«Мы, белару́сы» — неафіцыйная назва[a] гімну рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі. Мадыфікацыя гімну БССР, створанага за часамі кіраваньня Сталіна і афіцыйна зацьверджанага 24 верасьня 1955 году. Па распадзе СССР выконвалася толькі музыка гімну. У 2002 годзе Лукашэнка сваім указам[1] зацьвердзіў гімн БССР з мадыфікаваным тэкстам у якасьці фактычнага дзяржаўнага гімну. Тэкст аўтарства Міхася Клімковіча (хоць нашчадкі паэта выступалі катэгарычна супраць вяртаньня гэтага тэксту ў хоць-якім выглядзе[2]) перапрацаваў Уладзімер Карызна, які прыбраў спасылкі на Леніна і камуністычную партыю[3].

Мы, беларусы
Першая старонка вакальнай вэрсіі гімну
Аўтар словаў Міхась Клімковіч, 1944 (1956)
Уладзімер Карызна, 2002
Кампазытар Несьцер Сакалоўскі, 1944 (1949)
Краіна Беларуская ССР і Рэспубліка Беларусь
Зацьверджаны 24 верасьня 1955
2 ліпеня 2002
Мы, беларусы ў Вікісховішчы
Гімны Беларусі
Багародзіца (XIV—XVIII стагодзьдзі)
Пагоня Гімн БНР (1919)
Гімн БССР (1955—1991)
Пагоня Гімн Беларусі (1991—2002)
Мы, беларусы (з 2002 году)
Іншыя гімны:
Магутны Божа (духоўны гімн, 1943)
Беларуская Марсэльеза (рэвалюцыйная песьня, 1906)

Складае адно цэлае з чырвона-зялёным сьцягам і афіцыйным гербам[4], разам зь якімі не супадае з нацыянальнымі сымбалямі беларусаў і асацыюецца найперш з асобай Лукашэнкі і той палітычнай і сацыяльна-эканамічнай мадэльлю, якую ён увасабляе[3].

Гісторыя

рэдагаваць

Да Другой сусьветнай вайны БССР ня мела ўласнага гімну, афіцыйным гімнам усяго СССР быў Інтэрнацыянал, перакладзены на расейскую мову. У 1943 годзе ва ўмовах ваенных дзеяньняў дзеля умацаваньня міжнароднай супрацы Сталін надумаў адмовіцца ад Інтэрнацыяналу, які асацыяваўся з плянамі сусьветнай рэвалюцыі. Вынікам чаго стала зацьверджаньне 15 сакавіка 1944 году новага гімну СССР.

Патрэба ў асобным гімне БССР зьявілася ў зьвязку з утварэньнем ААН, дзе апроч СССР, прадстаўніцтва таксама атрымалі БССР і УССР. У красавіку 1944 году ў Маскве пачалася праца над стварэньнем гімнаў савецкіх рэспублік, у тым ліку БССР. 9 красавіка 1945 году ў Менску прайшоў конкурс, у якім удзельнічала 11 паэтаў і 14 кампазытараў[5].

Савецкія партыйныя функцыянэры ў сваіх заўвагах паказвалі на тое, што ў пададзеных на конкурс тэкстах беларускія паэты слаба выявілі ролю Расеі, «Вялікай Русі, якая ўсіх аб’яднала, стала кіроўным цэнтрам» (рас. Великой Руси, которая всех объединила, стала организующим центром). Таксама выказваліся крытычныя заўвагі датычна таго, што не падкрэсьлівалася належным чынам роля партыі і Сталіна асабіста. Тым часам адзін з чыноўнікаў заявіў, што большасьць пададзеных на конкурс музычных твораў носяць «відавочна царкоўны характар»[6].

31 студзеня 1946 году паводле вынікаў трэцяга туру рэспубліканскае журы пастанавіла прызнаць пераможцам конкурсу песьню «Шуміць наша слава» кампазытара Анатоля Багатырова і паэтаў Кандрата Крапівы і Петруся Броўкі, якую накіравалі на зацьверджаньне ў Маскву. Але зацьверджаньне гукавой сымболікі саюзных рэспублік, у тым ліку і БССР, тады скасавалі ў Крамлі: Сталін палічыў недарэчным ствараць гімны саюзных рэспублік, тым самым ўскосна павышаючы ўзровень іх «сувэрэнітэту»[6].

Тым часам першая вэрсія песьні «Мы — беларусы», напісаная ў 1944 годзе адмыслова дзеля ўдзелу ў абвешчаным конкурсе[6], не прайшла ў трэці тур, імаверна, зь дзьвюх прычынаў: аўтар тэксту Міхась Клімковіч афіцыйна ня ўдзельнічаў у працы над стварэньнем рэспубліканскага гімну, бо знаходзіўся на акупаванай Трэцім Райхам тэрыторыі, а аўтар музыкі Несьцер Сакалоўскі ня меў вышэйшай музычнай адукацыі. У 1949 годзе кампазытар стварыў другі варыянт музыкі песьні[7].

Да пытаньня гімну БССР вярнуліся толькі за Хрушчовым. Ува ўсіх саюзных рэспубліках паўторна зладзілі новыя музычна-паэтычныя конкурсы[6]. У Беларусі на гэты раз перамог твор Міхася Клімковіча і Несьцера Сакалоўскага. 24 верасьня 1955 году прадстаўнікі савецкай адміністрацыі афіцыйна зацьвердзілі яго ў якасьці гімну. Несьцер Сакалоўскі памёр у 1950 годзе, а Міхась Клімковіч — у 1954 годзе, ніводны зь іх не атрымаў ніякіх ганаровых званьняў або ўзнагародаў[6].

У 1956 годзе адмысловая камісія перарабіла тэкст, прыбраўшы зь яго згадкі пра Сталіна: «Нас аб’яднала Леніна імя, / Сталін павёў нас к шчасьцю ў паход...»[6].

Першы куплет і прыпеў гімну БССР:

Мы, беларусы, з братняю Русьсю
Разам шукалі к шчасьцю дарог.
У бітвах за волю, у бітвах за долю
Зь ёй здабылі мы сьцяг перамог!
Нас аб’яднала Леніна імя,
Партыя к шчасьцю вядзе нас у паход.
Партыі слава! Слава Радзіме!
Слава табе беларускі народ!

Рэспубліка Беларусь

рэдагаваць

У 1991 годзе пры аднаўленьні ў якасьці дзяржаўных сымбаляў беларускіх нацыянальных бел-чырвона-белага сьцяга і гербу Пагоні ўлады Беларусі не зацьвердзілі новы дзяржаўны гімн, хоць выказвалася прапанова (у тым ліку вядомымі літаратарамі Васілём Быкавым, Алесем Адамовічам і Рыгорам Барадулінам) надаць афіцыйны статус гімну Беларускай Народнай Рэспублікі «Мы выйдзем шчыльнымі радамі»[8]. Афіцыйна тлумачылася, што сьпярша трэба вызначыць кірунак разьвіцьця дзяржавы. Тым часам у якасьці дзяржаўнага гімну выкарыстоўваўся гімн БССР у інструмэнтальным выкананьні.

У 1995 годзе Аляксандар Лукашэнка пры правядзеньні рэфэрэндуму з пытаньняў вяртаньня савецкай сымболікі і дзяржаўнага статусу расейскай мове ўсталяваў у Беларусі аўтарытарны палітычны рэжым і засьведчыў аднаўленьне прымусовай палітыкі русіфікацыі, што вызначыла кірунак распрацоўкі новага гімну. Абвяшчэньне конкурсу на новы гімн адбылося 3 студзеня 2002 году. У склад журы ўвайшлі прадстаўнікі адміністрацыі рэжыму Лукашэнкі, а таксама лаяльныя да яго навукоўцы, музыкі і кампазытары. Старшынём журы стаў намесьнік кіраўніка ўраду Ўладзімер Дражын. Першапачаткова з прапановай перарабіць тэкст гімну БССР зьвярнуліся да сваякоў Міхася Клімковіча, але яны выступілі катэгарычна супраць[2].

У конкурсе ўдзельнічала пяць патэнцыйных гімнаў, пры гэтым тры зь іх былі мадыфікацыямі старога гімну БССР. 10 чэрвеня 2002 году журы абвясьціла пераможцу конкурсу — мадыфікацыю гімну БССР аўтарства Ўладзімера Карызны, які прыбраў з тэксту Міхася Клімковіча спасылкі на Леніна і камуністычную партыю[3]. 2 ліпеня 2002 году Лукашэнка падпісаў указ[1], які фармальна зацьвердзіў мадыфікаваны гімн БССР у якасьці фактычнага дзяржаўнага гімну.

Тэкст: Міхась Клімковіч, Уладзімер Карызна
Музыка: Несьцер Сакалоўскі

Мы, беларусы — мірныя людзі,
Сэрцам адданыя роднай зямлі,
Шчыра сябруем, сілы гартуем
Мы ў працавітай, вольнай сям’і.
Слаўся, зямлі нашай сьветлае імя,
Слаўся, народаў братэрскі саюз!
Наша любімая маці-Радзіма,
Вечна жыві і квітней, Беларусь!
Разам з братамі мужна вякамі
Мы баранілі родны парог,
У бітвах за волю, бітвах за долю
Свой здабывалі сьцяг перамог!
Слаўся, зямлі нашай сьветлае імя,
Слаўся, народаў братэрскі саюз!
Наша любімая маці-Радзіма,
Вечна жыві і квітней, Беларусь!
Дружба народаў — сіла народаў —
Наш запаветны, сонечны шлях.
Горда ж узьвіся ў ясныя высі,
Сьцяг пераможны — радасьці сьцяг!
Слаўся, зямлі нашай сьветлае імя,
Слаўся, народаў братэрскі саюз!
Наша любімая маці-Радзіма,
Вечна жыві і квітней, Беларусь!

Беларускія мовазнаўцы неаднаразова адзначалі моўныя хібы тэксту афіцыйнага гімну. У прыватнасьці націск на «і» ў слове «імя» ў прыпеве і немілагучнае спалучэньне «радасьці сьцяг» у адным з куплетаў[9].

Паводле кампазытара Ігара Лучанка, тэкст афіцыйнага гімну зьмяшчае паэтычную памылку, якая крыецца ў наяўнасьці залішняга складу ў адным з радкоў: кожны другі радок трох строфаў верша мае па дзевяць складоў з выняткам радка Сэр-цам ад-да-ны-я род-най зям-лі, які складаецца зь дзесяці складоў[10].

Музыказнаўца Кірыл Насаеў лічыць, што афіцыйны гімн маральна састарэў. Абраны ў конкурсе тэкставы варыянт не кладзецца на мэлёдыю і цяжка запамінаецца. Гімн ня мае ідэі і душэўнасьці, у ім адсутнічае спалучэньне паэзіі з змаганьнем[11]. На састарэласьць афіцыйнага гімну таксама паказвае кампазытар Андрэй Фралоў: тэкст новага гімну складаецца з камбінацыі трывіяльных сьцьверджаньняў, якія спрабуюць пакласьці на штучную і патасную савецкую музыку. Разам з афіцыйнымі сьцягам і гербам афіцыйны гімн складае адно цэлае, якое беспасярэдне належыць да камуністычнага мінулага Беларусі[4].

Унук аўтара словаў гімну БССР Максім Клімковіч назваў новы, перароблены Ўладзімерам Карызнам тэкст, некарэктным, бо нашчадкі і сваякі Міхася Клімковіча выступалі катэгарычна супраць вяртаньня яго тэксту ў хоць-якім выглядзе. Сам гімн ён назваў «пераходным» і выказаўся за прыняцьце іншага дзяржаўнага гімну[2].

Выкарыстаньне пры катаваньнях

рэдагаваць
  • Паводле сьведчаньняў жыхароў Берасьця, у жніўні 2020 году супрацоўнікі сілавых структураў рэжыму Лукашэнкі прымушалі непаўналетніх, затрыманых пры здушэньні пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў, гвалту і беззаконьня, сьпяваць афіцыйны гімн, а калі хто ня ведаў словаў — зьбівалі нагамі і дручкамі[12].
  • Паводле сьведчаньня 16-гадовага жыхара Менску Цімура Міцкевіча, па затрыманьні яго таксама прымушалі сьпяваць афіцыйны гімн, пры гэтым засоўвалі дручок у горла, нагой пхалі ўсярэдзіну. У выніку Цімур трапіў у рэанімацыю, дзе яго ўводзілі ў стан штучнай комы, каб падлучыць да апарату ШВЛ[13].
  • Паводле сьведчаньня жыхара Менску, які накіраваў зварот у Сьледчы камітэт, па затрыманьні яго таксама прымушалі сьпяваць афіцыйны гімн — лежачы на падлозе тварам уніз, пры гэтым моцна зьбівалі дручкамі, а таксама засоўвалі дручок у задні праход. У лякарні хуткай дапамогі дактары зафіксавалі разрыў кутніцы траўматычнага характару, што адзначаецца ў мэдычным заключэньні[14].
  1. ^ Паводле першых словаў тэксту, афіцыйная назва — «Дзяржаўны гімн Беларусі»
  1. ^ а б Лукашэнка А. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 ліпеня 2002 г. № 350 «Аб Дзяржаўным гімне Рэспублікі Беларусь» // Зьвязда : газэта. — 5 ліпеня 2002. — № 155-156. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ а б в Максім Клімковіч: Павінен быць іншы гімн, Беларускае Радыё Рацыя, 2020 г.
  3. ^ а б в Шаланда А. Кароткі нарыс гісторыі беларускай нацыянальнай і дзяржаўнай сімволікі // Герольд Litherland. № 21, 2019. С. 10.
  4. ^ а б Старая мелодия Государственного гимна с новыми словами вполне соответствуют переживаемому страной трагическому периоду отечественной истории, считает изветный музыкант А. Фролов, БелаПАН, 11.06.2002 г.
  5. ^ Скалабан В., Крапивин С. Гимн, раскрывшиися в оттепель // Советская Белоруссия. 13.09.2005 г.
  6. ^ а б в г д е Корсак Д. Такие песни любят не по распоряжению правительства. Историк про гимны Беларуси, Onliner.by, 13.10.2020 г.
  7. ^ Крапивин С. Почему создание и утверждение Государственного гимна БССР растянулось на 11 лет, TUT.BY, 24.10.2015 г.
  8. ^ Навумчык С. Дзевяноста першы. 2-е выд.Радыё Свабода, 2016. С. 421.
  9. ^ Ярашонак А. Якія песні былі гімнамі Беларусі ў розныя часы (Відэа), Рэгіянальная газета, 26 жніўня 2020 г.
  10. ^ Лободенко Г. Игорь ЛУЧЕНОК: В Государственном гимне Беларуси четыре ошибки!(недаступная спасылка), Комсомольская прадва, 27.10.2007 г.
  11. ^ Насаеў К., Воршыч А., У гэтым гімне няма крыві // Наша Ніва. № 25 (287), 5 ліпеня 2002 г.
  12. ^ «Прымушалі сьпяваць гімн, хто ня ведаў — зьбівалі». У Берасьці вызвалены зь міліцыі падлетак заявіў пра катаваньні, Радыё Свабода, 13 жніўня 2020 г.
  13. ^ «Пхалі дубінку ў горла, білі ў вочы». Школьнік трапіў у кому пасьля нападу АМАПу. ВІДЭА, Радыё Свабода, 15 жніўня 2020 г.
  14. ^ «Разрэзалі шорты ззаду нажом». Мянчук расказаў аб згвалтаваньні АМАПам падчас затрыманьня. ВІДЭА, Радыё Свабода, 21 верасьня 2020 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць