Ліра (прэмія)
«Лі́ра» — нацыянальная музычная прэмія Беларусі ў галіне папулярнай музыкі, заснаваная 24 сьнежня 2010 году на прапанову Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
«Ліра» | ||||
Апісаньне | музычная прэмія | |||
---|---|---|---|---|
Арганізатар | Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь | |||
Вядучы | Анатоль Ярмоленка | |||
Правядзеньне | 9 лютага 2017 Палац Рэспублікі (Менск) | |||
Краіна | Беларусь | |||
Узнагарода | 77 базавых велічыняў | |||
Першае прысуджэньне | 13 сьнежня 2011 (13 гадоў таму) | |||
Бягучы ўладальнік | «Джэй Морс» | |||
Тэлетрансьляцыя | ||||
Сеткі | «Агульнанацыянальнае тэлебачаньне» | |||
|
У 1994 годзе папярэдніцай гэтай беларускай музычнай прэміі была «Залатая ліра»[1]. Зь 2014 году ладзіцца на тэлеканале «Агульнанацыянальнае тэлебачаньне», цяпер праз 2 гады.
Найлепшая беларускамоўная песьня
рэдагаваць№ | Дата | Пераможца (выканаўца) | Песьня | Музыка | Словы |
---|---|---|---|---|---|
1 | 2011 г., 13 сьнежня | Алена Ланская | «Белая ластаўка» | Уладзімер Кандрусевіч | Вольга Болдырава |
2 | 2012 г., 12 сьнежня | Анатоль Ярмоленка | «Прыяжджайце да нас у Беларусь» | ||
3 | 2013 г., 16 сьнежня | гурт «Ілі-ілі» | «Танчыць» | ||
4 | 2015 г., 31 студзеня | ||||
5 | 2017 г., 27 студзеня | дуэт «Наві» | «Гісторыя майго жыцьця» | Арцём Лук'яненка | Арцём Лук’яненка |
Мінуўшчына
рэдагаваць15 кастрычніка 2010 году старшыня Белтэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі паведаміў, што Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь прапанавала стварыць у сьнежні рэспубліканскі тэлеконкурс «Нацыянальная музычная прэмія». Узнагароды мелі ўручыць у намінацыях: «Найлепшая песьня году», «Найлепшы выканаўца», «Найлепшы гурт», «Адкрыцьцё году» і «За ўклад у разьвіцьцё беларускай эстрады»[2]. 24 сьнежня 2010 году Савет міністраў Рэспублікі Беларусь ухваліў Пастанову № 1885 "Аб зацьвярджэньні Палажэньня аб рэспубліканскім конкурсе «Нацыянальная музычная прэмія ў галіне эстраднага мастацтва». У 2-м пункце Палажэньня ў якасьці мэты конкурсу называлася «прасоўваньне творчасьці таленавітых беларускіх эстрадных выканаўцаў, а таксама кампазытараў, паэтаў-песеньнікаў, гукарэжысэраў, аранжыроўшчыкаў, прадусараў і журналістаў». Паводле 3-га пункту, "конкурс можа праводзіцца па наступных намінацыях: 3.1. намінацыі, пераможцы ў якіх вызначаюцца экспэртнай радай з улікам вынікаў інтэрнэт- і смс-галасаваньня (6): «Найлепшая песьня году», «Найлепшы выканаўца», «Найлепшы калектыў выканаўцаў», «Адкрыцьцё году», «Найлепшы кампазытар» і «Найлепшы паэт-песеньнік»; 3.2. намінацыі, пераможцы ў якіх вызначаюцца экспэртнай радай (10): «Найлепшая беларускамоўная песьня году», «Найлепшы музычны альбом», «Найлепшая аранжыроўка», «Найлепшая канцэртная праграма», «Найлепшы канцэрт за мяжой», «Найлепшы кліп году», «Найлепшы журналіст», «Найлепшы гукарэжысэр», «Найлепшы прадусар» і «За ўнёсак у разьвіцьцё беларускай эстрады». Згодна з 4-м пунктам «конкурс праводзіцца штогод у пэрыяд са студзеня па сьнежань», а «пераможцы конкурсу вызначаюцца па выніках іх дзейнасьці за бягучы год». Вынікі конкурсу падводзяцца ў сьнежні. Паводле 6-га пункту, "арганізатарамі конкурсу зьяўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і ЗАТ «Сталічнае тэлебачаньне», якія забясьпечваюць «падрыхтоўку і трансьляцыю гала-канцэрту». Пагатоў "выраб тэлевізійнай вэрсіі гала-канцэрту, анансаваньне і інфармацыйнае забесьпячэньне конкурсу ажыцьцяўляе ЗАТ «Сталічнае тэлебачаньне» аднаасобна, як і «стварэньне інфармацыйна-рэклямных ролікаў, іх пракат на тэлебачаньні і радыё». Згодна з 7-м пунктам "склад арганізацыйнага камітэту зацьвярджаецца Мінкультуры па ўзгадненьні з ЗАТ «Сталічнае тэлебачаньне». У 8-м пункце згадавалася, што Аргкамітэт «вызначае намінацыі, па якіх праводзіцца конкурс», і «зацьвярджае склад адборачнай камісіі, экспэрнай рады і падліковай камісіі». Паводле 3-й Главы Палажэньня, спаборніцтва праводзяць у 3 этапы. У намінацыях, што прадугледжваюць інтэрактыўнае галасаваньне ў этэры радыёвяшчаньня і на сайтах радыёстанцыяў, вылучэньне ў 1-м этапе ажыцьцяўляецца па выніках такога галасаваньня. Адборачная камісія вылучае на 1-м этапе па 3 канкурсанты для кожнай іншай намінацыі, сярод якіх экспэртная рада на 2-м этапе выбірае пераможцу. У заключным 3-м этапе падліковая камісія складае сумы балаў экспэртнай рады і і інтэрактыўнага галасаваньня ў час гала-канцэрту канкурсантаў у намінацыях з такім галасаваньнем. Згодна з 26-м пунктам «пераможца ў намінацыі „Найлепшая песьня году“ атрымлівае грашовую прэмію ў памеры 95 базавых велічыняў (3,325 млн рублёў; $1111) і сэртыфікат на стварэньне музычнага кліпу. У намінацыі ўзнагароджваюцца выканаўца і аўтары песьні». У іншых намінацыях зь інтэрактыўным галасаваньнем узнагароджвалі 77 базавымі велічынямі (БВ). Паводле 27-га пункту, «пераможца ў намінацыі „Найлепшая беларускамоўная песьня году“ атрымлівае грашовую прэмію ў памеры 73 базавых велічыняў» (2,555 млн рублёў; $853). У намінацыі «За ўклад у разьвіцьцё беларускай эстрады» ўзнагарода складала 70 БВ, у іншых намінацыях — па 62 БВ. Узнагароду за «Найлепшы музычны альбом» дзялілі выканаўца і прадусар, а за «Найлепшы кліп году» — «сцэнарыст, рэжысэр, апэратар і мантажор»[3].
1 красавіка 2011 году начальнік кіраўніцтва мастацтваў Мінкультуры Міхаіл Казловіч удакладніў, што на гала-канцэрце пры канцы году адзнака будзе на 50% складацца зь меркаваньняў прафэсійнага журы і на 50% з вынікаў галасаваньня гледачоў[4]. 1 лістапада 2011 году 1-ы намесьнік міністра культуры Беларусі Уладзімер Карачэўскі паведаміў, што для ўдзелу ў конкурсе заяўкі варта накіраваць ад 15 лістапада ў Моладзевы тэатар эстрады. Карачэўскі абвясьціў, што гледачы змогуць прагаласаваць за творцаў, якія спаборнічаюць за 5 з 16 узнагародаў. На 2011 год вызначылі наступныя намінацыі: «Найлепшая песьня на беларускай мове», «Найлепшая песьня году», «Найлепшы жаночы сьпеў», «Найлепшы мужчынскі сьпеў», «Найлепшы музычны гурт», «Адкрыцьцё году», «Найлепшы аўтар музыкі», «Найлепшы аўтар словаў», «За ўклад у разьвіцьцё беларускай эстрады», «Найлепшы альбом году», «Найлепшы канцэрт году», «Найлепшы кліп году», «Найлепшы журналіст» (музычны крытык), «Найлепшы прадусар», «Найлепшы гастрольны тур» і «Зорачка году» (найлепшы юны выканаўца). Скульптар Андрэй Хацяноўскі распрацаваў дызайн статуэткі для ўручэньня пераможцам, якая спалучала беларускі ўзор, зорку і ноты[5]. Намесьнік кіраўніка «Сталічнага тэлебачаньня» («СТБ») Павал Каранеўскі паведаміў, што кампазытар Яўген Алейнік напісаў для ўручэньня прэміі музыку, што спалучыла клясычны, папулярны і фальклёрны кірункі. Каранеўскі прызнаў, што да конкурсу прымаюцца і заяўкі беларускіх выканаўцаў замежжа[6]. Да разгляду прымаліся песьні створаныя ад сьнежня 2010-га да лістапада 2011-году. У экспэртную раду ўвайшло 100 чалавек. Рэжысэрамі гала-канцэрту ў менскім Палацы Рэспублікі, які прызначылі на 13 сьнежня, выступілі Вячаслаў Панін і Аляксандар Вавілаў. Білеты на канцэрт каштавалі 20—50 тыс. рублёў ($2,4—$5,9)[7]. 1 сьнежня 2011 году кіраўніца прадусарскага цэнтру «СТБ» Настасься Гузель-Гудзіева паведаміла, што на сайце тэлеканала пачалося галасаваньне на «Прыз глядацкіх сымпатыяў»[8]. Экспэртную раду ўзначаліў Анатоль Ярмоленка. На конкурс паступіла 545 заявак[9]. 13 сьнежня 2011 году ў намінацыі «Лепшая песьня на беларускай мове» перамагла Алена Ланская зь песьняй «Белая ластаўка» (музыка Ўладзімера Кандрусевіча, словы Вольгі Болдыравай)[10]. Пераможцамі ў 15 астатніх намінацыях сталі: «Найлепшая песьня году» — Зьміцер Калдун («Караблі»), «Найлепшы жаночы сьпеў» — Іна Афанасьева, «Найлепшы мужчынскі сьпеў» — Аляксей Хлястоў, «Найлепшы музычны гурт» — «Троіца», «Адкрыцьцё году» — Тэа, «Найлепшы аўтар музыкі» — Леанід Шырын, «Найлепшы аўтар словаў» — Ніна Багданава, «Найлепшы альбом году» — гурт «Сундук» (Ганна Хітрык, «Том першы»), «Найлепшая аранжыроўка» — Саша Нэма, «Найлепшы канцэрт году» — Ядвіга Паплаўская і Аляксандар Ціхановіч («Любоў-лёс» у Летнім амфітэатары 4 траўня 2011 году), «Найлепшы гастрольны тур» — гурт «Джэй Морс» («Электрыфікацыя ўсёй краіны»), «Найлепшы кліп году» — гурт «Лайтсаўнд» («Пабачымся ў Вэгасе»), «Найлепшы журналіст» — Алег Клімаў, «Найлепшы прадусар» — Максім Алейнікаў (гурт «Топлес»), «За ўклад у разьвіцьцё беларускай эстрады» — Уладзімер Мулявін (пасьмяротна, ансамбль «Песьняры») і «Зорачка году» — Лідыя Заблоцкая. Таксама адмысловыя ўзнагароды атрымалі: «Аўтарскі дэбют» — гурт «Праспэкт», «Найлепшая пастаноўка нумару» (за яркі сцэнічны вобраз) — Венера, «Найлепшы дуэт» — Вадзім Галыгін і Ільля Міцько (песьня «Толькі ты») і «За разьвіцьцё традыцыі беларускай песьні» — Міхаіл Фінберг[11]. «Прыз глядацкіх сымпатыяў» атрымала Ірына Відава за песьню «Апошні раз»[12].
16 лістапада 2012 году намесьнік міністра культуры Ўладзімер Карачэўскі паведаміў, што 2-ю Нацыянальную музычную прэмію мелі ўручыць у 19 намінацыях[13]. Прыём заявак доўжыўся 2 тыдні да 1 сьнежня[14]. 12 сьнежня 2012 году на гала-канцэрце ў менскім Палацы спорту пераможцам раздалі ўзнагароды ў намінацыях: «Найлепшая беларускамоўная песьня» — Анатоль Ярмоленка («Прыяжджайце да нас у Беларусь»), «Найлепшая песьня году» — Ларыса Грыбалёва («Ня крыўдзі мяне»), «Найлепшы поп-выканаўца» — Саша Нэма, «Найлепшы-рок выканаўца» — гурт «Open Space», «Найлепшы джаз-выканаўца» — гурт «Apple Tea», «Найлепшы этна-фольк-выканаўца» — гурт «Стары Ольса»[a], «Адкрыцьцё году» — гурт «Аёва», «Найлепшы аўтар музыкі» — Герман («У цішыні сьвітаньня»), «Найлепшы аўтар словаў» — Яраслаў Ракіцін («Чуеш, я іду да цябе»), «Найлепшы музычны альбом» — гурт «Цягні-Штурхай(ru)» («Мне з табой пашанцавала»), «Найлепшы аранжыроўшчык» — Юры Вашчук, «Найлепшы канцэрт году» — гурт «Безь Білета» («Зорка»), «Найлепшы гастрольны тур» — Аляксандар Саладуха («Берагі»), «Найлепшы кліп году» — гурт «Лермант» («Прыгажосьць»), «Найлепшы журналіст» — Сяргей Андрыянаў, «Найлепшая музыка для кіно» — гурт «Драм Экстазі» (музыка для фільма «Салетра № 7»), «Найлепшы прадусар» — Уладзімер Кубышкін, «За ўклад у разьвіцьцё сучаснай музыкі» — Якаў Навуменка (пасьмяротна) і «Зорачка году» — Аляксандра Лакціёнава[16]. Таксама ўручылі адмысловыя ўзнагароды: «Дэбют году» — Юлія Жыдкая, «Юбілей году» — Аляксандар Ціхановіч, «Крэатыў году» — Аляксандар Саладуха, «Надзея году» — Алена Ланская і «Дублёры году» — удзельнікі праекту «Сьпеўныя гарады» з Рагачова. На конкурс падалі каля 1000 заявак[17].
1-21 лістапада 2013 году правялі збор заявак на 3-ю Нацыянальную музычную прэмію. Песьні, абнародаваныя з 1 лістапада 2012 году па 31 кастрычніка 2013-га, прымалі на электронную пошту: nmpremia@ctv.by. Узнагароджаньне прызначылі на 16 сьнежня ў Палацы Рэспублікі[18]. Білеты на гала-канцэрт каштавалі 50—150 тыс. рублёў ($5,3—$15,9)[19]. 16 сьнежня 2013 году прэміяй узнагародзілі ў наступных намінацыях: «Найлепшая беларускамоўная песьня» — гурт «Ілі-ілі» за песьню «Танчыць», «Найлепшая песьня году» — Іна Афанасьева («Падаў першы сьнег», муз. Яўген Алейнік, словы Юлія Быкава), «Найлепшая поп-выканаўца» — Алена Ланская, «Найлепшы рок-выканаўца» — гурт «beZ bileta», «Найлепшы джаз-выканаўца» — гурт «Apple tea», «Найлепшы этна-фольк-выканаўца» — аркестар «Харошкі», «Найлепшы аўтар музыкі» — Леанід Шырын і Юры Вашчук («Беларусь вялікая»), «Найлепшы аўтар словаў» — Павал Берташ («Ты больш не мая», вык. Аляксей Хлястоў), «Найлепшы музычны альбом» — гурт «Крыві» («Траўка-мураўка»), «Найлепшы аранжыроўшчык» — Сьвятаслаў Пазьняк («Летняя», вык. Іскуі Абалян), «Найлепшы канцэрт году» — Прэзыдэнцкі аркестар Беларусі (рок-праект «Дым над вадой»), «Найлепшы гастрольны тур» — Гюнэш Абасава («Што ў гэтым сэрцы»), «Найлепшы кліп году» — «У нескладовае» («Станцыя», рэжысэр Зьміцер Вайценка), «Найлепшы журналіст» — Тацяна Мушынская (часопіс «Мастацтва»), «Найлепшая песьня для кіно» — «Сьляды апосталаў» у аднайменным фільме (муз. Максім Алейнікаў і Фелікс Луцкі, словы Алена Ярмаловіч, вык. Валер Дайнека), «За ўклад у разьвіцьцё сучаснай музыкі» — Эдуард Ханок, «За найлепшую харэаграфію» — «Трэнд дэлюкс», «Новыя імёны» — Юлія Фомкіна, «Народны гіт» — ансамбль «Верас» і «Найлепшы юны выканаўца» — Ільля Воўкаў[20]. На конкурс падалі каля 300 заявак[21].
30 кастрычніка 2014 году Нацыянальная музычная прэмія атрымала назву «Ліра». Адбор сталі праводзіць на «Агульнанацыянальным тэлебачаньні» («АНТ»), на сайце якога разьмясьцілі гіт-парад з амаль 70 песьняў. На 22 лістапада прызначылі пачатак 5 адборачных канцэртаў. На студзень 2015 году заплянавалі ўзнагароджаньне. У 4 намінацыях адбор прадугледжваў галасаваньне прафэсійнага журы і гледачоў: «Найлепшы музычны твор на беларускай мове», «Найлепшы выканаўца», «Найлепшая песьня году» і «Найлепшы кліп году». Яшчэ ў 9 намінацыях пераможцаў выбіралі толькі судзьдзі: «Найлепшы аўтар музыкі», «Найлепшы аўтар словаў», «Найлепшы аранжыроўшчык», «Прадусар году», «Найлепшы арганізатар канцэртаў», «Найлепшы музычны тэлепраект у сфэры эстраднай творчасьці», «Адкрыцьцё году», «Мэцэнат культуры Беларусі ў сфэры папулярнай эстраднай творчасьці» і «За ўнёсак у разьвіцьцё эстраднай папулярнай музыкі»[22]. Сярод 65 песьняў на конкурсе 10 былі беларускамоўнымі[1]. 31 студзеня 2015 году ў Палацы Рэспублікі статуэтку бронзавай дзівы ўручылі Тэа як «найлепшаму выканаўцу году», і за песьню «Чызкейк» у намінацыі «Найлепшая песьня году». Аляксандра Ціхановіча і Ядвігу Паплаўскую ўзнагародзілі «За ўклад у беларускую эстраду». Таксама зьявіліся намінацыя «Стыль году»[23].
27 кастрычніка 2016 году, пасьля гадавога перапынку, Міністэрства культуры Беларусі абвясьціла пра пачатак адбору на прэмію «Ліра» у 12 намінацыях. Прымаліся песьні, абнародаваныя са студзеня па сьнежань 2016 году. Узнагарода складала 77 базавых велічыняў. На сайце тэлеканала «АНТ» распачалі галасаваньне ў 6 намінацыях: «Найлепшая песьня на беларускай мове», «Найлепшая выканаўца», «Найлепшы выканаўца», «Найлепшы калектыў выканаўцаў», «Найлепшая песьня году» і «Найлепшы кліп году». Журы выбірала пераможцаў у 3 намінацыях: «Найлепшы аўтар музыкі», «Найлепшы аўтар словаў» і «Найлепшы аранжыроўшчык». Арганізатары спаборніцтва вызначалі пераможцаў на прапанову журы ў астатніх 3-х намінацыях: «Адкрыцьцё году», «Стыль году» і «Нашыя за мяжой»[24]. 27 студзеня 2017 году вызначылі фіналістаў, якімі ў намінацыі «Найлепшая песьня на беларускай мове» сталі: Кірыл Ермаковіч зь песьняй «Той дзень» (словы Р. Каладко, музыка Л. Шырын), гурт «Джэй Морс» зь песьня «Блізка» (словы і музыка Ўладзімер Пугач) і дуэт «Наві» зь песьняй «Гісторыя майго жыцьця» (словы і музыка Арцём Лук'яненка)[25]. 9 лютага 2017 году гурт «Джэй Морс» атрымаў музычную прэмію «Ліра-2016» у 2 намінацыях «Найлепшы калектыў выканаўцаў» і «Найлепшая песьня году», якой упершыню стала беларускамоўная песьня «Блізка». У намінацыі «Найлепшая песьня на беларускай мове» перамог дуэт «Наві» зь песьняй «Гісторыя майго жыцьця». Іна Афанасьева і Саша Нэма сталі найлепшымі выканаўцамі ў жаночай і мужчынскай намінацыі. Зьміцер Калдун перамог у намінацыі «Нашыя за мяжой»[26]. У намінацыі «Адкрыцьцё году» — гурт «Радыёхваля», «Найлепшы кліп году» — гурт «Безь Білета» («Адрас — плянэта Зямля», рэж. Міхаіл Бычанок), «Найлепшы аўтар музыкі» — Алена Атрашкевіч, «Найлепшы аўтар словаў» — Алег Жукаў, «Найлепшы аранжыроўшчык» — Сьвятаслаў Пазьняк, «Стыль году» — гурт «Правакацыя», мэцэнат культуры — ААТ «Амкадар»[27].
Крытыка
рэдагавацьНапачатку 2013 году Зьміцер Падбярэскі з радыё «Свабода» ў сваёй калонцы на Хартыі’97 панаракаў, што арганізатары прэміі ў сваіх намінацыях «не заўважаюць» дастаткова папулярных, але часткова зацэнзураваных у краіне артыстаў: Сяргея Міхалка, Лявона Вольскага, Аляксандара Кулінковіча[28]. Ён жа на запыт БелаПАН раскрыў заганную практыку масавага выкарыстаньня фанаграмы на канцэртах, у той час як самі журналісты агенцыі знайшлі доказы плагіяту ў асобных сьпевах нумароў выступоўцаў[29].
У 2014 годзе Аляксандар Чарнуха, рэдактар «Ultra-music.com», па выніках асьвятленьня трох цырымоніяў рэзка негатыўна ацаніў рэалізацыю прысваеньня ўзнагародаў музычнай прэміі: «Год за годам мы назіралі за каласальнымі недапрацоўкамі, памылкамі й прафанацыямі: узнагароду за найлепшую песьню году атрымлівае Ларыса Грыбалёва, якая сядзіць у журы, Ірыну Дарафееву блытаюць з Іскуі Абалян, у Валера Дайнэка абрываецца фанаграма, і аказваецца, што ён не ведае слоў песьні»[30].
Сьпявачка Ірына Відава(ru), уладальнік прыза глядацкіх сімпатыяў у 2011 годзе, у шэрагу калонак на БелаПАН згаджалася з крытыкай рэалізацыі ўручэньня прэміі ад шэрагу журналістаў, прыводзячы й свае прыклады халатнасьці арганізатараў, і акцэнтавала ўвагу на неабходнасьці большай празрыстасьці ў галасаваньнях, плюралізму ў працэсе намінаваньня канкурсантаў і фармаваньні складу журы, сталасьці ў правілах конкурсу, прыцягненьня спэцыялістаў альтэрнатыўных тэлеканалаў і СМІ да яго арганізацыі, тым ня менш выводзячы значнасьць і важнасьць праекту ў нацыянальным маштабе ў цэлым[31][32][21].
У 2013 годзе заснавальнік музычнага парталу «Experty.by» Зьміцер Безкаравайны адзначыў, што прэмія ёсьць «вялікі праект, які паказваюць па тэлебачаньні», й «за перамогу на якім людзі атрымліваюць грошы», аднак паставіў пад сумнеў якасны склад яе журы на прыкладзе аналізу другой цырымоніі[33], што разам з іншымі недахопамі падрывае яе нацыянальны статус[34].
Ён жа на запыт Тараса Тарналіцкага з «Белорусов и рынка» сьцвердзіў меркаваньне інтэрвіюэра аб тым, што эканамічныя праблемы дабраліся й да айчыннай эстрады з адменаю «дырэктыўнай і штучнай» цырымоніі ў 2015 году: «Ёсьць загад — робіць які-небудзь прызначаны тэлеканал. Няма загаду — ніхто не робіць. Гэта паказчык узроўню прафэсійных узаемаадносінаў унутры эстраднай супольнасьці Беларусі, яе расьпешчанасьці дзяржаўнай увагаю. За прэміяю не стаіць ні прафэсійная супольнасьць, як у многіх краінах, ні ініцыятыўная група. Мінкульт жа не павінен увязвацца ў падобныя праекты»[35].
Павал Сьвярдлоў, рэдактар «KYKY.ORG», у аглядзе ўсіх музычных прэміяў Беларусі на 2013 год апісаў другую цырымонію як дзейства, якое «нагадвала раздачу дзяржаўных прэміяў СССР», аднак «з той розніцаю, што сярод ляўрэатаў не-не, ды й праскоквалі прадстаўнікі альтэрнатыўнай сцэны»[34].
Заўвагі
рэдагаваць- ^ Гурт вярнуў узнагароду Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь назад у 2020 годзе, бо «дзяржава пачала адкрыты генацыд свайго ж народу» (гл. Пратэсты ў Беларусі (2020))[15]
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Сяргей Трафілаў. Прас і цёмныя конікі // Культура. — 15 лістапада 2014. — № 46 (1172).
- ^ Праект «Прэмія» // Культура : газэта. — 16 кастрычніка 2010. — № 42 (962).
- ^ Сяргей Сідорскі. Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 24 сьнежня 2010 г. № 1885 «Аб зацьвярджэньні Палажэньня аб рэспубліканскім конкурсе «Нацыянальная музычная прэмія ў галіне эстраднага мастацтва» // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 29 сьнежня 2010 г. Праверана 22 сьнежня 2019 г.
- ^ Надзея Бунцэвіч. Нацыянальная музычная прэмія: канцэпцыя старту // Культура. — 2 красавіка 2011. — № 14 (985).
- ^ Тацяна Пастушэнка. Нацыянальная музычная прэмія прадэманструе дасягненьні эстраднага мастацтва - У.Карачэўскі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 1 лістапада 2011 г. Праверана 22 сьнежня 2019 г.
- ^ Тацяна Пастушэнка. Гала-канцэрт Нацыянальнай музычнай прэміі спалучыць усе напрамкі сучаснай эстрады // БелТА, 1 лістапада 2011 г. Праверана 22 сьнежня 2019 г.
- ^ Пазыўныя «НМП» // Культура. — 5 лістапада 2011. — № 45 (1016).
- ^ Надзея Бунцэвіч. Пазыўныя «НМП» // Культура. — 5 лістапада 2011. — № 49 (1020).
- ^ Тацяна Мушынская. «А дзе мне ўзяць такую песьню» // Мастацтва : часопіс. — Студзень 2012. — № 1 (346). — ISSN 0208-2551.
- ^ Надзея Бунцэвіч. «Залатая калекцыя» з караоке // Культура. — 17 сьнежня 2011. — № 51 (1022).
- ^ Названыя ўладальнікі Нацыянальнай музычнай прэміі // БелТА, 14 сьнежня 2011 г. Праверана 22 сьнежня 2019 г.
- ^ Тацяна Пастушэнка. Нацыянальнай музычнай прэміі ў намінацыі «Прыз глядацкіх сымпатый» удастоена Ірына Відава // БелТА, 13 сьнежня 2011 г. Праверана 22 сьнежня 2019 г.
- ^ Тацяна Пастушэнка. Памер II Нацыянальнай музычнай прэміі вар'іруецца ад 62 да 95 базавых велічынь // БелТА, 16 лістапада 2012 г. Праверана 22 сьнежня 2019 г.
- ^ Надзея Бунцэвіч. Намінанты — у панядзелак // Культура. — 1 сьнежня 2012. — № 48 (1070).
- ^ NN.by (2020-08-19) Гурт «Стары Ольса» вярнуў Мінкульту ўзнагароду Нацыянальнай прэміі. Наша Ніва. Праверана 2020-09-05 г. Архіўная копія ад 2020-09-05 г.
- ^ Виктория Попова. (2012-12-14) Артистам раздали подарки (рас.) Беларускае тэлеграфнае агенцтва. Советская Белоруссия. Праверана 2020-03-15 г. Архіўная копія ад 2020-03-15 г.
- ^ У Беларусі аб'яўленыя пераможцы Нацыянальнай музычнай прэміі // БелТА, 13 сьнежня 2012 г. Праверана 22 сьнежня 2019 г.
- ^ Вікторыя Целяшук. Што пець будзем // Зьвязда : газэта. — 1 лістапада 2013. — № 207 (27572). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
- ^ Пётра Васілеўскі. Нацыянальная музычная: заяўкі — прымаюцца // Культура. — 2 лістапада 2013. — № 44 (1118).
- ^ Названыя ўладальнікі III Нацыянальнай музычнай прэміі // Газэта «Зьвязда», 17 сьнежня 2013 г. Праверана 22 сьнежня 2019 г.
- ^ а б Ірына Відава. (2013-12-29) Ирина Видова. НАЦИОНАЛЬНАЯ МУЗЫКАЛЬНАЯ ПРЕМИЯ. Хотели как лучше… (рас.). БелаПАН. Праверана 2020-08-01 г. Архіўная копія ад 2020-08-01 г.
- ^ Вікторыя Целяшук. Нацыянальная музычная прэмія зьмяніла фармат і «прапіску» // Зьвязда. — 31 кастрычніка 2014. — № 208 (27818). — С. 7.
- ^ Дар’я Амяльковіч. ТЭАрэтычная «Грэмі» // Культура. — 7 лютага 2015. — № 6 (1184).
- ^ Пачаты адбор прэтэндэнтаў на Нацыянальную музычную прэмію «Ліра» // Газэта «Зьвязда», 27 кастрычніка 2016 г. Праверана 22 сьнежня 2019 г.
- ^ Вызначаныя фіналісты Нацыянальнай музычнай прэміі «Ліра» // БелТА, 27 студзеня 2017 г. Праверана 22 сьнежня 2019 г.
- ^ Гурт «J:морс» стаў пераможцам музычнай прэміі «Ліра-2016» // «Эўрарадыё», 10 лютага 2017 г. Праверана 22 сьнежня 2019 г.
- ^ Алег Клімаў. Яны абуджалі «Ліру» // Культура. — 11 лютага 2017. — № 6 (1289).
- ^ Зміцер Падбярэзскі. (2013-01-29) Збрэндзілі! (бел.) Свабода. Хартыя’97. Праверана 2020-04-10 г. Архіўная копія ад 2020-04-10 г.
- ^ Захар Щербаков; Дмитрий Копаль. (2013-12-20) Достойна ли «фанера» Национальной музыкальной премии? (рас.). БелаПАН. Праверана 2020-08-01 г. Архіўная копія ад 2020-08-01 г.
- ^ Александр Чернухо.; Марина Бегункова. (2014-10-17) Толчок Минкульта (рас.). Ultra-music.com. Праверана 2020-08-01 г. Архіўная копія ад 2020-08-01 г.
- ^ Ірына Відава. (2011-12-24) Ирина Видова. ШОУ-БИЗ. Какой должна быть Национальная музыкальная премия (рас.). БелаПАН. Праверана 2020-08-01 г. Архіўная копія ад 2020-08-01 г.
- ^ Ірына Відава. (2012-12-30) Ирина Видова. ШОУ-БИЗ. Национальная музыкальная премия: трудности роста (рас.). БелаПАН. Праверана 2020-08-01 г. Архіўная копія ад 2020-08-01 г.
- ^ Маша Калеснікава. (2013-05-14) Безкаравайны: Галоўнае развіццё адбываецца ў межах незалежнай культуры. Эўрапейскае радыё для Беларусі. Праверана 2020-01-21 г. Архіўная копія ад 2013-08-15 г.
- ^ а б Павел Свердлов. (2013-01-31) Пляски на костях «Рок-каранацыі», или зачем Беларуси шесть музыкальных премий (рас.). KYKY.ORG. Праверана 2020-03-21 г. Архіўная копія ад 2020-03-21 г.
- ^ Тарас Тарналицкий. (2015-12-28) В культурном остатке (рас.). Белорусы и рынок. Праверана 2020-04-09 г. Архіўная копія ад 2020-04-09 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Уладальнікі Нацыянальнай музычнай прэміі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 14 сьнежня 2011 г. Праверана 22 сьнежня 2019 г.
- У Беларусі аб’яўленыя пераможцы Нацыянальнай музычнай прэміі // 13 сьнежня 2012 г.
- Нацыянальная музычная прэмія ў галіне папулярнай музыкі «Ліра» // 10 лютага 2017 г.
- Тацяна Матусевіч. Нацыянальная музычная прэмія «Ліра» назвала ляўрэатаў // Газэта «Культура», 31 студзеня 2015 г. Праверана 22 сьнежня 2019 г.