Ашмяны — даўняе магдэбурскае места, цэнтар гістарычнага рэгіёну (частка Віленшчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваліся касьцёлы францішканскі Найсьвяцейшай Панны Марыі ў стылі позьняй готыкі і Фарны Сьвятога Міхала Арханёла ў стылі рэнэсансу і нэабарока (віленскага барока), помнікі архітэктуры XV—XIX стагодзьдзяў.

Вялікае Княства Літоўскае рэдагаваць

Першы пісьмовы ўпамін пра Ашмяны як замак у Віленскім княстве зьмяшчаецца ў «Хроніцы Літоўскай і Жамойцкай» і датуецца 1341 годам (ёсьць меркаваньні, што паселішча існавала яшчэ ў XI ст.[1]). У гэты час яны знаходзіліся ў валоданьні вялікага князя Гедыміна і паводле спадчыны перайшлі да ягоных сыноў.

   
Пячаткі земская (1783) і гродзкая (1796)

У 1384—1385 гадох Ашмяны спрабаваў захапіць Тэўтонскі Ордэн, што мусіла быць пачаткам зьнішчэньня княства Ягайлы, аднак выправа скончылася няўдачай. У кан. XIV ст. паселішча, імаверна, атрымала статус места ад вялікага князя Вітаўта. У 1398 годзе біскуп віленскі Андрэй упамянуў у тэстамэнце тутэйшы касьцёл (які менавіта, у дакумэнце ня значыцца; гэты ўпамін часам зьвязваюць з парафіяльным касьцёлам Сьвятога Духа, а часам — з францішканскім Найсьвяцейшай Панны Марыі).

У 1402 годзе крыжакі зноў напалі на Ашмяны, але сустрэлі рашучы супраціў і мусілі зыйсьці ў бок Меднікаў. У 1413 годзе места ўвайшло ў склад Віленскага ваяводзтва і да сярэдзіны XV ст. зьяўлялася рэзыдэнцыяй вялікіх князёў. 8 сьнежня 1432 году пад Ашмянамі адбылася бітва паміж войскамі Жыгімонта і Сьвідрыгайлы, у якой апошні пацярпеў сакрушальную паразу. Пад 1497 годам упершыню ўпамінаецца тутэйшы францішканскі канвэнт[2], які відаць, існаваў і раней, хоць у даведніках часам памылкова датуюць зьяўленьне ў Ашмянах манахаў-францішканаў 1505 годам.

У 1519 годзе маскоўскія захопнікі спалілі і ўшчэнт разбурылі Ашмяны. За часамі Рэфармацыі Мікалай Радзівіл «Руды» (1512—1588) заснаваў тут кальвінскі збор, места стала адным з найвядомейшых цэнтраў кальвінізму ў Вялікім Княстве Літоўскім. Паводле інвэнтару за 1551 год, у Ашмянах жыло 46 радзінаў мяшчанаў[3]. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў места стала цэнтрам павету Віленскага ваяводзтва, з 1569 году — цэнтрам староства. У склад староства ўваходзіла самі Ашмяны (з ратушай, Рынкам і вуліцамі Гальшанскай, Папярэчнай, Сьвятадухаўскай, Віленскай, Жупранскай), а таксама вёскі Аляны, Гінеўцы, Павяжы і Сьвяты Дух.

   
Мескі (1792) і павятовы (1846) гербы

У XVII ст. Ашмяны неаднойчы (у 1655, 1661 і 1677 гадох) вызваляліся ад падаткаў з прычыны разбурэньняў, учыненых маскоўскімі захопнікамі. У 1667 годзе земскі пісар А. Пачобут-Адляніцкі фундаваў кляштар дамініканаў (зь ліквідаванага расейскімі ўладамі касьцёла Найсьвяцейшай Тройцы ў 1873 годзе збудавалі капліцу на мескіх могілках). У 1683 годзе кароль і вялікі князь Ян Сабескі надаў месту прывілей на Магдэбурскае права, які ў наш час лічыцца першым дакладна вядомым прывілеем Ашмянам падобнага кшталту[4].

На 1740 год, паводле інвэнтару Ашмянскага староства, месту належалі 50 валокаў зямлі, існаваў Рынак (10 мяшчанскіх будынкаў, шляхецкая карчма і двор, касьцёл і кляштар дамініканаў, парафіяльны касьцёл з плябаніяй і шпіталем), вуліцы Гальшанская (13 будынкаў), Папярэчная (4 будынкі ішляхецкі двор), Віленская (10 будынкаў), Сьвятога Духа (4 будынкі), Жупранская (25 будынкаў), млын на рацэ Ашмянка. На 1772 год у Ашмянах былі старосьцінскі двор («замак»), млын, драўляная ратуша з крамамі на Рынку, 89 мяшчанскіх двароў, шляхецкі двор[3]. На 1791 год у месьце налічвалася 142 будынкі[3]. 22 траўня 1792 году кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі надаў Ашмянам прывілей на вольнасьць мяшчанаў ад гродзкага, земскага і дворнага прысуду з правам мець свой магістрат і суд пад кіраўніцтвам бурмістраў і лаўнікаў, а таксама герб: «срэбнае поле шчыта падзелена на тры часткі: у правай — рука з залатымі шалямі, у левай — тарк, паміж імі ў дольнай частцы чырвонае цялё»[5]. За часамі паўстаньня Т. Касьцюшкі 1794 году ў месьце знаходзіўся штаб паўстанцкага войска Я. Ясінскага, друкавалася адозва да расейскіх войскаў. 1 траўня і 8 ліпеня тут адбыліся баі паўстанцаў з расейскімі карнікамі.

Пад уладай Расейскай імпэрыі рэдагаваць

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Ашмяны апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе сталі цэнтрам павету Віленскай губэрні. Новыя ўлады ліквідавалі Магдэбурскае права і перадалі места расейскаму генэрал-маёру Канчалаву (былі ў прыватнай уласнасьці да 2 лютага 1837 году).

За часамі вызвольнага паўстаньня (1830—1831) жыхары Ашмянаў вызвалілі места з-пад расейскай улады, аднак у красавіку 1831 году царскія карнікі спалілі паселішча і забілі значную частку ягоных жыхароў. У 1845 годзе Ашмяны атрымалі новы расейскі герб: «мядзьведзь на зяленым полі, зьверху Пагоня». На 1848 год у месьце было 346 будынкаў, працавалі 3 гарбарні, 35 крамаў, 2 лякарні на 52 месцы, павятовая вучэльня (30 вучняў, 2 настаўнікі). У часе нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) у ваколіцах Ашмянаў дзейнічалі паўстанцкія аддзелы 3. Мінейкі, Г. Чаховіча, К. Ясевіча[6].

Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Ашмянах было 10 прамысловых прадпрыемстваў (4 гарбарні, бровар, фабрыка мінэральных вод, медаварня, саладоўня, тытунёвая фабрыка, вадзяны млын). У пачатку Першай Сусьветнай вайны ў 1915 годзе места занялі нямецкія войскі.

Найноўшы час рэдагаваць

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Ашмяны абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У сьнежні 1918 места занялі бальшавікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП (б) Беларусі яно ўвайшло ў склад Беларускай ССР[7].

З кастрычніка 1920 году Ашмяны ўваходзілі ў склад Сярэдняй Літвы, з 1922 году — у склад міжваеннай Польскай Рэспублікі. На 1927 год тут існавалі касьцёл, сынагога, гімназія, народны тэатар, інфэкцыйная лякарня, дом састарэлых, меская электрастанцыя, прыватныя заводы і фабрыкі (сьпіртусовых напояў, дражджавы, гарбарны, лесапільны), прыватны аптэчны склад, аптэка, лазьня, фатаграфія, крама, каапэратывы «Прагрэс», «Земляроб», таварыства польскага настаўніцтва, аб’яднаньне сельскагаспадарчага і прамысловага гандлю.

У 1939 годзе Ашмяны ўвайшлі ў БССР, дзе ў 1940 годзе сталі цэнтрам раёну Вялейскай , з 1944 году — Маладэчанскай, з 1960 году — Гарадзенскай вобласьці. У Другую сусьветную вайну з 25 чэрвеня 1941 да 7 ліпеня 1944 году места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй, з 1 красавіка 1942 году — у генэральнай акрузе Летува (Generalbezirk Litauen)[8].

У 2006 годзе афіцыйна зацьвердзілі герб Ашмянаў, распрацаваны на аснове яго гістарычнага варыянту 1792 году.

Галерэя рэдагаваць

Гістарычная графіка рэдагаваць

Гістарычныя здымкі рэдагаваць

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Каранеўскі А. Ашмяны // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 242.
  2. ^ Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wileńskiej / Codex diplomaticus ecclesiae cathedralis necnon Dioeceseos Vilnensis. T. 1, Krakow, 1948. Дакумэнт №448
  3. ^ а б в Брэгер Г. Ашмяны // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 269.
  4. ^ Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy, tom I: Województwo wileńskie. XIV—XVIII wiek. — Warszawa, 2004. S. 314.
  5. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998.
  6. ^ Каранеўскі А. Ашмяны // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 243.
  7. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  8. ^ Maculevičius S., Baltrušiene D. Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo. — Kaunas: Kraštotvarka, 1999. S. 92.

Літаратура рэдагаваць