Актыўныя захады

прыхаваная кампанія прапаганды 1-й галоўнай управы КДБ, а з 1991 году Службы вонкавай выведкі Расеі

Акты́ўныя за́хады — прыхаваная кампанія прапаганды 1-й галоўнай управы КДБ, а з 1991 году Службы вонкавай выведкі Расеі.

Улучае перадачу дэзынфармацыі агентамі ўплыву, утоенае фінансаваньне ўстановаў пасобнікаў (найперш шэсьцяў), падробку дакумэнтаў і фатаграфіяў, а таксама цялесны гвалт дзеля душэўнага ўзьдзеяньня[1]. Такога кшталту ідэалягічная агрэсія, прапагандыская і псыхалягічная вайна прадугледжвае дэмаралізацыю, таму ёсьць важнейшай і больш небясьпечнай за шпіянаж. Паводле савецкага перабежчыка Юрыя Бязьменава, «задача гэтага працэсу — зьмяніць вашае ўспрыманьне рэчаіснасьці да такой ступені, каб нават насуперак дастатку зьвестак і доказаў пра пагрозу камунізму вы былі няздатныя прыйсьці да відавочных высноваў у вашых уласных зацікаўленасьцях і ў зацікаўленасьцях вашага народу». У 1983 годзе амэрыканскі журналіст Джон Дэніэл Бэран (1930—2005) выдаў кнігу «КДБ сёньня» па падставе сьведчаньняў перабежчыка Станіслава Леўчанкі, у якой прысьвяціў актыўным захадам разьдзел «Рэчаіснасьць дагары нагамі». У якасьці асноўнай тактыкі ў ёй апісвалася разьвіцьцё, усталяваньне і пасьлядоўнае падтрыманьне набору падвойных стандартаў датычна Савецкага Саюзу і ЗША[2]. У 1984 годзе Бязьменаў даў інтэрвію, у якім адзначыў: «асноўны націск КДБ робіць зусім не на выведцы. ... толькі каля 15 % часу, грошай і людзей занятыя шпіянажам. Іншыя 85 % занятыя павольным працэсам, які мы называем «ідэалягічны падрыў» або «актыўныя захады» на мове КДБ ці «псыхалягічная вайна»[3].

У тактыку актыўных захадаў уваходзілі: адкрытая і прыхаваная прапаганда, выкарыстаньне агентаў уплыву, прытворныя міжнародныя форумы пад эгідай агенцтва «Навіны» для паважанасьці і ўзаконьваньня савецкіх дзеяньняў, правакаваньне і маніпуляваньне сходамі і шэсьцямі, пашырэньне чутак, падробка прэс-рэлізаў Інфармацыйнай службы ЗША, разьмяшчэньне несапраўдных аповедаў у мясцовых СМІ, стварэньне сотняў субсідаваных бульварных газэтаў праз падстаўныя ўстановы і прытворная рэкляма для законнага фінансаваньня падрыўнікоў і радыкалаў. Іншыя тактыкі ўлучалі сабатаж, зьнеслаўленьне самаапанаванасьці зацятых праціўнікаў савецкага падрыўніцтва, тэрарызм і забойства чынных праціўнікаў дзяржаўнага перавароту дзеля душэўнага паралюша праз запалохваньне[2].

У 1984 годзе савецкі перабежчык Юры Бязьменаў выдаў брашуру «Любоўны ліст Амэрыцы», дзе прывёў 4 ступені падрыўной дзейнасьці 1-й галоўнай управы Камітэту дзяржаўнай бясьпекі СССР: 1) дэмаралізацыя, 2) дэстабілізацыя, 3) крызіс, 4) «нармалізацыя». Тамсама прыводзілася пасьлядоўнасьць руху ад адкрытага да закрытага грамадзтва за 14 крокаў: 1) адкрытае грамадзтва, 2) ураўнілаўка, 3) завышанае чаканьне, 4) супярэчнасьць імкненьня і рэчаіснасьці, 5) незадаволенасьць, 6) спад прадукцыйнасьці, 7) рэцэсія празь інфляцыю і беспрацоўе, 8) грамадзкае забурэньне, 9) нестабільнасьць, 10) радыкальнасьць, 11) змаганьне за ўладу, 12) зьмена ўлады, 13) грамадзянская вайна, дзяржаўны пераварот і замежнае ўварваньне, 14) закрытае грамадзтва. «Любоўны ліст Амэрыцы» зьмяшчаў табліцу «Хада падрыўніцтва» ў 4 ступені. Першай ступеняй была дэмаралізацыя, якую ў КДБ называлі актыўнымі захадамі, што мелі іншыя назвы: ідэалягічная агрэсія, прапагандысцкая або псыхалягічная вайна[2].

