Возера
Князь-возера
лац. Kniaź-voziera
Краіна Беларусь
Плошча 40,8 км²
Плошча вадазбору 280 км²
Максымальная глыбіня 2,9 м
Сярэдняя глыбіня 0,7 м
Найбольшая даўжыня 12,1 км
Найбольшая шырыня 5,2 км
Даўжыня берагавой лініі 30 км
Вышыня над узроўнем мора 136,4 м
Аб’ём вады 27,3 млн м³
Каардынаты 52°24′ пн. ш. 27°57′ у. д. / 52.4° пн. ш. 27.95° у. д. / 52.4; 27.95Каардынаты: 52°24′ пн. ш. 27°57′ у. д. / 52.4° пн. ш. 27.95° у. д. / 52.4; 27.95
Князь-возера на мапе Беларусі
Князь-возера
Князь-возера
Князь-возера

Князь-возера[1] (з 5 сьнежня 1931 году — Чырво́нае во́зера[a]) — возера ў Беларусі, найбольшае на Палесьсі і 3-е паводле плошчы ў краіне. Знаходзіцца ў басэйне Прыпяці, у Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласьці.

Гідронім Князь-возера ўтварыўся, відаць, з прычыны ацэнкі гэтага возера паводле вялікай плошчы і, адпаведна, велічнага выгляду. Таксама гістарычна ўжывалася назва Жыд-возера (Жыценскае, Жыцкае), якая мае фінска-вугорскае паходжаньне і ўтварылася ад старажытнага геаграфічнага тэрміну жуед у значэньні 'нізіннае месца'. Гэта значыць, што Жыд-возера — літаральна 'возера ў нізіннай, балоцістай мясцовасьці'[2]. Існуюць зьвесткі, што ў 1756 годзе Геранім Флярыян Радзівіл перайменаваў Жыд-возера ў Князьмор, калі распачаў будоўлю на яго высьпе мураванага замка пад назвай Вэнэцыя з намерамі стварыць на возеры флёт з артылерыяй[3].

5 сьнежня 1931 году савецкія ўлады перайменавалі Князь-возера ў «Чырвонае Палесьсе»[4].

Агульныя зьвесткі

рэдагаваць

Плошча возера — 40,79 км²[5]. Найбольшая глыбіня — 2,9 м. Даўжыня — 12,1 км[5]. Найбольшая шырыня — 5,2 км[5]. Даўжыня берагавой лініі — 30,8 км[5]. Аб’ём вады — 27,3 млн м³. Плошча вадазбору — 280 км². Возера знаходзіцца ў басэйне ракі Прыпяць, за 19 км ад Жыткавічаў, каля вёскі Ляхавічы. Ляжыць на ўзроўні 136,4 м. Заходнія схілы катлавіны зьліваюцца з прылеглымі асушанымі балотамі, паўднёвыя вышынёй 20—25 м. Берагі нізкія, тарфяністыя. Дно сапрапэлістае (сапрапэль здабываецца на ўгнаеньне), уздоўж паўночна-ўсходніх і паўднёва-заходніх берагоў пяшчанае й пяшчана-глеістае. 5 выспаў агульнай плошчай 0,06 км². Упадаюць некалькі каналаў, у тым ліку Восаўскі, Дубрава й Князь-азёрскі, рэчка Дзямянка; выцякаюць каналы Азёрны, Жыткавіцкі й Марахораўскі. Выкарыстоўваецца ў рыбагаспадарчых і рэкрэацыйных мэтах, як крыніца вады на арашэньне.

Невялікая глыбіня, адкрытая катлавіна, зручная для ветравога мяшаньня, спрыяюць раўнамернаму разьмеркаваньню тэмпэратуры ў тоўшчы воды. Таму ўлетку ўвесь час назіраецца гоматэрмія. Вада ў возеры малапразрыстая (0,6 м), бурага колеру. Ледастаў з канца лістапада да канца сакавіка — пачатку красавіка. Адзначаецца пастаянны дэфіцыт кіслароду, высокая колернасьць вады, зімой здараюцца заморы рыбы. Зарастае вельмі слаба. Пры моцным ветравым мяшаньні павярхоўныя пласты дновых адкладаньняў, мелых вадкую кансыстэнцыю, взмучываецца, вада становіцца бруднай. Узімку пры таўшчыні лёду 50—60 см пласт вады амаль цалкам зьнікае й лёд кладзецца на дно возера.

Падчас мэліярацыйных прац да 1970 году вадазбор возера паменшыўся на 200 км². Амаль адзінай крыніцай сілкаваньня засталіся атмасфэрныя ападкі. Для ўзнаўленьня возера былі складзены тэхніка-эканамічныя разьлікі, паводле якіх прадугледжваецца ўзнаўленьне й павелічэньне вадазборнага пляца амаль на 130 км². Да цяперашняга часу ў возера вернутая рака Дзямянка, скарочаны сьцёк у канал Азёрны. Скончаная распрацоўка «ТЭА комплексу мерапрыемстваў па паляпшэньні воднага рэжыму возера Чырвонае», рэкамэндаванага да рэалізацыі.

З торфапрадпрыемства, пабудаванага на заходнім беразе, у возера помпамі запампоўваецца вада. Прыход у зімовы час складае 1,5 тыс. м³/г, улетку — 2 тыс. м³/г. Паступленьне грунтавых, больш мінэралізаваных вод спрыяе паляпшэньню гідралягічнага й гідрахімічнага рэжыму возера. Абсьледаваньні, выкананыя ўлетку 1985 г., паказалі, што агульная мінэралізацыя вады складае 180—185 мг/л, актыўная рэакцыя нэўтральная (рН 6,90), празрыстасьць 0,6 м. Варта адзначыць падвышанае ўтрыманьне біягенных элемэнтаў й арганічнага рэчыва.

Выкарыстаньне

рэдагаваць

Выкарыстаньне возера ў цяперашні час шматбаковае. Вядзецца здабыча бузы з гадавым аб’ёмам да 100 тыс. т (у 2006 годзе). За 2011 год з дна возера земснарадам выпампавалі каля 30 000 тонаў сапрапэлю. У якасьці ўгнаеньня сельскагаспадарчым прадпрыемствам паставілі каля 15 000 тонаў сапрапэляў, «Беларуснафце» для сьвідравальных рашчынаў — звыш 3000 тонаў. На 2012 г. запасы сапрапэляў складалі каля 70 млн м³ (блізу 80% запасаў у Гомельскай вобласьці). Распрацоўкай радовішча займалася ААТ «Жыткавічыхімсэрвіс», якое мела 124 супрацоўнікі. У справе сапрапэляў прадпрыемства супрацоўнічала зь Інстытутам прыродакарыстаньня Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, у тым ліку з прафэсарам Мікалаем Бамбалавым(be). Рэнтабэльнасьць перавышала 50%. Сапрапэлі запампоўвалі ў дзялянкі па 2 гектары (чэкі), дзе бузу адстойвалі перад далейшай перапрацоўкай. З сапрапэляў таксама выраблялі 8 відаў асноваў грунту для расьлінаў, у тым ліку для гуркоў, кветак і таматаў. Сярэдні заробак на прадпрыемстве складаў 1,8 млн рублёў[6] ($215)[7].

Ажыцьцяўляецца плот вады для абрашэньня й сажалак рыбгас. З захаду да возера прымыкаюць тарфяныя палі, на якіх вядзецца здабыча торфу. На частцы торфараспрацовак агульнай плошчай каля 2,5 тыс. га праводзіцца аднаўленьне балот. Зараз гэтыя ўчасткі ўяўляюць сабой сажалкі, падзеленыя дамбамі. Глыбіня вады ў іх вагаецца ад 0,5 да 1,5 м, у каналах — ад 1,5 да 3 м. Усё гэта стварае спрыяльныя ўмовы для гнездаваньня многіх відаў водна-балотных птушак.

Асноўныя тыпы выкарыстоўваньня тэрыторыі — лесагаспадарчае й паляўнічае. Найбольш інтэнсіўна выкарыстоўваюцца лясы на землях ЛПГ «Ляскавічы», паколькі яны самыя даступныя й маюць найбольш прадуктыўны дрэвастой. Паляваньне вядзецца на ўсёй тэрыторыі патэнцыяльнай ТВП. Вельмі папулярныя для паляваньня на вадаплаўных забалочаныя торфапляцоўкі, дзе зараз пабудавана паляўнічая база й вядуцца работы па стварэньню неабходнай інфраструктуры. Актыўна разьвіваецца й міжнародны паляўнічы турызм.

Возера мае таксама рыбагаспадарчае значэньне. Асноўным кірункам зьяўляецца гадоўля карпа й карася. Возера й затопленыя тарфянікі арандуюцца пад аматарскае рыбалоўства. Арандатары праводзяць зарыбленьне вадаёмаў, ажыцьцяўляюць кантроль за іх выкарыстоўваньнем. Ва ўгодзьдзі мясцовае насельніцтва зьбірае ягады й грыбы, нарыхтоўвае дровы й сена. Акрамя таго, тут разводзіцца каштоўны пушны зьвярок — андатра.

Буйны масіў забалочаных цяжкадаступных лясоў у басэйне возера й пойме ракі Случы зьяўляецца адным з самых важных у краіне месцам гнездаваньня 6—8 пар глябальна пагражаемага віду — вялікага арляца Aquila clanga. Тутака таксама адзначана гнездаваньне занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь шэрага жураўля Grus grus, чорнага бусла Ciconia nigra, арлана-белахвоста Haliaeetus albicilla, малога арляца Aquila pomarina, арла-вужаеда Circaetus gallicus, пугача Bubo bubo і беласьпіннага дзятла Dendrocopos leucotos. Мяркуецца гнездаваньне такога рэдкага віду, як барадатая кугакаўка Strix nebulosa. У зімовы час гэта тэрыторыя зьяўляецца паляўнічым участкам арла-маркута Aquila chrysaetos.

Ядро фаўністычнага комплексу ўтвараюць віды, экалягічна зьвязаныя зь ляснымі й балотнымі экасыстэмамі. У выніку малой асвоенасьці й цяжкадаступнасьці тэрыторыі тут жывуць найбольш рэдкія й экалягічна адчувальныя прадстаўнікі фаўны рэгіёна, у тым ліку й пагражаемыя ў Эўропе віды: выдра Lutra lutra, рачны бабёр Castor fiber, рысь Lynx lynx, воўк Canis lupus, балотная чарапаха Emys orbicularis, квакша Hyla arborea.

Ва ўгодзьдзі жывуць практычна ўсе паляўнічыя віды млекакормячых: дзік Sus scrofa, эўрапейская казуля, лось Alces alces, заяц-бяляк, заяц-русак, андатра Ondatra zibethica, звычайная вавёрка, лісіца звычайная Vulpes vulpes, куніца лясная Martes martes, тхор лясны Mustela putorius, ласка Mustela nivalis, гарнастай Mustela erminea, норка амэрыканская Mustela vison, янотападобны сабака.

Флёра ТВП зараз моцна зьбедненая ў выніку дзейнасьці чалавека.

З флярыстычнага пункту гледжаньня найбольш каштоўнымі зьяўляюцца старыя шырокалісьцёвыя й хвойныя лясы, якія растуць па сухіх градах сярод балот і насычаны рэдкімі відамі расьлінаў. Прыродаахоўны інтарэс уяўляюць таксама нізінныя балоты й лугі, якія прымыкаюць да возера. Менавіта тут адзначана трысьцяніца мурожнікавая Scolochloa festucacea — вельмі рэдкі від злакаў, які быў знойдзены ў Гомельскай вобласьці ўпершыню. Цікава, што на ўчастках, забалочаных каля 15 гадоў назад, пачынаюць зьяўляцца рэдкія віды расьлінаў, і можна меркаваць, што пры аднаўленьні натуральнага гідралягічнага рэжыму адбудзецца паступовае зьяўленьне расьлінных супольніцтваў, якія расьлі тут да асушэньня.

Неспрыяльныя фактары

рэдагаваць

Асноўнымі відамі пагроз для прыродных супольніцтваў ТВП зьяўляюцца торфараспрацоўкі й зьвязанае зь імі асушэньне, пажары й лесанарыхтоўкі.

У выніку асушэньня й торфараспрацоўкі балотнага масіву «Булеў Мох» быў парушаны гідралягічны рэжым возера, адбылася трансфармацыя прылягаючых лясных супольніцтваў у зьбедненыя мэліярацыйна-ўтвораныя фітацэнозы. Нягледзячы на тое, што старая торфараспрацоўка затоплена, гідралягічны рэжым тэрыторыі да гэтага часу цалкам не аднавіўся. Зараз торфаздабыча вядзецца на поўначы ад ТВП. Сучасныя пляцоўкі здабычы торфу прылягаюць непасрэдна да самых каштоўных участкаў лесу й парушаюць яго гідралягічны рэжым.

Нэгатыўны ўплыў на гідралягічны рэжым тэрыторыі аказваюць і мэліярацыйныя каналы, якія праходзяць празь леса-балотны масіў.

Пажары зьяўляюцца вынікам парушэньня гідралягічнага рэжыму, узьнікшага з-за асушэньня тэрыторыі. Найбольшую страту яны прыносяць у засушлівыя гады — толькі ў 2002 годзе тут выгарэла некалькі сотняў гектараў лесу. Так як дарожная сетка разьвіта слаба, тушыць гэтыя пажары вельмі цяжка.

Высечкі лесу з прычыны высокай забалочанасьці тэрыторыі носяць абмежаваны характар і праводзяцца ў асноўным на ўзвышшах. Тым ня менш, захоўваецца пагроза высечкі старых лясоў па ўскраінах балот і градах, якія зьяўляюцца месцамі пражываньня й росту рэдкіх жывёл і расьлінаў. Такія месцы неабходна ўзяць пад ахову.

Ахоўныя захады

рэдагаваць

Дзеля захаваньня аднаго з найважнейшых у Беларусі месцаў гнездаваньня вялікага арляца неабходна прыдаць угодзьдзю статус рэспубліканскага ляндшафтнага заказьніку й распрацаваць шматгадовы плян кіраваньня. Асабліва важна зьвесьці да мінімуму, а пасьля й увогуле выключыць нэгатыўны ўплыў торфаздабычы на гідралягічны рэжым ляснога масіву. У пэрспэктыве, па меры іх вываду з эксплюатацыі, трэба праводзіць затапленьне тарфяных палёў на тэрыторыях, што прылягаюць да ўгодзьдзя. Дзеля амаладжэньня возера й ператварэньні яго ў высокапрадуктыўны вадаём неабходны ўздым узроўню ня менш чым на 70—80 см.

  1. ^ Зьнішчэньне традыцыйнай гістарычнай тапаніміі — адзін з захадаў палітыкі гвалтоўнай русіфікацыі і дэнацыяналізацыі беларусаў
  1. ^ У абдоймах вады: легендарныя беларускія астравы, Радыё Свабода, 3 кастрычніка 2016 г.
  2. ^ Рогалев А. Ф. Географические названия в калейдоскопе времён. — Гомель: Барк, 2011. С. 48, 51.
  3. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 488.
  4. ^ Постановление Центрального Исполнительного комитета и Совета Народных Комиссаров БССР от 5 декабря 1931 г. № 284 Об изменении территории некоторых районов и сельских советов и о переименновании сельских советов, деревень и озера «Князь» // Збор законаў і распараджэнняў Рабоча-Сялянскага Ўрада Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. — 1931, № 51, аддз. 1.
  5. ^ а б в г Чырвонае возера // БЭ. — Мн.: 2003 Т. 16. С. 313
  6. ^ Ірына Асташкевіч, Алена Даўжанок. Каб разьвівацца, трэба будаваць // Зьвязда : газэта. — 19 траўня 2012. — № 94 (27209). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
  7. ^ Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2012 год (8 369,71 за даляр) // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 2013 г. Праверана 6 верасьня 2017 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць