Ва́шку да Га́ма (па-партугальску: Vasco da Gama; 1469, Сыніш, Партугалія — 23 сьнежня 1524, Качын, Партугальская Індыя) — партугальскі дасьледчык, вядомы як першы эўрапеец, які зьдзейсьніў марское вандраваньне ў Індыю. Да Гама зьяўляецца адным з самых вядомых і знакамітых дасьледчыкаў часоў геаграфічных адкрыцьцяў, ёсьць першым эўрапейцам, які дасягнуў Індыі марскім шляхам. Гэта адкрыцьцё сталася вельмі важным і праклала шлях партугальцам да каляніяльнай імпэрыі ў Азіі. Дзякуючы знойдзенаму маршруту партугальцам цяпер не было патрэбы перасякаць Міжземнае мора й небясьпечную Арабію, каб дасягнуць Індыі, падарожнічаць можна было праз мора.

Вашку да Гама
парт. Vasco da Gama
Lisboa-Museu Nacional de Arte Antiga-Retrato dito de Vasco da Gama-20140917.jpg
Род дзейнасьці падарожнік
Дата нараджэньня 1469(1469)
Месца нараджэньня Сыніш, Партугалія
Дата сьмерці 23 сьнежня 1524
Месца сьмерці Качы, Партугальская Індыя
Прычына сьмерці малярыя
Месца пахаваньня Кляштар еранімітаў
Грамадзянства Каралеўства Партугалія[1]
Занятак падарожнік-дасьледнік, падарожнік вакол сьвету і мараплавец
Бацька Эштэван да Гама
Маці Ізабэла Содры
Жонка Катарына ды Атайдзі
Дзеці Эштэван
Крыставан
Подпіс Vasco da Gama signature almirante.svg

Пасьля дзесяцігодзьдзяў спробаў маракоў дасягнуць берагоў Індыі, да Гама прыбыў на караблях у Калікуту 20 траўня 1498 году. Дасягненьне легендарнага індыйскага маршруту спэцыяў дапамагло партугальскай імпэрыі актывізаваць сваю эканоміку, якая пачала базавацца галоўным чынам заснаваныя на зьдзелках, складзеных з паўночнай і прыбярэжнай Заходняй Афрыкай. Спэцыі ўлучалі ў сябе ў асноўным перац і карыцу, але неўзабаве гандаль пачаў ісьці й зь некаторымі новымі прадуктамі, якіх у Эўропе яшчэ ня ведалі, што прывяло да камэрцыйнай манаполіі на працягу некалькіх дзесяцігодзьдзяў.

Гама ўзначальваў два партугальскія падарожжы ў Індыю, першае й чацьвертае, у апошняе зь якіх накіраваўся ўсяго толькі праз чатыры гады пасьля прыбыцьця зь першага. Дзякуючы гістарычнаму ўнёску да Гама быў назначаны каралём Партугаліі ў 1524 годзе губэрнатарам Індыі пад тытулам віцэ-караля.

У сакавіку 2016 году тысячы артэфактаў і марскіх парэшткаў былі вынятыя з загінулага карабеля «Эсмэральда», аднага з армады да Гамы, знойдзеных ля ўзьбярэжжа Аману[2].

БіяграфіяРэдагаваць

Вашку да Гама нарадзіўся ў 1469 годзе ў сям’і алкайда гораду Сыніш і магістра ордэна Сант’яга Эштэвана да Гамы (1430—1497). Маці — Ізабэла Содры, продкі якой паходзілі з Ангельшчыны[3]. Месца нараджэння дакладна невядомае. Вашку да Гама быў трэцім зь пяці сыноў Эштэвана і Ізабэлы. Вашку таксама меў і сястру Тэрэзу[3].

Мала што вядома аб раньнім пэрыядзе жыцьця Вашку да Гамы. Партугальскі гісторык Тэйшэйра ды Араган мяркуе, што Вашку да Гама атрымліваў адукацыю ў горадзе Эвора, дзе, магчыма, вывучаў матэматыку і навігацыю. Каля 1480 году Вашку ўступіў у ордэн Сант’яга. Магістрам ордэну быў князь Жуан, які ў 1481 годзе ўступіў на сталец Партугаліі пад імём Жуана II. У 1492 годзе Жуан II накіраваў Вашку да Гама на місію ў порце Сэтубал і Алгарвэ з мэтай захапіць францускія караблі. Гэтую задачу да Гама хутка і пасьпяхова выканаў[4].

На пачатку XV стагодзьдзя партугальцы ладзілі экспэдыцыі, арганізаваныя прынцам Генрыхам Мараплаўцам, маршрут якіх цягнуўся ўздоўж берагавой лініі Афрыкі, у асноўным у пошуках заходнеафрыканскіх багацьцяў, у прыватнасьці, золата. Гэта дазволіла пашырыць геаграфічныя веды ў Партугаліі, але карысьці амаль не прынесла. Пасьля сьмерці Генрыха ў 1460 годзе партугальская карона не выяўляла асаблівай зацікаўленасьці да працягу гэтых экспэдыцыяў, дзякуючы чаму ў 1469 годзе ліцэнзія занядбанага афрыканскага прадпрыемства была набытая прыватным лісабонскім гандлёвым кансорцыюмам на чале з Фэрнанам Гомішам.

Першая экспэдыцыяРэдагаваць

 
Да Гама выпраўлецца зь Лісабону ў сваё першае падарожжа.
 
Шлях, які прайшоў да Гама ў час першай выправы да Індыі.
 
Да Гама ў Калікуце працы Роке Гамэйру, 1900 год.

Існуе вэрсія, паводле якой кароль Мануэл I першапачаткова даручыў экспэдыцыю ў Індыю бацьку Вашку да Гамы, але ў сувязі зь ягонай сьмерцю ў ліпені 1497 году Вашку да Гама прыняў камандаваньне экспэдыцыяй на сябе і выправіўся ў шлях зь Лісабону на чатырох карабелях 8 ліпеня 1497 году[5], абыйшоў Афрыку з поўдня, абмінуўшы мыс Добрай Надзеі. Адлегласьць, якую экіпаж прайшоў у падарожжы вакол Афрыкі да Індыі і назад, была большая за даўжыню экватару[5][6]. У лік навігатараў увайшлі самыя дасьведчаныя мараплаўцы Партугаліі, як то Пэру дзі Аленкер, Пэру Эшкабар, Жуан дзі Каімбра і Афонсу Гансалвіш. Дакладна невядома, колькі чалавек налічвалася ў экіпажы кожнага карабеля, але, як вядома, прыблізна 55 чалавек вярнуліся назад з падарожжа, а два карабелі былі страчаныя. Першапачаткова каманда прайшла маршрут, які праходзілі папярэднія дасьледчыкі ўздоўж узьбярэжжа Афрыкі праз Тэнэрыфэ і астравы Каба-Вэрдэ. Выйшаўшы да ўзьбярэжжа цяперашняй Сьера-Леонэ, да Гама ўзяў курс на поўдзень у адкрыты акіян, перасёкшы экватар і шукаючы паўднёва-атлянтычныя заходнія тэрыторыі, якія адкрыў яшчэ Барталамеў Дыяш у 1487 годзе[7]. Намаганьні да Гамы апынуліся пасьпяховым, і 4 лістапада 1497 году экспэдыцыя высадзілася на ўзьбярэжжы Афрыкі. За тры месяцы карабелі праплылі больш за 10 тысяч кілямэтраў адкрытага акіяну, і гэтае падарожжа, безумоўна, на той момант лічыліся самым доўгі[5][8]. Мараплавец дасягнуў паўднёва-заходняга берагу Індыі 20 траўня 1498 году. Ля мысу Добрай Надзеі грузавы карабель з флятыліі разгрузіў правіянт на іншыя суднiны і павярнуў дадому.

Да 16 сьнежня флятылія ўжо прашла Вялікую рыбную раку, якая на сёньня працякае ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, і дайшла да месца, дзе Дыяш стаяў, спусьціўшы катвігу ў ваду. Да Гама рушыў далей і паплыў у воды, якія раней былі невядомыя эўрапейцам. У чаканьні Калядаў да Гама і ягоны экіпаж прысталі да ўзьбярэжжа, якое яны нараклі Наталам, што з партугальскае мовы перакладаецца як нараджэньне Хрыстова. З 2 па 29 сакавіка 1498 году каманды правяла час на астравах у ваколіцах вострава Мазамбіку. Тэрыторыя, кантраляваная арабамі, на ўзьбярэжжы Ўсходняй Афрыкі была неад’емнай часткай гандлёвай сеткі ў Індыйскім акіяне. Баючыся, што мясцовае насельніцтва будзе варожа ставіцца да хрысьціянаў, да Гама выдаў сябе за мусульманіна і атрымаў аўдыенцыю ў султану Мазамбіка. Зь мізэрнымі гандлёвымі падарункамі, якія ён павінен быў прапанаваць мясцоваму ўладару, дасьледчык ня здолеў задавольніць тубыльнага кіраўніка. Неўзабаве мясцовае насельніцтва стала падазрона ставіцца да Гамы і ягоных людзей. Вымушаны ўцячы з Мазамбіку, да Гама выправіўшыся ад гавані, адпомсьціў ім гарматавымі выбухамі па горадзе[9]. У ваколіцах сучаснай Кеніі экспэдыцыя занялася пірацтвам, рабуючы арабскія гандлёвыя карабелі, якія, як правіла, рухаліся гандлявымі маршрутамі бяззбройнымі бязь цяжкіх гарматаў. Партугальцы сталі першымі вядомымі эўрапейцамі, якія наведалі порт Мамбаса з 7 па 13 красавіка 1498 году, але сустрэлі іх тамака варожа і неўзабаве яны хутка адтуль выправіліся далей.

Вашку да Гама працягваў рух на поўнач, увайшоўшы 14 красавіка 1498 году ў порт Маліндзі, кіраўнікі якога больш прыязна паставіліся да чужынцаў, бо канфліктавалі з кіраўнікамі Мамбасы. Там экспэдыцыя ўпершыню адзначыла, што ў гэтым месцы бывалі індыйскія гандляры. Да Гама і ягоны экіпаж нанялі тут навігатара, які быў дасьведчаны ў ведах пра мясцовыя мусонныя вятры і быў здольны накіраваць экспэдыцыю ажно да самай Калікуты, разьмешчанай на паўднёва-заходнім узьбярэжжы Індыі. Крыніцы разыходзяцца ў пытаньнях асобы гэтага найміта, называючы яго хрысьціянінам, мусульманінам альбо гуджаратаўцам. Згодна з адной з вэрсіяў тым самым наймітам быў вядомы арабскі мараплаўца Ібн Маджыд, аднак іншыя зьвесткі ўказваюць на тое, што Маджыд ня мог быць у тым месцах у гэты час[10]. Тым болей, што аніхто з партугальскіх гісторыкаў таго часу ня згадваў пра Ібн Маджыда. Вашка да Гама выправіўся з Маліндзі ў Індыю 24 красавіка 1498 году.

 
Помны камень каля Калікуты, збудаваны ў гонар высадцы Вашку да Гамы.

20 траўня 1498 году флёт прыбыў да Кападу каля гораду Калікут на ўзьбярэжжа Малабар, месца, якое сёньня ёсьць часткай штату Керала сучаснай Індыі. Кароль Калікуты, які насіў тытул замарына, у гэты час знаходзіўся ў сваёй другой сталіцы ў Панані, але вярнуўся ў Калікут, пачуўшы вестку аб прыбыцьці замежнага флёту. Да Гама быў прыняты з традыцыйнай гасьціннасьцю, у тым ліку грандыёзнай працэсіяй, у якой узялі ўдзел ня менш за 3 тысячы ўзброеных наіраў, але сустрэча з замарынам не дала ніякіх канкрэтных вынікаў. Калі мясцовыя ўлады спыталі партугальцаў навошта яны прыбылі ў Індыю, тыя адказалі, што шукаюць хрысьціянаў і спэцыі[11]. Падарункі, якія да Гама прэзэнтаваў замарыну ад імя партугальскага караля Мануэла, ​​былі даволі сьціплымі, таму ня здолелі ўразіць індыйскага кіраўніка. У той час як чыноўнікі замарына зьдзівіліся, што сярод парарункаў няма золата і срэбра, мусульманскія купцы, якія лічылі да Гаму сваім супернікам, выказалі здагадку, што партугалец быў звычайным піратам, а не каралеўскім амбасадарам[12]. Запыт Вашку да Гамы аб дазволе зафундаваць факторыю, дзе продажу тавараў, якія, аднак, не карысталіся попытам, быў адхілены замарынам, які настойваў на тым, каб да Гама плаціў мытныя пошліны — пажадана ў золаце — як любы іншы гандляр, што напружвала адносіны паміж імі. Раздражнёны гэтым, да Гама гвалтам вывез з сабой некалькі наіраў і шаснаццаць мясцовых рыбакоў і выправіўся назад на радзіму[13].

Да Гама пакінуў Калікут 29 жніўня 1498 году, імкнучыся хутчэй вярнуцца дадому, ён праігнараваў мусонныя вятры, якія ўсё яшчэ дзьмулі ў кірунку да берага. Першапачаткова флёт рушыў на поўнач уздоўж узьбярэжжа Індыі, а потым высадзіўся на востраве Анжэдыва дзеля кароткага адпачынку. Нарэшце яны выйшлі ў Індыйскі акіян 3 кастрычніка 1498 году. Але, калі зімовы мусон яшчэ не наступіў, падарожжа было досыць пакутлівым. Выпраўляючыся яшчэ ў Індыю ў першай палове году разам зь летнім мусонным ветрам, флёт да Гамы перасёк тады Індыйскі акіян толькі за 23 дні, а цяпер на зваротным шляху, плывучы супраць ветру, на гэтую апэрацыю спатрэбілася 132 дні.

Наступным разам каманда партугальскай флятыліі зноўку пабачыла зямлю толькі 2 студзеня 1499 году, праходзячы на карабелі міма прыбярэжнага самалійскага гораду Магадышу, які тады быў часткай Аджуранскага султанату. Флёт не спыніўся ў горадзе, але партугальцы адзначылі, што гэта быў вялікі горад з дамамі ў чатыры ці пяць паверхаў і вялікімі палацамі ў цэнтры гораду, а таксама мноствам мячэтаў з цыліндрычнымі мінарэтамі. Флёт да Гамы прыбыў у Маліндзі 7 студзеня 1499 году ў жудасным стане, бо прыблізна палова экіпажу загінула падчас пераправы праз акіян, а большасьць астатніх маракоў пакутавала на цынгу. Ня маючы дастатковай колькасьці чальцоў экіпажу, каб кіраваць трыма карабелямі, да Гама загадаў зьнішчыць карабель Сан-Рафаэл, а экіпаж пераразмеркаваць на астатнія два карабелі Сан-Габрыел і Бэрыю. Пасьля гэтага плаваньне стала менш цяжкім. 20 сакавіка экспэдыцыя пераправіліся праз мыс Добрай Надзеі ў зваротным кірунку, дасягнуўшы заходнеафрыканскага ўзьбярэжжа да 25 красавіка.

Дзёньнікавыя запісы экспэдыцыі тут раптоўна сканчваюцца. Рэканструюючы падзеі зь іншых крыніцаў, верагодна, яны працягвалі шлях да Каба-Вэрдэ, дзе карабель Бэрыю, ачолены Нікалаў Каэльлю, аддзяліўся ад Сан-Габрыела, якім камандаваў Вашку да Гамы, і адплыў у Партугалію[14]. Бэрыю прыбыў у Лісабон 10 ліпеня 1499 году, і Нікалаў Каэльлю асабіста даслаў гэтую навіну каралю Мануэлу I. Тым часам, яшчэ на Каба-Вэрдэ, брат да Гамы, Паўлу да Гама, цяжка захварэў. Да Гама вырашыў застацца побач з братам на востраве Сант’ягу і перадаў Сан-Габрыел у камандваньне Жуану дзі Са, каб той адвёз яго дадому. Сан-Габрыел пад кіраўніцтвам Са прыбыў у Лісабон дзесьці ў канцы ліпеня альбо ў пачатку жніўня. У рэшце рэшт да Гама і ягоны хваравіты брат вярнуліся ў Партугалію з гвінэйскай каравэляй, але Паўлу памёр у дарозе. Да Гама высадзіўся на Азорскіх астравах, каб пахаваць брата ў манастыры Сан-Францыска ў Ангра-ду-Эраіжму, і крыху затрымаўся там праз жалобу. У рэшце рэшт ён на азорскай каравэле ён, нарэшце, прыбыў у Лісабон 29 жніўня 1499 году альбо ў пачатку верасьня[5].

Вярнуўшыся ў Партугалію, Вашку да Гама быў сустрэты зь вялікай пашанай, атрымаў буйную грашовую ўзнагароду і тытул «Адмірал Індыйскага акіяна», а таксама тытул Дон і горад Сыніш і Віла-Нова-ды-Мілфантэш у вотчыну. Аднак Сыніш усё яшчэ належыў ордэну Сант’яга. Магістар ордэна Жоржы дзі Ленкаштры не падтрымаў гэты падарунак, не зважаючы на тое, што да Гама належыў да ордэну і быў адным з самых блізкіх паплечнікаў самога Ленкаштры. Але той факт, што кароль узнагароджвае іншых землямі ордэны, вымусіў магістра адмовіцца ад прынцыповасьці, каб не падштурхнуць караля у будучым да іншых падобных падарункаў[15]. Наступныя некалькі гадоў да Гама праводзіў у спробах авалодаць Сынішам, што ў сваю чаргу падштурхнула да Гама адмовіцца ад ордэна ну карысьць канкуруючага ордэну Хрыста. Каля 1501 году мараплаўца ажаніўся з Катарынай дзі Атаідзі, якая была зьвязана сваяцтвам з магутнай сям’ёй Алмэйда[16]. Годнасьць адмірала дала яму прывілей з боку караля ўмешвацца ў партугальскія справы датычныя да стасункаў зь Індыяй.

Другая экспэдыцыяРэдагаваць

 
Мапа Малабарскага ўзьбярэжжа Індыі, якая паказвае маршрут і баявыя дзеяньні армады да Гама.

Наступная партугальская экспэдыцыя, званая Другой індыйскай армадай, была распачатая ў 1500 годзе пад камандаваньнем Пэдру Кабрала зь місіяй заключыць дамову з замарынам на стварэньне ў Калікуце партугальскай факторыі. Аднак Кабрал уступіў у канфлікт зь мясцовымі арабскімі гандлёвымі гільдыямі, у выніку чаго факторыю ахапіў бунт, і каля 70 партугальцаў былі забітыя. Кабрал абвінаваціў замарына ў гэтым інцыдэнце і абстрэліў горад. Такім чынам, пачалася вайна паміж Партугаліяй і Калікутам.

Вашку да Гама зьвярнуўся да свайго права, каб узяць на сябе камандаваньне Чацьвёртай індыйскай армадай, якая павінна была распачацца ў 1502 годзе, зь відавочнай мэтай адпомсьціць замарыну і прымусіць яго падпарадкавацца партугальскім умовам. Цяжка ўзброены флёт, які складаўся зь пятнаццаці карабеляў, і васьмісот чалавек экіпажу пакінулі Лісабон 12 лютага 1502 году. У красавіку за ім рушыла яшчэ адна эскадра зь пяці карабеляў на чале зь ягоным стрыечным братам Эштэванам да Гамам, які дагнаў іх у Індыйскім акіяне. Чацьвёртая армада была сапраўднай сямейнай справай да Гамы. Два ягоныя дзядзькі па маці, Вісэнці Содры і Браш Содры, былі загадзя прызначаныя камандаваць марскім патрулём у Індыйскім акіяне, а швагер Алвару дзі Атаідзі, брат жонкі Катарыны, і Лопа Мэндыш дзі Васкунсэлуш, які быў заручаны зь сястрой Вашку Тэрэзай да Гама, ачолелі карабелі асноўнага флёту.

Падчас падарожжа флёт да Гамы адкрыў гандлёвы порт Сафала ва Ўсходняй Афрыцы, які на сёньня месьціцца на тэрыторыі Мазамбіку. Порт належыў султану Кілвы, якога да Гама прымусіў сплаціць даніну, атрымаўшы значную колькасьць золата. Дабраўшыся да Індыі ў кастрычніку 1502 году, флёт да Гамы браў у палон любую арабскую судніну, якая яму траплялася ў індыйскіх водах. Сярод захопленых была паломніцкая судніна з Мэкі, пасажыраў якой партугальцы гвалтоўна забілі[17]. Да Гама зьявіўся перад Калікутам, патрабуючы кампэнсацыю за дрэннае абыходжаньне з Кабралам. У той час, як замарын быў гатовы падпісаць новую ўгоду з партугальцамі[18], да Гама зьвярнуўся да караля з патрабаваньнем выслаць з краіны усіх мусульманаў да пачатку перамоваў, аднак, гэтае патрабаваньне было адхіленае. Пасьля таго партугальскі флёт амаль два дні бамбаваў горад з марскога берагу, наносячы вялікую шкоду неўмацаванаму гораду. Да Гама таксама захапіў некалькі транспартных карабеляў, якія перавозілі рыс, і загадаў адрэзаць экіпажу рукі, вушы і насы, адправіўшы іх з абразлівым паведамленьнем да замарына[19].

Жоркасьць да Гамы, хутка прывяла да спыненьня гандлю на Малабарскім узьбярэжжы, ад якога залежыў Калікут. Але, замарын тым ня менш адмовіўся падпарадкавацца партугальскім умовам і нават адважыўся наняць флёт моцных вайсковых карабеляў, каб кінуць выклік армадзе да Гамы. Партугальцы, аднак, здолелі перамагчы ў марской бітве перад гаваньню Калікуты. Да Гама загрузіў свае судніны спэцыямі ў Кочыне і Кануры, невялічкіх суседнія каралеўствах, якія напалову былі васальныя да замарына, але знаходзіліся зь ім у стане вайны. Чацьвёртая армада пакінула Індыю ў пачатку 1503 году, а да Гама пакінуў толькі невялікую эскадру каравэляў, ачоленыя ягоным дзядзькам Вісэнці Содры, з мэтай патруляваньня індыйскага ўзьбярэжжа і працягу перасьледу арабскіх суднінаў і абароны партугальскіх факторыяў у Кочыне і Кануры ад непазьбежнаў расправы з боку замарына. Вашку да Гама вярнуўся ў Партугалію ў верасьні 1503 году, фактычна праваліўшы місію, бо замарын не прысягнуў на вернасьць партугальцам. Гэтая няўдача і наступная яшчэ больш жудасная няздольнасьць ягонага дзядзькі Вісэнці Содры абараніць партугальскае прадпрыемства ў Кочыне, верагодна, паклала канец каралеўскай прыязнасьці да мараплаўца. Калі Мануэл I прыняў рашэньне аб прызначэньні першага губэрнатара і намесьніка ў партугальскай Індыі ў 1505 годзе, пасада была аддадзеная Франсішку дзі Алмэйдзе.

Жыцьцё ў ПартугалііРэдагаваць

 
Царква Сьвятога Францыска ў Качыне, дзе першапачаткова быў пахаваны да Гама.

На працягу наступных двух дзесяцігодзьдзяў Вашку да Гама спакойна бавіў час, пры гэтым ён не зьяўляўся пры каралеўскім двары і быў адхілены ад індыйскіх справаў. Ягоныя спробы вярнуць ласку Мануэла I не прынесьлі плёну. Кароль прызначаў губэрнатарамі Індыі пасьля Франсішкі дзі Алмэйды Афонсу дзі Албукеркі а, пазьней, Лопу Суарыша дзі Албэргарыю і Дыёгу Лопіша дзі Сэкейра.

Пасьля таго, як у 1518 годзе Фэрнан Магелан перайшоў на бок Кастыліі, Вашку да Гама засьцярог караля, што можа зрабіць тое ж самае, што падштурхнула Мануэла захаваць яго ў Партугаліі, дзеля пазьбяганьня няёмкасьці праз страту ўласнага адмірала Індыі на карысьць Гішпаніі[20]. У 1519 годзе, пасьля некалькіх гадоў ігнараваньня хадайніцтваў мараплаўца, кароль Мануэл I нарэшце пасьпяшаўся даць Вашку да Гаме фэадальны тытул, прызначыўшы яго першым графам Відыгейры, графскім тытулам, створаным адмысловым каралеўскім указам, выдадзеным у Эвары 29 сьнежня, пасьля складанага пагадненьня з донам Жаймэ, герцагам Браганса, які саступіў пасьля аплату гарады Відыгейра і Віла-дзі-Фрадыш. Каралеўскі загад прадаставіў да Гаме і ягоным спадчыньнікам прыбытак і прывілеі, зьвязаныя з гарадамі, усталяваўшы такім чынам да Гаму першым партугальскім графам, які ня меў сваяцтва з каралеўскімі асобамі[21].

Трэцяя экспэдыцыяРэдагаваць

Пасьля сьмерці караля Мануэла I у канцы 1521 году, ягоны сын і пераемнік кароль Партугаліі Жуан III прыступіў да перагляду партугальскага ўрада ў калёніях. Адвярнуўшыся ад старой купкі Албукеркі, якую цяпер прадстаўляў Дыёгу Лопіш дэ Сэкейра, Жуан III шукаў новых людзей. Вашку да Гама зноўку выйшаў са свайго палітычнага зацьменьня, заняўшы пасаду важнага дарадцы па прызначэньнях і стратэгіяў новага караля. Разглядаючы новую гішпанскую пагрозу для Малуцкіх астравоў ў якасьці прыярытнай, да Гама засьцярог ад празьмернай апантанасьці Арабіяй, якое пранізвала большую частку пэрыяду панаваньня Мануэла, і працягвала заставацца галоўнай праблемай Дуарці дзі Мэнэзіша, тагачаснага губэрнатара Партугальскай Індыі. Мэнэзіш да таго ж апынуўся некампэтэнтным і карумпаваным чыноўнікам, на што паступалі шматлікія скаргі. У выніку Жуан III вырашыў прызначыць на месца Мэнэзіша самога Вашку да Гаму, упэўнены, што ягонае імя і памяць пра былыя справы дасьледніка могуць палепшыць аўтарытэт і ўмацаваць уладу ў Партугальскай Індыі і скіраваць пераход да новага ўраду і новай стратэгіі.

Лістом аб прызначэньні ад лютага 1524 году Жуан III прысвоіў да Гаме прывілеяваны тытул віцэ-караля. Такім чынам, ён стаў толькі другім партугальскім губэрнатарам на той час, хто атрымаў гэты тытул, а першым быў Франсішку дэ Алмэйда ў 1505 годзе[22]. Ягоны другі сын Эштэван да Гама быў прызначаны капітан-маёрам Індыйскага мора, камандзірам марскога патрульнага флёту Індыйскага акіяну, замяніўшы на гэтае пасадзе брата папярэдніка Вашку да Гамы Луіша дэ Мэнэзіша. У якасьці апошняй умовы да Гама дамогся ад Жуана III абавязацельства прызначыць усіх сваіх сыноў капітанамі ў Малацы.

Выправіўшыся ў красавіку 1524 году, з флётам з чатырнаццаці карабеляў, Вашку да Гама зрабіў сваім флягманам вядомую вялікую караку Санта-Катарына-ду-Монці-Сынай, а таксама ўзяў у сваё апошняе падарожжа ў Індыю двух сыноў Эштэвана і Паўлу. Пасьля цяжкага падарожжа, у выніку якога чатыры ці пяць карабеляў былі страчаныя, Да Гама прыбыў у Індыю ў верасьні. Дасьледнік неадкладна скарыстаўся сваімі высокімі паўнамоцтвамі намесьніка каб усталяваць новы парадак у Партугальскай Індыі, замяніўшы ўсіх старых чыноўнікаў сваімі прызначэнцамі. Але да Гама захварэў на малярыю неўзабаве пасьля прыбыцьця і памёр у горадзе Качын напярэдадні Калядаў 1524 году, праз тры месяцы пасьля таго, як прыплыў у Індыю. У адпаведнасьці з каралеўскімі ўказаньнямі пасаду губэрнатара заняў адзін з капітанаў, які прыбыў у азіяцкую краіну разам зь ім, Энрыке дэ Мэнэзіш. Сыны да Гамы, Эштэван і Паўлу, адразу страцілі свае пасады і вярнуліся ў Партугалію ў пачатку 1525 году.

Цела Вашку да Гамы было сьпярша пахаванае ў касьцёле Сьвятога Францыска, які знаходзіўся ў форце Качын, але ягоныя парэшткі былі вернутыя ў Партугалію ў 1539 годзе. Да Гама быў перапахаваны ў Відыгейры ў труне, упрыгожанай золатам і каштоўнасьцямі. Манастыр еранімітаў у Бэлеме, які стаў нэкропалем партугальскай каралеўскай Авіскай дынастыі, быў узьведзены ў пачатку 1500-х гадох паблізу пункту, дзе да Гама выправіўся ў сваё першае падарожжа. Ягонае будаўніцтва фінансавалася праз падаткі на прыбытак штогадовых партугальскіх індыйскіх армадаў. У 1880 годзе парэшткі да Гамы, гэтак жа як і выбітнага паэта Луіша дзі Камоэнша, які апісаў першае падарожжа да Гамы ў эпічнай паэме «Лусіяда» 1572 годзе, былі перанесеныя ў новыя разьбяныя труны ў нэф касьцёлу кляштара, у некалькіх мэтрах ад грабніцы каралёў Мануэла I і Жуана III, якім служыў да Гама ў свой час.

Дадатковыя зьвесткіРэдагаваць

  • Падчас аднаго з плаваньняў Вашку да Гама вымяняў у афрыканскіх тубыльцаў быка і вырабы з слановай косткі за некалькі чырвоных шапак.

КрыніцыРэдагаваць

  1. ^ LIBRIS — 2012.
  2. ^ «Shipwreck Discovered from Explorer Vasco da Gama's Fleet». National Geographic.
  3. ^ а б Subrahmanyam 1997. С. 61.
  4. ^ Subrahmanyam 1997. С. 63.
  5. ^ а б в г Diffie, Bailey W.; Winius, George D. (1977). «Foundations of the Portuguese Empire, 1415—1850». Europe and the World in the Age of Expansion. 1. — С. 176—177. — ISBN 978-0-8166-0850-8.
  6. ^ «Da Gama's Round Africa to India». Fordham University.
  7. ^ Gago Coutinho, C.V. (1951—1952). «A Nautica dos Descobrimentos: os descobrimentos maritimos visitos por um navegador». Lisbon: Agencia Geral do Ultramar. — С. 319—363
  8. ^ Fernandez-Armesto 2006. С. 177—178.
  9. ^ «Vasco da Gamma Seeks Sea Route to India». Old News Publishing.
  10. ^ Fernandez-Armesto 2006. С. 178—179.
  11. ^ Ames, Glenn J. (2005). «Vasco da Gama: Renaissance Crusader». New York: Pearson/Longman. — С. 50.
  12. ^ Castaneda, Herman Lopes de (1582). «The First Book of the Historie of the Discoveries and Conquests of the East India by the Portingals». London.
  13. ^ M.G.S. Narayanan (2006). «Calicut: The City of Truth». Calicut University Publications.
  14. ^ Subrahmanyam 1997. С. 149.
  15. ^ Subrahmanyam 1997. С. 168.
  16. ^ Subrahmanyam 1997. С. 174.
  17. ^ Subrahmanyam 1997. С. 205.
  18. ^ «Vasco da Gama Arrives in India 1498». North Park University.
  19. ^ Sreedhara Menon. A. (1967). «A Survey of Kerala History». D. C. Books Kottayam. — С. 152.
  20. ^ Subrahmanyam 1997. С. 278.
  21. ^ Subrahmanyam 1997. С. 281.
  22. ^ Subrahmanyam 1997. С. 304.

ЛітаратураРэдагаваць

Вонкавыя спасылкіРэдагаваць