Псыхалягічная вайна
Псыхалягічная вайна — проціборства на ўзроўні ідэяў і каштоўнасьцяў праз узьдзеяньне прапаганды на сьвядомасьць людзей.
Прадугледжвае кіраваньне каналамі распаўсюду зьвестак і маніпуляваньне паводзінамі шырокіх колаў людзей празь інфармацыйныя тэхналёгіі. Задачай ставіцца пасеяць грамадзкае напружаньне, сутычкі і бязладзьдзе ўнутры грамадзтва праціўніка. Гэтага дасягаюць празь перазагрузку гістарычнай самасьвядомасьці і разбурэньне падставовага ўкладу жыцьця. Іх замяняюць на каштоўнасьці, паводле якіх падрываюць давер да існай улады і ўтвараюць прыладу расколу ў тыле праціўніка. Урэшце, асяродкі расколу перахопліваюць уладу. У выніку дзяржава, якая церпіць паразу, трапляе пад вонкавае кіраваньне да вычарпаньня матэрыяльных і чалавечых багацьцяў, якія магчыма выцягнуць з гэтай краіны[1].
Таксама спанявераньне праціўніка і стварэньне разгубленасьці, жаху і непадпарадкаваньня бяз зброі служыць суправаджэньнем шырокіх баявых дзеяньняў[2].
Спосабы ўзьдзеяньня
рэдагавацьУспрыманьне большасьці (70 %) людзей, схільнай да паноўнага меркаваньня іншых, устойліва апрацоўваюць зьвесткамі аплачаныя правадыры грамадзкай думкі. Яны прапануюць свае аповеды і ўзоры мысьленьня ў якасьці паноўнай рэчаіснасьці. Пры гэтым, прыняцьцё зьвестак аблягчаюць наведзенымі пачуцьцёвымі перажываньнямі станоўчага кшталту дзеля станоўчага пачуцьцёвага заахвочваньня да іх ўкараненьня. У выніку большасьць людзей засвойвае прапанаваныя спрошчаныя меркаваньні без крытычнай ацэнкі іх зьместу. Адбываецца страта прыватнага меркаваньня на падставе довадаў. Разважлівую меншасьць (15 %) людзей, якая ўспрымае новыя зьвесткі празь лягічны агляд, перагружаюць устойлівым патокам навінаў, які забівае каналы ўспрыманьня мозгам. Адначасна навязваецца погляд пра патрэбу мець уласнае меркаваньне дзеля кампэтэнтнасьці датычна пададзеных зьвестак. У выніку разважлівыя людзі таксама становяцца кіраванымі, бо націск весткавага асяродзьдзя перавышае мяжу чалавечых разумовых здольнасьцяў. Сярод іншага, працу лягічных асяродкаў мозгу кароткачасова разладжваюць праз павышаны пачуцьцёвы стан, бо гэта прымушае памыляцца. На рэшту нязгодных інтэлектуалаў, здольных да супраціву весткаваму націску, накіроўваюць ганьбаваньне і цкаваньне дзеля адмоўнага пачуцьцёвага адахвочаньня[1].
Раскол
рэдагавацьПашырэньня расколу ў грамадзтве праціўніка дамагаюцца за кошт прапаганды ілюзіі пра павышэньне маёмаснага становішча ў выніку пераняцьця ўлады іншым бокам. Адпаведнае маніпуляваньне звонку учыняюць найперш датычна людзей з завышанай самаацэнкай, схільных вінаваціць у сваіх бедах навакольных. У выніку дэталізацыя ўласнай карціны будучыні тармозіцца[1].
Наступствы
рэдагавацьШтодзённым весткавым патокам прапаганды з будовы памяці выключаюць узаемасувязь між дадзенымі, замест якіх запамінаецца іх месцазнаходжаньне. Перагрузка магчымасьці чалавечага мозгу ўспрымаць зьвесткі прыводзіць да страты здольнасьці засяроджваць увагу на адным прадмеце працяглы час. Пырхальная ўвага пераскоквае з прадмету на прадмет, што замінае крытычна ацаніць дакладнасьць зьвестак і ўтрымаць ўвагу на важным прадмеце. Праз здушэньне ахоўных мэханізмаў ацэнкі рэчаіснасьці людзей адвучваюць крытычна ўспрымаць усялякія распаўсюджаныя зьвесткі. Такі падыход ўтварае абслуговага чалавека, які добра выконвае адмысловы набор дзеяньняў без развагаў пра падставовыя правілы пабудовы ўсяго ладу. Успрыманьне абмяжоўваецца спрошчанай карцінай сьвету на ўзроўні агульных сэнсаў. Навыкі ўсьведамленьня прычына-наступствавай сувязі ў навакольлі выключаюцца з шырэйшага кола людзей і становяцца ўласьцівасьцю кіроўнай эліты, колькасьць якой зьмяншаецца. У выніку замацоўваецца няроўнасьць паводле зьместу і якасьці навыкаў. Гульнявыя прыёмы выклікаюць цікавасьць, што аблягчае запамінаньне новых зьвестак. Пры гэтым, абмінаецца ўвагай разьвіцьцё валявых якасьцяў чалавека, што пазбаўляе здольнасьці да самастойных дзеяньняў. Гэта аблягчае кіраваньне шырэйшым колам людзей[1].
Засьцярога
рэдагавацьАбаронай ад узьдзеяньня псыхалягічнай вайны служыць творчае выхаваньне ў нацыянальнай культуры краіны[1].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в г д Андрэй Савіных. Паўстань, краіна вялізная, паўстань на кагнітыўны бой // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 13 чэрвеня 2022 г. Праверана 8 жніўня 2022 г.
- ^ Павал Баркоўскі. Кансцыентальная вайна i прапаганда // Топас : часопіс. — Вільня: Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, 2016. — № 1—2. — С. 57. — ISSN 2538-886X.
Глядзіце таксама
рэдагавацьВонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Зьмест мэдыяў: трансфармацыя сэнсаў (Псыхалягічная вайна як тып агрэсіўнай камунікацыі) // Мэдыі і камунікацыя : курс лекцыяў. — Менск: Беларускі калегіюм, 2000. — (Філязофія/літаратура, Журналістыка, Найноўшая гісторыя).
- Дзьмітры Гурневіч. Як беларус прыдумаў расейскую інфармацыйна-псыхалягічную вайну // Беларуская служба Радыё «Свабода», 24 сакавіка 2022 г. Архіўная копія ад 20 лютага 2015 г. Праверана 8 жніўня 2022 г.
Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |