Помнік абарончай архітэктуры
Гомельскі замак
Гомельскі замак
Гомельскі замак
Краіна Беларусь
Места Гомель
Каардынаты 52°25′19″ пн. ш. 31°01′00″ у. д. / 52.42194° пн. ш. 31.016667° у. д. / 52.42194; 31.016667Каардынаты: 52°25′19″ пн. ш. 31°01′00″ у. д. / 52.42194° пн. ш. 31.016667° у. д. / 52.42194; 31.016667
Дата заснаваньня XVI стагодзьдзе
Статус Ахоўная зона
Гомельскі замак на мапе Беларусі
Гомельскі замак
Гомельскі замак
Гомельскі замак
Гомельскі замак на Вікісховішчы

Гомельскі замак — помнік гісторыі і абарончай архітэктуры XIV—XVIII стагодзьдзяў у Гомлі. Знаходзіўся на высокім правым беразе ракі Сажа пры ўтоку ручая Гамеюку, на дзядзінцы старажытнага гораду. У другой палове XVIII ст. тут збудавалі палацава-паркавы ансамбль Румянцавых. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Гісторыя

рэдагаваць

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць
 
Гомельскі замак, з мапы 1539 г.
 
Каляровая вэрсія

У XIV ст. дзядзінец старажытнага гораду Гомля эвалюцыянаваў у сваім адміністрацыйным і абарончым значэньні ў фэўдальны замак. У гэты час Гомель быў памежным умацаваным горадам на паўднёва-ўсходняй ускраіне Вялікага Княства Літоўскага і ўваходзіў у абарончы пас замкаў Пасожжа. У чэрвені 1535 году Гомельскі замак, які тады захапілі войскі Маскоўскай дзяржавы, узяло ў аблогу моцнае войска караля польскага вялікага князя літоўскага Жыгімонта Старога на чале з гетманам літоўскім Юрыем Радзівілам, гетманам каронным Янам Тарноўскім і кіеўскім ваяводам Андрэем Нямірам. Апроч артылерыі, у войску былі адмыслоўцы ў падкопах. Вялікі князь пастанавіў «замак… моцны і абаронаю спасобенны Гомей узяць… ілі хоць агнём яго спаліць», а таксама разаслаць лісты дзяржаўцам і намесьнікам падняпроўскіх і пасожаўскіх местаў з патрабаваньнем выдзеліць ад кожнай воласьці пэўную колькасьць людзей «добрых з тапары, каторыя бы мелі тот замак Гомей зарубіці». Гетман Юры Радзівіл зрабіў галоўную стаўку ў час аблогі на артылерыйскі абстрэл замка: «А так у сераду ўвесь дзень… на замак стральба біла, а потам зь серады на чацьвер усю ноч і ў чацьвер мала ня ўвесь дзень з нашых дзел стральбу чынілі». Паводле Патрыяршага летапісу, маскоўскі намесьнік князь Дзьмітры Шчэпін-Абаленскі, які знаходзіўся ў Гомлі, зьбег разам з акупацыйнай залогай. У замку засталіся толькі мясцовыя гомельцы, якія перадалі замак войску Вялікага Княства Літоўскага.

Неўзабаве замак адрамантавалі і папоўнілі зброяй. Падскарбі Іван Гарнастай скіраваў сюды «ўсі патрэбы — салетру і порах і кулі і сьвінец». Пастановай вялікага князя ў 1537 годзе мяшчане Гомля і ўся воласьць вызвалілі ад «рабленьня замку Гомейскага на 1 год… пад тым абычаем іж ані ня мелі да году аднаго замку рубіці і нічога ў нём аправаваці, хіба есьцьлі бы каторыя ґонты ў замку апалі, або дошка ся дзе атарвала, то мелі за ся прыбіці і направіці». Аднак мясцовы дзяржаўца князь В. Талачынскі адабраў каралеўскі прывілей у мяшчан і валашчанаў, пачаў «іх прымушаці» выконваць розныя работы ў замку, а непаслухмяных саджаў у вежу, адбіраючы ў заклад жонак і дзяцей. Прысланага для разбору спэцыяльнага каралеўскага двараніна і дзяржаўцу «зсарамоціў і біці яго хацеў», што выклікала гнеў Жыгімонта Старога. Прычыну незадаволенасьці і трывогі Жыгімонт Стары так сфармуляваў у сваёй грамаце, дасланай дзяржаўцу: «знаць і помніць неабхадзіма, …іж тот замак за вялікім накладам к рукам нашым прышоў, …іж тот замак на ўкрайне, а к людзям украінным трэба ся ласкаве захваціці і не гадзіцца ім ні ў чым абцяжаньня чыніці».

 
Рэканструкцыя выгляду замка ў XVI ст.

Абарончае значэньне Гомельскага замка асабліва вырасла ў зьвязку зь бязьлітасным змаганьнем супраць бесьперапынных разбуральных набегаў крымскіх татараў. На падставе таго, што «…іж кождаму абарона і астарожнасьць ёсьць патрэба», сюды з найбліжэйшых местаў скіроўваліся хлебныя запасы і адмысловыя групы коннай «старожы», а зь Віленскага арсэналу ў 1552, 1562 і 1563 гадох дастаўляліся зброя і амуніцыя. Так, Чачэрская воласьць абавязвалася мець на ўтрыманьні ў Гомлі за свой кошт цэлы год аддзел «старожы». 3 Рагачова перавезьлі значную колькасьць жыта і аўса «ку насьпіжованьню замку». У 1557 годзе замкавую залогу павялічылі да 200 чалавек «драбаў». На рамонт фартыфікацыяў прыцягвалася насельніцтва Чачэрску, Прапойску, іншых местаў і воласьцяў Падняпроўя і Пасожжа. У час Інфлянцкай вайны (1558—1583) Гомель ненадоўга захапілі войскі маскоўскага гаспадара Івана IV Тырана, аднак у ліпені 1576 годзе аддзел на чале з Юрыем Радзівілам зноў вызваліў яго. 5 траўня 1581 году Гомель зьведаў яшчэ адзін напад маскоўскіх захопнікаў, якія «…да замку няведаме ноччу прышэдшы, на места ўдарылі і места агнём выпалілі», але замак не ўзялі. У час вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1614—1615 гадох у замку бесьперапынна знаходзілася невялікая залога ў 40 казакоў і 40 салдатаў. Іх падтрымлівала мескае рушаньне.

У 1633 годзе замак вытрымаў штурмы ўкраінскіх казацкіх сотняў Багдана Булгакава і Івана Ярмоліна. У кастрычніку 1648 году ўкраінскія казакі на чале з палкоўнікам Главацкім пры падтрымцы часткі мясцовых сялянаў занялі Гомель, абрабавалі шляхту і заможных людзей. Аднак неўзабаве Багдан Хмяльніцкі адклікаў аддзел Главацкага на Ўкраіну. Па Корсуньскай бітве (1648 год) з дапамогай мяшчанаў замак у 1649 годзе занялі казакі палкоўніка М. Нябабы. Аднак Збораўскі мір (1649 год) даў магчымасьць гетману Янушу Радзівілу сканцэнтраваць дастатковую колькасьць войскаў дзеля здушэньня выступленьняў на Панізоўі і ўзяцьця Гомля, Чачэрску ды іншых замкаў. У 1651 годзе Багдан Хмяльніцкі пачаў новае наступленьне на паўднёвыя літоўскія месты, скіраваўшы да Гомля войска палкоўнікаў П. Забелы і Окшы.

Пагроза з боку ўкраінскіх казакоў і Маскоўскай дзяржавы прымусілі ўлады ВКЛ у 1653 годзе разьмясьціць у памежных замках Пасожжа дадатковыя залогі. У сакавіку 1654 году ў замку было 700 чал. пяхоты, дасланай Янушам Радзівілам. Паводле некаторых зьвестак, да лета 1654 году гомельская залога налічвала 2 тыс. чал., у асноўным нямецкай і вугорскай пяхоты, была таксама рота татараў.

У пачатку вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у чэрвені 1654 году году на Гомель з Ноўгараду Северскага рушыла 20-тысячнае войска казацкага гетмана Івана Залатарэнкі, які паведамляў маскоўскаму гаспадару Аляксею Міхайлавічу, што Гомель ёсьць галоўным літоўскім памежным замкам. Казакі ўзялі замак у аблогу, на суседніх узгорках паставілі гарматы. Да 11 ліпеня яны правялі чатыры няўдалыя штурмы. Абаронцы замка адказвалі дзёрзкімі вылазкамі. Аблога зацягвалася і Залатарэнка надумаў прымусіць замак здацца праз брак ежы і вады. Аднак прапанову здацца абаронцы «горда і сурова» адмовіліся. Тады казакі ўсьцягнулі некалькі невялікіх гарматаў на Спаскую царкву, якая стаяла за Гамеюком недалёка ад замка. Стральба распаленымі ядрамі выклікала пажар. Вылазка абаронцаў, каб зьнішчыць гэту агнявую пазыцыю, была няўдалай. Неўзабаве казакі знайшлі і ўзарвалі патаемны ход да вады, што вызначыла лёс замка. Як паведамлялася маскоўскаму гаспадару 13 жніўня 1654 году, па больш чым 1,5-месячнай аблогі гомельцы ўсё ж мусілі скарыцца.

Вайна прынесла вялікія спусташэньні Гомлю. Але замак, паводле зьвестак за 1666 год, усё яшчэ захоўваў сваю магутнасьць. У 1737 годзе ўладальнік Гомельскага староства князь Міхал Фрыдэрык Чартарыйскі збудаваў тут новы моцны дубовы замак зь вежамі і сценамі, у якіх былі шматлікія байніцы, паглыбіў равы і адрамантаваў пад’ёмны мост[1].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць

Па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год), калі Гомель апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, расейскі ўлады падаравалі яго разам з замкам Пятру Румянцаву. Моцна замак існаваў тут яшчэ ў 1780 годзе, пазьней расейскія ўлады разабралі вежы і сьцены і скапалі замкавыя валы. У 1785 годзе тут пачалося будаваньне палаца Румянцавых[2].

Архітэктура

рэдагаваць

Сваёй формай замак нагадваў выцягнуты авал даўжынёю прыкладна 200 м і шырынёй 90 м. Яго плошча складала каля 1,3 га. Ад пасадаў Гомля, якія атачалі замак з захаду і поўдня, аддзяляўся абарончым ровам шырынёй 30—35 м. Пляцоўка мела сегмэнтападобную форму з пэрымэтрам фартыфікацыяў каля 460 м. Стромкія і высокія схілы ў бок Сажа і Гамеюку ўдала спалучаліся з штучнымі фартыфікацымі. Меў магутны абарончы вал, драўляныя шмат’ярусныя вежы, сьцены-гародні з баявой галерэяй, уязную браму зь перакінутым цераз роў пад’ёмным мостам — «узводам». Сьцены фартыфікацыяў на значную вышыню абмазваліся глінай, якая засьцерагала іх ад гніеньня і выконвала проціпажарную ролю. Патаемны падземны ход вёў да Сажа, адкуль у час аблогі бралі ваду[3].

Гістарычныя здымкі

рэдагаваць

Сучасная панарама

рэдагаваць
 
Замчышча з боку ракі Сажа
  1. ^ Ткачоў М. Гомельскі замак // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 74.
  2. ^ БЭ. — Мн.: 1997 Т. 5. С. 345—346.
  3. ^ Ткачоў М. Гомельскі замак // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 73.

Літаратура

рэдагаваць
  Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  313В000026