Палітбюро́ ЦК КПСС (скарочана ад Палітычнае бюро ЦК КПСС) — кіруючы орган ЦК КПСС, у які ўваходзілі найбольш уплывовыя чальцы Цэнтральнага Камітэту, якія вызначалі палітыку партыі, а ва ўмовах аднапартыйнай сыстэмы — і ўсёй дзяржавы, паколькі, паводле Канстытуцыі СССР, кампартыя зьяўлялася «перадавым атрадам працоўных у іхнай барацьбе за будаўніцтва камуністычнага грамадзтва й прадстаўнічае кіруючае ядро ўсіх арганізацыяў працоўных, як грамадзкіх, гэтак і дзяржаўных» (1936), «кіруючай і накіравальнай сілай» савецкага грамадзтва (1977). Такім чынам, чальцы Палітбюро фактычна ўваходзілі ў шэрагі вышэйшага кіраўніцтва СССР, нават калі фармальна не займалі дзяржаўных пасад.

Выпіс з пратаколу паседжаньня Палітбюро 17 студзеня 1940 году, па якой вырашана перадаць пад суд 457 чалавек і 346 зь іх расстраляць, а 111 — выслаць у лягер

Упершыню Палітбюро ЦК РСДРП(б) на чале зь Ленінам было ўтворана на паседжаньні ЦК 10 (23) кастрычніка 1917 году дзеля палітычнага кіраўніцтва ўзброеным паўстаньнем, у яго ўваходзілі Андрэй Бубнаў, Рыгор Зіноўеў, Леў Каменеў, Ленін, Рыгор Сакольнікаў, Ёсіф Сталін, Леў Троцкі. Адноўлена як дзейны орган у 1919 годзе на VIII зьезьдзе РКП(б). Мела назоў Палітбюро ЦК РКП(б), пазьней — Палітбюро ЦК ВКП(б), на XIX зьезьдзе ВКП(б) у 1952 годзе было пераназвана ў Прэзыдыюм ЦК КПСС, на XXIII зьезьдзе КПСС 1966 году ізноў пераназвана ў Палітбюро ЦК КПСС. На Пленуме ЦК КПСС 16 кастрычніка 1952 году зацьверджана й абрана Бюро Прэзыдыюма ЦК, у складзе: Лаўрэнція Бэрыі, Мікалая Булганіна, Клімэнта Варашылава, Лазара Кагановіча, Георгі Малянкова, Міхаіла Пярвухіна, Максіма Сабурава, Ёсіфа Сталіна, Мікіты Хрушчова. 5 сакавіка 1953 году Бюро Прэзыдыюму ЦК КПСС было ліквідавана пастановай Сумеснага паседжаньня Пленума ЦК КПСС, Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету і Савету Міністраў СССР[1][2].

Паводле Статуту КПСС, Палітбюро ЦК КПСС абіралася на пленумах ЦК КПСС для кіраваньня працай партыі ў пэрыяд паміж пленумамі ЦК. Менавіта Палітбюро ЦК КПСС прымала рашэньні, якія апасьля зацьвярджаў ЦК КПСС. У склад Палітбюро ЦК КПСС уваходзілі чальцы Палітбюро (да 1990 году, таксама кандыдаты ў чальцы Палітбюро). У склад Палітбюро ЦК КПСС уваходзіла ад 8 (у пачатку 1920-х гадоў) да 25 (у 1970-х гадох) чальцаў. Як правіла, у яго ўваходзілі: Генэральны сакратар ЦК КПСС, старшыня Савета міністраў СССР, старшыні прэзыдыюмаў Вярхоўных саветаў СССР і РСФСР, першыя сакратары ЦК КПУ, першыя сакратары Маскоўскага гаркама й/ці Ленінградзкага абкаму КПСС, з 1973 году таксама старшыні КДБ, міністры замежных справаў і абароны. Пры Хрушчове ў склад Прэзыдыюма ЦК сталі ўключаць першых сакратароў некаторых рэспубліканскіх кампартыяў, гэтая традыцыя захавалася й пазьней, а ў 19901991 гады ў Палітбюро ўваходзілі першыя сакратары ўсіх рэспубліканскіх ЦК (у тым ліку адразу дзьвюх КП Эстоніі).

Рэкорд і антырэкорд працягласьці знаходжаньня ў складзе Палітбюро належаць дзьвюм Маршалам Савецкага Саюзу: даўжэй за ўсіх чальцам Палітбюро (Прэзыдыюму) ЦК КПСС быў Клімэнт Варашылаў (34 з паловай гады), менш за ўсіх — Георгі Жукаў (120 дзён). Калі ў 1990 годзе ў СССР у рамках рэформы вярхоўнай улады была ўведзена пасада Прэзыдэнта й зьявіліся альтэрнатыўныя палітычныя сілы, роля Палітбюро ў кіраваньні краінай рэзка зьменшылася.

Глядзіце таксама

рэдагаваць

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць