Палыкавіцкая крыніца
Палы́кавіцкая крыні́ца — крыніца ў Магілёўскім раёне Беларусі.
катэгорыя III (помнік прыроды) паводле МСАП | |
Ручай з крыніцы (2017 год) | |
Разьмяшчэньне | Беларусь |
---|---|
Найбліжэйшы горад | Магілёў |
Каардынаты | 53°57′47″ пн. ш. 30°23′0″ у. д. / 53.96306° пн. ш. 30.38333° у. д.Каардынаты: 53°57′47″ пн. ш. 30°23′0″ у. д. / 53.96306° пн. ш. 30.38333° у. д. |
Плошча | 1,42 га |
Сярэдняя вышыня | 140 м н. у. м. |
Заснаваны | 28 красавіка 1983 (41 год таму) |
Наведвальнасьць | некалькі тысячаў (у 2020) |
Месьціцца на паўночны ўсход ад Магілёва ў вёсцы Палыкавічы на дне парослага лесам рова. Выдатак вады складае звыш 100 кубамэтраў за содні. Вада сьцякае ў ручай, які ўпадае ў Дняпро ў 150 мэтрах ад крыніцы. Вада крыніцы багатая на гідракарбанаты і кальц, таму карысная ў гразелячэньні. Утрыманьне 0,49 міліграм/літар фтору ў вадзе дазваляе выкарыстоўваць яе ў лячэньні карыесу і флюарозу. Таксама багацьце мэталамі (сярод іх срэбра) дазваляе лячыць вадой малакроўе. На крыніцы абсталявалі купальню пры капліцы[1]. На Вадохрышча 19 студзеня Палыкавіцкая крыніца ёсьць асноўным месцам выправы праваслаўных хрысьціянаў Магілёва. Празь лекавыя ўласьцівасьці ваду называюць «жывой», а саму крыніцу — Сьвятой[2] і Пятніцкай у гонар сьвятой Параскевы Пятніцы[3].
Гісторыя
рэдагавацьУ 1552 годзе крыніца ўпершыню згадваецца ў вёсцы Палыкавічы, што належала магілёўскаму старосту Станіславу Кезгайлу. У 1804 годзе расейскі акадэмік Васіль Севяргін апісаў Палыкавіцкую крыніцу ў «Запісках падарожжа па заходніх правінцыях Расейскай дзяржавы», як «мінэральны ключ, зь вялікім утрыманьнем у яго вадзе вуглекісьлі. Каля ключа пабудаваная капліца. Разьмешчаны гэты ключ за адну вярсту па дарозе ад доўгага ўзгорку ў выглядзе амфітэатру». З 1827 году ў капліцы пры крыніцы сталі ладзіць архірэйскае набажэнства кожную 10-ю пятніцу пасьля Вялікадня. У ХІХ стагодзьдзі ўласьнік Палыкавіцкага маёнтку генэрал Рымскі-Корсакаў спусьціў у крыніцу абкладзены цынкам зруб. Ваду па трубах накіравалі ў басэйн на 100 вядзёр. У 1866 годзе ў Палыкавіцкую царквуперанесьлі часткі мошчаў сьвятой Параскевы Пятніцы. На 8-ю, 9-ю і 10-ю пятніцы пасьля Вялікадня на Палыкавіцкай крыніцы сталі ладзіць шматтысячны хросны ход з Магілёва. Сьвятары пабудавалі капатажнае збудаваньне і заключылі крыніцу ў трубу. Падчас Першай сусьветнай вайны Палыкавіцкую крыніцу наведваў расейскі імпэратар Мікалай II. 28 красавіка 1983 году Дзяржаўны камітэт аховы прыроды Беларускай ССР зацьвердзіў Рашэньне № 8/2 аб абвяшчэньні Палыкавіцкай крыніцы помнікам прыроды Беларусі[1]. 31 ліпеня 2006 году Палыкавіцкая крыніца стала помнікам прыроды рэспубліканскай значнасьці[4].
У 2012 году каля крыніцы пабудавалі царкву Сьвятой Тройцы на месцы царквы Сьвятой Параскевы Пятніцы, якая згарэла ў 1970 годзе[5].
-
1900 г.
-
1915 г.
-
1918 г.
-
1918 г.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Падземныя воды і крыніцы Магілёўскага раёну // Магілёўская абласная бібліятэка, 2021 г. Праверана 21 чэрвеня 2021 г.
- ^ Марыя Ўсьціновіч. Вадохрышча ў Магілёве, на Палыкавіцкай крыніцы // Беларуская служба Радыё «Свабода», 19 студзеня 2005 г. Праверана 21 чэрвеня 2021 г.
- ^ Юры Жыгамонт. Гаючыя крыніцы Магілёўшчыны // Літаратура і мастацтва : газэта. — 18 жніўня 2017. — № 33 (4936). — С. 4. — ISSN 0024-4686.
- ^ Алеся Воўкава. Магілёў // Сеціўны часопіс «34mag», 10 чэрвеня 2015 г. Праверана 21 чэрвеня 2021 г.
- ^ Палыкавічы // Партал «Ветліва» («Цэнтаркурорт»), 2021 г. Праверана 21 чэрвеня 2021 г.
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |