Дэклярацыя Аб’яднаных народаў
Дэклярацыя Аб’яднаных народаў (анг. Declaration by United Nations) — міжнароднае пагадненьне між урадамі Вялікабрытаніі, ЗША, Кітая і СССР, падпісанае 1 студзеня 1942 году ў Вашынгтоне (ЗША), пра адмову ісьці на адзінаасобнае замірэньне зь дзяржавамі Траістага пакту 1940 году (Італія, Нямеччына і Японія). 2 студзеня 1942 г. свае подпісы паставілі прадстаўнікі яшчэ 22 урадаў[1], якія ўдзельнічалі ў 1-й Вашынгтонскай нарадзе: 5 брытанскіх дамініёнаў, 9 дзяржаваў Паўночнай Амэрыкі і 8 эўрапейскіх урадаў у выгнаньні. Пасьля сканчэньня нарады ў Вашынгтоне 14 студзеня, цягам 1942—1945 гг. да Дэклярацыі далучыўся яшчэ 21 урад.
Дэклярацыя Аб’яднаных народаў | |
![]() Постэр са сьцягамі 26 Аб’яднаных народаў (жнівень 1942 г.) | |
Падрыхтаваная | 29 сьнежня 1941 |
---|---|
Падпісаная | 1 студзеня 1942 (83 гады таму) |
· месца | Вашынгтон (ЗША) |
Набыла моц | 1 студзеня 1942 |
· умовы | адмова адзінаасобнага замірэньня зь дзяржавамі Траістага пакту |
Тэрмін дзеяньня | бестэрміновая |
Падпісанты | Ўінстан Чэрчыль, Франклін Рузвэлт, Сун Цзывэнь, Максім Літвінаў |
Бакі | Вялікабрытанія, ЗША, Кітай, СССР |
Статус | дзейная |
Мова | ангельская |
![]() | Тэкст у Вікікрыніцах: s:en:Declaration by United Nations |
un.org |
Пры канцы 2-й сусьветнай вайны ўдзельнікаў Дэклярацыі запрасілі ў Сан-Францыска (штат Каліфорнія, ЗША) на Канфэрэнцыю Аб’яднаных народаў аб міжнароднай арганіцыі, якая пачалася 25 красавіка 1945 г. і на якой 26 жніўня падпісалі Статут Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў[1].
Падрыхтоўка
рэдагаваць29 сьнежня 1941 г. падчас сустрэчы ў Белым доме (Вашынгтон) прэзыдэнт ЗША Франклін Рузвэлт, брытанскі прэм’ер-міністар Ўінстан Чэрчыль і дарадца Рузвэлта Гары Гопкінс склалі тэкст Дэклярацыі Аб’яднаных народаў, якая ўлучала прапановы СССР. Рузвэлт прапанаваў назоў «аб’яднаныя народы» замест «злучаных дзяржаваў»[2]. Чэрчыль пагадзіўся і заўважыў, што ангельскі паэт Джордж Байран выкарыстоўваў выраз «аб’яднаныя народы» ў 35-м слупку 3-га разьдзела паэмы «Паломніцтва Чайлда Гаральда» 1818 году[3]. У адрозьненьне ад Атлянтычнай хартыі 1941 году ў прэамбулу Дэклярацыі Аб’яднаных народаў дадалі ўмову пра свабоду веравызнаньня, на што старшыня Савету народных камісараў ССССР Ёсіф Сталін пагадзіўся па настаяньні Рузвэлта.
Удзельнікі
рэдагаваць1 студзеня 1941 г. Дэклярацыю падпісалі брытанскі прэм’ер-міністар Ўінстан Чэрчыль, прэзыдэнт ЗША Франклін Рузвэлт, міністар замежных справаў Рэспублікі Кітай Сун Цзывэнь і амбасадар СССР у ЗША Максім Літвінаў.
2 студзеня 1942 г. прадстаўнікі 22 урадаў дадалі свае подпісы[4]:
- брытанскія дамініёны (5): Аўстралія (амбасадар Рычард-Гэвін Кейсі), Канада (амбасадар Лейтан Макарці), Індыя (галоўны агент Гірыджа Баджпаі), Новая Зэляндыя (міністар зьнешніх справаў Фрэнк Лэнгстоўн) і Паўднёвая Афрыка (пасланьнік Ральф Клоўз);
- дзяржавы Паўночнай Амэрыкі (9): Гаіці (Фэрнанд Дэніс), Гандурас (Хульян Касэрэс), Гватэмала (Энрыке Лопэс-Гэрартэ), Дамініканская Рэспубліка (Х.М. Транкосо), Коста-Рыка (Люіс Фэрнандэс), Куба (Аўрэльё Канчэсо), Нікарагуа (Леон дэ Байль), Панама (Хаен Гуардыя) і Сальвадор (С.А. Альфаро);
- эўрапейскія ўрады ў выгнаньні (8): Бэльгія (князь Р. ван Стратэн), Грэцыя (амбасадар Сімон Дыямантопулас), Люксэмбург (Юго лё Гале), Нарвэгія (амбасадар Вільгельм Моргэнсьцерн(no)), Нідэрлянды (А. Лаўдэн), Польшча (амбасадар Ян Цеханоўскі(pl)), Чэхаславаччына (Уладзімер Гурбан) і Югаславія (амбасадар Канстанцін Фоціч)[5].
Пасьля сканчэньня нарады ў Вашынгтоне 14 студзеня, цягам 1942—1945 гг. да Дэклярацыі далучыўся яшчэ 21 урад.
- 1942 год (2): 14 чэрвеня — Мэксыка і Філіпіны.
- 1943 год (4): 10 красавіка — Ірак і Бразылія; 5 траўня — Балівія; 14 верасьня — Іран.
- 1944 год (3): 17 студзеня — Калюмбія; 5 сакавіка — Этыёпія; 10 красавіка — Лібэрыя.
- 1945 год (12): 1 студзеня — Францыя; 14 лютага — Эквадор, Парагвай, Пэру і Чылі; 20 лютага — Вэнэсуэла; 24 лютага — Уругвай; 28 лютага — Турэччына і Эгіпет; 12 красавіка — Саудаўская Арабія, Сырыя і Лібан[5].
Умовы
рэдагаваць«Урады, якія падпісаліся ніжэй,
Далучыліся да супольнай праграмы задачаў і прынцыпаў, увасобленай у Сумеснай дэклярацыі прэзыдэнта ЗША і прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі ад 14 жніўня 1941 году, вядомай як Атлянтычная хартыя,
Перакананыя, што поўная перамога над іх ворагамі неабходная для абароны жыцьця, свабоды, незалежнасьці і свабоды веравызнаньня, для захаваньня правоў чалавека і справядлівасьці ў іх уласных землях[4], і што яны цяпер уцягнутыя ў супольнае змаганьне супраць дзікунскіх і зьверскіх сілаў, якія імкнуцца скарыць сьвет,
Абвяшчаюць:
1) Кожны Ўрад забавязваецца выкарыстаць усе свае сродкі, будзь то вайсковыя або гаспадарчыя, супраць тых удзельнікаў Траістага пакту і яго пасьлядоўнікаў, зь якімі такі ўрад у стане вайны;
2) Кожны Ўрад забавязваецца супрацоўнічаць з Урадамі, якія падпісаліся ніжэй, і не ісьці на адзінаасобнае замірэньне або мір з ворагамі.
Да вышэйпададзенай дэклярацыі могуць далучыцца іншыя народы, якія аказваюць або могуць аказаць матэрыяльную дапамогу і садзейнічаньне ў змаганьні за перамогу над гітлерызмам»[5].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б 1942: Дэклярацыя Аб’яднаных Народаў (анг.) // Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў, 2016 г. Праверана 7 сьнежня 2022 г.
- ^ Дэклярацыя Аб’яднаных народаў (анг.) // Мультымэдыя ААН, 2009 г. Праверана 28 ліпеня 2017 г.
- ^ Джордж Байран. Паломніцтва Чайлда Гаральда (анг.) // Праект «Гутэнбэрг», 1 лютага 2013 г. Праверана 28 ліпеня 2017 г.
- ^ а б Выступленьне Аляксандра Лукашэнкі на цырымоніі ўскладаньня вянкоў да манумэнта Перамогі // Зьвязда : газэта. — 10 траўня 2012. — № 87 (27202). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
- ^ а б в Дэклярацыя Аб’яднаных народаў (анг.) // Бібліятэка Кангрэсу ЗША, 2016 г. Праверана 11 сакавіка 2014 г.
Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |