Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі
Ко́дэкс Рэспу́блікі Белару́сь аб адука́цыі — звод заканадаўства Беларусі аб асьветных дачыненьнях, які набыў чыннасьць у верасьні 2011 году.
Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі | |
Заканадаўчы орган | |
---|---|
Нумар | 243-З |
Прыняцьце | Палатай прадстаўнікоў 2 сьнежня 2010 (13 гадоў таму) |
Ухваленьне | Саветам Рэспублікі 22 сьнежня 2010 (13 гадоў таму) |
Падпісаньне | прэзыдэнтам Беларусі 13 студзеня 2011 (13 гадоў таму) |
Уступ у сілу | 1 верасьня 2011 (13 гадоў таму) |
Першая публікацыя | 1 лютага 2011 (13 гадоў таму) Нацыянальны рэестар прававых актаў Рэспублікі Беларусь, №13, 2/1795[1] |
Стаў першым кодэксам Беларусі, абнародаваным толькі на расейскай мове, бо зь 2012 году адзіным месцам афіцыйнага абнародаваньня ўсяго заканадаўства стаў Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь. Таксама згодна з 63-м артыкулам Закону аб нарматыўных прававых актаў, іх афіцыйнае абнародаваньне стала адбывацца на той мове, на якой яны былі прынятыя. Да 2012 году ўсе законы і дапаўненьні да іх перакладалі і абнародавалі ў газэце «Зьвязда», як афіцыйным друкаваным органе Нацыянальнага сходу Беларусі[2]. 4 студзеня 2014 году А. Лукашэнка падпісаў папраўку ў Кодэкс аб адукацыі, выдадзеную па-беларуску, паводле якой школам дазволілі ладзіць навучальныя трэніроўкі дзеля падрыхтоўкі спартовага запасу паводле праграмаў Міністэрства спорту і турызму Беларусі. Пры гэтым, Палажэньне аб адмысловай спартовай клясе зацьвярджалі Мінспорту Беларусі, Міністэрства адукацыі Беларусі і Міністэрства абароны Беларусі. Сярод іншага, установам асьветы дазволілі ствараць пэдагагічную і апякунскую рады, а таксама бацькоўскі камітэт у якасьці органаў самакіраваньня, палажэньні аб якіх зацьвярджала Міністэрства адукацыі Беларусі. Палажэньне аб трэнэрскай радзе ўхваляла Мінспорту Беларусі[3]. На 2020 год налічваў 295 артыкулаў і падзяляўся на Агульную частку ў складзе 6 разьдзелаў і Асаблівую частку ў складзе 11 разьдзелаў. Замяніў сабой 2 пастановы Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь і 11 законаў. На 2021 год Кодэкс Беларусі аб адукацыі дзейнічаў з 6-ю зьмяненьнямі і дапаўненьнямі 2011—2012, 2014, 2016 і 2019 гадоў[4]. 11 красавіка 2023 году Экспэртная рада ў пытаньнях перакладу заканадаўчых актаў на беларускую мову, якая дзейнічала пры Нацыянальным цэнтры прававой інфармацыі Беларусі, ухваліла Пратаколам № 1 пераклад рэдакцыі Кодэксу паводле Закону ад 6 сакавіка 2023 г. № 257-З[5].
Агульная частка
рэдагавацьАгульная частка Кодэксу Беларусі аб адукацыі зьмяшчала 140 артыкулаў у складзе 6 разьдзелаў: 1) «Асновы прававога рэгуляваньня ў галіне адукацыі», 2) «Суб’екты адукацыйных дачыненьняў», 3) «Адукацыйныя дачыненьні», 4) «Кіраваньне і міжнародная супраца ў галіне адукацыі», 5) «Дысцыплінарная адказнасьць навучэнцаў», 6) «Фінансаваньне і матэрыяльна-тэхнічнае забесьпячэньне ў галіне адукацыі». Найбольшым быў 3-і разьдзел зь 50 артыкулаў (55—104). Паводле 2-га артыкула, дзяржаўная палітыка ў галіне асьветы грунтуецца на прынцыпах: 1) перавагі адукацыі; 2) перавагі агульначалавечых каштоўнасьцяў, правоў чалавека і гуманістычнага характару адукацыі; 3) гарантыі канстытуцыйнага права кожнага на асьвету; 4) забесьпячэньня роўнага доступу да атрыманьня асьветы; 5) абавязковасьці агульнай базавай адукацыі; 6) залучэньня ў сусьветную адукацыйную прастору пры захаваньні і разьвіцьці традыцыяў асьветы; 7) прыродаахоўнай накіраванасьці асьветы; 8) падтрымкі і разьвіцьця асьветы з улікам задачаў грамадзка-гаспадарчага разьвіцьця дзяржавы; 9) дзяржаўна-грамадзкага характару кіраваньня асьветай; 10) сьвецкага характару асьветы. Асноўнымі кірункамі дзяржаўнай палітыкі ў галіне асьветы былі:
- забесьпячэньне правоў, свабодаў і законных зацікаўленасьцяў грамадзянаў, у тым ліку права на атрыманьне асьветы за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў, а таксама на платнай падставе;
- забесьпячэньне даступнасьці асьветы, у тым ліку асобам з душэўна-цялеснымі асаблівасьцямі разьвіцьця ў адпаведнасьці зь іх станам здароўя і пазнавальнымі здольнасьцямі, на ўсіх узроўнях асноўнай адукацыі і пры атрыманьня дадатковай асьветы;
- стварэньне адмысловых умоваў для атрыманьня асьветы асобамі з душэўна-цялеснымі асаблівасьцямі разьвіцьця і аказаньне ім карэкцыйна-пэдагагічнай дапамогі;
- стварэньне патрэбных умоваў для задавальненьня запытаў асобы ў асьвеце, патрэбаў грамадзтва і дзяржавы ва ўтварэньні асобы і падрыхтоўцы дасьведчаных кадраў;
- забесьпячэньне ўдзелу дзяржаўных органаў і грамадзкіх аб’яднаньняў у разьвіцьці асьветы;
- ажыцьцяўленьне пераходу да абавязковай агульнай сярэдняй асьветы;
- ажыцьцяўленьне мэтавай падрыхтоўкі адмыслоўцаў, работнікаў і службоўцаў;
- забесьпячэньне пераемнасьці і бесьперапыннасьці ўзроўняў асноўнай адукацыі і ступеняў асьветы ў рамках аднаго ўзроўню асноўнай адукацыі;
- «забесьпячэньне роўнасьці беларускай і расейскай моваў»;
- забесьпячэньне дзейнасьці ўстановаў асьветы ў ажыцьцяўленьні выхаваньня, у тым ліку ва ўтварэньні ў грамадзянаў духоўна-маральных каштоўнасьцяў, здаровага ладу жыцьця, грамадзянскасьці, патрыятызму, адказнасьці і працавітасьці[4].
Пры гэтым, «ва ўстановах адукацыі не дапушчаецца стварэньне і дзейнасьць палітычных партыяў і іншых грамадзкіх аб’яднаньняў, якія маюць палітычныя мэты», а таксама стварэньне і ананімная дзейнасьць рэлігійных аб’яднаньняў. Адначасна «ўстановы адукацыі ў пытаньнях выхаваньня на падставе пісьмовых заяваў навучэнцаў у пазанавучальны час могуць узаемадзейнічаць з зарэгістраванымі рэлігійнымі арганізацыямі з улікам іх уплыву на фармаваньне духоўных, культурных і дзяржаўных традыцыяў беларускага народу»[4].
Асновы прававога рэгуляваньня
рэдагавацьПершы разьдзел Кодэксу аб адукацыі налічваў 18 артыкулаў у складзе 3-х главаў: 1) «Асноўныя палажэньні», 2) «Заканадаўства аб адукацыі і яго дзеяньне», 3) «Сыстэма адукацыі». Найбольшай была 3-я глава з 8 артыкулаў (11—18) пра: асноўную, дадатковую і адмысловую асьвету, атрыманьне асноўнай і дадатковай асьветы асобамі з душэўна-цялеснымі асаблівасьцямі разьвіцьця, адукацыйныя праграмы, формы атрыманьня асьветы і выхаваньне ў сыстэме адукацыі. Паводле 3-га артыкула, «грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права на атрыманьне ў дзяржаўных установах адукацыі і дзяржаўных установах, якія ажыцьцяўляюць адукацыйныя праграмы пасьляўнівэрсытэцкай адукацыі, бясплатнай:
- дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафэсійна-тэхнічнай і спэцыяльнай адукацыі,
- дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі,
- дадатковай адукацыі дарослых, якую атрымліваваюць пры засваеньні зьместу адукацыйнай праграмы: а) павышэньня кваліфікацыі кіраўнічых працаўнікоў, спэцыялістаў і работнікаў (службоўцаў), б) перападрыхтоўкі кіраўнічых працаўнікоў і спэцыялістаў, якія маюць найшышэйшую адукацыю, працаўнікоў і спэцыялістаў, якія маюць сярэднюю спэцыяльную адукацыю, работнікаў (службоўцаў), в) прафэсійнай падрыхтоўкі работнікаў (службоўцаў), г) стажыроўкі кіраўнічых працаўнікоў і спэцыялістаў, д) спэцыялльнай падрыхтоўкі, патрэбнай для заняцьця асобных пасадаў,
- а на конкурснай падставе — бясплатнай сярэдняй спэцыяльнай і найвышэйшай адукацыі, калі адпаведную адукацыю за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў яны атрымліваюць упершыню, і пасьляўнівэрсытэцкай адукацыі»[4].
Пры гэтым, «замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства беларускай нацыянальнасьці, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі замежных дзяржаваў, а таксама замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якім нададзены статус уцекача або прыстанішча ў Рэспубліцы Беларусь, маюць роўнае з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь права на адукацыю»[4].
Дзейнікі адукацыйных дачыненьняў
рэдагавацьДругі разьдзел Кодэксу ўлучаў 36 артыкулаў (19—54) у складзе 3-х главаў: 1) «Установы адукацыі і арганізацыі, якія ажыцьцяўляюць адукацыйныя праграмы пасьляўнівэрсытэцкай адукацыі, іншыя арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі, якім нададзена права ажыцьцяўляць адукацыйную дзейнасьць»; 2) «Навучэнцы і законныя прадстаўнікі непаўналетніх навучэнцаў»; 3) «Пэдагагічныя працаўнікі». Найбольшай была другая глава з 20 артыкулаў (30—49), якія вызначалі: асноўныя абавязкі і правы навучэнцаў і іх законных прадстаўнікоў, прынцыпы і захады сацыяльнай абароны навучэнцаў, карыстаньне падручнікамі і забесьпячэньне харчаваньнем; ахову здароўя і стыпэндыі, забесьпячэньне адзеньнем і абуткам, прадметамі першай патрэбы і месцам пражываньня ў гуртажытку, наданьне ільготнай пазыкі для аплаты 1-й найвышэйшай асьветы; забесьпячэньне перавозкі, падтрумку выпускнікоў і адпачынак. Паводле 32-га артыкула, «навучэнцы абавязаныя: 1) добрасумленна і адказна ставіцца да засваеньня зьместу адукацыйных праграмаў і праграмаў выхаваньня; 2) клапаціцца пра сваё здароўе і імкнуцца да маральнага, духоўнага і фізычнага разьвіцьця і самаўдасканальваньня; 3) выконваць патрабаваньні ўстаноўчых дакумэнтаў, правілаў унутранага распарадку для навучэнцаў і правілаў пражываньня ў гуртажытках; 4) паважаць гонар і годнасьць іншых удзельнікаў адукацыйнага працэсу; 5) беражліва ставіцца да маёмасьці ўстановы адукацыі». Згодна з 32-м артыкулам навучэнцы маюць права на:
- «атрыманьне адукацыі ў адпаведнасьці з адукацыйнымі праграмамі;
- перавод у іншую ўстановую адукацыі»;
- «перавод для атрыманьня адукацыі па іншай спэцыяльнасьці, у тым ліку пры наяўнасьці мэдычных супрацьпаказаньняў да працы паводле атрымванай спэцыяльнасьці і прысвойванай кваліфікацыі, у іншай форме атрыманьня адукацыі»;
- «аднаўленьне для атрыманьня адукацыі ва ўстанове адукацыі»;
- «навучаньне паводле асабістага навучальнага пляну ў межах зьместу адукацыйнай праграмы;
- стварэньне адмысловых умоваў для атрыманьня адукацыі з улікам асаблівасьцяў іх псыхафізычнага разьвіцьця;
- ахову жыцьця і здароўя ў час адукацыйнага працэсу;
- бясплатнае псыхоляга-мэдыка-пэдагагічнае абсьледаваньне ў дзяржаўных цэнтрах карэкцыйна-разьвіцьцёвага навучаньня і рэабілітацыі;
- бясплатную карэкцыю фізычных і душэўных парушэньняў у дзяржаўных установах адукацыі, якія ажыцьцяўляюць адукацыйныя праграмы адмысловай адукацыі
- карыстаньне падручнікамі і навучальнымі дапаможнікамі;
- забесьпячэньне стыпэндыяй і іншымі грашовымі выплатамі;
- забесьпячэньне месца для пражываньня;
- пакрыцьцё выдаткаў па найме жытла ў выпадку незабясьпечанасьці месцам у гуртажытку;
- пазыку на ільготных умовах для аплаты 1-й найвышэйгай адукацыі;
- адпачынкі і вакацыі;
- атрыманьне платных паслугаў у галіне адукацыі;
- бясплатнае карыстаньне бібліятэкай, навучальнай, вытворчай, навуковай і культурна-спартовай базай установы адукацыі»;
- атрыманьне грамадзка-пэдагагічнай і псыхалягічнай дапамогі з боку адмыслоўцаў установы адукацыі;
- заахвочваньне за посьпехі ў навучальнай, спартова-масавай, грамадзкай, навуковай, навукова-тэхнічнай, досьледнай і інавацыйнай дзейнасьці, а таксама ў адукацыйных мерапрыемствах;
- удзел у кіраваньні ўстановай адукацыі;
- удзел у алімпіядах, конкурсах, турнірах, фэстывалях, канфэрэнцыях, сымпозыюмах, кангрэсах, сэмінарах і іншых адукацыйных мерапрыемствах, спартова-масавай, грамадзкай, навуковай, навукова-тэхнічнай, досьледнай і інавацыйнай дзейнасьці;
- азнаямленьне з пасьведчаньнем аб дзяржаўным уліку, устаноўчымі дакумэнтамі, адмысловым дазволам на адукацыйную дзейнасьць, пасьведчаньнямі аб дзяржаўнай акрэдытацыі, а таксама з навучальна-праграмнай дакумэнтацыяй;
- удзел у прафэсійных саюзах, моладзевых і іншых грамадзкіх аб’яднаньнях»[4].
Адукацыйныя дачыненьні
рэдагавацьТрэці разьдзел Кодэксу аб адукацыі налічваў 50 артыкулаў (55—104) з 4-х главаў: 1) «Узьнікненьне, зьмяненьне і спыненьне адукацыйных дачыненьняў»; 2) «Грамадзкія дачыненьні, зьвязаныя з адукацыйнымі дачыненьнямі»; 3) «Агульныя патрабаваньні да адукацыйнага працэсу»; 4) «Дакумэнты аб адукацыі і навучаньні». Найбольшай была першая глава наконт: узьнікненьня адукацыйных дачыненьняў і патрабаваньняў да параду прыёму асобаў ва ўстановы адукацыі; дамовы аб падрыхтоўцы навуковага працаўніка найвышэйшай кваліфікацыі і адмыслоўца (работніка і службоўца) за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту і на платнай падставе, дамовы аб перападрыхтоўцы і павышэньні кваліфікацыі кіраўнічага працаўніка (адмыслоўца) і работніка (службоўца); дамовы аб прафэсійнай падрыхтоўцы работніка (службоўца), аб стажыроўцы кіраўнічага працаўніка (адмыслоўца) і аб платных паслугах у галіне адукацыі; зьмяненьня і спыненьня адукацыйных дачыненьняў, аднаўленьня для атрыманьня адукацыі. Паводле 90-га артыкула, «асноўнымі мовамі навучаньня ў Рэспубліцы Беларусь ёсьць дзяржаўныя мовы Рэспублікі Беларусь. Дзяржава гарантуе права выбару навучаньня і выхаваньня на адной зь дзяржаўных моваў Рэспублікі Беларусь і стварае ўмовы для ажыцьцяўленьня гэтага права. Мова навучаньня і выхаваньня вызначаецца заснавальнікам установы адукацыі», але «з улікам пажаданьняў навучэнцаў». Пры гэтым, «права грамадзянаў на выбар навучаньня і выхаваньня на адной зь дзяржаўных моваў Рэспублікі Беларусь забясьпечваецца разьвіцьцём сеткі ўстановаў адукацыі (клясаў, групаў і патокаў) зь беларускай і расейскай мовамі навучаньня і выхаваньня, выданьнем літаратуры, падручнікаў і навучальных дапаможнікаў на беларускай і расейскай мовах». Пагатоў, «пры атрыманьні прафэсійна-тэхнічнай, сярэдняй спэцыяльнай і найвышэйшай адукацыі вывучэньне беларускай, расейскай» і яшчэ адной замежнай мовы навучэнцамі «ёсьць абавязковым». Згодна зь 98 артыкулам «дакумэнты аб адукацыі афармляюцца на беларускай і расейскай мовах»[4].
Кіраваньне і міжнародная супраца
рэдагавацьЧацьверты разьдзел Кодэксу зьмяшчаў 21 артыкул (105—125) з 3-х главаў: 1) «Кіраваньне ў галіне адукацыі», 2) «Міжнароднай супраца», 3) «Кантроль і самакантроль за забесьпячэньнем якасьці адукацыі». Найбольшай была першая глава з 13 артыкулаў, якія акрэсьлівалі: мэты і прынцыпы кіраваньня, дзяржаўнае кіраваньне; паўнамоцтвы прэзыдэнта і ўраду, Міністэрства адукацыі і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў у галіне адукацыі; ліцэнзаваньне адукацыйнай дзейнасьці, прагназаваньне разьвіцьця сыстэмы адукацыі і ўлік ў галіне адукацыі; інфармацыйнае забесьпячэньне, каардынацыйныя рады і грамадзкія аб’яднаньні ў галіне адукацыі. Паводле 111-га артыкула, «мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы ў галіне адукацыі:
- распрацоўваюць і ўносяць на зацьвярджэньне ў мясцовыя Саветы дэпутатаў праграмы разьвіцьця дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафэсійна-тэхнічнай, сярэдняй спэцыяльнай і спэцыяльнай адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей, моладзі і дарослых адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі і прымаюць захады па іх ажыцьцяўленьні;
- ажыцьцяўляюць кіраваньне ў галіне адукацыі на тэрыторыі адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі;
- распрацоўваюць прагнозы патрэбаў у кадрах для адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі;
- ладзяць павышэньне кваліфікацыі і перападрыхтоўку адмыслоўцаў, работнікаў і службоўцаў падначаленых установаў;
- даводзяць да Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, установаў адукацыі і арганізацыяў, зацікаўленых у падрыхтоўцы адмыслоўцаў, работнікаў і службоўцаў, колькасьць месцаў для атрыманьня адукацыі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі;
- забясьпечваюць наданьне першага працоўнага месца;
- усталёўваюць броню для наданьня першага працоўнага месца;
- утвараюць структурныя падразьдзяленьні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, ствараюць, пераўтвараюць і ліквідуюць установы, якія ажыцьцяўляюць каардынацыю вытворчага, матэрыяльна-тэхнічнага і гаспадарчага забесьпячэньня установаў адукацыі;
- удзельнічаюць ва ўтварэньні базы зьвестак пра дакумэнты аб адукацыіх»[4].
Дысцыплінарная адказнасьць навучэнцаў
рэдагавацьПяты разьдзел Кодэксу Беларусі аб адукацыі налічваў 11 артыкулаў (126—136) зь 2-х главаў: 1) «Падставы для прыцягненьня навучэнцаў да дысцыплінарнай адказнасьці», 2) «Прымяненьне захадаў дысцыплінарнага спагнаньня». Большай была другая глава зь 7 артыкулаў, якія тычыліся: меркаванай невінаватасьці і правоў навучэнкі і навучэнца, парадку і тэрмінаў прымяненьня захадаў дысцыплінарнага спагнаньня; абвяшчэньня і абскарджаньня рашэньня аб прымяненьня такіх захадаў, парадку зьняцьця і пагашэньня такіх захадаў. Паводле 131-га артыкула, навучэнец і яго законны прадстаўнік маюць права:
- «знаёміцца з усімі матэрыяламі, якія пацьвярджаюць віну навучэнца, і здымаць зь іх копіі;
- даваць тлумачэньні і прадстаўляць доказы або адмовіцца ад даваньня тлумачэньняў;
- быць заслуханымі ў ходзе любога разбору, які закранае іх зацікаўленасьці, і прысутнічаць на ім;
- атрымаць прававую дапамогу»;
- азнаёміцца з загадам аб прымяненьні захадаў дысцыплінарнага спагнаньня і атрымаць яго копію;
- «абскардзіць загад аб прымяненьні захаду дысцыплінарнага спагнаньня»[4].
Фінансаваньне і забесьпячэньне
рэдагавацьШосты разьдзел Кодэксу зьмяшчаў 4 артыкулы (137—140) у складзе 2-х главаў: 1) «Фінансаваньне ў галіне адукацыі», 2) «Матэрыяльна-тэхнічнае забесьпячэньне». Паводле 138-га артыкула, «ажыцьцяўленьне дзяржаўнымі ўстановамі адукацыі дзейнасьці, якая прыносіць даходы, не цягне за сабой зьніжэньня іх фінансаваньня за кошт рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў». Пры гэтым, «сродкі, атрыманыя установамі адукацыі ад дзейнасьці, якая прыносіць даходы, паступаюць у іх самастойнае распараджэньне». Пагатоў, «забараняецца ўсталёўваць установам адукацыі нарматывы па ажыцьцяўленьні дзейнасьці, якая прыносіць даходы». У 139-м артыкула прадугледжвалася, што «ва ўстанове адукацыі маюць быць: 1) памяшканьні, кабінэты, лябараторыі, майстэрні і пляцоўкі, забясьпечаныя мэбляй, інвэнтаром і сродкамі навучаньня, патрэбнымі для ладжаньня адукацыйнага працэсу; 2) памяшканьня для заняткаў фізычнай культурай і спортам; іншая маёмасьць у адпаведнасьці з санітарнымі нормамі, правіламі і гігіенічнымі нарматывамі». Пры гэтым, «да сродкаў навучаньня належаць прыборы, абсталяваньне, інструмэнты, навучальна-наглядныя дапаможнікі, кампутары, кампутарныя сеткі, аўдыёвізуальныя сродкі і іншыя матэрыяльныя прадметы, патрэбныя для ажыцьцяўленьня адукацыйнай праграмы». Урэшце, «ва ўстанове найвышэйшай адукацыі мае быць гуртажытак»»[4].
Асаблівая частка
рэдагавацьАгульная частка Кодэксу Беларусі аб адукацыі зьмяшчала 155 артыкулаў (141—295) у складзе 11 разьдзелаў: 1) «Дашкольная адукацыя», 2) «Агульная сярэдняя адукацыя», 3) «Прафэсійна-тэхнічная адукацыя», 4) «Сярэдняя спэцыяльная адукацыя», 5) «Найвышэйшая адукацыя», 6) «Пасьляўнівэрсытэцкая адукацыя», 7) «Дадатковая адукацыя дзяцей і моладзі», 8) «Дадатковая адукацыя дарослых», 9) «Спэцыяльная адукацыя», 10) «Падтрымка дзяцей», 11) «Заключныя палажэньні». Найбольшым быў дзявяты разьдзел з 23-х артыкулаў (256—279). Паводле 147-га артыкула ў ясьлях і дзіцячым садзе «выхаванцы аб'ядноўваюцца ў групы: 1) 1-га раньняга веку (да 1-го году); 2) 2-га раньняга веку (ад 1-го да 2-х гадоў); 3) 1-ю малодшую (ад 2 да 3-х гадоў); 4) 2-ю малодшую (ад 3-х да 4-х гадоў); 5) сярэднюю (ад 4-х да 5 гадоў); 6) старэйшую (ад 5 да 7 гадоў)». Напаўняльнасьць групаў не мае перавышаць: 1-га раньняга веку — 7 выхаванцаў; 2-га раньнявага веку — 10; 1-й малодшай — 15; 2-й малодшай, сярэдняй і старэйшай — 20[4].
Школьная асьвета
рэдагавацьВосьмы разьдзел Кодэксу аб адукацыі налічваў 16 артыкулаў (152—167) у складзе 5 главаў: 1) «Сыстэма агульнай сярэдняй адукацыі», 2) «Установы агульнай сярэдняй адукацыі», 3) «Арганізацыя адукацыйнага працэсу пры ажыцьцяўленьні адукацыйных праграмаў агульнай сярэдняй адукацыі», 4) «Атэстацыя навучэнцаў пры засваеньні зьместу адукацыйных праграмаў агульнай сярэдняй адукацыі», 5) «Навукова-мэтадычнае забесьпячэньне агульнай сярэдняй адукацыі». Паводле 156-га артыкула, установы агульнай сярэдняй асьветы маглі быць 15 відаў: пачатковая, базавая, сярэдняя і вечаровая школа, гімназія і гімназія-інтэрнат, ліцэй і спэцыялізаваны ліцэй, сувораўская і кадэцкая вучэльня, сіроцкая і санаторная школа-інтэрнат, навучальна-пэдагагічны комплекс, міжшкольныя навучальна-вытворчы камбінат працоўнага навучаньня і прафэсійнай арыентацыі ды цэнтар дазаклічнай падрыхтоўкі[4].
Заключныя палажэньні
рэдагаваць17-ы разьдзел Кодэксу налічваў 3 артыкулы. Паводле 293-га артыкула, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі замяніў сабой 2 пастановы Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь і 11 законаў 1991, 1995 і 2002—2007 гадоў, у тым ліку: 1) ад 29 кастрычніка 1991 году «Аб адукацыі»; 2) ад 29 чэрвеня 2003 году «Аб прафэсійна-тэхнічнай адукацыі», 3) ад 18 траўня 2004 году «Аб спэцыяльнай адукацыі», 4) ад 5 ліпеня 2006 году «Аб агульнай сярэдняй адукацыі», 5) ад 11 ліпеня 2007 году «Аб найвышэйшай адукацыі»[4].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі ад 13 студзеня 2011 г. № 243-З (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 29 ліпеня 2019 г. Праверана 22 лістапада 2021 г.
- ^ Надзея Нікалаева. Юрыдычная сіла мовы // Зьвязда : газэта. — 2 сакавіка 2017. — № 246 (27856). — С. 1, 13. — ISSN 1990-763x.
- ^ А. Лукашэнка. Закон Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 2014 г. № 126-З «Аб унясеньні дапаўненьняў і зьмяненьняў у Кодэкс аб адукацыі» // Зьвязда : газэта. — 24 студзеня 2014. — № 13 (27623). — С. 7. — ISSN 1990-763x.
- ^ а б в г д е ё ж з і к л м А. Лукашэнка. Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі ад 13 студзеня 2011 г. № 243-З (рас.) // Партал «Эталён-Анлайн», 30 ліпеня 2019 г. Праверана 22 лістапада 2021 г.
- ^ А. Лукашэнка. Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі ад 13 студзеня 2011 г. № 243-З // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 11 красавіка 2023 г. Праверана 13 студзеня 2023 г.
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |