Стары Жадзен (заказьнік)
«Стары Жадзен» — рэспубліканскі водна-балотны заказьнік Беларусі, абвешчаны ў лютым 2015 году на поўдні Гомельскай вобласьці.
«Стары Жадзен» | |
Плошча | 17 048,39 га |
---|---|
Краіна | Беларусь |
Геаграфічныя каардынаты | 51° пн. ш. 27° у. д. / 51° пн. ш. 27° у. д.Каардынаты: 51° пн. ш. 27° у. д. / 51° пн. ш. 27° у. д. |
Месцазнаходжаньне | Гомельская вобласьць |
Утварэньне | 4 лютага 2015 (9 гадоў таму) |
«Стары Жадзен» |
4 лютага 2015 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 71 «Аб рэспубліканскіх заказьніках», паводле якой абвясьціў 9 заказьнікаў, у тым ліку «Стары Жадзен». Папярэдне Нацыянальная акадэмія навук Беларусі аднесла гэтыя землі да ядра экалягічнай сеткі міжнароднай значнасьці[1]. 13 лютага 2015 году кіраўніца ўправы біялягічнай і краявіднай разнастайнасьці Мінпрыроды Беларусі Натальля Мінчанка адзначыла: «Многія аб’яўленыя заказьнікі маюць міжнародны статус аховы, хаця дагэтуль ня мелі нацыянальнага»[2]. Паводле Пастановы № 71, заказьнік «Стары Жадзен» утварылі на поўдні Жыткавіцкага і Лельчыцкага раёнаў дзеля захаваньня леса-балотных экасыстэмаў і ўнесеных у Чырвоную кнігу Беларусі відаў дзікіх жывёлаў ды дзікарослых расьлінаў, якія ахоўваліся ў адпаведнасьці зь міжнароднымі дамовамі Беларусі. Заказьнік абвясьцілі на плошчы 17 048,39 гектараў. Землі заказьніка перадалі пад кіраваньне Жыткавіцкага і Лельчыцкага раённых выканаўчых камітэтаў пры фінансаваньні зь мясцовых бюджэтаў. Месьціўся ў:
- Жыткавіцкім раёне на 14 662,59 (86%) га, зь іх на 14 556,6 га Кароціцкага (Столінскі раён) і Старабукчанскага лясьніцтваў (Лельчыцкі раён) «Палескай лясной гаспадаркі» (Давыд-Гарадок, Столінскі раён) ды на 105,99 га сялянскай гаспадаркі Міхаіла Шруба;
- Лельчыцкім раёне на 2385,8 га Старабукчанскага лясьніцтва «Палескай лясной гаспадаркі»[3].
Жывёльны і расьлінны сьвет
рэдагавацьЗаказьнік «Стары Жадзен» быў важнай для птушак тэрыторыяй міжнароднай значнасьці і ўлучаў балота Стары Жадзен і Вялікае балота, падзеленыя пакатай градой. Лясы пераходзілі ад лішайнікавых хвойнікаў на старажытных эолавых выдмах да чарнічных бярэзьнікаў на іх падножжах і касачовых ольсаў на міжградавых паніжэньнях. На мінэральных выспах захаваліся дрэвы векам да 120 гадоў. Большасьць рэдкіх відаў расьлінаў сустракалася на мінэральных градах і ўскраінах балотаў. На пераходных балотах расьлі валасістаплодная і прамая асокі. На пакатых схілах мінэральных выспаў рос жоўты рададэндран, які знаходзіўся пад міжнароднай аховай. Сярод іншых рэдкіх расьлінаў, сустракаліся складчаты маньнік, малы плюшч і вялікі танканог. Сярод балотаў пераважалі верхавыя водападзельнага віду. На іх ускрайках і ў міжградавых паніжэньнях знаходзіліся залітыя вадой пераходныя і нізінныя балоты. Уздоўж зарослых мэліярацыйных каналаў пераважаў трысьнёг. З пракапаных пры канцы ХІХ стагодзьдзя мэліярацыйных каналаў вада сьцякала ў раку Сьцьвіга і канал Бычок. Гэтыя каналы месцамі былі перакрытыя сплавінамі. Бабровыя плаціны затрымлівалі сьцёк вады з балотаў[4].
Землі заказьніка месьціліся побач з Прыпяцкім нацыянальным паркам і Палескім вайсковым палігонам. Іх выкарыстоўвалі для паляваньня і высечкі лесу на ўскраінных дзялянках. Жыхары ваколіцаў зьбіралі ў лясах грыбы і ягады, а на балотах нарыхтоўвалі журавіны і пасьвілі жывёлу. Верхавыя і пераходныя балоты займалі 60% земляў, а рэшта прыпадала на лясы. Налічвалася 12 відаў птушак, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі, у тым ліку: вялікі арлец, вялікі грыцук і вялікі кулён. На паплавах Сьцьвігі сустракалася эўрапейская норка. Сярод іншага, у заказьніку пражывалі рачны бабёр і выдра, лясная соня і рысь, грабеньчаты трытон, балотная чарапаха і мядзянка. Урэшце, рэдкімі відамі расьлінаў былі ляпляндзкая і чарнічная вярба, малы і прамежкавы плывунец, балоталюбівая асака і лугавы сон, багнавая фіялка і дробнаплодныя журавіны[4].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ У Беларусі ствараюцца 9 новых рэспубліканскіх заказьнікаў // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 6 лютага 2021 г. Архіўная копія ад 9 лютага 2021 г. Праверана 26 чэрвеня 2022 г.
- ^ Кацярына Радзюк. Заказьнікаў стала больш // Зьвязда : газэта. — 14 лютага 2015. — № 29 (27887). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
- ^ Андрэй Кабякоў. Пастанова Савету міністраў Рэспублікі Беларусь ад 4 лютага 2015 г. № 71 «Аб рэспубліканскіх заказьніках» (рас.) // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 14 лютага 2015 г. Праверана 26 чэрвеня 2022 г.
- ^ а б В.Ч. Дамброўскі. Стары Жадзен // Партал «Дзікая прырода побач», 2015 г. Праверана 26 чэрвеня 2022 г.