Грэнляндыя (востраў)

(Перанакіравана з «Грэнляндыя (выспа)»)

Грэнля́ндыя (па-грэнлядзку: Kalaallit Nunaat, па-дацку: Grønland) — востраў у Атлянтычным і Арктычным акіянах. Зьяўляецца найбуйнейшым востравам Зямлі. Належыць Даніі і ўваходзіць у яе аўтаномную адзінку Грэнляндыя. Плошча вострава — 2 130 800 км².

Грэнляндыя
Месца Арктычны акіян
Атлянтычны акіян
Плошча 2 130 800 км²
Найвышэйшы пункт 3694 мэтар
Краіна Данія
Вобласьць Грэнляндыя
Насельніцтва (2009) 15 105чал.
Каардынаты 72°27′ пн. ш. 40°30′ з. д. / 72.45° пн. ш. 40.5° з. д. / 72.45; -40.5Каардынаты: 72°27′ пн. ш. 40°30′ з. д. / 72.45° пн. ш. 40.5° з. д. / 72.45; -40.5
Грэнляндыя на мапе Грэнляндыі
Грэнляндыя
Грэнляндыя
Грэнляндыя

Найбуйнейшае паселішча вострава — Нук (15 105 чалавек, 2009), разьмешчана на паўвысьпе ў заходняй частцы Грэнляндыі.

Геалёгія

рэдагаваць
 
Фатаздымак з космасу

Грэнляндыя разьмяшчаецца амаль цалкам у паўночна-ўсходняй частцы Канадзкага шчыта, толькі на ўсходзе і поўначы разьвіты зоны каледонской складкаватасьці. Пароды, якія складаюць шчыт, прадстаўлены гнэйсамі, кварцытамі, мармурам і гранітамі архэйскага і раньнепратэразойскага ўзросту, вульканагенна-асадкавымі тоўшчамі сярэднепратэразойскага ўзросту. Усходняя зона каледанідаў аддзеленая ад шчыта глыбінным разломам. Вобласьці каледонской геасінкліналі выкананы тэрыгеннымі і карбанатнымі тоўшчамі позьняга пратэразою і карбанатнымі пародамі кэмбрыю і ардавіка, зьмятымі ў сілуры ў зморшчыны. У дэвону ў міжгорных упадзінах адбывалася назапашваньне кантынэнтальных парод. З канца палеазою адбываецца плятформавае разьвіцьцё. У мэзазою адкладваліся пясчана-гліністыя пароды. У кайназоі Грэнляндыя паднялася, адбыліся расколы, зь якімі зьвязана выліваньне базальтаў.

Карысныя выкапні прымеркаваны да парод архэйска-раньнепратэразойскага ўзросту (крыяліт на поўдні Грэнляндыі; графіт, мармур — у заходняй Грэнляндыі); з мэзазоем зьвязаныя радовішчы бурых вуглёў. Ва ўсходняй зоне каледанідаў выяўлены радовішчы сьвінцова-цынкавых і ўранавых руд. Выяўлены таксама паклады нафты, газу.

Абледзяненьне і рэльеф

рэдагаваць
 
Грэнляндыя пад ледавіковым шчытом

У антрапагенны час пачалося зьлядзяненьне, якое схавала пад ільдом большую частку Грэнляндыі; ледавікамі пакрыта 1834 тыс. км² (у тым ліку 1726 тыс. км² ледавіковым шчытом, якія займаюць усю ўнутраную частку і некаторыя берагавыя раёны — 81% тэрыторыі вострава). Паверхня ледавіковага шчыта паступова павялічваецца ад берагоў углыб вострава. Найбольш высокі ўчастак шчыта мае форму пакатага скляпеньня, выцягнутага з поўначы на поўдзень і падзеленага пад 66° — 67° 30' паўночнай шыраты папярочным паніжэньнем на 2 шырокія купалы. Паўночны купал дасягае вышыні 3300 м (пад 71° паўночнай шыраты і 39° заходняй даўгаты), паўднёвы — 2730 м (пад 64° паўночнай шыраты і 44° заходняй даўгаты). Ложа ледніка мае ўвогнутую форму. У заходніх краёў яго паверхня ляжыць на вышыні 600 м, ля ўсходняга і ў раёне паўднёвага купалоў — 1000 м, у цэнтры вострава — 0—100 м (месцамі ніжэй за ўзровень акіяна). Сярэдняя таўшчыня ледавіка 2300 м, найбольшая — 3400 м. Аб’ём лёду 2 600 000 км³. Паверхня пакрыта пластом сьнегу, які пад узьдзеяньнем вятроў ўтварае невялікія ўзгорачкі (застругі). Ніжэй за ўзровень 1800—2000 м яна слаба разьдзеленая воднымі струменямі, якія ўзьнікаюць ўлетку пры раставаньні сьнегу і лёду, а каля краёў (на вышыні 1000—1500 м) разьбіта расколінамі глыбінёй да 30—40 м Фірнавая мяжа на ледавіку ляжыць на вышыні 1200—1500 м. Верхнія пласты лёду зрушваюцца ад цэнтру да заходніх і ўсходніх бакоў ледавіка зь сярэдняй хуткасьцю каля 150 м у год. У краёў хуткасьць ўзрастае, на асобных участках у рух прыходзіць уся тоўшча лёду і ўтвараюцца вывадныя ледавікі — вузкія, даўгаватыя атожылкі шчыта, якія па далінах дасягаюць акіяна. Вывадныя ледавікі рухаюцца з хуткасьцю 20—40 м у суткі і даюць пачатак айсбэргам (да 100—135 м вышыні над узроўнем акіяна), якія выносяцца ў паўночную частку Атлянтыкі і ўяўляюць вялікую небясьпеку для суднаходзтва. На паўночным схіле шчыта лёд слабарухомы.

Усходняе ўзьбярэжжа абмываецца халоднай Усходне-Грэнляндзкай плыньню і амаль на працягу ўсяго году заблякавана плывучымі льдамі, якія прыносяцца з цэнтральнай часткі Арктычнага акіяну. Больш даступна з мора паўднёва-заходняе ўзьбярэжжа, якое абмывае цёплымі водамі Заходне-Грэнляндзкая плынь. Паўночнае ўзьбярэжжа вострава заблякавана лёдам на працягу ўсяго году. Берагі моцна парэзаныя глыбокімі і доўгімі ф'ёрдамі, якія даходзяць да краёў ледзянога шчыта. Агульная працягласьць берагавой лініі дасягае 39 тыс. км.

 
Ляндшафт паблізу Нанарталіка ў паўднёвай частцы вострава — горы і плывучыя льды

Участкі непакрытай лёдам сушы працягваюцца ў выглядзе бесьперапыннай паласы ўздоўж берагоў вострава, дасягаючы месцамі шырыні 200—250 км. Найбольш значныя тэрыторыі яны займаюць на паўднёвым захадзе і поўначы вострава і ўяўляюць сабой пласкагор’і вышынёй 400—600 м, якія чаргуюцца з горнымі масівамі вышынёй да 1700—2000 м. Усходняе ўзьбярэжжа ўтварае пакрытыя горнымі ледавікамі хрыбты, у адным зь якіх — хрыбет Ўоткінс — разьмешчаная найвышэйшая вяршыня Грэнляндыі і ўсёй Арктыкі — гара Гунб’ерн, 3700 м. На захадзе старажытны крышталічны шчыт выходзіць на паверхню, утвараючы шырокі, але перарывісты пас масіваў і нагор’яў ўзьбярэжжа мора Бафіна. Паўночны бераг Грэнляндыі — Зямля Піры — таксама вольны ад ледзянога покрыва, дзякуючы нізкай вільготнасьці паветра, няздольнага папаўняць расход лёду, а таксама маларухомасьць паўночнага краю лядовага шчыта.

Клімат узьбярэжжаў марскі, субарктычны (на поўдзень ад 68° паўночнай шыраты) і арктычны; ў вобласьці ледавіковага шчыта — кантынэнтальны арктычны. Востраў часта перасякаюць цыклёны, якія суправаджаюцца моцнымі вятрамі, рэзкімі зьменамі тэмпэратуры і выпадзеньнем ападкаў. Для вобласьці ледавіковага шчыта характэрны адмоўныя значэньні гадавога радыяцыйнага балянсу. Ахалоджваньне паветра над ледавіком выклікае ўтварэньне антыцыклёнаў. Сярэдняя тэмпэратура студзеня на ўзьбярэжжы ад −7 °C на поўдні да −36 °C на поўначы, а ліпеня ад 10 °C на поўдні да 3 °C на паўночным захадзе. У цэнтры Грэнляндыі сярэдняя тэмпэратура лютага −47 °C (абсалютны мінімум −70 °C), ліпеня −12 °C. Гадавая колькасьць ападкаў на поўдні — 800—1100 мм, на поўначы — 150—250 мм, на ледавіку — 300—400 мм (амаль выключна — у выглядзе сьнегу). Паўднёва-ўсходні ўскраек Грэнляндыі атрымлівае больш за 2500 мм ападкаў у год. У тоўшчы ледавіковага шчыта да самой ложы тэмпэратура ніжэй −10 °C. Расход лёду ў краёвай частцы шчыта, які выклікаецца летнім раставаньнем і аддзяленьнем айсбэргаў, не кампэнсуецца назапашваньнем льдоў у глыбіні Грэнляндыі, і ледавік хутка памяншаецца — за пэрыяд з 2000 г. па 2008 г. 1,5 × 10³ км³. Запасу вады ў ледавіковым шчыце Грэнляндыі (2,5 × 106 км³) хопіць, каб павысіць узровень Сусьветнага акіяна на 7 м.

Расьліннасьць

рэдагаваць

Расьліннасьць ў Грэнляндыі прымеркаваная да месцаў, вольных ад лёду. На крайнім поўдні сустракаюцца бярозавае крывалесьсе, зарасьнікі рабіны, алешыны, вярбы і ядлоўца, а таксама асаковыя і мятлюжкова-разнатраўныя лугі. На ўзьбярэжжы да 80° паўночнай шыраты пераважае тундра, на поўдні — хмызьняковая (карлікавая бяроза, дурніцы, вадзяніка і іншыя), на поўначы — імхова-лішайнікавая, на паўночным узьбярэжжы — разрэджаная расьліннасьць арктычных пустэльняў.

Жывёльны сьвет

рэдагаваць
 
Пара грэнляндзкіх кітоў

Берагі насяляюць паўночны алень, мускусны бык (на поўначы), белы мядзьведзь (намаляваны на гербе), пясец, палярны воўк, лемінг, у прыбярэжных водах — грэнляндзкі кіт, грэнлядзкі цюлень, морж і інш (усяго 30 відаў сысуноў). З птушак асабліва распаўсюджаны гагі, чайкі і белыя курапаткі. З рыб прамысловае значэньне маюць траска, палтус, мойва, сёмга, акула. Крэветкі.