Іван Юльянавіч Здановіч
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Здановіч.
Іва́н Юлья́навіч Здано́віч (нарадзіўся 4 ліпеня 1926 году, вёска Доўгая Шчучынскага павету Наваградзкага ваяводзтва, цяпер у Шчучынскім раёне Гарадзенскай вобласьці — чэрвень 2022 году[1]) — беларускі настаўнік, краязнаўца.
Іван Здановіч | |
Імя пры нараджэньні | Іван Юльянавіч Здановіч |
---|---|
Род дзейнасьці | настаўнік, краязнаўца |
Дата нараджэньня | 4 ліпеня 1926 (98 гадоў) |
Месца нараджэньня | в. Доўгая, Шчучынскі павет Наваградзкага ваяводзтва |
Дата сьмерці | чэрвень 2022 (95 гадоў) |
Грамадзянства | Польшча → СССР → Беларусь |
Месца вучобы | |
Занятак | настаўнік, краязнаўства |
Сябра ў | Спадчына[d] і ТБМ |
Жонка | Вольга Талашкевіч |
Дзеці | Людміла Віктар |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьЗь сялянскай сям’і. Скончыў пачатковую польскую школу ў роднай вёсцы, у 1939—1941 вучыўся ў 5—6 клясах. Падчас вайны скончыў сёмую клясу ў Жалудоцкай школе, два курсы Шчучынскай настаўніцкай сэмінарыі.
Па вайне працаваў загаднікам Баяра-Жалудоцкай пачатковай школы, настаўнікам у роднай вёсцы. Скончыў завочна Лідзкую пэдвучэльню (1946), потым аддзяленьне беларускай мовы і літаратуры філялягічнага факультэту Гарадзенскага пэдінстытуту (1951). Накіраваны на працу ў Берасьцейскую вобласьць.
Працаваў у Малецкай сярэдняй школе (1951—1952), беларускай сярэдняй школе №1 г. Пружаны (1952—1955), выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Камянецкай СШ (1955—1957). На Пружаншчыне ў 1955 ажаніўся з Вольгай Талашкевіч, таксама настаўніцай беларускай мовы і літаратуры.
Да 1964 року на Гарадзеншчыне, інспэктар РАНА, дырэктар Капцёўскай СШ[2] (1957—1964). Пасьля вярнуўся з сям’ёй у Пружаны. У 1964—1966 працаваў у Белаляскоўскай, Шарашоўскай, Хараўской школах. Узначальваў пружанскую школу рабочай моладзі (1966—1974), школу-інтэрнат (1974—1986, з 1986 сярэдняя школа №4).
З 1986 року на пэнсіі. Жыве ў Пружанах. Дачка Людміла — настаўніца беларускай мовы і літаратуры; сын Віктар — хірург-траўматоляг, сябра БНФ.
Дзейнасьць
рэдагавацьВыдаў «Зборнік практыкаваньняў па беларускай мове для 4-6 клясаў», які тройчы перавыдаваўся (1965, 1969, 1979). Публікуе ў пэрыядычным друку артыкулы па беларускай літаратуры, гісторыі, краязнаўстве. У 2004 годзе выдадзеная кніжка «Рупліўцы беларускага нацыянальнага адраджэньня з Пружаншчыны», а ў 2008 годзе — другая частка гэтай кніжкі.
Узначальваў грамадзка-культурнае аб’яднаньне «Спадчына» (1986—1989). Заснавальнік і першы кіраўнік Пружанскай арганізацыі грамадзкага аб’яднаньня «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» (1989)[3]. Сябра БНФ «Адраджэньне».
Разам з іншымі арганізаваў і ўдзельнічаў у пабудове помніку паўстанцам Кастуся Каліноўскага ў Ружанскай пушчы (1989). Арганізаваў аднаўленьне расстралянай з вэрталёту вайскоўцамі стэлы помніку і ўрачыстае асьвячэньне помніка сьвятарамі праваслаўнай і каталіцкай канфэсіяў.
Бібліяграфія
рэдагаваць- Здановіч, Іван Юльянавіч. Зборнік практыкаванняў па беларускай мове: 5—6 кл. васьмігад. шк. — 1965.[4]
- Здановіч, Іван Юльянавіч. Зборнік практыкаванняў па беларускай мове: 5—6 кл. — 1969.[4]
- Здановіч, Іван Юльянавіч. Зборнік практыкаванняў па беларускай мове: 4—6 класы. — 1979.[4]
- Здановіч І. Рупліўцы беларускага нацыянальнага адраджэньня з Пружаншчыны: Грамадска-літаратурны даведнік. — Пружаны: 2003. — 144 с.
- Здановіч І. Рупліўцы беларускага нацыянальнага адраджэньня з Пружаншчыны: Грамадска-літаратурны даведнік. — Берасьце: «Альтернатива», 2008. — 172 с. — 80 ас. — ISBN 978-985-6843-85-6
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Памёр краязнаўца і грамадскі дзеяч з Пружан Іван Здановіч // Наша Ніва
- ^ Из истории школы (рас.) О школе. Государственное учреждение образования «Коптёвская средняя школа». Праверана 14 студзеня 2013 г.
- ^ Пружанская гарадзкая арганізацыя ТМБ Мясцовыя арганізацыі. Таварыства беларускай мовы. Праверана 20 чэрвеня 2013 г.
- ^ а б в Запрос: a001="BY-SEK-217238" (рас.) Сводный электронный каталог системы корпоративной каталогизации. Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Праверана 14 студзеня 2013 г.
Літаратура
рэдагаваць- Здановіч І. Аб аўтары. Здановіч Іван Юльянавіч // Рупліўцы беларускага нацыянальнага адраджэньня з Пружаншчыны: Грамадска-літаратурны даведнік. — Пружаны: 2003. — С. 139—140.
- Здановіч І. Аб аўтары. Здановіч Іван Юльянавіч // Рупліўцы беларускага нацыянальнага адраджэньня з Пружаншчыны: Грамадска-літаратурны даведнік. — Берасьце: «Альтернатива», 2008. — С. 168—169. — 80 ас. — ISBN 978-985-6843-85-6