Царква Сьвятых Барыса і Глеба (Горадня)

Помнік сакральнай архітэктуры
Царква Сьвятых Барыса і Глеба
Барысаглебская царква
Барысаглебская царква
Краіна Беларусь
Места Горадня
Каардынаты 53°40′42″ пн. ш. 23°49′6″ у. д. / 53.67833° пн. ш. 23.81833° у. д. / 53.67833; 23.81833Каардынаты: 53°40′42″ пн. ш. 23°49′6″ у. д. / 53.67833° пн. ш. 23.81833° у. д. / 53.67833; 23.81833
Канфэсія праваслаўе
Эпархія Гарадзенская і Ваўкавыская япархія[d] 
Тып будынка царква
Архітэктурны стыль Гарадзенская архітэктурная школа
Аўтар праекту Пётар Міланег
Першае згадваньне 1184
Статус Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь і Аб’ект з папярэдняга сьпісу Сусьветнае спадчыны[d]
Стан Ахоўная зона
Сайт Афіцыйны сайт
Царква Сьвятых Барыса і Глеба на мапе Беларусі
Царква Сьвятых Барыса і Глеба
Царква Сьвятых Барыса і Глеба
Царква Сьвятых Барыса і Глеба
Царква Сьвятых Барыса і Глеба на Вікісховішчы

Царква Сьвятых Барыса і Глеба, таксама Калоская або Калажанская царква — помнік архітэктуры XII стагодзьдзя ў Горадні. Знаходзіцца ў прадмесьці Каложы, на высокім беразе Нёману, побач з Старым замкам. Пры пабудове была ў юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату, цяпер — у валоданьні Маскоўскага патрыярхату. Дзее. Адзіны твор Гарадзенскай школы дойлідзтва, які захаваўся[a]. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Гарадзенская Барысаглебская царква мае ўнікальныя архітэктурныя асаблівасьці — гэта маёлікавая падлога, галасьнікі, каменныя ўстаўкі, узоры з керамічных плітак. Да 1915 году тут захоўваўся цудоўны абраз Маці Божай Калажанскай.

Гісторыя

рэдагаваць

Раньнія часы

рэдагаваць

У Іпацьеўскім летапісе пад 1183 годам паведамляецца: «Того же лѣт̑ Городенъ погорѣ всь . и цр҃кы каменаӕ. ѿ блистаниӕ молниѣ и шибениӕ грома»[1]. Аднак няма пэўнасьці, ці вядзецца пра Горадню і канкрэтна пра Калоскую царкву. З прычыны асьвячэньня ў гонар духоўных заступнікаў Барыса і Глеба Ўсеваладавічаў, мяркуецца, што царкву заснавалі за часамі іх кіраваньня. Тым часам мураваную царкву збудавалі ў другой палове XII стагодзьдзя[2] (заклалі ў пачатку 1180-х гадоў[3]). Другая назва царквы — Калоская або Калажанская — паходзіць ад назвы прадмесьця Пскова Каложы, адкуль у 1405 годзе Вітаўт перасяліў жыхароў у Горадню[4]. Паводле іншае вэрсіі, царква атрымала сваю назву ад славянскага слова Каложань, якое азначае месца, дзе б’юць шматлікія крыніцы, і якое шанавалася паганцамі[5].

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць
 
Маці Божая Калажанская

Мяркуецца, што царква магла атрымаць пашкоджаньні пры аблогах і штурмах Горадні крыжакамі ў XIII — пачатку XIV ст., па чым яе аднавілі. У XV ст. пры царкве пачаў дзеяць манастыр(pl)[6]. Каля 1500 году вялікі князь Аляксандар падараваў манастыру сад на беразе Нёмана. У пачатку XVI ст. будынак царквы рэканструявалі коштам Богуша Багавіцінавіча. У 1508 і 1538 гадох ахвяраваньні манастыру рабіў вялікі князь Жыгімонт Стары.

У канцы XVI ст. царква і манастыр прынялі Берасьцейскую унію. Зь сярэдзіны XVII ст. вядомасьць атрымаў цудоўны абраз Маці Божай Калажанскай. У 1720 годзе высокая вада на Нёмане прычынілася да падмываньня царкоўнага ўзгорку, ад чаго будынак царквы пахіліўся.

Пад уладай Расейска імпэрыі

рэдагаваць

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Горадня апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, царква працягвала дзеяць як уніяцкая. Аднак па гвалтоўнай ліквідацыі Грэцка-Каталіцкай (Уніяцкай) царквы ў 1839 годзе расейскія ўлады адабралі царкву разам з манастыром у Сьвятога Пасаду і перадалі ў валоданьне Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы).

У 1853—1859 гадох з прычыны зруху грунту абвалілася частка заходняй сьцяны і скляпеньняў царквы. У 1872—1873 гадох праводзілася рэканструкцыя будынка. Тады ж у апсыдзе стварылі капліцу Сьвятых Барыса і Глеба. У 1889 годзе абвалілася паўднёвая апсыда[7]. У 1897 годзе бераг каля царквы ўмацавалі. У 1889—1911 гадох страчаныя мураваныя сьцены адбудавалі ў дрэве.

У другой палове XIX ст. царкву дасьледаваў Васіль Гразноў, у пачатку XX ст. — Пётар Пакрышкін.

Найноўшы час

рэдагаваць

За часамі міжваеннай Польскай Рэспублікі ў 1934—1939 гадох праводзілася паўторная рэстаўрацыя царквы. У 1935 годзе помнік дасьледаваў археоляг Юзэф Ядкоўскі.

Па Другой сусьветнай вайны савецкія ўлады зачынілі царкву, будынак якой перадалі Гарадзенскаму абласному гістарычнаму музэю. Тут стварылі экспазыцыю, прысьвечаную навуковаму атэізму і антырэлігійнай прапаґандзе. У 1979 годзе будынак царквы перадалі Рэспубліканскаму музэю атэізму і гісторыі рэлігіі. У 1946 годзе царкву дасьледаваў Іван Хозераў, у 1982 і 1983—1984 гадох — Алег Трусаў і Павал Рапапорт. У 1970 і 1985—1987 гадох на помніку праводзіліся кансэрвацыйныя і рамонтныя працы.

У 1991 годзе будынак царквы перадалі Беларускаму экзархату Маскоўскага патрыярхату, у ёй аднавіліся набажэнствы[8]. У 1999 годзе Нацыянальны банк Беларусі адбіў манэту, прысьвечаную помніку архітэктуры. У 2004 годзе царкву ўнесьлі ў папярэдні сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО ў катэгорыі «Культура»[9].

У 2018 годзе замянілі драўляную сьцяну царквы, якая была ў аварыйным стане[10]. У 2019 годзе ў царкве адкрылі частку фундамэнтаў з рэшткамі калёны, якія можна ўбачыць скрозь празрыстую шкляную падлогу[11].

Архітэктура

рэдагаваць

Архітэктура царквы ня мае аналягаў сярод захаваных пабудоваў і нагадвае кампазыцыю больш раньняй Ніжняй царквы, вядомай з археалягічных дасьледаваньняў. Гэты факт дае магчымасьць выказаць здагадку пра існаваньне ў канцы XII стагодзьдзя ў Горадні адасобленай архітэктурнай школы, на якую часткова ўплываў раманскі стыль.

Царква — 3-апсыдны 6-слуповы крыжова-купальны храм. Падмурак складаецца з валуноў сярэдняй велічыні і заглыбляецца на 1,5 м. Захаваліся паўночная і частка заходняй сьцяны, тры апсыды і два заходнія падкупальныя слупы (дыямэтар каля 1,2 м). Даўжыня каля 21,5 м, шырыня 13,5 м. Таўшчыня сьценаў каля 1,2 м. Сьцены выкладаюцца з плінфы, у дэкаратыўных мэтах таксама выкарыстоўваецца цэгла. Фасады аздабляюцца лапаткамі прыступкавага профілю, устаўкамі з камянёў розных адценьняў з шліфаванай вонкавай паверхняй, рознакаляровымі паліванымі керамічнымі пліткамі. Сьцены ў верхняй частцы праразаюцца вузкімі аконнымі праёмамі з аркавымі перамычкамі[12].

У час рэстаўрацыйных працаў 1985—1986 гадоў знайшлі фрагмэнты фрэсак на ўнутранай сьцяне і шматлікія графіці на сьценах. У 1984 годзе Васіль Гразноў выявіў у муроўцы галасьнікі, ён жа выказаў меркаваньне, што царква мела фрэскавую размалёўку. Падлога ад пачатку выкладалася з паліваных квадратных, трыкутных і фігурных плітак, у XVIII ст. — з мармуровых плітаў. У бакавой апсыдзе захаваўся фрагмэнт падлогі XII стагодзьдзя[13].

Гістарычная графіка

рэдагаваць

Гістарычныя здымкі

рэдагаваць

Сучасныя здымкі

рэдагаваць
  1. ^ Захавалася ня цалкам: скляпеньні і купал зьніклі даўно, паўднёвая і частка заходняй сьцяны абрынуліся ў раку праз апоўзень у 1853 годзе
  1. ^ Іпацьеўскі летапіс
  2. ^ БЭ. — Мн.: 1997 Т. 5. С. 422.
  3. ^ Марціновіч А. Горадна, Горадзен, Гродна: нарысы. — Менск, 2008. С. 23.
  4. ^ Марціновіч А. Горадна, Горадзен, Гродна: нарысы. — Менск, 2008. С. 24.
  5. ^ Папко І. Каложа мяняе аблічча // Беларусь. № 1 (904), 2009. С. 34.
  6. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 500.
  7. ^ Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 166.
  8. ^ О храмах гродненского городского благочиния (рас.)
  9. ^ SS. Boris and Gleb (Kalozha) Church in the city of Hrodna (анг.)
  10. ^ Калоскай царкве ХІІ стагодзьдзя замянілі драўляную сьцяну. І гэта толькі першы этап рамонту, Радыё Свабода, 24 студзеня 2018 г.
  11. ^ У Каложы зьявілася акно ў падзямельле. Паглядзіце, як выглядае абноўленая царква. ФОТА, Радыё Свабода, 28 лютага 2019 г.
  12. ^ Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 167.
  13. ^ БЭ. — Мн.: 1997 Т. 5. С. 423.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць
  Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  410Г000004