Галіны Спосабы Вынікі
Дэмаралізацыя (15—20 гадоў)
Погляды
Рэлігія Палітызаваць і камэрцыялізаваць дзеля забавы Жаданьне сьмерці
Асьвета Паблажлівасьць і абмежаванасьць Невуцтва
СМІ Манапалізаваць, маніпуляваць і зьняславіць дзеля малаважнасьці Блізарукая неапавешчанасьць
Культура Фальшывыя героі і ўзоры паводзінаў Узалежнівальныя захапленьні і масоўка
Будова
Закон і парадак Адвольны, а не маральны Недавер да правасудзьдзя
Грамадзкія дачыненьні Супрацьпаставіць правы і абавязкі Менш асабістай адказнасьці
Бясьпека Выведка, паліцыя і войска Безабароннасьць
Унутраная палітыка Міжпартыйныя супярэчнасьці Разьяднанасьць
Замежныя справы Рэзкія сябры Самота
Жыцьцё
Сям'я і грамадзтва Разьвесьці Стан нявернасьці
Здароўе Дрэнныя спорт, ахова здароўя і ежа Зьняможаны народ
Род Прынізіць вярхі і Біблію, супрацьпаставіць паходжаньне і навакольле Нянавісьць і падзел
Насельніцтва Абезьзямеліць і ўрбанізаваць Адчужэньне
Праца Супрацьпаставіць прафсаюзы і грамадзтва Перасьлед
Дэстабілізацыя (2—5 гадоў)
Змаганьне за ўладу Папулізм і безадказнасьць «Вялікі брат» (дзяржава)
Гаспадарка Разбурэньне гандлёвых дачыненьняў Саступіць «вялікаму брату»
Грамадзкая тканка і закон Нізавы ўдзел Улада натоўпу
Замежныя справы Самота, шматнароднасьць і галоўнасьць камунізму Самаўслаўленьне і варожае акружэньне
Крызіс (2—6 месяцаў)
Радыкальныя і ўтоеныя агенты хутка і люта захопліваюць уладу пры разгубленасьці большасьці грамадзтва, мяняюць дзяржаўны лад празь дзяржаўны пераварот і грамадзянскую вайну з замежным вайсковым уварваньнем, нацыяналізуюць прыватныя прадпрыемствы.
«Нармалізацыя»
Пасобніцтва замежнаму войску, зьняволеньне і расстрэл радыкалаў як карысных дурняў, забарона нізавых рухаў і крытыкі ўраду, самацэнзура друку.

Прыклады

рэдагаваць

На 1954 год 1-я галоўная ўправа КДБ налічвала 10 аддзелаў, адным зь якіх быў аддзел «Д», які адмыслова прызначаўся для правядзеньня актыўных захадаў[4]. На 1960 год аддзел «Д» у складзе 1-й галоўнай управы КДБ павысілі да ўзроўню службы актыўных захадаў[5]. У 1958—1967 гадах аддзел «Д», а затым службу актыўных захадаў узначальваў Юры Модзін[6]. З 1970-х гадоў Модзін стаў выкладаць актыўныя захады ў Інстытуце КДБ СССР, дзе абараніў кандыдацкую дысэртацыю і стаў дацэнтам.

У 1969 годзе 1-я галоўная ўправа КДБ разьмясьціла ў газэтах Танзаніі аплачаныя артыкулы за подпісам мясцовых журналістаў з абвінавачаньнем амэрыканскага Корпусу міру ў падрыўной дзейнасьці пад кіраўніцтвам Цэнтральнай разьведвальнай управы ЗША. У выніку ўрад Танзаніі адмовіўся ад дапамогі Корпусу міру[1].

У 1984 годзе савецкі перабежчык Юры Бязьменаў патлумачыў пэўныя зьмяненьні грамадзкай думкі ЗША актыўнымі захадамі КДБ: «Гэта вялізны працэс прамыўкі мазгоў, які ідзе вельмі павольна і падзяляецца на 4 асноўныя ступені. Першая — дэмаралізацыя. Ад 15 да 20 гадоў займае дэмаралізацыя народу. Чаму так шмат гадоў? Бо гэта найменшы лік гадоў, каб навучыць адно пакаленьне студэнтаў у краіне вашага ворага, падвержаных ідэалёгіі ворага. Іншымі словамі, марксісцка-ленінісцкая ідэалёгія пампуецца ў мяккія галовы прынамсі 3-х пакаленьняў амэрыканскіх студэнтаў без выкліку і супрацьвагі асноўных каштоўнасьцяў амэрыканскага патрыятызму. І вынік? Вынік вы можаце бачыць. Большасьць людзей, якія выпусьціліся ў 1960-я гады (якіх выключылі або напалову інтэлектуалы), цяпер займае ўладныя пасады ва ўрадзе, грамадзянскай службе, на прадпрыемствах, у СМІ і адукацыйнай сыстэме. Вы загразьлі зь імі. Вы ня можаце ад іх пазбавіцца. Яны — забруджаныя. Яны запраграмаваныя думаць і адказваць на пэўныя пабуджальнікі пэўным чынам. Вы ня можаце зьмяніць іх мысьленьне, нават калі пакажаце ім сапраўдныя зьвесткі і дакажаце, што белае ёсьць белым, а чорнае чорным. Вы ўсё адно ня можаце зьмяніць падставовае ўспрыманьне і лёгіку паводзінаў. Іншымі словамі, гэтыя людзі... хада дэмаралізаваньня скончаная і незваротная. Каб пазбавіцца ад таварыства такіх людзей, Вам спатрэбіцца яшчэ 20 або 15 гадоў, каб навучыць новае пакаленьне патрыятычна-настроеных людзей здаровага сэнсу, якія будуць дзейнічаць на карысьць і ў зацікаўленасьцях грамадзтва ЗША»[3].

Супрацьдзеяньне

рэдагаваць

У 1981 годзе Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША ўтварыў Працоўную групу па актыўных захадах (ПГАЗ), якую ўзначаліў намесьнік памагатага дзяржаўнага сакратара Дэніс Кукс. У яе склад увайшлі прадстаўнікі такіх 7 ведамстваў, як: Цэнтральная разьведвальная ўправа, Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў, Міністэрства абароны ЗША, Агенцтва кантролю ўзбраеньняў і раззбраеньня, Абароннае выведвальнае агенцтва, Міністэрства юстыцыі ЗША і Інфармацыйнае агенцтва ЗША. Група найперш зьбірала зьвесткі пра савецкую дэзынфармацыю, пасьля чаго пашырала яе выкрыцьцё праз амэрыканскіх і замежных дыпляматаў і журналістаў. Да 6 разоў на год аналітык Бюро выведкі і дасьледаваньняў Дзярждэпартамэнту Давыд Гэрцбэрг выдаваў «Запіскі пра замежныя справы» памерам да 12 старонак. Таксама штогод выходзілі «Адмысловыя справаздачы» на больш як 20 старонак. У 1984—1987 гадах міжведамасную ПГАЗ узначальвала Кэтліна Бэйлі. У жніўні 1987 году Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША выдаў 100-старонкавы дакумэнт «Дзейнасьць па савецкім уплыве: справаздача пра актыўныя захады і прапаганду 1986—1987 гадоў». Гэтая справаздача засяроджвалася на савецкай кампаніі дэзынфармацыі па прыпісваньні ўраду ЗША пашырэньня вірусу імунадэфіцыту чалавека[7]. У кастрычніку 1987 году генэральны сакратар КПСС Міхаіл Гарбачоў заявіў дзяржаўнаму сакратару ЗША Джорджу Шульцу, што абнародаваньне гэтай справаздачы падрывала амэрыканска-савецкія дачыненьні, бо зьмяшчала «шакавальныя адкрыцьці».

У чэрвені 1992 году Інфармацыйнае агенцтва ЗША выдала апошнюю справаздачу «Савецкія актыўныя захады 1988—1991 гадоў у эпоху пасьля Халоднай вайны», якую напісаў Тод Левэнталь. Справаздача папярэджвала пра перайманьне актыўных захадаў іншымі дзяржавамі.

  1. ^ а б Джэфры Барлоў. Масква і мір, наступ (Даведнік № 184, 14 жніўня 1982 г.) // Фундацыя «Спадчына» (ЗША), 2008 г. Архіўная копія ад 27 кастрычніка 2008 г. Праверана 14 жніўня 2021 г.
  2. ^ а б в Томас Шуман. 1-я ступеня. Дэмаралізацыя // Любоўны ліст Амэрыцы = Love Letter To America. — Лос-Анджэлес: Альманак Панарама, 1984. — С. 22—26. — 48 с. — ISBN 0-935090-13-4
  3. ^ а б Эдвард Грыфін. «Падман быў маёй працай» або «Савецкі падрыў вольнага друку сьвету» (поўнае відэаінтэрвію Бязьменава 1984 году ў Ўэстлэйк Віладжы, Каліфорнія) (анг.) // Кевін Гайнэ, 11 красавіка 2013 г. Праверана 16 чэрвеня 2021 г.
  4. ^ Вонкавая выведка ў 50-х пачатку — 60-х гадоў (рас.) // Служба вонкавай выведкі Расеі, 2021 г. Праверана 14 жніўня 2021 г.
  5. ^ Вонкавая выведка ў 70-х гадах (рас.) // Служба вонкавай выведкі Расеі, 2021 г. Праверана 14 жніўня 2021 г.
  6. ^ Васіль Мітрохін, Крыстафэр Эндру. Архіў Мітрохіна: КДБ у Эўропе і на Захадзе = The Mitrokhin Archive: The KGB in Europe and the West. — Ўэстмінстэр: Пэнгўін, 2000. — 1040 с. — ISBN 0-14-028487-7
  7. ^ Кампанія СССР па дэзынфармацыі пра СНІД // Дзейнасьць па савецкім уплыве: справаздача пра актыўныя захады і прапаганду 1986—1987 гадоў = Soviet Influence Activities: A Report on Active Measures and Propaganda, 1986–1987. — Вашынгтон: Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША, жнівень 1987. — С. 33-50. — 100 с.