Маўзалей Гальлі Пляцыдыі

маўзалей у Равэне (Італія)
Маўзалей
Маўзалей Гальлі Пляцыдыі
Mausoleo di Galla Placidia
Агульны від маўзалею
Агульны від маўзалею
Краіна Італія
Равэна Равэнна
Каардынаты 44°25′16″ пн. ш. 12°11′49″ у. д. / 44.42111° пн. ш. 12.19694° у. д. / 44.42111; 12.19694Каардынаты: 44°25′16″ пн. ш. 12°11′49″ у. д. / 44.42111° пн. ш. 12.19694° у. д. / 44.42111; 12.19694
Канфэсія каталіцтва
Эпархія Архідыяцэзія Равены-Чэрвіі[d] 
Архітэктурны стыль раньнехрысьціянская архітэктура[d] і бізантыйская архітэктура[d]
Будаваньне другая чвэрць V стагодзьдзя—???
Статус частка аб’екту Сусьветнае спадчыны[d] і Італьянская нацыянальная спадчына[d][1][2]
Сайт ravennamosaici.it/… (італ.)
Маўзалей Гальлі Пляцыдыі на мапе Італіі
Маўзалей Гальлі Пляцыдыі
Маўзалей Гальлі Пляцыдыі
Маўзалей Гальлі Пляцыдыі
Маўзалей Гальлі Пляцыдыі на Вікісховішчы

Маўзале́й Га́льлі Пляцы́дыі (па-італьянску: Mausoleo di Galla Placidia) — крыжавакупальная пабудова, разьмешчаная побач з базылікай Сан-Вітале ў Равэньне.

Маўзалей датуецца прыблізна другой чвэрцю V стагодзьдзя і ўпрыгожаны самымі раньнімі з захаваных равэнскіх мазаік.[3] Хоць пабудова прыпісваецца Гальлі Пляцыдыі, дачцэ імпэратара Фэадосія Вялікага, маўзалей ня стаў месцам яе пахаваньня. У 1996 годзе маўзалей у ліку іншых раньнехрысьціянскіх помнікаў Равэнны быў уключаны ў лік аб’ектаў Сусьветнай спадчыны пад № 788.[4]

Гісторыя маўзалею

рэдагаваць
 
Ранішні выхад бізантыйскай царыцы да грабніцаў сваіх продкаў (В. С. Смірноў, 1880-я гг.). Дзеяньне разгортваецца ў маўзалеі Гальлі Пляцыдыі.

Маўзалей доўгі час служыў араторыям пры палацавай базыліцы Санта-Крочэ, якая не захавалася. Верагодна, ён быў капліцай-малельняй, прысьвечанай велікамучаніку Лаўрэнтыю, які асабліва шанаваўся ў родзе Гальлі Пляцыдыі і чыя выява зьмешчана на самым бачным месцы — у люнэце насупраць уваходу[5].

Пабудова, нягледзячы на мазаікі, зьвязаныя з памінальным культам, ня стала месцам пахаваньня Гальлі Пляцыдыі — яна памерла 27 лістапада 450 году ў Рыме[6] і, найбольш верагодна, была пахавана ў радавым магільным склепе імпэратара Фэадосія Сан-Пэтраніля недалёка ад сабору Сьвятога Пятра[7]. Ніводны антычны гісторык ня згадваў пра пахаваньне імпэратрыцы ў Равэньне, маўчыць пра гэта і Андрэа Агнэля ў сваёй хроніцы «Liber Pontificalis Ecclesiae Ravennatis». Наяўныя ў маўзалеі саркафагі, якія прыпісваюцца самой Гальлі і яе найбліжэйшым сваякам, па меркаваньні шэрагу дасьледчыкаў, першапачаткова не знаходзіліся ў ім[8], першы раз пра іх згадвае ў XIV стагодзьдзі біскуп Рынальда да Канкарэджыа[5]. Пасьля XIV стагодзьдзя шматлікія крыніцы ўжо ўпэўнена называюць будынак маўзалеем Гальлі Пляцыдыі. Сярод магчымых прычынаў гэтага можна назваць як вызначанае вонкавае падабенства мазаік маўзалея з мазаікамі рымскай царквы Санта-Канстанца (месцам пахаваньня адной з дачок Канстантына Вялікага), так і незвычайная форма пахаваньня цела ў адным з саркафагаў (цела было пасаджана на кіпарысавы трон)[5].

