Паазер’е (этнаграфічны рэгіён Беларусі)
Паазе́р’е, або Падзьві́ньне — гісторыка-этнаґрафічны рэґіён Беларусі. Займае большую частку Віцебскае вобласьці. На паўднёвым усходзе па дняпроўска-дзьвінскім водападзеле мяжуе з Падняпроўем, на поўдні і паўднёвым захадзе па ўмоўнай лініі на поўнач ад Барысава і Лагойска праз Паставы — з Цэнтральнаю Беларусьсю і Панямоньнем.
Як гісторыка-этнаґрафічны рэґіён адпавядае асноўнаму масіву старажытнае Полацкае зямлі (полацкія крывічы).
Мясцовыя гаворкі Паазер’я складаюць ґрупу паўночна-ўсходняга дыялекту беларускае мовы.
Гісторыя
рэдагавацьЭтнічная гісторыя Падзьвіньня налічвае больш за тысячу рокаў. На пачатку бронзавага веку (на мяжы III—II тыс. да н. э.) тэрыторыю Падзьвіньня засяляюць індаэўрапейцы. Адбываецца этнакультурнае ўзаемадзеяньне з протабалцкім насельніцтвам, а таксама з фіна-вуграмі. Паводле зьвесткаў археоляґаў, у прыватнасьці Георгія Штыхава, ў V—XI стагодзьдзях у рэґіёне адбываецца міґрацыя славянаў і іх расьсяленьне сярод балцкага і фіна-вугорскага насельніцтва[1].
У складзе Кіеўскае Русі Полацкая зямля была найбольш самастойнаю з уласьцівымі ёй старочнымі традыцыямі грамадзка-палітычнага ладу і арыґінальнаю культураю. У XI ст. тут было каля 10 буйных удзельна-валасных і эканамічных цэнтраў (Полацак, Віцебск, Друцк, Лукомль, Браслаў і іншыя; гл. Полацкае княства).
Для Падзьвіньня разам з часткаю Падняпроўя цягам сярэднявечча і да 2-е паловы XIX ст. захавалася этнаґрафічная назва Белая Русь, якая паступова пашырылася на ўсю сучасную тэрыторыю Беларусі.
З стварэньнем Рэчы Паспалітае (1569) пашырылася каталіцтва, павялічыліся земляўладаньні езуітаў.
Ратуючыся ад рэліґійных гнаньняў і сацыяльнага ціску, сюды перасялілася частка расейскіх старавераў.
У выніку Лівонскае вайны 1558—83, вайны Маскоўскае дзяржавы з Рэччу Паспалітаю 1654—67, Паўночнае вайны 1700—21 мясцовая эканоміка і культура панесьлі вялікія страты, адбыліся істотныя зьмены ў ґеаґрафічным разьмяшчэньні і этнасацыяльнай структуры насельніцтва, якое скарацілася ў некалькі разоў.
У выніку падзелаў Рэчы Паспалітае (1772 і 1793) Падзьвіньне было далучанае да Расеі і ўваходзіла ў склад Полацкае, з 1796 р. — Беларускае, з 1802 р. — Віцебскае ґубэрні; заходняя частка ўваходзіла ў Віленскую ґубэрню.
Пасьля 1917 р. і стварэньня БССР усходняе Падзьвіньне апынулася ў складзе БССР; заходняя (левабярэжная) частка Падзьвіньня была далучаная да БССР у 1939 г.
Гаспадарчыя заняткі
рэдагавацьТрадыцыйна-бытавая культура складвалася цягам стагодзьдзяў, адлюстроўваючы як агульнабеларускія рысы, так і спэцыфіку мясцовых гістарычных і прыродных умоваў. Народная вытворчая практыка выпрацавала свой рочны каляндар, своеасаблівыя спосабы апрацоўкі глебы, догляду пасеваў, уборкі ўраджаю і іншае з улікам мясцовых прыродных умоваў. Палі апрацоўвалі з дапамогаю мясцовага варыянта сахі зь перакладною паліцаю, архаічнаю бараны-сукаваткі (смыка); на сугліністых глебах выкарыстоўвалі круглую калоду з зубамі, матыку ці чакуху для здрабненьня камякоў. Выбраны на палях лён вымочвалі на дне вадаёмаў, а потым апрацоўвалі на тыповых для Паазер’я 2-рэбравых нахільных мялках.
Сакавітыя лугі і выпасы спрыялі розьвітку жывёлагадоўлі. Асноўнаю і найчасьцейшаю адзінаю працоўнаю жывёлаю ў сялянскай гаспадарцы быў конь. З канца XIX ст. жывёлагадоўля мела выразны мяса-малочны кірунак (вядомы цэнтар маслабойнай вытворчасьці ў Віленскай ґубэрні — Дзісенскі павет). З розьвіткам капіталістычных адносінаў пашырыліся лясныя і адыходныя промыслы — нарыхтоўка лесу, выраб брусоў, абадоў, бандарнае клёпкі і вываз іх у прыбалтыйскія парты. Мноства сялянаў ішло на будаўнічыя і земляныя працы: мясцовых каменячосаў (жарнаклёваў), муляраў, цесьляроў можна было сустрэць у адыходзе ў ґубэрнях Расеі.
