Агатка, або Прыезд пана
«Агатка, або Прыезд пана» — беларуская камічная опэра 1784 году ў 3-х дзеях.
«Агатка» | |
польск. Agatka | |
Жанр | камічная опэра |
---|---|
Аўтар | Мацей Радзівіл |
Рэжысэр | Юры Авяр’янаў (2017) |
Прадусар | Лявон Перажынскі[1] |
Кампазытар | Ян Давід Голянд |
Акторы | Леся Лют, Зоя Белахвосьцік (2017) |
Працягласьць | 3 дзеі |
Краіна | Беларусь |
Мова | польская |
Год прэм’еры | 17 верасьня 1784 (240 гадоў таму)[2] |
Пастаноўкі |
Музыку напісаў у Нясьвіжы (Наваградзкі павет, Вялікае Княства Літоўскае) нямецкі кампазытар Ян Давід Голянд на лібрэта Мацея Радзівіла. Камічная опэра прымяркоўвалася да прыезду караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Нясьвіж напярэдадні выбараў у Сойм Рэчы Паспалітай. Твор стаў першай прафэсійнай опэрай Беларусі. Першую пастаноўку ажыцьцявілі ў Нясьвіскім замку. У сюжэце пан дапамагае яднаньню закаханай сялянскай пары Агаткі і Антака Цалкі. Для падкрэсьленьня мясцовага паходжаньня герояў у музыцы выкарыстоўваюцца народныя мэлёдыі. Расчулены вобразам добрага пана на прэм’еры опэры кароль Станіслаў Аўгуст перайшоў на беларускую мову, калі прамаўляў на прыёме вершаваны тост у гонар нясьвіскага ардыната Караля Станіслава Радзівіла «Пане Каханку»[3].
Пасьля прэм’еры ў 1784 годзе ў Нясьвіжы опэру працягвалі ставіць яшчэ 40 гадоў у Вільні і за мяжой у тэатрах 5 гарадоў Польшчы — у Варшаве, Кракаве, Любліне, Познані і Ўроцлаве, а таксама ва ўкраінскім Львове[4]. У Варшаве опэру ставілі 8 разоў запар. У Варшаўскім тэатры яна пратрымалася ў рэпэртуары да 1820 году. У Познані яе слухалі найдаўжэй да 1826 году[5]. Пры гэтым 30 кастрычніка 1785 году варшаўская прэм’ера прайшла на музыку нясьвіскага капэльмайстра Алясандра Данэзі. У 1796 годзе ў Львове яе паставіў драматург Войцах Багуслаўскі[6], які ў 1799 працягнуў яе пастаноўку ў 2-х дзеях пад назвай «Добры пан — бацька для падданых»[7].
У 1926 годзе выкананьнем «Агаткі» сьвяткавалі 150-годзьдзе Варшаўскага тэатру. У 1989 годзе беларуская мастацтвазнаўца Вольга Дадзіёмава знайшла опэру «Агатка» ў бібліятэцы Польскай акадэміі навук у Кракаве і прысьвяціла ёй сваё дасьледаваньне «Эўропа на музычных скрыжаваньнях». У 1990 годзе опэру запісалі па-беларуску ў перакладзе Ўладзімера Мархеля на Беларускім радыё[3]. У 1994 годзе Вялікі тэатар Беларусі ажыцьцявіў яе ўласны гуказапіс[8]. У 1999 годзе «Беларуская капэла» паказала яе ў Менску[3].
Дзея
рэдагавацьУ першай дзеі служкі-сіроты Агатка і Антак Цалка атрымліваюць ухвалу на вясельле ад гаспадара вёскі Валентыя. Антак просіць падстаросту Піяшку быць за свата. Аднак той вырашае адпомсьціць Антаку за сьведчаньне пра ягонае п’янства аканому Дбальскаму[9].
У другой дзеі Піяшка заяўляе Дбальскаму, што «пан сказаў, што будзе ўжо Агата за парабка» Антака Гайдака аддана. Ахмістрыня Плацюхова паведамляе Агатцы і Антаку Цалку, што Піяшка сватаў Антака Гайдака да Агаткі перад панам. Піяшка зьмяшчае Антака Цалку ў каталяжку, бо той адмаўляецца безадкладна ехаць у лес па дровы[9].
У трэцяй дзеі пан пытае ў Агаткі: «Што за прычына сьлёз і плачу?» Плацюхова кажа пану, што Піяшка пасадзіў у падвал Антака Цалку, якога кахае Агатка, каб перашкодзіць іх шлюбу і выдаць яе за Антака Гайдака. Пан загадвае вызваліць Антака Цалку і заўважае, што Піяшка «замест свае работы, бавіць час за пляшкай». Затым ён даручае Дбальскаму паспрыяюць вясельлю Агаты і Антака Цалкі, бо сяляне — «карміцелі і нашы даўцы хлеба»[9].
Ролі
рэдагаваць- Агатка, сірата-служка ў гаспадара вёскі
- Антак Цалка, каханы Агаткай сірата-служка ў гаспадара вёскі
- Антак Гайдак, закаханы ў Агатку дворны парабак
- Плацюхова, удава-ахмістрыня ў двары
- Дбальскі, аканом
- Піяшка, падстароста
- Валенты, аўдавелы гаспадар вёскі
- Мацек, селянін-вартаўнік
- Стах, селянін-вартаўнік
- Пан, шляхціц
- Кап’ёўшчыкі[9]
Ацэнкі
рэдагавацьУ 2014 годзе кіраўнік «Беларускай капэлы» Віктар Скарабагатаў адзначыў: «Пасьля праслухоўваньня відавочнае ня проста падабенства, а амаль поўнае супадзеньне мэлёдыяў пачатку каваціны Фігара зь «Вясельля…» і другой часткі арыі Агаткі зь 1-й дзеі опэры Голянда. Паколькі «Агатка» напісана на два гады раней за «Фігара»… З прыемнасьцю можна ўсьвядоміць, што сьвежыя мастацкія ідэі даляталі ў Вену таксама і зь Нясьвіжу»[3]. Мастацтвазнаўцы Вольга Дадзіёмава і Сьвятлена Немагай падкрэсьлілі, што «Агатка», у якой ярка і па-мастацку пераканальна адлюстраваліся лякальныя беларускія рэаліі і постаці, стала этапным творам у фармаваньні мясцовай музычна-прафэсійнай школы[10].
Бібліяграфія
рэдагаваць- Ян Давід Голянд. Агатка, або Прыезд пана (ноты, клявір) : камічная опэра ў 3-х дзеях / лібр. Мацей Радзівіл, муз.рэд. Ганна Каржанеўская, гал.рэд. Віктар Скарабагатаў, перакл. Уладзімер Мархель. — Менск: Паліфакт, 1998. — 224 с. — (Музыка старажытных сядзібаў; вып. 4). — 150 ас. (на падставе фотакопіі 1989 году з рукапісу партытуры № 617 у бібліятэцы Польскай акадэміі навук у Кракаве)
- Ян Давід Голянд. Агатка, або Прыезд пана (кампакт-дыск) / Беларуская капэла, гал.рэд. Віктар Скарабагатаў. — Менск: Белтэлерадыёкампанія, 2001.
- Ян Давід Голянд. Опэра «Агатка, або Прыезд пана» (гуказапіс, дарожкі 6—14) // Музыка Беларусі XVIII стагодзьдзя (кампакт-дыск 1) / дыр. Анатоль Лапуноў, гал.рэд. Віктар Скарабагатаў, сьпяв. Леся Лют, сымф. аркестар Белтэлерадыёкампаніі. — Менск: Дзяржаўны музэй гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь, 2008.
- Ян Давід Голянд, Мацей Радзівіл. Агатка, або Прыезд пана : лібрэта опэры ў 3-х дзеях / муз.рэд. Людміла Мітаковіч, гал.рэд. Віктар Скарабагатаў, перакл. Уладзімер Мархель, грав. Аляксандар Тарасевіч (XVII ст.). — Менск: Каўчэг, 2017. — 60 с. — 500 ас.
- Ян Давід Голянд, Мацей Радзівіл. Агатка, або Прыезд пана : музычны спэктакль у 3-х дзеях (у 2-х дысках) / маст.кір. Ганна Каржанеўская, дыр. Анатоль Лапуноў, рэж. Юры Авяр’янаў, сьпяв. Леся Лют, акторка Зоя Белахвосьцік, Вялікі тэатар Беларусі, Купалаўскі тэатар, аркестар Белтэлерадыёкампаніі. — Менск: Каўчэг, 2017. — 60 с. — 500 ас.
- Мацей Радзівіл. Агатка, або Прыезд пана // Лібрэта опэр нясьвіскіх кампазытараў XVIII-XIX стагодзьдзяў / рэд.кал.: Ганна Каржанеўская, Віктар Скарабагатаў, Вячаслаў Вайткевіч, Сяргей Махаў і Сьвятлена Немагай. — Менск: Каўчэг, 2017. — 196 с. — 99 ас.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Зьміцер Юркевіч. У пошуках страчанай опэры Мацея Радзівіла // Газэта «Культура», 12 студзеня 2023 г. Праверана 10 кастрычніка 2024 г.
- ^ Алег Дзярновіч. Галоўны эксцэнтрык беларускай гісторыі, які зьдзіўляў усіх сваімі выбрыкамі // Партал «Анлайнэр», 21 жніўня 2021 г. Праверана 10 кастрычніка 2024 г.
- ^ а б в г Ларыса Цімошык. «Агатка» і кароль // Зьвязда : газэта. — 31 траўня 2014. — № 100 (27710). — С. 11. — ISSN 1990-763x.
- ^ Выдавецкая дзейнасьць «Беларускай капэлы» // Вялікі тэатар Беларусі, 2024 г. Праверана 10 кастрычніка 2024 г.
- ^ Тацьцяна Карпік. Знакамітыя землякі Баранавіччыны. Мацей Радзівіл з Паланечкі // Газэта «Наш край» (Баранавічы), 12 лютага 2018 г. Праверана 10 кастрычніка 2024 г.
- ^ Зьміцер Юркевіч. Прыгоды італьянца ў Беларусі. Частка 3 // Газэта «Культура», 25 кастрычніка 2023 г. Праверана 10 кастрычніка 2024 г.
- ^ Мацей Радзівіл // Баранавіцкая гарадзкая бібліятэка імя Валянціна Таўлая, 2024 г. Праверана 10 кастрычніка 2024 г.
- ^ Гісторыя тэатру // Вялікі тэатар Беларусі, 2024 г. Праверана 10 кастрычніка 2024 г.
- ^ а б в г Мацей Радзівіл. «Агатка, або Прыезд пана» // Мікола Хаўстовіч, 2023 г. Праверана 10 кастрычніка 2024 г.
- ^ Вольга Дадзіёмава, Сьвятлена Немагай. Першае выданьне старадаўняга помніка // Весьці Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі : часопіс. — 2014. — № 24. — С. 125―131.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Ян Давід Голянд, Мацей Радзівіл. Арыя Агаткі з опэры «Агатка, або Прыезд пана» Леся Лют (сапрана), аркестар БТР (пер. Уладзімера Мархеля, дыр. Анатоль Лапуноў, запіс 1996 г.) // «Беларуская капэла», 13 траўня 2024 г. Праверана 10 кастрычніка 2024 г.
- Ян Давід Голянд. Арыя Агаткі (флейта, габой, клярнэт і фагот) // Зьміцер Ярацэвіч (квартэт «Рыўера»), 25 чэрвеня 2012 г. Праверана 10 кастрычніка 2024 г.
- Маргарыта Смалей. Арыя з опэры «Агатка» (Камэрны аркестар Гарадзенскай капэлы, дырыгент В. Борматаў) // Юры Клімаў, 31 траўня 2016 г. Праверана 10 кастрычніка 2024 г.
- Ян Голянд. Увэрцюра да опэры «Агатка» (аранжыроўка Г. Гедыльтэра, флейта, скрыпка, віялянчэль і клявэсін) // Музычная гасьцёўня Тацьцяны Старчанкі, 18 кастрычніка 2022 г. Праверана 10 кастрычніка 2024 г.
- Ян Давід Голянд. Арыя Валентыя «Вы выдыгаць ня ўмееце» з опэры «Агатка, або Прыезд пана» (Чжао Цзянін) // Ганна Мельнічэнка, 22 сакавіка 2024 г. Праверана 10 кастрычніка 2024 г.