Архітэктурныя асаблівасьці

рэдагаваць
 
Плян маўзалею

Будынак пабудаваны ў тэхніцы лямбардзкага цаглянага муру. Вонкавы від нагадвае крапасны будынак, што падкрэсьліваецца тоўстымі сьценамі і вузкімі вокнамі. Прапорцыі будынку некалькі сказіліся з-за таго, што за мінулыя стагодзьдзі культурны пласт падняўся на 1,5 мэтры[9]. Маўзалей у пляне ўяўляе сабой лацінскі крыж (доўгая вось — 12,75 м, папярочная — 10,25 м)[5]. Сяродкрыжжа ўвянчана кубічнай вежай, у якую знутры ўпісаны купал, нябачны знадворку.

Доўгая вось будынку накіравана не па лініі захад-усход, як звычайна прынята ў хрысьціянскіх храмах, а па лініі поўнач-поўдзень. Дасьледчыкі тлумачаць гэтую асаблівасьць тым, што пры будаўніцтве маўзалей упісвалі ў нартэкс царквы Санта-Крочэ. Вымушаную архітэктурную памылку двойчы выпраўлялі мазаічысты, арыентуючы мазаікі ўнутры маўзалею на ўсход[10].

Вонкавы аскэтычны выгляд маўзалею ўпрыгожваюць толькі плоскія вэртыкальныя выступы — лапаткі, злучаныя з плоскімі аркаміглухая аркада»). Апошнія сваім рытмічным чаргаваньнем ажыўляюць вонкавы выгляд трох бакоў маўзалею. Чацьверты (паўночны) галоўны фасад упрыгожаны фрызам зь дзьвюма пантэрамі і вінаграднымі лозамі[9].

Чатырнаццаць вокнаў маўзалею маюць форму байніцаў, якія пашыраюцца ўнутр будынку. У 1908 годзе вокны былі зашыты алебастравымі плітамі — дарункам італьянскага караля Віктара Эмануіла III[5].

Асаблівасьці інтэр'еру

рэдагаваць
 
Унутраны выгляд маўзалею

Галіны «крыжа» (успрымаецца ўнутры як роўнаканцовы) перакрыты цыліндрычнымі скляпеньнямі, а цэнтральная прастора ўвянчана цяжкім купалам на «ветразях» без барабану. Усе паверхні купалу, арак і люнэтаў пакрыты мазаікамі. Рэстаўрацыйныя работы, праведзеныя на мяжы XIX-XX стагодзьдзяў, яшчэ больш узмацнілі мяккі і стрыманы настрой, які ствараецца мазаікамі. Цяпер сьвятло, якое пранікае ў маўзалей толькі скрозь невялікія вузкія вокны, набывае залацістае адценьне з-за таго, што праходзіць праз алебастравыя пліты, якімі зашылі вокны ў 1908 годзе. Уражаньне ад залацістага сьвятла яшчэ больш узмацняюць жаўтаватыя мармуровыя пліты, якімі ніжняя частка сьцен была абліцавана ў канцы XIX стагодзьдзя[5].

Мазаічнае ўбраньне маўзалею адрозьніваецца рэдкай пышнасьцю і ставіць яго ў шэраг найважнейшых помнікаў раньнехрысьціянскага мастацтва. Мазаікі, хоць і прысьвечаныя розным сюжэтам, утвараюць арганічна адзінае цэлае. Усе яны прытрымліваюцца антычнай рымска-эліністычнай мазаічнай традыцыі, хоць паходжаньне саміх майстроў застаецца спрэчным (у ліку магчымых вэрсіяў называюць Рым, Мілян, Канстантынопаль, Сырыю, Афрыку)[11]. Тут рымская мастацкая спадчына зь яго старанна выкананымі дэталямі і плястычнымі фігурамі зьлілася з хрысьціянскім імкненьнем да абсалютнасьці і трансцэндэнтнасьці, што стварыла непаўторны мазаічны ансамбль[9].

Расейскі мастацтвазнавец Павал Муратаў пісаў пра маўзалей Гальлі Пляцыдыі ў пачатку XX стагодзьдзя:

Італьянскія мазаічысты любілі нешматлікія, густыя і глыбокія колеры — сіні, зялёны і вінна-чырвоны. Незвычайна і неяк неспасьціжна глыбокі вельмі цёмны сіні колер на столі маўзалею Гальлі Пляцыдыі. У залежнасьці ад гульні сьвятла, якое пранікае сюды скрозь маленькія акенцы, ён дзівосна і нечакана цудоўна пералівае то зеленаватымі, то ліловымі, то барвянымі адценьнямі. На гэты фон пакладзена знакамітая выява юнага Добрага пастыра, які сядзіць сярод беласьнежных авечак. Паўкругі ля вокнаў упрыгожвае буйны арнамент з аленямі, якія п'юць з крыніцы. Гірлянды лісьця і пладоў уюцца па нізенькіх арках. Пры відзе іх пышнасьці мімаволі думаецца, што чалавецтва ніколі не стварала лепшага мастацкага сродку для ўбраньня царкоўных сьценаў. І тут дзякуючы маленечкім памерам надмагільнай капліцы мазаіка не здаецца справай мітусьлівай і халоднай пышнасьці. Паветра, якое зіхаціць сінім агнём, якім акружаны саркафаг, які некалі ўтрымліваў набальзамаванае цела імпэратрыцы, годны быць марай палымяна-рэлігійнага ўяўленьня. Ці не да гэтага імкнуліся, толькі іншым шляхам, мастакі каляровага шкла ў гатычных саборах?[12]

Мазаікі скляпеньня і столі

рэдагаваць
 
 
Крыж і зорнае неба — мазаіка ў купале «Райскі сад» — мазаіка на столі

У цэнтры паўсфэрычнага купалу зьмешчаны залаты лацінскі крыж, акружаны васьмістамі залатымі зоркамі, аб’яднанымі ў канцэнтрычныя акружнасьці. Крыж і зоркі зьмешчаны на індыга-сінім фоне, які рэалістычна адлюстроўвае начное неба. Гэта мазаіка дэманструе трыюмф Хрыста над сьмерцю, Яго абсалютную ўладу над тварным сьветам. Хрыстос сымбалічна паказаны як Сонца праўды (Мал. 4:2). Мазаіка паказвае на Хрыста як на невечаровае сьвятло (Зах. 14:6-7), які ня можа асягнуць цемра (Ін. 1:4-5). Хрыстос па думцы мазаічыста зьяўляецца сэнсам і цэнтрам існаваньня сусьвету, гатовым і жадаючым аб’яднаць вакол сябе ўсё чалавецтва. Падкрэсьліваючы высокі сэнс мазаікі, мастак накіраваў доўгі канец крыжа ня ўздоўж доўгай восі маўзалею (гэта значыць па лініі поўнач-поўдзень), а на ўсход, у бок якога традыцыйна арыентаваліся алтары ў хрысьціянскіх храмах[13].

У карагод зорак, якія атачаюць крыж, уключаюцца эвангелісты, якія знаходзяцца ў кутах скляпеньня, прадстаўленыя іх залатымі сымбалічнымі выявамі: львом (Марк), цялём (Лука), арлом (Ян Багаслоў) і анёлам (Мацьвей)[10].

Столь у «галінах» маўзалею пакрыта складаным мазаічным арнамэнтам, які сымбалізуе райскі сад. На цёмна-сінім фоне раскіданы акружнасьці, зоркі і кветкі. Такі арнамэнт зьяўляецца незвычайным для заходняй часткі Рымскай імпэрыі, аддаленае падабенства можна знайсьці толькі ў рымскай царкве Санта-Канстанца[14].

Апосталы

рэдагаваць
 
Выявы апосталаў у люнэце

У верхніх люнэтах па баках ад вокнаў зьмешчаны парныя выявы васьмі з дванаццаці апосталаў. Паколькі ў сярэдзіне кожнага з чатырох люнэтаў знаходзіцца акно, мазаічыст быў пастаўлены перад выбарам: намаляваць усіх 12 апосталаў і парушыць сымэтрыю (у гэтым выпадку ў кожным люнэце два апосталы аказваліся б з аднаго боку акна і толькі адзін — па левую), або захаваць сымэтрыю, ахвяраваўшы чатырма апосталамі. Імкненьне да сымэтрыі перамагло: «лішнія» чатыры апосталы выцесьнены ў «галіны» маўзалею[15].

Вучні Хрыста намаляваны ў поўны рост з рукамі, узьнятымі да намаляванага на столі крыжа, выражаючы эвангельскі заклік Ісуса: «вазьмі крыж свой і ідзі за Мною…» (Мф. 16:24). Апосталы намаляваны ў сэнатарскіх тогах, іх рука паднята ўгару ў традыцыйным сэнатарскім жэсьце прывітаньня[16]. Усе апосталы надзелены спэцыфічнымі партрэтнымі рысамі, хоць з прычыны таго, што іконаграфічны канон у V стагодзьдзі яшчэ не сфармаваўся, апазнаць намаляваных пэрсанажаў немагчыма. Выключэньнямі зьяўляюцца апосталы Пётар (намаляваны з ключамі) і Павал (высокі лоб, тыповыя габрэйскія рысы)[17].

 
Галубы, якія п’юць з крыніцы вады жывой

Апосталы намаляваны так, што працягваюць паваротамі сваіх фігур пачаты ў мазаіцы купала кругавы рух. Ён завяршаецца ва ўсходнім люнэце, дзе намаляваны апосталы Пётар і Павал. Тут, як і ў мазаіцы купалу, дзеля кірунку на Ўсход мастак парушыў лёгіку, прадпісаную архітэктурай будынку (доўгая вось якога арыентавана па лініі поўнач-поўдзень)[17].

Пад акном у кожным люнэце, гэта значыць паміж фігурамі апосталаў, зьмешчаны мазаічныя выявы чар ці фантанаў, зь якіх п’е (ці побач зь якімі сядзіць) пара галубоў. Гэта — раньнехрысьціянская (часта сустракаемая ў катакомбах) сымбалічная выява душ, якія п’юць з крыніцы вады жывой у раю[16].

Добры Пастыр — мазаіка паўночнага люнэту

рэдагаваць
 
Мазаіка «Хрыстос — Добры Пастыр»

Мазаіка паўночнага ніжняга люнэту (сьцяна над уваходам). Дасьледчыкі адзначаюць, што сюжэт мазаікі часта сустракаецца ў хрысьціянскіх катакомбах і адносіцца да катэгорыі памінальных.[18]

Ісус намаляваны ў вобразе маладога безбародага юнака-пастуха, вакол якога па зялёнай траве пасьвяцца авечкі, і Мэсыя ласкава дакранаецца да адной зь іх. У адрозьненьне ад катакомбнага жывапісу, дзе Пастыр быў звычайным вясковым пастухом, тут Ісус апрануты ў залаты хітон, а на каленях ляжыць пурпурны плашч. Ён сядзіць на пагорку (вобраз трону), трымаючы ў руцэ крыж, які выступае ў ролі імпэратарскага жазла. Акадэмік В. Н. Лазараў адзначае велічную паставу Хрыста: яго ногі скрыжаваны, правая рука дакранаецца да галавы авечкі, але погляд пры гэтым зьвернуты ў іншы бок. Дзякуючы такой паставе, Пастыр становіцца сэнсавым цэнтрам мазаікі: ён бачыць усіх сваіх авечак, і ўсе авечкі глядзяць на яго[19].

Для мазаікі характэрны тонкія пераходы колеру, выкарыстаньне паўтонаў для выявы скуры. Усё гэта нароўні з пышнай рамай, якая атачае мазаіку, сьведчыць пра ўплыў антычнага мастацтва.

Мазаіка паўднёвага люнэту

рэдагаваць
 
Сьвяты Ляўрэнты, які ідзе на вогнішча (?)

У паўднёвым ніжнім люнэце зьмешчана мазаіка наступнага зьместу. Справа чалавек у белых адзеньнях, якія разьвяваюцца на ветры, з крыжом і кнігай у руках, ідзе да цэнтру мазаікі. Зьлева ў расчыненай шафе на паліцах ляжаць чатыры кнігі, падпісаныя Мацьвей, Марк, Лука і Ян, гэта значыць, відавочна, чатыры Эвангельлі. У цэнтры мазаікі пад рашоткай палае агонь. Паколькі галоўны герой мазаікі не падпісаны, выказваецца некалькі вэрсіяў, якія тлумачаць значэньне мазаікі:

  • Найбольш распаўсюджаная версыя — на мазаіцы намаляваны сьвяты Ляўрэнты, які ідзе прыняць сьмерць на падпаленым у цэнтры кампазыцыі вогнішчы. Яго адзеньні дэманструюць жаданьне мучаніка прыняць сьмерць за Хрыста, а рашотка ў гэтым выпадку лёгка тлумачыцца як прылада для пакараньня яго сьмерцю. Крыж у руках мучаніка тлумачыцца як працэсыйны крыж, а кніга — Псалтыр, абодва прадметы паказваюць на дыяканскі сан Ляўрэнтыя. У камбінацыі з Эвангельлямі, якія ляжаць у шафе, крыж і кніга ў руках Ляўрэнтыя сымбалізуюць, што ён прыняў мучаніцтва пераймаючы Хрыста і засвоіўшы Ягонае вучэньне.[3]
 
Алень, які п’е з крыніцы

Мазаікі ў заходняй і ўсходняй «галінах»

рэдагаваць

У заходняй і ўсходняй «галінах» маўзалею, за саркафагамі, можна бачыць яшчэ дзьве сымбалічныя раньнехрысьціянскія мазаікі. На іх пара аленяў прагна п’е з крыніцы. Сюжэт мазаікі навеяны вершамі 42 псалма: «Як сарна імкнецца да водных патокаў, так душа мая імкнецца да Цябе, Божа!» (Пс. 42:2). Традыцыйна пара аленяў тлумачыцца як сымбалічная выява хрысьціян, якія былі зьвярнуты з юдэяў і язычнікаў[17]. Гэты сюжэт сустракаецца ў катакомбах і актыўна выкарыстоўваўся пасьля (напрыклад, у алтарнай мазаіцы ў рымскай базыліцы Сан-Клемэнтэ)

Саркафагі

рэдагаваць

У інтэр’еры — тры саркафагі з грэцкага мармуру, якія прыпісваюцца самой Гальлі Пляцыдыі, яе сыну Валентыніяну і другому мужу Канстанцыю III.

  • Саркафаг Гальлі Пляцыдыі — займае цэнтральнае месца, пазбаўлены якога-небудзь дэкору і верагодна зьяўляецца няскончаным. З улікам незвычайна вялікіх памераў саркафагу і адсутнасьці на ім якой-небудзь хрысбціянскай сымболікі, манумэнт прыпісваецца багатаму і знатнаму язычніку. Магчымасьць пахаваньня ў ім Гальлі Пляцыдыі адпрэчваецца сучаснымі гісторыкамі. Тым ня менш, крыніцы XIV-XVI стагодзьдзяў (у тым ліку, архібіскуп Равэнны Рынальда да Канкарэджыа) сьцьвярджаюць, што празь вялікае акно ў задняй частцы саркафагу (цяпер замуравана) можна было бачыць пахаванае там цела, пасаджанае на кіпарысавы трон. Меркавана, гаворка ідзе пра цела, пахаваным такім незвычайным чынам не раней XIII-XIV стагодзьдзя з магчымым намерам імітаваць рэшткі аўгусты. У 1577 годзе мясцовыя хлапчукі зь цікаўнасьці прасунулі праз азначанае акно саркафагу запаленыя сьвечкі, якія, ледзь дакрануўшыся да кіпарысавага трону, выклікалі пажар. З прычыны пажару, у саркафагу захаваліся толькі некалькі касьцей, чэрап і асмаленыя кавалкі дрэва, выяўленыя там пры расьпячатваньнях саркафагу ў 1577 і 1898 гадах[11].
  • Саркафаг Канстанцыя — стварэньне датуецца V стагодзьдзем, устаноўлены ў левай галіне «крыжа». На яго пярэдняй сьценцы намаляваны Хрыстос у вобразе ягня, галава яго акружана німбам, які зьмяшчаюць манаграму Хрыста — пераплеценыя грэцкія літары Χ і Ρ. Ягня стаіць на скале, зь якой выцякаюць чатыры струмені, якія ўвасабляюць чатыры ракі Эдэму. Справа і зьлева ад скалы знаходзяцца два ягня ўжо бязь німбаў, якія сымбалізуюць апосталаў. Гэтыя выявы апраўлены дзьвюма пальмамі, сымбалізуючымі жыцьцё праведнікаў. У 1738 годзе саркафаг быў расьпячатаны, і дасьледчыкі выявілі ў ім два добра захаваныя чэрапы з зубамі[21].
  • Саркафаг Валентыніяна — датуецца VI стагодзьдзем, устаноўлены ў правай галіне «крыжа». Мае паўцыліндрычнае века з лускаватым арнамэнтам. На пярэдняй сьценцы намаляваны ягня-Хрыстос, які стаіць ля падножжа ўзгорку, зь якога выцякаюць чатыры райскія ракі, узгорак увянчаны крыжам, на перакладзіне якога сядзяць два голубы. На абедзьвюх бакавых сьценках намаляваны крыж з ракавінай (часта ўжываны ў катакамбным жывапісу сымбаль сьмерці, зь якой адраджаецца жыцьцё). У 1738 годзе гэты саркафаг таксама быў расьпячатаны, у ім былі выяўлены касьцяныя рэшткі мужчыны і жанчыны[21].
  1. ^ а б catalogo.beniculturali.it — 2014.
  2. ^ а б Tourer.it
  3. ^ а б Лазарев В.Н. Мозаики Равенны: мавзолей Галлы Плацидии и Баптистерий православных История византийской живописи. Христианство в искусстве: иконы, фрески, мозаикиПраверана 2009-07-03 г. Архіўная копія ад 2012-01-29 г.
  4. ^ Early Christian Monuments of Ravenna Праверана 2009-07-15 г. Архіўная копія ад 2012-01-29 г.
  5. ^ а б в г д е Джузеппе Бовини Равенна. Искусство и история. — Равенна: Лонго, 2008. — С. 13. — 160 с. — ISBN 88-8063-085-7
  6. ^ Джузеппе Бовини Равенна. Искусство и история. — Равенна: Лонго, 2008. — С. 12. — 160 с. — ISBN 88-8063-085-7
  7. ^ Равенна. Город искусства. — Равенна: EDIZIONI SALBAROLI, 2006. — С. 86.
  8. ^ Равенна. Город искусства. — Равенна: EDIZIONI SALBAROLI, 2006. — С. 100.
  9. ^ а б в Ravenna. City of art. — Ravenna: SALBAROLI, 2008. — С. 86. — 144 с.
  10. ^ а б Джузеппе Бовини Равенна. Искусство и история. — Равенна: Лонго, 2008. — С. 16. — 160 с. — ISBN 88-8063-085-7
  11. ^ а б Джузеппе Бовини Равенна. Искусство и история. — Равенна: Лонго, 2008. — С. 19. — 160 с. — ISBN 88-8063-085-7
  12. ^ Образы Италии. — СПб: 2005. — С. 172-173.
  13. ^ Джузеппе Бовини Равенна. Искусство и история. — Равенна: Лонго, 2008. — С. 14-16. — 160 с. — ISBN 88-8063-085-7
  14. ^ Джузеппе Бовини Равенна. Искусство и история. — Равенна: Лонго, 2008. — С. 14. — 160 с. — ISBN 88-8063-085-7
  15. ^ Джузеппе Бовини Равенна. Искусство и история. — Равенна: Лонго, 2008. — С. 16-17. — 160 с. — ISBN 88-8063-085-7
  16. ^ а б Ravenna. City of art. — Ravenna: SALBAROLI, 2008. — С. 90. — 144 с.
  17. ^ а б в Джузеппе Бовини Равенна. Искусство и история. — Равенна: Лонго, 2008. — С. 17. — 160 с. — ISBN 88-8063-085-7
  18. ^ Мозаики равеннских церквей. — СПб: 1896. — С. 70.
  19. ^ Джузеппе Бовини Равенна. Искусство и история. — Равенна: Лонго, 2008. — С. 17-19. — 160 с. — ISBN 88-8063-085-7
  20. ^ Джузеппе Бовини Равенна. Искусство и история. — Равенна: Лонго, 2008. — С. 13-14. — 160 с. — ISBN 88-8063-085-7
  21. ^ а б Джузеппе Бовини Равенна. Искусство и история. — Равенна: Лонго, 2008. — С. 21. — 160 с. — ISBN 88-8063-085-7

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

Літаратура

рэдагаваць
  • Равенна. Город искусства. — Равенна: SALBAROLI, 2006.
  • Редин Е.К. Мозаики равеннских церквей. — СПб.: 1896.
  • Джузеппе Бовини Равенна. Искусство и история. — Равенна: Лонго, 2008. — С. 12-24. — 160 с. — ISBN 88-8063-085-7
  • Ravenna. City of art. — Ravenna: SALBAROLI, 2008. — С. 84-103. — 144 с.