Вялікі арлец

від птушак

Вялікі арлец (Clanga clanga) — драпежная птушка сямейства Ястрабіныя.

Вялікі арлец
У Раджастане (Індыя)
Клясыфікацыя
НадцарстваЭўкарыёты
ЦарстваЖывёлы
ТыпХордавыя
КлясаПтушкі
АтрадЯстрабападобныя
СямействаЯстрабіныя
ПадсямействаАрліныя
РодЯстрабы
ВідClanga clanga
Бінамінальная намэнклятура
Clanga clanga Pallas, 1811

Апісаньне

рэдагаваць

Вялікая птушка даўжынёй 59—71 см з размахам крылаў 157—179 см. Маса цела 1,6—2,5 кг, асобныя саміцы да 3,2 кг.

Галава і покрыўнае пер’е(en) цёмна-карычневыя і кантрастуюць са сьвятлейшым апярэньнем. У палявых умовах цяжкаадрозны ад свайго найбліжэйшага суродзіча — малога падворліка.

Першаснае махавае пер’е чарнаватае зь сьветлымі аснаваньнямі ўнутраных апахалаў; на хвасьце — цёмна-бурае, часам з чарнаватым папярочным малюнкам. У маладых арляцоў апярэньне зь сьветлымі кроплепадобнымі плямамі, у дарослых на гузцы крыху сьвятлейшае апярэньне. Дзюба і кіпцюры чорныя. Васкавіца і ногі жоўтыя. Ногі апёраныя да самых пальцаў.

Голас падобны да сабачага брэху.

Распаўсюджаньне

рэдагаваць

Міграцыйны від, расьсяляецца па ўсёй паўночнай паласе Эўразіі ад Цэнтральнай Эўропы да Манголіі і Кітаю. Зімуе ў паўднёва-ўсходняй Эўропе, паўночна-ўсходняй Афрыцы, Сярэднім Усходзе ды Індыйскім субкантынэнце. Вяртаньне з выраю адбываецца даволі позна. У Беларусі адна з найбольшых папуляцыяў — ад 120 да 150 параў[1].

Від схільны да вандраваньняў. Звычайна вялікі арлец ня селіцца далей за Нямеччыну, аднак час ад часу птушак можна сустрэць і далей на захад.

У зімовы пэрыяд птушкі больш трымаюцца разам, чым пры размнажэньні. Дзеля аховы тэрыторыі могуць зьбірацца разам да дзесяці арляцоў ды нават іншых ястрабіных, напрыклад чорных каршуноў або стэпавых арлоў.

Пражываньне і размнажэньне

рэдагаваць

Пражывае ў мяшаных лясох ды каля поймавых лугоў, балотаў, рэк і азёраў. Палюючы, лунае ня вялікай вышыні або вышуквае здабычу на зямлі.

Харчуецца дробнымі грызунамі і птушкамі.

Гняздуе ў кронах дрэваў, адно гняздо часта выкарыстоўваецца некалькі разоў. У траўні саміца адкладае 1—3, але найчасьцей 2 яйкі, уздутыя альбо амаль эліптычныя. Птушаняты вылупляюцца праз 40 дзён. Малодшае птушанё паддаецца ганеньням старэйшага і, як правіла, гіне ў першыя два тыдні жыцьця. У веку 8—9 тыдняў птушаняты стаюць на крыло, пэўны час яшчэ трымаюцца з бацькамі, а з дасягненьнем стацевай сьпеласьці шукаюць уласную тэрыторыю і пару.

Занесеныя ў сьпіс уразьлівых відаў МСАП. Зьмяншэньне колькасьці адбываецца з-за страты годных для пражываньня тэрыторыяў, умяшаньня чалавека (мэліярацыя, вырубка лясоў ля вялікіх вадаёмаў, паляваньне, набліжэньне да гнёздаў у гнездавы пэрыяд), зьмяншэньня разнастайнасьці харчовых відаў.

  1. ^ Арол беларускіх балотаў // Ахова птушак Бацькаўшчыны, 31 кастрычніка 2018 г. Праверана 29 лістапада 2018 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць