Васіль Корж
Васіль Захаравіч Корж (13 студзеня [ст. ст. 1 студзеня] 1899, Хорастава, цяпер Салігорскі раён, Менская вобласьць, Беларусь — 1967, Менск, цяпер Беларусь) — удзельнік і арганізатар савецкага партызанскага руху ў Беларусі.
Васіль Захаравіч Корж | |||||||
13 студзеня 1899 — 5 траўня 1967 | |||||||
Мянушка | Камароў | ||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
Месца нараджэньня | Хорастава, Мазырскі павет, Менская губэрня, Паўночна-Заходні край, Расейская імпэрыя | ||||||
Месца сьмерці | Менск, Беларуская ССР, Савецкі Саюз | ||||||
Прыналежнасьць | Савецкі Саюз | ||||||
Род войскаў | Савецкі партызанскі рух у Беларусі | ||||||
Гады службы | 1922—1944 | ||||||
Званьне | генэрал-маёр | ||||||
Камандаваў | Пінскае партызанскае злучэньне (1942—1944) | ||||||
Бітвы/войны | Грамадзянская вайна ў Гішпаніі, Нямецка-савецкая вайна | ||||||
Узнагароды | | ||||||
Сувязі | Георгі Жукаў | ||||||
Генэрал-маёр (1943) і герой Савецкага Саюзу (1944). Аўтар успамінаў[1].
Жыцьцяпіс
рэдагавацьНарадзіўся ў сям'і Захара Рыгоравіча і Алены Фёдараўны Каржоў (памерлі ў 1935 годзе). Меў старэйшага брата Сьцяпана і 4 сястры — Парасьсю, Марыю, Антосю і Ганну. Скончыў 7-клясную школу. Служыў у Польскім войску[2].
У 1922—1925 гадох браў удзел у партызанскім руху ў Заходняй Беларусі ў складзе атрада Кірылы Арлоўскага. Ад траўня 1926 году па лістапад 1929-га займаў пасаду старшыні калгасу і штогод праходзіў вайсковую падрыхтоўку. У 1931 годзе скончыў адмысловыя курсы Аб'яднанай дзяржаўнай палітычнай управы. 15 траўня 1931 году паступіў на працу ў Народны камісарыят унутраных справаў БССР у Слуцку, дзе ў 1933 годзе пазнаёміўся камандзірам 4-й кавалерыйскай дывізіі Георгіем Жукавым. У 1936—1939 гадох загадваў партызанскім атрадам на Грамадзянскай вайне ў Гішпаніі[1], за што атрымаў ордэны Чырвоных Сьцягу і Зоркі. У лістападзе 1939 году стаў кіраўніком збожжасаўгасу імя Ланге ў Добрускім раёне Гомельскай вобласьці (Беларуская ССР). У лістападзе 1940 году заняў пасаду загадніка фінансавага сэктару Пінскага абкаму Пінскага абласнога камітэту Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ)[2]. У сьнежні 1940 году заняў пасаду загадніка Пінскага абкаму КПБ. 26 чэрвеня 1941 году ўтварыў партызанскі атрад у Пінскім раёне, які 28 чэрвеня і 4 ліпеня правёў першыя баі супраць нямецкага войска. Увосень 1941 году зладзіў партызанскі наезд на больш як 20 нямецкіх гарнізонаў у некалькіх раёнах Менскай і Палескай вобласьцяў Беларускай ССР. У жніўні 1942 году стаў сакратаром Пінскага падпольнага абкаму КПБ. У лістападзе 1942 году ўзначаліў Пінскае партызанскае злучэньне, якім загадваў да лістапада 1944 году[1]. Гэтае партызанскае злучэньне налічвала 10 000 чалавек. У 1943 годзе атрымаў годнасьць палкоўніка на прадстаўленьні Цэнтральнага штабу партызанскага руху. 16 верасьня 1943 году старшыня Савету народных камісараў СССР Ёсіф Сталін падпісаў Пастанову № 1000 аб наданьні Васілю Каржу вайсковай годнасьці генэрал-маёра, якому таксама надаў чын камандзіра дывізіі[2].
Увосень 1944 году трапіў у аўтамабільнае здарэньне, празь якое яго адправілі ў адстаўку. У 1946 годзе скончыў Вайсковую акадэмію Генэральнага штабу ў Маскве. У 1948 годзе ў адказ на прашэньне да сакратара Цэнтральнага камітэту Ўсесаюзнай камуністычнай партыі Георгія Малянкова атрымаў у Маскве 2-пакаёвую кватэру, бо меў 3-х дзяцей, у тым ліку дачку-вэтэранку Зінаіду. На лецішча ў Маскоўскай вобласьці перавёз зруб са Старобінскага раёну Беларускай ССР[2].
У 1949—1953 гадох займаў пасаду намесьніка міністра лясной гаспадаркі Беларускай ССР, на якой загадваў пасадкай новага лесу. У 1953—1963 гадох — старшыня калгасу «Партызанскі край» у Хораставе (Салігорскі раён)[1], дзе правёў мэліярацыю земляў і загадваў мэханізаваньнем гаспадаркі[2].
Успаміны
рэдагавацьСклаў партызанскі дзёньнік у выглядзе кніжкі ў скураным пераплёце, а таксама ўспаміны «Маё жыцьцё і барацьба» ў нататніках 1950—1960-х гадоў. У дзёньніку прывёў прыклады спаленьня вёсак у 1941—1942 гадох як нямецкімі карнікамі гэтак і савецкімі партызанамі падчас баёў. У 1998 годзе дзёньнік выдалі ў часопісе «Нёман» за № 2. У падрыхтоўцы дзёньніка ўзялі ўдзел дачка Зінаіда Васілеўна Корж, кіраўнік Нацыянальнага архіва Беларусі Вячаслаў Селяменеў і кандыдат гістарычных навук Яўген Бараноўскі. Успаміны Васіля Каржа пад назвай «За праўду на зямлі. Мая барацьба і праца» ахопліваюць падзеі 1940—1960-х гадоў. Зь лета 2008 году яны захоўваліся ў Нацыянальным архіве Беларусі паводле волі дачкі Зінады і зьмяшчалі разьдзелы: «Банда Булак-Балаховіча», «Крэйсьлер», «Польскі мундзір на мне — «ворагу рускіх», «Падзяка жанчыне ў Польшчы», «Сялянская псыхалёгія» і «Доўгі дзень». Ва ўспамінах крытычна ставіўся да савецкіх рэпрэсіяў супраць польскіх асаднікаў у Заходняй Беларусі[2].
Сваякі
рэдагаваць- Жонка — Кацярына Сьпірыдонаўна Корж.
- Дочкі — Зінаіда і Антаніна.
Прыходзіўся дваюрадным прадзедам сьпеваку Максу Каржу.
Ушанаваньне
рэдагавацьІмя Васіля Каржа насілі вуліцы ў Давыд-Гарадку, Лунінцы, Менску, Пінску, Салігорску, Століне і Хораставе. Таксама ў Хораставе паставілі помнік Васілю Каржу[1].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в г д Корж Васіль Захаравіч // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1999. — Т. 8: Канто — Кулі. — С. 418. — 560 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0144-3
- ^ а б в г д е Яўген Бараноўскі. Не па загадзе «зьверху» // Зьвязда : газэта. — 20 сакавіка 2014. — № 51 (27661). — С. 7. — ISSN 1990-763x.
Гэта — накід артыкула пра асобу з Беларусі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |