Гісторыя Горвалю
Горваль — даўняе мястэчка гістарычнай Рэчыччыны (Панізоўя), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага.
Старажытнасьць і раньняе Сярэднявечча
рэдагавацьВынікі археалягічных дасьледаваньняў паказваюць, што першае паселішча людзей на месцы Горвалю існавала ў часы першабытнага грамадзтва. У цэнтры вёскі археолягі выявілі стаянку, якая адносіцца да позьняга пэрыяду каменнага веку — нэаліту (4-е — 3 тысячагодзьдзі да н. э.). За 1,5 км на поўдзень ад Горвалю знаходзіцца гарадзішча-2. Яно адносіцца да жалезнага веку — мілаградзкай (VII — II стагодзьдзі да н. э.) і зарубінецкай (II ст. да н. э. — II ст. н. э.) культур.
У пэрыяд раньняга Сярэднявечча (V — IX стагодзьдзі) адбылося паўторнае засяленьне гарадзішча-2. Паводле археалягічных зьвестак, умацаванае паселішча на гэтым гарадзішчы і побач зь ім існавала ўжо ў XII—XIII стагодзьдзях. Апроч таго, да раньняга Сярэднявечча таксама належыць курганны могільнік (30 насыпаў) за 0,3 км на ўсход ад сучаснай вёскі.
Вялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьПершы пісьмовы ўпамін пра Горваль як літоўскі горад зьмяшчаецца ў «Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх», складзеным, відаць, у Кіеве ў канцы XIV ст. (захаваўся ў летапісах XV ст.). У гэты час Горваль выдзяліўся ў якасьці цэнтру самастойнай воласьці, якая ахоплівала абодва берагі Дняпра і Бярэзіны.
За вялікім князем Вітаўтам Горвалем валодаў ваявода віленскі В. Манівід, потым, відаць, ягоныя сын і ўнук. Па згасаньні роду Манівідаў Горваль — дзяржаўнае ўладаньне. У 1503 годзе ў дамове паміж Маскоўскай дзяржавай і Вялікім Княства Літоўскім паселішча называецца мястэчкам. Пад 1510 годам Горваль значыцца як цэнтар воласьці на гасьцінцы Бабруйск — Чарнігаў. У 1528 годзе яна перайшла ў карыстаньне дзяржаўцу горвальскаму Б. Шалуху, потым да вялікай княгіні Боны. У 1535 годзе Горваль зруйнавалі і спалілі маскоўскія захопнікі. У XVI—XVIII стагодзьдзях на ўсходняй ускраіне, на правым беразе ракі, існаваў замак. З 1543 году Горваль знаходзіўся ў валоданьні Сангушкаў. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў ён увашоў у склад Рэчыцкага павету Менскага ваяводзтва.
З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у лістападзе 1654 году Горваль спалілі ўкраінскія казакі Залатарэнкі, які знаходзіліся на службе ў маскоўскага гаспадара. Пазьней Горваль перайшоў да Віленскага капітулу (упамінаецца як ягоны маёнтак з 1698 году). На 1731 году маёнтак Горваль налічваў 294 дымы. Пад 1784 годам у мястэчку ўпамінаецца царква, аднайменны маёнтак складаўся з 13 вёсак і 5 слабодаў.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьУ выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Горваль апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Рэчыцкім павеце Менскай губэрні. Канфіскаваны ў ліку маёнткаў каталіцкай царквы, з 1835 году знаходзіўся ў валоданьні Халадоўскіх. Дзейнічала драўляная царква Сьвятой Тройцы (у ёй захоўваліся мэтрычныя кнігі ад 1792 году), капітальна адрамантаваная ў 1851 годзе. На 1858 год у мястэчку было 126 двароў, на 1859 год — 85[1].
3 1861 году Горваль стала цэнтрам воласьці. У 1864 годзе тут адкрылася народная вучэльня. У 1882 годзе маёнтак набыў Г. Мэнгдэн, а праз 6 гадоў — Зубаў. На 1885 год у склад Горвальскай воласьці ўваходзіла 15 паселішчаў з 471 дваром; працавала паштовая кантора. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, існавалі царква, 2 малітоўныя дамы, народная вучэльня, прыстань, хлебазапасны магазын, 21 крама, гандлёвы рад, заезны двор, карчма. На стромкім беразе Бярэзіны разьмяшчалася сядзіба, якую ад мястэчка аддзялялі парк і фруктовы сад.
У сьнежні 1905 году адбылося Горвальскае выступленьне сялянаў. За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1918 годзе мястэчка занялі нямецкія, а ў 1920 годзе, за часам польска-савецкай войны — польскія войскі.
Найноўшы час
рэдагаваць25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Горваль абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1926 годзе Горваль вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёну і сельсавету (з 4 жніўня 1927 году ў Рэчыцкім раёне, з 2 красавіка 1959 году ў Глыбаўскім сельсавеце). У гэты час у вёсцы працавалі пачатковая школа і школа-сямігодка, хата-чытальня, лякарня, аддзяленьне спажывецкай каапэрацыі, сельскагаспадарчае крэдытнае таварыства, паравы млын.
На 1940 год у Горвалі было 360 двароў, на 1993 год — 138 двароў, на 2004 год — 101 гаспадарка.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 379.
Літаратура
рэдагаваць- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6.
- Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy. — Warszawa, 1882.