Баўгарская дзяржаўная чыгунка
Каардынаты: 42°41′34″ пн. ш. 23°19′41″ у. д. / 42.69278° пн. ш. 23.32806° у. д.
«Баўгарская дзяржаўная чыгунка» («БДЧ») — чыгуначнае прадпрыемства Баўгарыі, заснаванае ў жніўні 1888 году.
баўг. „Български държавни железници“ | |
Тып | акцыйнае таварыства |
---|---|
Заснаваная | 1 жніўня 1888 (136 гадоў таму) |
Уласьнікі | урад Баўгарыі |
Краіна | Баўгарыя |
Разьмяшчэньне | Сафія |
Адрас | вул. Івана Вазава, д. 3[1] |
Ключавыя фігуры | Ёрдан Мірчаў[2] |
Галіна | сфэра паслугаў |
Паслугі | чыгуначныя перавозкі грузаў і людзей |
Абарачэньне | ▲335,98 млн леваў (2020 год; 211,308 млн $) |
Апэрацыйны прыбытак | ▼5,419 млн леваў (2020 год; 3,408 млн $) |
Чысты прыбытак | ▲-12,88 млн леваў (2020 год; -8,1 млн $)[3] |
Лік супрацоўнікаў | 17 867 (2018 год) |
Матчына кампанія | Міністэрства транспарту і зносін Баўгарыі |
Даччыныя кампаніі | «Грузаперавозкі БДЧ» і «Пасажырскія перавозкі БДЧ» |
На 2022 год холдынг меў даччыныя ТАА «Пасажырскія перавозкі БДЧ» і «Грузаперавозкі БДЧ», а таксама Аддзел адпачынку, Асяродак прафэсійнага навучаньня і ТАА «Булвагон БДЧ». «БДЧ» была ўдзельніцай Міжнароднага зьвязу чыгунак (Францыя) і Арганізацыі супрацы чыгунак (Польшча), «Эўрапейскага прадпрыемства фінансаваньня чыгуначнага рухомага складу» («ЭПФЧРС»; Швайцарыя) і Супольнасьці эўрапейскіх чыгунак і інфраструктурных прадпрыемстваў (Бэльгія). Таксама холдынг браў удзел у Канфэдэрацыі працадаўцаў і прамыслоўцаў Баўгарыі ды ў Асацыяцыі прамысловага капіталу Баўгарыі[4]. Сярод іншага, холдынгу «БДЧ» належалі 2 базы адпачынку на Чорным моры — «Прыморска» і «Чыгуначнік» у Варне, а таксама горная база адпачынку «Панічыштэ»[5].
Вакзалы
рэдагавацьНа 2022 год «Баўгарская дзяржаўная чыгунка» ажыцьцяўляла ўласныя міжнародныя перавозкі паяжджанаў з Сафіі празь Відзін у румынскую Краёву, а таксама ў Бухарэст[6]. Пры гэтым, квіткі на міжнародныя цягнікі прадавалі на 11 вакзалах у такіх гарадах, як: Благоеўград, Бургас, Варна, Відзін, Вялікае Тырнава, Горная Арахавіца, Плоўдзіў, Русэ, Сафія (Цэнтральны чыгуначны вакзал Сафіі), Ураца і Старая Загора. На ўнутрыбаўгарскія перавозкі квіткі прадавалі на 84 вакзалах і 8 станцыях у 82 такіх гарадах, як: Айтас, Асэнаўград, Батанаўцы, Белазэм, Благоеўград, Брусарцы, Бургас, Бэлава, Варна, Велінград, Відзін, Вялікае Тырнава (2), Габрава, Горная Арахавіца (2), Даскалова, Дзімітраўград, Добрыч, Дранава, Дупніца, Зэмэн, Злаціца, Зьверыно, Іскар, Іхціман, Казанлык, Карлава, Карнабат, Косьценец, Кырджалі, Кюстандзіл, Лакатнік, Леўскі, Лом, Мэздра, Мэздра, Мантана, Мэтал, Новая Загора, Падуянэ, Пазарджык, Паўлікені, Первамай, Петрыч, Плевэн, Плоўдзіў, Польскі Трымбэш, Попава, Пэрнік (2), Разград, Радамір, Роман, Русэ (2), Самуіл, Санданскі, Сафія (6: па вул. Гурко д. 5, Горная баня, Народны палац культуры Сафіі, Поўнач, Цукровая фабрыка і Цэнтральны чыгуначны вакзал), Свогэ, Сілістра, Стамбалійскі, Старая Загора, Стражыца, Стралджа, Сьвіленград, Сьвіштоў, Сьлівэн, Сьліўніца, Сэптэмвры, Твырдзіца, Томпсан, Траўна, Тулава, Тырговіштэ, Улада Трычкаў, Ураца, Філіпава, Царова, Чырпан, Чэрвэн Браг, Шумэн, Элін Пэлін і Ямбал (2)[7].
Грузаперавозкі
рэдагавацьНа 2022 год «Баўгарская дзяржаўная чыгунка» ажыцьцяўляла праз даччынае ТАА «Грузаперавозкі БДЧ» перавоз прамысловых тавараў і драўніны у адкрытых і закрытых грузавых вагонах, цэмэнту — у вагонах для насыпных грузаў, вадкага паліва — у цыстэрнах, а таксама спажывецкіх тавараў у кантэйнэрах на вагонах-плятформах. Перавозку ажыцьцяўлялі ў ізаляваным вагон або блёк-цягніку паводле рэгулярнага раскладу або паводле дамоўленага маршруту. Грузы, у тым ліку надзвычай цяжкія, вялікія і небясьпечныя, маглі даставіць да чарнаморскіх прыстаняў Баўгарыі ў Бургасе і Варне, а таксама да 5 рачных прыстаняў Баўгарыі на Дунаі ў Відзіне, Ломе, Русэ, Сілістры і Сьвіштаве. Таксама з Варны грузы перавозілі паромам у Паційскі порт Грузіі, украінскі Ільчэўск (Адэская вобласьць) і паўночнакаўкаскія прыстані Расеі[8]. На кастрычнік 2018 году ў складзе «Грузаперавозак БДЧ» дзейнічала 10 вагонарамонтных цэхоў у Варне, Горнай Арахавіцы, Карнабаце, Мэздры, Падуянэ, Плоўдзіве, Пэрніку, Русэ, Сіндзеле і Старой Загоры[9]. Сярод іншага, дзейнічалі 4 лякаматыўныя дэпо ў Бургасе, Дупніцы, Русэ і Старой Загоры, а таксама 3 лякаматыўныя аддзяленьні ў Дзімітраўградзе, Карнабаце і Плевэне[10].
Мінуўшчына
рэдагаваць1 жніўня 1888 году баўгарскі ўрад Стэфана Стамбалава ўтварыў «Баўгарскую дзяржаўную чыгунку» («БДЧ»), якая займела 384 км чыгуначных шляхоў у выніку нацыяналізацыі чыгуначных лініяў Царыброд — Сафія — Белава і Русэ — Варна. Пры заснаваньні «БДЧ» мела 723 грузавыя і 11 пасажырскіх вагонаў, 28 лякаматываў і 3 вагоны-салёны, а таксама паштовыя вагоны. У 1937 годзе заказалі ўрадавы цягнік «Вітоша экспрэс» з вагонамі-салёнамі. У 1910—1918 гады ўвезьлі больш магутныя лякаматывы. 17 кастрычніка 1922 году на Ўстаноўчай нарадзе ў Парыжы (Францыя) «БДЧ» стала сузаснавальніцай Міжнароднага зьвязу чыгунак. Пасьля 1922 году набылі тэндэрныя лякаматывы 45-й сэрыі. У 1930-я гады «БДЧ» атрымала таварныя паравозы ад вугорскага прадпрыемства «Ганц»(hu) у Будапэшце. У 1934 годзе адтуль паставілі 1-ы дызэльны цеплавоз. Да 1939 году пасажырскія вагоны займелі электраасьвятленьне, паравое ацяпленьне і прыбіральні з водазабесьпячэньнем. Грузавыя вагоны аснасьцілі аўтаматычным тормазам. Укаранілі першыя электрамэханічныя станцыі засьцярогі і сыгналізацыі. На 1939 год «Баўгарская дзяржаўная чыгунка» налічвала 11 184 вагоны, зь іх 5556 (50%) адкрытых і 4693 (42%) крытых грузавых, 580 (5%) пасажырскіх і 200 (2%) фургонаў, 75 цыстэрнаў і 60 лядоўняў. Лакаматыўны парк папоўнілі сэрыямі 12, 13, 14, 15 і 20[11].
У 1948 годзе «Лякаматыўна-вагонны завод імя Георгія Дзімітрава»(bg) сабраў для «БДЧ» лякаматыў 48-й сэрыі ад нямецкага прадпрыемства «Гановэрскае машынабудаваньне»(de). У 1951 годзе пабудавалі яшчэ 2 паравозы, якія сталі адзінымі пабудаванымі ў Баўгарыі. У 1949 годзе «Вагонны завод імя Андрэя Жданава» вырабілі першы 4-восевы пасажырскі вагон для «БДЧ». У 1951-м завод «Чырвоны сьцяг» у Бургасе пабудаваў 1-ы грузавы вагон. У 1952 годзе на дзялянках Сэптэмвры — Дабрынішта і Пазарджык — Варвара (Бургаская вобласьць) пусьцілі 4 цягнікі сэрыі 0576/82 віду ВВ з 6 прычапнымі вагонамі. Іх паставіла вугорскае прадпрыемства «Ганц». У 1962 годзе чэхаславацкі завод «Шкода» ў Пльзені паставіў 4 электравозы «Е-41». Пазьней тамсама закупалі электравозы сэрыяў 42-43 і 43-П. У сакавіку 1963 годзе аўстрыйскі машынабудаўнічы завод «Сімэрынг-Грац-Паўкер»(de) (Вена) паставіў першы магістральны цеплавоз сэрыі 04/Дх 1-о1. У наступным сталі завозіць лякаматывы сэрыі 06 з Румыніі і 07 з Савецкага Саюзу. 27 красавіка 1963 году запусьцілі 1-ю электрыфікаваную дзялянку Сафія—Плоўдзіў. У 1965—1966 гадох на заходненямецкім заводзе «Гэншэль»(de) (Касэль, зямля Гэсэн) закупілі дызэль-гідраўлічныя лякаматывы 75-й сэрыі, якія з 1976 году сталі вырабляць у Румыніі. У 1965 годзе пачалі выкарыстоўваць першыя манэўраныя цеплавозы 31-й сэрыі, пабудаваныя на «Вугорскім каралеўскім дзяржаўным жалеза-стале-машыназаводзе Ганц»(hu), а таксама цеплавозы 51-й сэрыі, пабудаваныя на заводзе «Ганс Бойлер» ва Ўсходняй Нямеччыне[11].
У 1968 годзе «Рыскі вагонабудаўнічы завод» (Латвійская ССР) пачаў пастаўляць электравозы 32-й сэрыі, які разьвівалі хуткасьць да 130 км/гадзіна. Таксама з Румыніі паставілі 6-восевыя электравозы 46-й сэрыі. У Падуянах пабудавалі рамонтнае дэпо для электравозаў. Пашырылі лякаматыўныя дэпо ў Горнай Арахавіцы, Русэ, Старой Загоры і Плоўдзіве. У Сафіі, Горнай Арахавіцы і Плоўдзіве ўсталявалі электрастанцыі для кантактнай сеткі. Пазьней пачалі ўкараняць шматтонныя кантэйнэры. 1 студзеня 2002 году ў Баўгарыі ўхвалілі новы Закон «Аб чыгунцы», паводле якога нацыянальную кампанію «Баўгарская дзяржаўная чыгунка» пераўтварылі ў акцыйнае таварыства, зь якога вылучылі нацыянальную кампанію «Чыгуначная інфраструктура». У 2005 годзе нямецкае прадпрыемства «Сымэнс» паставіла для «БДЧ» 25 цеплавозаў «Дэзіро». У 2007 годзе «БДЧ» стала паўнапраўнай сяброўкай Супольнасьці эўрапейскіх чыгунак і інфраструктурных прадпрыемстваў (Бэльгія). У сьнежні 2007 году ўтварылі 4 даччыныя ТАА — «Пасажырскія перавозкі БДЧ», «Грузаперавозкі БДЧ» і «Лякаматывы БДЧ». У студзені 2008 году пачалі рух нямецкія электравозы «Дэзіро». У 2010 годзе «БДЧ» утварыла холдынг у складзе 3-х даччыных прадпрыемстваў. У красавіку 2013 году ў склад начных цягнікоў з Сафіі ў Варну і Бургас улучылі 30-мясцовыя спальныя вагоны «ТВП 2000», якія выпускала «Турэцкая вагонная прамысловасьць»(tr) (Адапазары, правінцыя Сакар’я). 20 сьнежня 2013 году запрацавала он-лайн-бронь квіткоў на пасажырскія цягнікі. У 2017 годзе 82 % перавозак ажыцьцявілі на электрычнай цязе[11].
-
Квіток на цягнік маршруту Варна—Русэ (2016 год)
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Зьвесткі і кантакты (баўг.) // Холдынг «Баўгарская дзяржаўная чыгунка», 2022 г. Праверана 10 красавіка 2022 г.
- ^ Кіраўніцтва (баўг.) // Холдынг «Баўгарская дзяржаўная чыгунка», 2022 г. Праверана 10 красавіка 2022 г.
- ^ Нікола Васілеў, Дымітр Міхайлаў. Кансалідаваная справаздача пра дзейнасьць за 2020 год (баўг.) // Холдынг «Баўгарская дзяржаўная чыгунка», 2022 г. Праверана 10 красавіка 2022 г.
- ^ Холдынг АТ «БДЧ» (баўг.) // Холдынг «Баўгарская дзяржаўная чыгунка», 2022 г. Праверана 10 красавіка 2022 г.
- ^ Базы адпачынку (баўг.) // Холдынг «Баўгарская дзяржаўная чыгунка», 2022 г. Праверана 10 красавіка 2022 г.
- ^ Міжнародныя лініі (баўг.) // Холдынг «Баўгарская дзяржаўная чыгунка», 2022 г. Праверана 10 красавіка 2022 г.
- ^ Чыгуначныя бюро і вакзалы ў краіне (баўг.) // Холдынг «Баўгарская дзяржаўная чыгунка», 2022 г. Праверана 10 красавіка 2022 г.
- ^ ТАА «Грузаперавозкі БДЧ» (баўг.) // Холдынг «Баўгарская дзяржаўная чыгунка», 2022 г. Праверана 10 красавіка 2022 г.
- ^ Рэгіна Дзернева. Вагонарамонтныя цэхі (баўг.) // ТАА «Грузаперавозкі БДЧ», 17 кастрычніка 2018 г. Праверана 10 красавіка 2022 г.
- ^ Рэгіна Дзернева. Лякаматыўныя дэпо (баўг.) // ТАА «Грузаперавозкі БДЧ», 17 кастрычніка 2018 г. Праверана 10 красавіка 2022 г.
- ^ а б в 130 гадоў «Баўгарскай дзяржаўнай чыгункі» (баўг.) // Холдынг «Баўгарская дзяржаўная чыгунка», 2018 г. Праверана 10 красавіка 2022 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Абвесткі і скаргі (баўг.) // Холдынг «Баўгарская дзяржаўная чыгунка», 2022 г. Праверана 10 красавіка 2022 г.
- Зваротная сувязь і навіны (баўг.)
- Надзённыя зьвесткі і падлікі (баўг.)
- Расклад цягнікоў, бронь і білетавыдача (баўг.)
- Электроннае таблё і месцазнаходжаньне цягнікоў (баўг.)
- Грузаперавозкі, холдынг і грамадзкія заказы
Гэта — накід артыкула па эканоміцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |