Тэнэрыфэ

востраў Канарскага архіпэлягу

Тэнэры́фэ (па-гішпанску: Tenerife, [teneˈɾife]) — найбольшы востраў Канарскага архіпэлягу ў Атлянтычным акіяне. Найбольш населены востраў Гішпаніі, дзе ёсьць часткаю правінцыі Санта-Крус-дэ-Тэнэрыфэ, Аўтаномнае супольнасьці Канары. Плошча — 2034,38 км², насельніцтва — 889 936 чалавек (2014).

Тэнэрыфэ
Тэнэрыфэ з космасу
Тэнэрыфэ з космасу
Месца Канарскія астравы
Плошча 2034,38 км²
Найвышэйшы пункт 3718 м
Краіна Гішпанія
Вобласьць Санта Крус дэ Тэнэрыфэ
Насельніцтва (2014) 889 936
Каардынаты 28°16′7″ пн. ш. 16°36′20″ з. д. / 28.26861° пн. ш. 16.60556° з. д. / 28.26861; -16.60556Каардынаты: 28°16′7″ пн. ш. 16°36′20″ з. д. / 28.26861° пн. ш. 16.60556° з. д. / 28.26861; -16.60556
Тэнэрыфэ на мапе Канарскіх астравоў
Тэнэрыфэ
Тэнэрыфэ
Тэнэрыфэ

Адміністрацыйны цэнтар выспы — горад Санта-Крус-дэ-Тэнэрыфэ — сталіца аднайменнай правінцыі й разам з горадам Пальмас на высьпе Гран-Канарыя — адна зь дзьвюх сталіц аўтаномнай супольнасьці.

Штороку Тэнэрыфэ наведваюць 5 мільёнаў турыстаў — найбольш з усіх астравоў архіпэлягу — што робіць востраў адным з самых папулярных турыстычных цэнтраў Гішпаніі і сьвету. На Тэнэрыфэ ладзіцца адзін з найбольшых карнавалаў сьвету. У Санта-Крусе знаходзіцца архітэктурны сымбаль Канараў — Аўдыторыё-дэ-Тэнэрыфэ. Другі паводле велічыні горад Тэнэрыфэ — Сан-Крыстабаль-дэ-ля-Лягуна — занесены ў Сьпіс Сусьветнай спадчыны.

На востраве дзейнічаюць два аэрапорты: Паўднёвы і Паўночны.

Найвышэйшы пункт востраву — гара Тэйдэ — знаходзіцца ў аднайменным нацыянальным парку, уключаным у Сьпіс Сусьветнай спадчыны. Гара зьяўляецца адначасна трэцім паводле вышыні вульканам у сьвеце.

Геаграфія

рэдагаваць

Тэнэрыфэ знаходзіцца на поўнач ад Тропіку Рака, пасярод астатнімі Канарскімі астравамі Гран-Канарыяй, Ля-Гамэрай і Ля-Пальмай, за 300 ад Афрыкі і за 1000 км ад Пірэнэйскага паўвострава. Плошча Тэнэрыфэ — 2034,38 км². Гара Тэйдэ вышынёй 3718 м — найвышэйшы пункт Гішпаніі і трэці найвышэйшы вулькан у сьвеце.

Тэнэрыфэ — найбольшы востраў Канарскага архіпэлягу і Макаранэзіі, утвораны злучэньнем трох горных градоў Анагі, Тэна і Вальле дэ Сан Лярэнца дзякуючы вульканічнай актыўнасьці Тэйдэ. Вулькан разьмешчаны ў цэнтры вострава і бачны амаль зь любога ягонага пункту; ягонае жэрала дасягае ў даўжыню 17 км. Занатаваныя чатыры вывяржэньні вульканаў, тры зь якіх адбыліся ў XVIII стагодзьдзі, апошняе — у 1909; усе яны скончыліся без чалавечых ахвяраў.

Мінуўшчына

рэдагаваць

Першае вядомае паселішча бэрбэраў на Тэнэрыфэ зьявілася прыкладна ў 200 року да Н. Хр. Пераважна жыхары займаліся жывёлагадоўляй, таксама сельскай гаспадаркай, рыбалоўляй і лоўляй малюскаў. Пазьней утварылася каралеўства з цэнтрам у Адэхе. Па сьмерці Тынэрфэ «Вялікага» ягоныя дзевяць сыноў распачалі міжсобіцы, і каралеўства было падзеленае на дзевяць частак (мэнцэятаў).

Гішпанцы пачалі спробы захапіць Тэнэрыфэ ў 1464 року, аднак здолелі захапіць яго апошнім з Канараў у 1494—1496 высадкай Алёнса Фэрнандэс дэ Люга. Пасьля зьяўленьня на востраве эўрапейцаў мноства абарыгенаў памерлі ад інфэкцыйных захворваньняў, ад якіх ня мелі імунітэту — грыпу ды воспы. За першае стагодзьдзе на востраў прыбылі каляністы з розных канцоў Гішпанскай імпэрыі — Фляндрыі, Італіі, Нямеччыны. З ростам насельніцтва хваёвыя лясы былі вырубленыя на паліва і дзеля пашырэньня пасеўных плошчаў. З 1520-х рокаў пачалося вырошчваньне цукровага трысьнягу, пазьней таксама вінаграду, кашанілі ды бананаў.

У XVIII стагодзьдзі Тэнэрыфэ актыўна гандляваў з Амэрыкай. На экспарт пастаўлялася кашаніль, ром і цукровы трысьнёг. Мноства жыхароў перасяляліся ў Лацінскую Амэрыку, якая ўваходзіла ў Гішпанскую імпэрыю. У 1684 року перасяленцы з Канараў заснавалі на Санта-Дамінга вёску Сан-Карляс-дэ-Тэнэрыфэ(es). У 1720—1730 роках 176 сем’яў пераехалі на карыбскі востраў Пуэрта-Рыка. Удзельнічалі тэнэрыфцы і ў заснаваньні будучых паселішчаў Мантэвідэо (Уругвай), Сан-Антоніё (Тэхас), Сэнт-Бэрнард (Луізыяна).

25 ліпеня 1797 року брытанскі адмірал Гарацыё Нэльсан паспрабаваў захапіць Санта-Крус-дэ-Тэнэрыфэ. Абаронай кіраваў генэрал Антоніё Гут’ерэс дэ Атэра і Сантаяна, які здолеў нанесьці вялікія страты брытанцам, а сам Нэльсан быў паранены і ў выніку пазбавіўся правай рукі.

Да 1927 року адзінай сталіцай Канараў было места Санта-Крус-дэ-Тэнэрыфэ, адгэтуль гэты тытул дзеліцца пароўне зь Ляс-Пальмасам.

Тэнэрыфэ вядомы як «востраў вечнай вясны» (Isla de la Eterna Primavera). Дзякуючы свайму разьмяшчэньню на адной паралелі з пустыняй Сахарай ён мае цёплы трапічны клімат зь сярэдняй тэмпэратурай 18—24 °C узімку і 24—28 °C улетку. Увесь год дні пераважна сонечныя з малой колькасьцю ападкаў (за выняткам горных раёнаў). Умераны клімат ствараецца ў значнай ступені дзякуючы пасатам на поўначы вострава, а таксама халодным плыням Канараў. Уплыў марскога паветра робіць сьпякотнае надвор’е рэдкім, а мароз — амаль немагчымым. Найніжэйшая зафіксаваная ў Санта-Крусе тэмпэратура — 8,1 °C, і ў самым халодным месяцы сярэдняя тэмпэратура складае 15,8 °C. Самы цёплы месяц — жнівень, 29 °C ў Санта-Крусе, што адпавядае тэмпэратуры ў Барсэлёне або Маёрцы дзякуючы большаму марскому ўплыву. На большай вышыні, напрыклад, у Ля Лягуне, клімат пераходны да міжземнаморскага з большай колькасьцю ападкаў і меншай сярэднегадавой тэмпэратурай.

Заўважны рэзкі кантраст у клімаце ў розных месцах вострава, асабліва ў зімовы пэрыяд, калі на беразе можа грэць сонца, а на Тэйдэ ісьці сьнег. На малых вышынях клімат таксама кантрастуе ад арыднага на паўднёва-ўсходнім узьбярэжжы (Санта-Крус-дэ-Тэнэрыфэ) да міжземнаморскага на паўночна-заходнім (Буэна-Віста-дэль-Нортэ і Ля-Аратава). Наветраны паўночна-заходні бок востраву атрымлівае 73% усіх ападкаў, таму тут большая адносная вільготнасьць і менш сонца. Плювіямэтрычныя максымумы зарэгістраваныя на наветраным баку на вышыні паміж 1000 і 1200 м, пераважна ў горнай сыстэме Ля-Аратавы. У цэлым па ўсім востраве гадавая колькасьць ападкаў малая, месяцы з траўня па верасень амаль заўжды засушлівыя.

Нягледзячы на невялікія памеры, Тэнэрыфэ мае адметную экасыстэмную разнастайнасьць дзякуючы кантраснаму клімату ў розных канцах вострава. Тут растуць 1400 відаў расьлінаў, зь якіх каля 100 эндэмічныя. Фаўна вострава налічвае мноства эндэмічных бесхрыбетных і ўнікальныя віды рэптыліяў, птушак і сысуноў. Тут жывуць каля 400 відаў рыб, 56 відаў птушак, 5 відаў рэптыліяў, два віды земнаводных, 13 наземных сысуноў і некалькі тысячаў відаў бесхрыбетных, а таксама некалькі відаў марскіх чарапахаў, кітоў і дэльфінаў.

Афіцыйнымі прыроднымі сымбалямі Тэнэрыфэ лічацца блакітны юрок (Fringilla teydea) і драконавае дрэва (Dracaena draco).

Большасьць эндамічных відаў жывёлаў пасьля зьяўленьня людзей вымерлі. Сярод іх былі такія характарыстычныя для астраўнога гігантызму(en) віды, як гіганцкая яшчарка, гіганцкі пацук, гіганцкая чарапаха.

Амаль палову вострава (48,6%) займаюць ахоўныя тэрыторыі. З 146 ахоўных тэрыторыяў Канараў 43 знаходзяцца на Тэнэрыфэ. Найбольшыя зь іх — Нацыянальны парк Тэйдэ, Каронны лес ды біясфэрны заказьнік Макіза-дэ-Анага, дзе пражывае найбольшая колькасьць эндэмікаў у Эўропе.

Эканоміка

рэдагаваць

Тэнэрыфэ — эканамічная сталіца Канараў і мае найбольшы СУП на ўсім архіпэлягу. 78% прыбыткаў прыносіць сфэра паслугаў, аднак астатнія галіны ня менш важныя дзеля ўстойлівага разьвіцьця эканомікі вострава.

Тэнэрыфэ — адзін з самых папулярных турыстычных кірункаў сьвету. У 2014 року востраў наведалі 11 473 600 замежных турыстаў, ня лічачы ўнутрыгішпанскіх, дзеля якіх складае яшчэ 30% ад сярэднегадавой колькасьці.

Пераважна турызм разьвіваецца на поўдні вострава, дзякуючы цяплейшаму і сушэйшаму клімату, а таксама разгалінаванай сетцы курортаў. У апошні час стала разьвівацца інфраструктура на поўнач ад Пляя-дэ-ляс-Амэрыкас. Пасьля прынятага канарскім парлямэнтам Мараторыю, накіраванага на паляпшэньне стандартаў абслугоўваньня і ўстойлівага разьвіцьця, было забаронена будаваць на Тэнэрыфэ новыя гатэлі ніжэйшыя ўзроўнем за 5 зорак.

На турыстычным курорце Коста-Адэхе акрамя пляжаў збудаваныя разнастайныя гандлёвыя цэнтры, палі для гольфу, рэстараны, водныя паркі, жывёльныя паркі і тэатар.

Поўнач вострава мае багацейшую расьліннасьць, і асноўны турыстычны цэнтар тут — места Пуэрта-дэ-ля-Крус. Тут захавалася старая гішпанская архітэктура з паўночнаэўрапейскім уплывам, аднак з турыстычным бумам 1960-х пачалося зьмяненьне аблічча гораду, які стаў прывабнейшым. Тут знаходзіцца найлепшы заапарк сьвету паводле ацэнкі TripAdvisor — Лёра-парк.

40% астатняга сэктару эканомікі Тэнэрыфэ складаюць прамысловасьць і камэрцыя. Сельская гаспадарка складае менш за 10% СУП, аднак дапамагае захоўваць прывабныя для турыстаў культурныя каштоўнасьці вострава. Пераважна сельская гаспадарка разьвітая на паўночных схілах і залежыць ад вышыні. У прыбярэжнай паласе вырошчваюць памідоры і бананы, у пераходнай сушэйшай зоне растуць бульба, табака ды маіс, а на поўдні — цыбуля. На Тэнэрыфэ вырошчваецца больш бананаў, чым на астатніх астравох архіпэлягу, і больш за 90% ураджаю пастаўляецца на экспарт. Найбольш істотнымі пасьля бананаў прадуктамі расьлінагадоўлі зьяўляюцца памідоры, вінаград, бульба і кветкі. Канары — другая паводле велічыні рыбалоўная зона Гішпаніі.

Гістарычная спадчына

рэдагаваць

Славутасьці

рэдагаваць

На востраве захавалася вялікая колькасьць помнікаў часу заваёвы, сярод якіх катэдра ў Сан-Крыстабалі-дэ-Лягуне, касьцёлы Беззаганнага Зачацьця ў Сан-Крыстабалі-дэ-Лягуне і ў сталіцы. На востраве знаходзіцца базыліка Кандэлярыі (заступніцы Канараў). Вартыя ўвагі абарончыя замкі ў вёсцы Сан Андрэс ды па ўсім востраве.

З боку порту Санта-Крусу знаходзіцца архітэктурны сымбаль Канараў — Аўдыторыё-дэ-Тэнэрыфэ. Яшчэ адзін адметны будынак — хмарачос торэс-дэ-Санта-Крус вышынёй 120 м (найвышэйшы жылы будынак Гішпаніі).

Археалягічныя мясьціны

рэдагаваць

Захаваліся некалькі археалягічных помнікаў часоў гуанчаў, якія ўяўляюць сабой скальныя малюнкі. Большасьць такіх пячораў разьмешчаная на поўдні вострава. Самыя значныя зь іх — Пячора гуанчаў са сьлядамі пражываньня VI стагодзьдзя да Н. Хр. і Пячоры Дона Гаспара са сьведчаньнямі вядзеньня гуанчамі сельскай гаспадаркі. Абодва археалягічныя помнікі знаходзяцца ў месьце Ікод-дэ-Лёс-Вінас.

Культура

рэдагаваць

Літаратура

рэдагаваць

У XVI—XVII стагодзьдзях Антоніё дэ Віяна(es), ураджэнец Ля Лягуны, склаў эпас Старажытнасьці Пасьпяховых астравоў (Antigüedades de las Islas Afortunadas), які асабліва каштоўны антраполягам як крыніца зьвестак пра тагачасны лад жыцьця на Канарах[1]. Асьветніцтва не абышло Тэнэрыфэ, дзе дзейнічалі такія асобы, як Хасэ дэ Віера і Клявіха, Томас дэ Ірыяртэ і Арапэса, Анхель Гімэра і Хорхэ, Мэрсэдэс Пінта і Дамінг Пэрэс Мінік.

Найлепшымі канарскімі мастакамі XVII стагодзьдзя лічацца Крыстабаль Эрнандэс дэ Кінтана і Гаспар дэ Кевэда, ураджэнцы Ля Аратавы; іхняя творчасьць захавалася ў касьцёлах Тэнэрыфэ[2]. У касьцёле Пуэрта дэ ля Крусу можна пабачыць творы Люіса дэ ля Круса і Рыяса, прыдворнага мастака Фэрдынанда VII, вядомага як «Эль Канарыё»[3].

У Муніцыпальным музэі прыгожых мастацтваў(es) Санта-Крусу-дэ-Тэнэрыфэ захоўваюцца творы ўраджэнца гэтага места Валентына Санса і першага канарскага імпрэсіяніста Хуана Радрыгеса Ботаса (1880—1917)[4].

У Санта-Крусе нарадзіўся піяніст і кампазытар Тэабальда Поўэр і Люга Вінья(es), аўтар Cantos Canarios[5]. Частка ягонага твору ўзятая ў якасьці гімну Канарскіх астравоў[6].

Народная музыка Тэнэрыфэ адметная выкарыстаньнем канарскіх тымпляў(es), гітараў, бандурыяў(es), ляудаў(es) і разнастайных ударных інструмэнтаў.

Архітэктура

рэдагаваць

Тыповыя жылыя дамы на Тэнэрыфэ — простыя, драўляныя, звычайна двухпавярховыя з бальконамі і ўнутранымі дворыкамі — патыё. Дворыкі звычайна выкарыстоўваюцца як агароды.

Самым вядомым фэстам, які прываблівае турыстаў з усяго сьвету, ёсьць карнавал у Санта-Крус-дэ-Тэнэрыфэ, падчас якога ладзяцца спаборніцтвы, выступы вулічных музыкаў, мэнэстрэляў, маскарады — агулам карнавал доўжыцца дзесяць дзён[7].

Шырока адзначаюцца на востраве рэлігійныя фэсты — рамэрыі, ці пілігрымкі[8]. Гэтыя сьвяты спалучаюць хрысьціянскія традыцыі зь нехрысьціянскімі і згадваюць заступніка пэўнага месца. Пры гэтым працэсіі аздобленыя вазамі з ураджаем, скацінай, ладзяцца танцы, рыхтуюцца мясцовыя стравы, ладзяцца кірмашы, спартовыя гульні.

У гонар Кандэлярскай Божай Маці, заступніцы Канараў, ладзяцца два фэсты ў год: у лютым і жніўні. Уночы з 14 на 15 жніўня жыхары з усіх канцоў вострава выпраўляюцца ў пілігрымку да Вілы-Мар’яны-дэ-Кандэлярыі.

14 верасьня ў гонар выявы Хрыста на архіпэлягу(es) адзначаецца сьвята ў Сан-Крыстабалі.

На сьвята Цела і Крыві Хрыстовых вуліцы традыцыйна высьцілаюць дыванамі з кветак. У Ля-Аратаве вялізным дываном-мазаікай з рознакаляровай вульканічнай глебы ўсьцілаюць цэнтральны пляц. Глебу бяруць з нацыянальнага парку Тэйдэ і пасьля сьвяткаваньня вяртаюць, каб не нашкодзіць прыродзе.

На Тэнэрыфэ, як і ў цэлым у Гішпаніі, пераважаюць рыма-каталікі. Тут нарадзіліся два каталіцкія сьвятыя, місіянэры ў Амэрыцы: Пэдра дэ Сан Хасэ дэ Бэтанкур ды Хасэ дэ Анш’ета. Першы быў місіянэрам у Гватэмале і заснаваў першы ў Амэрыцы ордэн Дзевы Марыі Бэтлеемскай (Бэтлееміты); другі місіянэрстваваў у Бразыліі, быў адным з заснавальнікаў Сан-Паўлу і Рыю-дэ-Жанэйру.

Асноўныя каталіцкія храмы вострава:

Сярод іншых рэлігіяў — іслам, індуізм, будызм, пратэстанцтва, юдаізм і афраамэрыканская рэлігія.

Транспарт

рэдагаваць

На Тэнэрыфэ дзейнічаюць два аэрапорты: Паўночны — Лёс Радэос (GCXO) і Паўднёвы — Рэйна-Сафія (GCTS). Лёс-Радэос, меншы, знаходзіцца ля Санта-Крусу і Ля-Лягуны, зьдзяйсьняе міжастраўныя, унутрыдзяржаўныя і эўрапейскія пералёты, а зь нядаўнай пары і рэйсы ў Вэнэсуэлу. Рэйна-Сафія — 7-ы паводле велічыні аэрапорт Гішпаніі, абслугоўвае рэгулярныя і чартэрныя рэйсы эўрапейскіх авіялініяў. У гэтым аэрапорце ў 1977 року адбылася найсьмяротнейшая катастрофа ў гісторыі авіяцыі з гібельлю 583 чалавек.

На Тэнэрыфэ можна трапіць і паромам, якія прыбываюць у Санта-Крус або Лёс-Крыстыянас.

Хуткасныя аўтамагістралі TF1(es) і TF5(es)) праходзяць амаль праз увесь востраў, злучаючы ўсе асноўныя мястэчкі ды курорты з мэтраполіяй. Выключэньне складае заходняя частка Тэнэрыфэ ад Адэхе да Ікод-дэ-Лёс-Вінасу, дзе пракладзеная меншая горная дарога. Акрамя магістраляў, існуе разгалінаваная сетка дарог.

Грамадзкі транспарт прадстаўлены сучаснымі аўтобусамі кампаніі TITSA, якія езьдзяць рэгулярна і ва ўсе часткі вострава. Ім можна дабрацца і ў самыя аддаленыя мясьціны. Двойчы ў дзень езьдзяць маршруты на гару Тэйдэ.

  1. ^ Revista multimedia (Mundo Guanche) (гішп.) mundoguanche.com Праверана 18 красавіка 2017 г.
  2. ^ Arte en Canarias gobiernodecanarias.org Праверана 18 красавіка 2017 г.
  3. ^ Página oficial del ayuntamiento de Puerto de la Cruz (гішп.) puertodelacruz.es Праверана 18 красавіка 2017 г. Архіўная копія ад 2 March 2007 г.
  4. ^ Turismo Tenerife: Alojamiento, Carnaval, Actividades… — Tenerife (гішп.) webtenerife.com Праверана 18 красавіка 2017 г. Архіўная копія ад 15 кастрычніка 2008 г.
  5. ^  Alemán, Gilberto Teobaldo Power. — ISBN 978-84-96161-15-3
  6. ^ Himno de Canarias (гішп.) parcan.es Праверана 18 красавіка 2017 г.
  7. ^ Apartado de Fiestas de la página web del Ayuntamiento de Santa Cruz de Tenerife (гішп.) sctfe.es Праверана 18 красавіка 2017 г.
  8. ^ Turismo Tenerife: Alojamiento, Carnaval, Actividades… — Tenerife (гішп.) webtenerife.com Праверана 18 красавіка 2017 г. Архіўная копія ад 15 кастрычніка 2008 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць