Гісторыя Івянца
Івянец — даўняе мястэчка, колішняя сталіца графства на гістарычнай Меншчыне, якому ўпершыню ў краіне распрацавалі зямельную сымболіку[1]. Да нашага часу тут захаваўся комплекс кляштару францішканаў з касьцёлам Сьвятога Міхала Арханёла («Белым касьцёлам») у стылі віленскага барока, помнік архітэктуры XVIII ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы, разбудаваны з гатычнага збора ў стылі віленскага барока, помнік архітэктуры XVI—XVIII стагодзьдзяў, зруйнаваны расейскімі ўладамі.
Вялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьУпершыню Івянец упамінаецца ў 2-й палове XIV ст., калі ён знаходзіўся ў валоданьні вялікага князя Вітаўта. Пад 1522 годам Івянец значыцца як мястэчка Менскага павету, уладаньне Салагубаў. У сярэдзіне XVI ст. тут зьявілася пратэстанцкая супольнасьць, дзейнічалі кальвінскі збор, школа і шпіталь. У 1606 годзе ў мястэчку збудавалі драўляны касьцёл. На 1640 год у Івянцы было 27 двароў. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) маскоўскія захопнікі ўчынілі тут значныя разбурэньні[2].
У пачатку XVIII ст. утварылася Івянецкае графства. У 1702 годзе стольнік менскі Тэадор Ваньковіч заснаваў у мястэчку касьцёл і кляштар францішканаў, у 1745 годзе падскарбі Ян Міхал Салагуб збудаваў мураваны касьцёл. У 1780 годзе ў Івянцы было 174 двары, існавалі Рынак і 7 вуліцаў[2].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьУ выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Івянец апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Менскага павету. Царскія ўлады перавялі асабіста вольных местачкоўцаў у стан прыгонных сялянаў (толькі ў 1860 годзе яны дамагліся свабоды і вяртаньня мяшчанскага званьня)[3]. З 1810 годзе мястэчка знаходзілася ў валоданьні Плявакаў. На 1859 год у Івянцы было 189 двароў[4], на 1861 год — 189. Местачкоўцы актыўна ўдзельнічалі ў нацыянальна-вызвольным паўстаньні (1863—1864).
Па здушэньні паўстаньня ў 1864 годзе з мэтай маскалізацыі краю расейскія ўлады адкрылі ў Івянцы народную вучэльню, а 28 лістапада 1869 году гвалтоўна перарабілі касьцёлы Сьвятога Міхала і Найсьвяцейшай Тройцы ў цэрквы Маскоўскага патрыярхату. У 1880-я гады ў мястэчку было 288 дамоў[5], 2 школы, 35 крамаў, 17 ганчарных майстэрань, 2 заезныя двары, 2 царквы, 2 сынагогі, праводзіліся штотыднёвыя таргі і 2 кірмашы ў год. У Івянцы неаднаразова спыняліся беларускі паэт і драматург Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і пісьменьнік Ядвігін Ш. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, колькасьць двароў павялічылася да 399, дзейнічалі 2 царквы і 2 капліцы, працавалі народная вучэльня, 2 малітоўныя школы, 2 багадзельні, прыёмны пакой, вадзяны млын, 15 майстэрняў з абпальваньня гаршкоў, 9 кузьняў, 64 крамы, 2 карчмы і гарэлачны склад, праводзіліся 2 кірмашы штогод і таргі ў нядзелі. У пачатку XX ст. працавалі лякарня і амбуляторыя, у якіх працавалі доктар, 3 фэльчары, некалькі санітарак. У Першую сусьветную вайну ў лютым 1918 году Івянец занялі нямецкія войскі.
Найноўшы час
рэдагаваць25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Івянец абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП (б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР. У жніўні 1919 году Івянец занялі польскія войскі. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году мястэчка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе ў 1923 годзе стала цэнтрам гміны Валожынскага павету Наваградзкага ваяводзтва. У гэты час Івянец знаходзіўся за 16 км ад граніцы з БССР. Рэчка Волма, што цякла празь паселішча, брала свой пачатак па-за гэтай граніцай. Івянец месьціўся на пагорках у атачэньні лясоў і складаўся зь некалькіх вуліцаў, найбольшымі зь якім былі: вул. Пілсудзкага (гістарычная Койданаўская), на ёй месьціліся пошта, гродзкі суд і тры школьныя будынкі, вул. Т. Касьцюшкі (гістарычная Ракаўская) з адміністрацыяй гміны, будынкам агульнаадукацыйнай школы, шпіталем і касьцёлам Сьвятога Аляксея, вул. 3 Мая (гістарычная Віленская), на ёй знаходзіліся найбольш значныя жылыя будынкі, два гатэлі, паліцэйскі пастарунак, аптэка, касьцёл Сьвятога Міхала. У 1934 годзе распачалася электрыфікацыя паселішча. Прыватныя асобы заснавалі электрычную станцыю. Яна месьцілася над рэчкай, у будынках даўняга двару Салагубаў. Праца машыны электрычнай станцыі выкарыстоўвалася на мясцовай лесапільні. У 1936 годзе ў Івянцы збудавалі новую школу на вуліцы Закляштарнай, большасьць вуліцаў забрукавалі, а некаторыя асьвятлілі. На 1938 год у мястэчку было 574 будынкі (зь іх 10 мураваных), працавалі шматлікія цагельні, кінатэтар «Jutrzenka» (бел. Зорка) у Доме жаўнера, вайсковы аэрапорт пры кашарах.
У 1939 годзе Івянец увайшоў у БССР, дзе стаў цэнтрам раёну Баранавіцкай вобласьці (з 1962 году ў Валожынскім раёне). 12 кастрычніка 1940 году паселішча атрымала афіцыйны статут пасёлку гарадзкога тыпу. У гэты час тут было 523 двары. У Другую сусьветную вайну з 25 чэрвеня 1941 да 6 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.
У 1998 годзе афіцыйна зацьвердзілі герб Івянца, створаны на аснове гербу «Праўдзіч» роду Салагубаў. 18—20 ліпеня 2008 году ў мястэчку прайшла 1-я Міждыяцэзіяльная сустрэча моладзі[6].
Галерэя
рэдагавацьФарны касьцёл
рэдагаваць-
каля 1900 г.
-
да 1918 г.
-
да 1918 г.
-
да 1918 г.
Белы касьцёл
рэдагаваць-
каля 1900 г.
-
да 1939 г.
-
да 1939 г.
-
да 1939 г.
-
да 1939 г.
-
да 1939 г.
-
да 1939 г.
-
да 1939 г.
Чырвоны касьцёл
рэдагаваць-
1914 г.
-
1914 г.
-
1930 г.
Віленская вуліца
рэдагаваць-
1918 г.
-
1918 г.
-
1928—30 гг.
-
1930-я гг.
-
1930-я гг.
-
1932 г.
-
24.09.1929 г.
-
1918 г.
Млын
рэдагаваць-
1938 г.
-
да 1939 г.
-
да 1939 г.
Іншае
рэдагаваць-
Вуліца Княская, да 1918 г.
-
Вуліца Койданаўская, да 1939 г.
-
Царква на месцы зруйнаванага Фарнага касьцёла, да 1939 г.
-
Рог вуліцаў Віленскай і Ракаўскай, 1918 г.
-
Рынак, 1913 г.
-
Рог Рынку і вуліцы Надрэчнай, 1918 г.
-
Рынак, 1918 г.
-
Вулица Закляштарная. Школа, 1929 г.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ На фэсце Св. Міхала ў Івенцы ўпершыню прэзентаваны герб Івянецкага графства. www.ivenec.eu. Праверана 5 кастрычніка 2011 г.
- ^ а б Батвіннік М., Шаблюк В. Івянец // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 469.
- ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 88.
- ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 379.
- ^ Jelski A. Iwieniec // Słownik geograficzny... T. III. — Warszawa, 1882. S. 324.
- ^ 1-я Міждыяцэзіяльная сустрэча моладзі ў Івянцы, Catholic.by
Літаратура
рэдагаваць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 7: Застаўка — Кантата. — 604 с. — ISBN 985-11-0130-3
- Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя. Т. 8. Мінская вобласць. Кн. 1 / рэдкал.: Т.У. Бялова (дырэктар) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2010. — 736 с.: іл. ISBN 978-985-11-0520-1.
- Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Kuźmiński J.J. Z Iwieńca i Stołpców do Białegostoku. — Białystok, 1993. ISBN 83-901635-0-0.
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy. — Warszawa, 1882.