбург. Мелі чатырох дзяцей:

  • Леапольд Людвіг Юры (Леапольд Лаяш Дзёрдзь, 1696—1700);
  • Ёсіп (Ёжэф, 1700—1738);
  • Юры(hu) (Дзёрдзь, 1701—1756);
  • Караліна (1706—1706).

Са сьмерцю сына Юрыя ў 1756 року род Ракацы перарваўся.

Ушанаваньне памяці

рэдагаваць

Фэрэнц II Ракацы лічыцца нацыянальным героем Вугоршчыны.

Конная статуя Фэрэнца II у 1937 року была ўсталяваная перад будынкам парлямэнту на пляцы Лаяша Кошута ў Будапэшце. На мармуровым пастамэнце быў зьмешчаныя ягоны знакаміты лёзунг «Cum Deo Pro Patria et Libertate». У 1950 року першыя два словы (cum Deo — бел. з Богам) былі зьбітыя зь ідэалягічных прычынаў, але ў 1989 року адноўленыя.

Пасьля прыходу да ўлады ў Вугоршчыне Саветаў на пляцы Герояў былі зьнятыя мноства помнікаў каралям дынастыі Габсбургаў. На месцы аднаго зь іх, Ліпота II, у 1953 быў усталяваны яшчэ адзін помнік Фэрэнцу Ракацы.

У 2006 року ў Кошыцах усталяваная скульптура Фэрэнца II Ракацы.

Ва Ўкраіне пастаўленыя два помнікі Фэрэнцу II Ракацы: на тэрыторыі замку Паланак у Мукачаве і ў вёсцы Янашы на Берагаўшчыне.

Імем Ракацы названыя вуліцы і пляцы ў шматлікіх местах Вугоршчыны. Так, 28 кастрычніка 1906 року, калі парэшткі Ракацы былі прывезеныя з Турэччыны, ягонае імя атрымаў адзін з найбольшых праспэктаў, што падзяляе 7-ы і 8-ы раёны Будапэшту. Тут сама ягонае імя носіць пляц у 8-м раёне і мост праз Дунай.

Мясьціны

рэдагаваць

Дзьве суседнія вёскі Вугоршчыны, якія стаяць на месцы былых уладаньняў Ракацы, названыя ў ягоны гонар Ракацыфальва і Ракацыуйфалу.

Банкноты

рэдагаваць
 
Ракацы на 500-форынтавай банкноце

Партрэт Ракацы быў зьмешчаны на банкнотах Вугоршчыны. Пасьля іхняга выхаду з абарачэньня партрэт перанесены на купюры наміналам 500 форынтаў.

Ягоным імем названы Закарпацкі вугорскі інстытут у Берагаве (Украіна).

Папулярная патрыятычная мэлёдыя невядомага кампазытара XVIII—XIX стагодзьдзя таксама названая «Маршам Ракацы», паколькі лічыцца, што нібыта ён яе надта ўпадабаў, хоць насамрэч час яе стварэньня датаваны прыкладна 1730-мі. «Марш Ракацы» выконваецца падчас вайсковых парадаў у Вугоршчыне.

  1. ^ Pach P.Zs. Boje proti Habsburgovcom za nezávislosť v XVII. storočí Kapitoly z Uhorských dejín. — Bratislava: 1952.
  2. ^ Rákóczi Ferenc fejedelem emlémkiratai a magyarországi háborúról 1703-tól annak végéik. — Budapešť: 1978.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Фэрэнц II Ракацысховішча мультымэдыйных матэрыялаў