Мацей Радзівіл
Мацей Радзівіл (10 лістапада 1749 — 2 верасьня 1800) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, кампазытар і драматург[1]. Падкаморы вялікі літоўскі (1786—1790), кашталян віленскі (з 1790).
![]() Мацей Радзівіл | |
![]() Герб «Трубы» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 10 лістапада 1749 |
Памёр | 2 верасьня 1800 |
Род | Радзівілы |
Бацькі | Лявон Міхал Радзівіл Ганна з Мыцельскіх |
Жонка | Альжбета з Хадкевічаў |
Дзеці | Антаніна, Канстантын |
Дзейнасьць | кампазытар, лібрэтыст |
Валодаў маёнткамі на тэрыторыі сучасных Летувы і Польшчы, на Беларусі — Паланэчкай, Крошынам і інш.
Біяграфія рэдагаваць
Зь нясьвіскай лініі роду Радзівілаў, сын Лявона Міхала і Ганны з Мыцельскіх. Атрымаў хатнюю адукацыю ў Нясьвіжы. Падарожнічаў па Эўропе, наведаў Дрэздэн, Гданьск, Карлавы Вары, Прагу[2].
3 канца 1770-х зблізіўся з ваяводам віленскім К. С. Радзівілам «Пане Каханку». Абіраўся паслом на сойм 1780, займаў пасады падкаморыя вялікага літоўскага (1786) і кашталяна віленскага (1790).
У вайну Расеі з Рэччу Паспалітай (1792) перадаў у карыстаньне войску Вялікага Княства Літоўскага замкі, арсэналы і радзівілаўскую міліцыю, якімі распараджаўся як апякун малалетняга Д. Г. Радзівіла, за што атрымаў падзяку ад Чатырохгадовага сойму (1788—1792).
У 1793 у складзе Камісіі паліцыі Вялікага Княства Літоўскага. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстаньня Т. Касьцюшкі (1794), уваходзіў у склад Найвышэйшай літоўскай рады (чалец дэпутацыі публічнага скарбу). Дараваў асабістую волю сваім сялянам, якія бралі ўдзел у паўстаньні. У кастрычніку 1794, занепакоены радыкалізацыяй паўстаньня, выехаў у Галіччыну.
За ўдзел у паўстаньні расейскія ўлады адабралі ў М. Радзівіла права апекі над малалетнім князем Дамінікам. У канцы жыцьця знаходзіўся ў сваім маёнтку Паланэчка (Наваградзкае ваяводзтва), які на пэўны час зрабіўся культурным асяродкам у краі.
У шлюбе з Альжбетай Хадкевіч меў дачку Антаніну і сына Канстантына.
Творчасьць рэдагаваць
У творчасьці М. Радзівіла сэнтымэнталізм і клясыцызм спалучаліся зь перадрамантычнымі тэндэнцыямі.
У якасьці драматурга дэбютаваў у 1784, калі да прыезду караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста Панятоўскага паставіў у Нясьвіжы опэру «Агатка, або Прыезд пана» (лібрэта М. Радзівіла, музыка Я. Д. Голянда). Пазьней опэра ставілася ў Варшаве, Любліне, Вільні, Львове; з 1799 выконвалася ў 2-актавай вэрсіі над назвай «Добры пан — бацька для падданых» і карысталася папулярнасьцю да канца 1820-х. У опэры паэтызаваліся людзі з народу, даводзілася неабходнасьць аблегчыць долю сялянаў, паказвалася, што цяжкая сялянская праца зьяўляецца асновай усеагульнага дабрабыту.
У 1786 да імянінаў К. С. Радзівіла ў Альбе пад Нясьвіжам паставілі опэру «Войт альбанскага сяленьня» (лібрэта і музыка М. Радзівіла), дзе асуджалася жорсткае абыходжаньне зь сялянамі.
Іншыя музычныя творы М. Радзівіла: дывэртысмэнт, саната, сэрэнада, 6 палянэзаў. Апроч таго, пісаў вершы.
Галерэя рэдагаваць
Крыніцы рэдагаваць
- ^ Валерый Пазднякоў. Радзівіл Мацей // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 492.
- ^ Шышыгіна-Патоцкая К. Нясвіж і Радзівілы. — Менск: «Беларусь», 2007. — 240 с.: іл. ІSBN 978-985-01-0740-4. [1]
Літаратура рэдагаваць
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Шышыгіна-Патоцкая К. Нясвіж і Радзівілы. — Менск: «Беларусь», 2007. — 240 с.: іл. ІSBN 978-985-01-0740-4.
- В. Дадномава. Нясвіжскі маэстра // «Мастацтва» № 3, 1994.
- В. Дадномава. Опера «Агатка» і яе месца ў еўрапейскай культурнай прасторы // «Мастацтва» № 9, 1995.
Вонкавыя спасылкі рэдагаваць
Мацей Радзівіл — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- РАДЗІВІЛ Мацей. Спадчына. Праверана 27 студзеня 2011 г.