Паселішчы
рэдагавацьНайбольш густа населеным здаўна было левабярэжжа Заходняе Дзьвіны. На Паазер’і пераважалі маладворныя сельскія пасяленьні (3—5 сядзібаў), раскіданыя сярод лясных пагоркаў паблізу рэк і азёраў, у баку ад вялікіх дарог. Наяўнасьць блізка ад вёскаў і хутароў выгану і свабодных зямель, суседзтва з вадаёмам і лесам надавала пасяленцам азёрнага краю патрыярхальна-экзатычныя рысы. Невялікія вёскі, хутары і асобныя двары зьвязвалі вузкія прасёлкі і сьцяжынкі; сельскія дарогі вызначаліся слабаю набітасьцю ґрунту і невыразнымі абрысамі. Зімою ўзьнікалі часовыя дарогі, г. зв. зімнікі.
Найбольш пашыраны тып сядзібнае забудовы — вянковы. Побач з разьмяшчэньнем пабудоваў па пэрымэтры двара сустракалася і кампактная забудова, калі гаспадарчыя памяшканьні цесна прымыкалі да жыльля, утвараючы адзіны жыльлёва-бытавы комплекс з крытым дваром (вядомы толькі ў рэґіёне). На адлегласьці 50—60 м у глыбіні сядзібы будавалі гумно і лазьню. Гумно ў мясцовым вызначэньні — комплекс гаспадарчых пабудоваў з уласна гумном (ток, такаўня), сушылкай (асець, ёўня), пуняю для саломы і сена, азяродамі. На адкрытай мясцовасьці нярэдка ставілі невялікі млын-вятрак, што задавальняў патрэбы сялянскае гаспадаркі.
Тыповае плянаваньне жыльля: хата + сенцы + стопка (варыўня). Зруб хаты рабілі з круглых бярвёнаў хвоі або елкі, зьвязаных між сабою з просты кут «з астаткам» («у чашку»). Стрэхі звычайна 2-схільныя закотам, з 2-е паловы 19 ст. — каркасныя («на кроквах»); крылі іх саломай «пад колас», радзей — дранкай.
Адзеньне
рэдагавацьДля традыцыйнага адзеньня жыхароў уласьцівы прамы, вольны крой. Найбольш пашыраныя колеры адзеньня белы й сьветла-шэры. Зь верхняга адзеньня апрача агульнабеларускіх сьвіткаў і кажухоў у шырокім ужытку быў палатняны насоў, які насілі ў хоць якое надвор’е.
Паясное жаночае адзеньне вызначалася значнаю тыпаляґічнаю разнастайнасьцю: льняныя спадніцы, рознакаляровыя набіванкі, саяны, андаракі, узорныя дрыліхі (гл. Лепельскі строй). Ва ўзорнай тэхніцы ўпрыгожваньня пераважалі вышыўка і набіванка, якія ў жаночым адзеньні (сарочках, фартухах) гарманічна спалучаліся з карункамі ды мярэжкаю. У вышыўцы дамінаваў чырвоны колер, у набіванцы — сіні або блакітны.
Кераміка
рэдагавацьКераміка вызначалася масыўнасьцю формы (да апошняга часу тут захаваўся налеп) і ґрунтоўнасьцю апрацоўкі.
Вусная творчасьць
рэдагавацьРэґіянальнаю асаблівасьцю вызначаюцца мясцовая вусна-паэтычная творчасьць ды традыцыйная абраднасьць. Побач з агульнабеларускімі каляндарна-земляробчымі і сямейна-абрадавымі песьнямі пашыраныя тыя жанры, якія ў іншых рэґіёнах маюць абмежаваны арэал або зусім невядомыя, — валачобныя, масьленічныя, талочныя, ільнаробчыя, ярынныя песьні. Для песеннага фальклёру Паазер’я ўласьцівае сольнае (манадыйнае) выкананьне: мэлёдыя песень роўная, з плаўнымі пераходамі, напевы нетаропкія і свабодныя.
Літаратура
рэдагаваць- Паазер’е (Падзьвіньне) // БЭ. — Мн.: 2000 Т. 11. С. 460—461.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Этнокультурные процессы Белорусского Подвинья (Витебщины) в прошлом и настоящем / А. Вл. Гурко [и др.]; науч. ред. А. Викт. Гурко ; Нац. акад. наук Беларуси, Центр исслед. белорус. культуры, языка и лит., Ин-т этнографии и фольклора имени Кондрата Крапивы. — Минск : Беларуская навука, 2017. С.3