Ром
Ром (парт. Rum) — моцны сьпіртовы напой, атрыманы перагонкай зброджанага цукровага трысьнягу з выкарыстаньнем дрожджаў. Разбаўляецца да мацунку 50—55% аб’ёмных і вытрымліваецца ад 2 да 8 гадоў пры тэмпэратуры +18—22°C у драўляных бочках. Пераважна вырабляецца ў краінах Карыбскага мора. У Эўропе выкарыстоўваецца араматызацыя[1].
Выкарыстаньне
рэдагавацьРом цёмна-залатога адценьня ўжывацца як самастойны напой. Празрысты ром служыць складнікам кактэйляў (грог, дайкіры, махіта, маі-таі і пунш), ласункаў (ромавая баба, фруктовы торт) і марынадаў. Таксама выкарыстоўваецца ў кансэрваваньні садавіны і ягадаў[2].
-
Кактэйль «Вольная Куба»
-
Кактэйль «Макуа» (Нікарагуа)
-
Кактэйль «Ураган» (ЗША)
Вытворчасьць
рэдагавацьСыравінай для рому служаць сок цукровага трысьнягу, цукровая патака і меласа. На франкамоўных астравах Вэст-Індыі (Гвадэлюпа, Мартыніка, Сэн-Бартэльмі і Сэн-Мартэн) найчасьцей вырабляецца даражэйшы ром з соку. Сыравіну вараць і памешваюць да ператварэньня ў сыроп, у які затым дадаюць дрожджы і ваду для браджэньня. Пасьля ажыцьцяўляюць перагонку ў меднай калёне. Затым прыгатаваны ром вытрымліваюць пераважна ў дубовых бочках для атрыманьня цёмна-залатога адценьня і віскіпадобнага смаку. Таксама цёмнага адценьня дасягаюць дамешкам меласы (Барбадас і Ямайка), мёду (Канарскія астравы, Гішпанія) і прыправаў (Азія).
-
Вытворчасьць рому (Мадагаскар)
Гісторыя
рэдагавацьУ 1620-я гады ў партугальскай каляніяльнай дзяржаве Бразылія(pt) (цяпер Бразылія) упершыню згадваецца вытворчасьць рому. У 1651 г. у ангельскай астраўной калёніі Барбадас згадваецца вінакурэньне ў асноўным рома: «Асноўным ап’яняльнікам на востраве ёсьць шум (анг. Rumbullion) пад мянушкай „Забі д’ябла“, які вырабляецца перагонкай цукровага трысьнягу. Гарачы, пякельны і жахлівы лікёр». У эўрапейскіх калёніях Амэрыкі ром стаў найбольш пашыраным сьпіртовым напоем, бо яго выраб быў таньней за алькаголь зь вінаграду і збожжа. Таксама ром пачалі выдаваць замест заробку і для заахвочваньня рабоў. У Афрыцы эўрапейскія гандляры набывалі за ром золата і рабоў.
У 1655 г. ангельскі флёт захапіў востраў Ямайка, што зрабіла вырабляны там ром айчынным і даступным. У выніку ў 1687—1970 гг., цягам 284 гадоў, ангельскім матросам на флёце штодня апоўдні выдавалі па 1/8 пінты (70 мілілітраў) рому. У 18 стагодзьдзі ў 13 калёніях(en) Брытаніі ў Паўночнай Амэрыцы квітнела кантрабанда сыравіны для рому з францускіх калёніяў на Антыльскіх астравах (Гвадэлюпа, Мартыніка і Сэн-Дамінга(fr)). Да пачатку вайны за незалежнасьць ЗША ў 1775 г. жыхары 13 паўночнаамэрыканскіх калёніяў Брытаніі штогод выпівалі 14 літраў рому на душу насельніцтва. З пачатку XIX ст. у Брытанскай Індыі (цяпер Заходняя Бэнгалія, Індыя) пачалі вырабляць бэнгальскі ром для пастаўкі ў Аўстралію. Зь сярэдзіны XIX ст. у Эўропе пашырылася спажываньне рому пасьля ўдасканаленьня ачысткі рому ў гішпанскіх і францускіх калёніях у Вэст-Індыі і Лацінскай Амэрыцы. У 1950-я гг. вытворчасьць рому зьявілася ў Паўднёва-Афрыканскім Саюзе (цяпер Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка).
Беларусь
рэдагавацьУ жніўні 2011 г. у Беларусі пачалі разьліваць кубінскі ром на заводзе «Менск Крышталь»[3], дзе да канца году вырабілі 2,4 тыс. дэкалітраў рому[4].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Канстанцін Фамічэнка. Ром // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2001. — Т. 13. — С. 404. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0216-4
- ^ 9 фактаў пра ром // Зьвязда : газэта. — 20 лютага 2015. — № 33 (27891). — С. 12. — ISSN 1990-763x.
- ^ БелаПАН. У Менску пачалі разьліваць кубінскі ром // Эўрарадыё, 22 жніўня 2011 г. Праверана 27 лютага 2016 г.
- ^ Ганна Сяргеева. Будзем вырабляць і тэкілу // Зьвязда : газэта. — 31 студзеня 2012. — № 19 (27134). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьРом — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |