Сялява, Рапушка (па-лацінску: Coregonus albula) — прэснаводная і паўпрахадная рыба роду сігаў сямейства ласосепадобных.

Сялява

Пашыраная ад Ірляндыі да басэйнаў Балтыйскага і Баранцава мораў, трапляецца ў азёрах вярхоўя Волгі. Мае шмат лякальных формаў. Буйная форма з Чудзкага, Анескага, Ладаскага і іншых буйных азёраў называецца рыпус. У Беларусі водзіцца пераважна на поўначы і паўночным захадзе, у глыбокіх азёрах басэйна Дзьвіны і Нёмана, у тым ліку ў Дрывятах, Нарачы і іншых. Цела верацёнападобнае, выглядам нагадвае селядца. Сьпіна шэра-блакітная, бакі белаватыя, бруха белае, вочы серабрыстыя. Кормяцца планктонам, ракападобнымі, дробнай рыбай. Даўжыня да 46 см, маса сялявы да 1,2 кг (у Беларусі даўжыня да 25 см, маса да 200 г).

Мяса смачнае, белае, далікатнае, бяз дробных костак, утрымлівае да 6 % тлушчу. У сьвежым выглядзе сялява хутка псуецца, захоўваецца ня больш за 1 суткі нават на лёдзе. Спажываюць у асноўным салёную (асабліва са спэцыямі), вэнджаную, вырабляюць кансэрвы.

Сяляўкай у Беларусі часта называюць верхаводку (укляю), рыбу сямейства карпавых, але гэта зусім не сваяк сялявы.

Літаратура

рэдагаваць

Гэты артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Алесь Белы, праект «Наша ежа».