Анатомія
Анато́мія — зборная група разьдзелаў біялёгіі, вывучаючых структуру арганізмаў ці іх частак на ўзроўні вышэй за вузавы. Для філягенэтычна блізкіх відаў арганізмаў прадэманстравана падабенства на ўзроўні анатамічнай пабудовы. Анатомія як навука вывучае ня толькі зьнешнюю будову арганізма ў цэлым, але і нутраную форму і структуру органаў, якія ўваходзяць у ягоны склад. Сучасная анатомія з дапамогай мікраскапіі зрэзаў анатамічных прэпаратаў ўдолела рассунуць гарызонты пазнаньня і вылучыць яшчэ адзін аспэкт марфалягічнай навукі — мікраскапічную анатомію. Мікраскапічная анатомія зьяўляецца часткай анатоміі, якая вывучае структуры на мікраскапічным узроўні, уключаючы ў сабе гісталёгію (дасьледаваньне тканкаў) і цыталёгію (вывучэньне вузаў).
Анатомія непарыўна зьвязана з разьвіцьцём біялёгіі, эмбрыялёгіі, параўнальнай анатоміі, эвалюцыйнай біялёгіі і філягеніі[1], паколькі яны зьяўляюцца навукамі з дапамогай якіх анатомія акамулюе новыя веды. Анатомія і фізыялёгія, то бок дасьледаваньне структуры і функцыі арганізмаў і іхных частак, натуральна разам ствараюць пару сумежных дысцыплінаў. Анатомія чалавека зьяўляецца адной з асноўных фундамэнтальных навук, на якую абапіраецца практычная мэдыцына[2].
Гісторыя анатоміі характарызуецца сталым разьвіцьцём ў разуменьні функцыяў органаў і структураў арганізма чалавека. Ейныя мэтады таксама значна палепшыліся, прасунуўшыся ад разгляду жывёлаў праз выкрыцьцё чалавечых мярцвякоў да мэтадаў XX стагодзьдзя, уключаючы выкарыстаньне рэнтгенаграфіі, ультрагуку і магнітна-рэзанансавай тамаграфіі.
Анатомія хрыбетных
рэдагавацьУсе хрыбетныя маюць аналягічную асноўную структуру цела і ў пэўны момант свайго жыцьця, у асноўным у эмбрыянальнай стадыі, маюць асноўныя хордавыя характарыстыкі, як то хорда, нэрвовая трубка, жабравыя дугі і хвост. Млеч абаронены хрыбетнікам і знаходзіцца вышэй за хорду, у тых жывёлаў у каго ён захоўваецца пасьля нараджэньня. Страўнікава-кішачны тракт знаходзіцца пад млечам[3]. Нэрвовая тканінка разьвіваецца з эктадэрмы, злучальная тканінка разьвіваецца з мэзадэрмы, а кішачнік — з эндадэрмы. Ззаду арганізму знаходзіцца хвост, які ёсьць працягам млечу і хрыбеткаў. Рот мусіць зьмяшчацца на галаве жывёлы, а анус ля хваста[4]. Вызначальнай характарыстыкай хрыбетных зьяўляецца хрыбетнік, які ўтвараецца пры разьвіцьці сэгмэнтаванага шэрагу хрыбеткаў. У большасьці хрыбетных хорда становіцца мякатным ядром міжхрыбетнага дыску. Аднак некалькі хрыбетных жывёлаў, напрыклад, асяцёравыя і цэлякантападобныя, захоўваюць хорду, зьяўляючыся дарослымі арганізмамі[5]. Сківічныя хрыбетныя характарызуюцца наяўнасьцю пары прыдаткаў ці канцавінаў, як то плаўнікамі, лапамі ці нагамі, якія маглі быць страчаныя ў выніку эвалюцыі. Канцавіны хрыбетных жывёлаў лічацца гамалягічнымі, таму што адная будова шкілету маецца ўва ўсіх хрыбетных праз агульнага продка. Гэта адзін з аргумэнтаў, які быў высунуты Чарлзам Дарвінам у падтрымку ягонай тэорыі эвалюцыі[6].
Анатомія рыбаў
рэдагавацьЦела рыбы падзеленае на галаву, тулава і хвост, хоць такі падзел не заўсёды бачны вонкава. Шкілет, які ўтварае апорную структуру ўнутры рыбы, альбо складаецца з храстку, у храстковых рыбаў, альбо з косткі ў касьцявых рыбаў. Галоўным шкілетным элемэнтам, як ува ўсіх хрыбетных, ёсьць хрыбетнік, які складаецца зь зьвязаных хрыбеткаў, якія зьяўляюцца лёгкімі, але даволі моцнымі. Рэбры прымацоўваюцца да хрыбетніку, а канцавіны адсутнічаюць. Асноўнымі зьнешнімі рысамі рыбаў ёсьць плаўнікі, якія складаюцца з касьцяных альбо мяккіх атожылкаў, званых прамянямі, якія, за выключэньнем хваставых плаўнікоў, ня маюць непасрэднай сувязі з хрыбетнікам. Яны падтрымліваюцца цягліцамі, якія складаюць асноўную частку тулава[7]. Сэрца мае дзьве камеры і перапампоўвае кроў па дыхальных паверхнях жабраў і па ўсім целе ў адзінай цыркуляторнай пятлі[8]. Вочы прыстасаваныя да бачаньня пад вадой і маюць толькі мясцовы зрок. У рыб існуе ўнутранае вуха, але няма вонкавага ці сярэдняга вуха. Вібрацыі нізкіх частасьцяў выяўляюцца сыстэмай бочных лініяў ворганаў пачуцьцяў, якія маюцца па баках рыбы і рэагуюць на рухі ў ваколіцах арганізму і зьмены ціску вады[7].
Акулы і скаты ёсьць базальнымі рыбамі з шматлікімі прымітыўнымі анатамічнымі асаблівасьцямі, падобнымі на старажытных рыб, як то, яны маюць шкілеты, якія складаюцца з храсткоў. Іхныя целы, як правіла, дорзавэнтральна пляскатыя, звычайна яны маюць пяць параў жаберных шчылінаў і вялікі рот, разьмешчаны на ніжнім баку галавы. Дэрма пакрытая асобнымі плякоідавымі лускавінкамі. У іх ёсьць кляака, у якую адкрываюцца мачавыя і плоцевыя праходы. Храстковыя рыбы расплоджваюцца плоцевым шляхам, ствараючы невялікую колькасьць буйных яек. Некаторыя віды выкарыстоўваюць яйкажыванараджэньне, калі патомства разьвіваецца ўнутрана ў арганізьме саміцы, іншыя робяць адкладаньне яек, зь якіх разьвіваецца лярва[9].
Анатомія земнаводных
рэдагавацьЗемнаводныя ёсьць клясай жывёлаў, якая прадстаўлена бясхвостымі і хвастатымі замнаводнымі, а таксама бязногімі. Яны зьяўляюцца чатырохногімі, але бязногія і некаторыя віды хвастатых ня маюць канцавінаў, альбо іхныя канцавіны значна паменшаныя ў памерах. Іхныя асноўныя косткі парожнія і лёгкія, а таксама цалкам задубелыя, а хрыбеткі злучаюцца паміж сабой і маюць сустаўныя атожылкі. Рэбры земнаводных звычайна кароткія і могуць зрастацца з хрыбеткамі. Іхныя чэрапы ў асноўным шырокія і кароткія, а часта бываюць не задубелымі. Скура прадстаўнікоў гэтае клясы зьмяшчае мала кератыну і ня мае лускавінак, але ўтрымлівае шмат сьлізьневых залозаў, а ў некаторых відаў гэтыя залозы ёсьць атрутнымі. Сэрцы земнаводных маюць тры камеры, два прысэрцакі і адзін шлуначак. Яны маюць мачавік, а азоцістыя прадукты жыцьцядзейнасьці выводзяцца галоўным чынам у выглядзе мачавіны. Земнаводныя дыхаюць пры дапамозе прапампоўкі паветра ў два этапы, то бок спачатку паветра ўцягваецца ў вобласьць горла праз ноздры ў адмысловую паражніну. Затым з паражніны паветра ўціскаецца ў лёгкія шляхам скарачэньня дыхніцы[10]. Акрамя таго, дыханьне дапаўняецца абменам газу праз скуру, якая павінна быць вільготнай[11].
У бясхвостых лагво ёсьць даволі трывалым, а заднія канцавіны зашмат даўжэйшыя і мацнейшыя за пярэднія. Ступні маюць чатыры-пяць пальцаў, а пальцы задніх канцавінаў часта прыстасаваныя для плаваньня альбо маюць прысмочкі для таго, каб узьбірацца ўверх. Таксама яны маюць вялікія вочы і ня маюць хвастоў. Хвастатыя земнаводныя зьнешне нагадваюць яшчарак, то бок іх кароткія задныя канцавіны выступаюць збоку, жывот знаходзіцца блізка да зямлі альбо датыкаецца да яго, а хвост ёсьць доўгім. Бязногія зьнешне падобныя на дажджавых чарвякоў і ня маюць канцавінаў. Яны закопваюцца пры дапамозе зонаў цягліцавых скарачэньняў, якія рухаюцца ўздоўж цела. Плаваюць такія жывёлы хвалепадобна рухаючыся з боку ў бок[12].
Анатомія паўзуноў
рэдагавацьПаўзуны зьяўляюцца клясай жывёлаў, які ўключае ў сябе чарапахаў, гатэрыяў, яшчарак, зьмеяў і кракадзілаў. Яны у асноўным зьяўляюцца чатырохногімі, але зьмеі і некалькі відаў яшчарак альбо ня маюць канцавінаў, альбо іхных канцавіны ёсьць значна паменшанымі ў памерах. Іхныя косткі зьяўляюцца больш задубелымі, а шкілеты ёсьць больш моцнымі чым у земнаводных. Зубы канічныя па форме і ў асноўным аднастайныя па памеры. Паверхневыя вузы эпідэрмісу мадыфікаваныя ў рагавыя лускавінкі, якія ствараюць воданепранікальны пласт. Паўзуны ня могуць выкарыстоўваць сваю скуру для дыханьня, як гэта робяць земнаводныя, але маюць больш эфэктыўную дыхальную сыстэму, якая працуе праз уцягваньне паветра ў лёгкія, пашыраючы сьценкі грудзей. Сэрца нагадвае сэрца земнаводных, але ў ім маецца перагародка, якая больш лепш паддзяляе кроў насычаную кіслародам ад крыві ненасычаную кіслародам. Рэпрадуктыўная сыстэма разьвілася да ўнутранага апладненьня, у большасьці відаў маюцца капулятыўныя ворганы. Яйкі абкружаны амніятычнымі мэмбранамі, што не дазваляе ім перасыхаць. Яны адкладваюцца на сушы альбо разьвівацца ўнутры арганізмаў у некаторых відаў. Мачавік ёсьць невялікім, бо азоцістыя адходы выводзяцца ў выглядзе мачавой кісьлі[13].
Чарапахі шырока вядомыя праз характэрныя ахоўныя абалонкі. У іх нягнуткае тулава, укладзенае ў рогавы панцыр, які ўтвораны з коставых пласьцінак, убудаваных у дэрму і часткова зрослых з рэбрамі і хрыбетнікам. Шыя доўгая і гнуткая, а галава і канцавіны могуць быць уцягнуты ўнутар панцыру дзеля аховы іх ад драпежнікаў у час нападу. Пераважная большасьць чарапах зьяўляюцца траваеднымі жывёламі, таму тыповыя для паўзуноў зубы былі заменены вострымі рогавымі шурпатымі пласьцінкамі прыдатнымі для паяданьня цьвёрдае расьліннае ежы. У водных відаў пярэднія канцавіны эвалюцыянавалі ў ласты[14].
Гатэрыі вонкава нагадваюць яшчарак, але іхныя радаводы разышліся ў трыясавы пэрыяд. Адзіны захаваны на сёньня жывы від ёсьць Sphenodon punctatus. Чэрап гатэрыі мае дзьве адтуліны з абодвух бакоў, а сківіца жорстка прымацаваная да чэрапу. У ніжняй сківіцы гатэрыі маюць адзін шэраг зубоў, які ўкладваецца паміж двума шэрагамі зубоў у верхняй сківіцы, калі жывёла жуе. Зубы наўпрост зьяўляюцца косткавым матэрыялам, які выступае з сківіцы. Галаўны мозаг і сэрца зьяўляюцца больш прымітыўнымі, чым у іншых паўзуноў. Лёгкія маюць адную камеру, а бронхі адсутнічаюць. Гатэрыя мае добра разьвітае цемянное вока на ілбе[14].
У яшчарак чэрапы маюць толькі адную адтуліну з кожнага боку, а ніжняя частка косткі пад другой адтулінай была страчанай у працэсе эвалюцыі. Гэта прывяло да таго, што сківіцы менш жорстка прымацаваныя, што дазваляе адкрыць рот шырэй. Яшчаркі ў асноўным ёсьць чатырохногімі жывёламі, тулава падтрымліваецца на некаторай вышыні ад зямлі на кароткіх зьвернутых убок лапках, але некалькі відаў ня маюць канцавінаў, чым нагадваюць зьмеяў. Яшчаркі маюць рухомыя павекі, а таксама бубенную балонку, а некаторыя віды маюць цэнтральнае цемянное вока[14].
Зьмеі вельмі падобныя на яшчарак, аддзяліўшыся ад радавой лініі ў крэйдавы пэрыяд, яны маюць шмат адзіных рысаў. Шкілет складаецца з чэрапу, пад’язычнай косткі, хрыбетніку і рэбраў, але некалькі відаў захоўваюць лагво і заднія канцавіны ў выглядзе рудымэнтарных кіпцюроў. Ніжняя костка пад другой адтулінай у чэрапе таксама было страчанае, як у яшчарак, а сківіцы валодаюць надзвычайнай гнуткасьцю, што дазваляе зьмеям праглынуць сваю здабычу цалкам. У зьмеяў бракуе рухомых павекаў, таму вочы пакрытыя празрыстымі лускамі. Яны ня маюць бубенную балонку, але могуць выяўляць ваганьні зямлі праз косткі чэрапу. Іхны вілаваты язык выкарыстоўваецца як органы густу і паху, а некаторыя віды маюць на галаве сэнсарныя ямкі, што дазваляе ім знаходзіць цеплакроўную здабычу[15].
Кракадзілы ёсьць буйнымі, але невысокімі воднымі паўзунамі з доўгімі пысамі і вялікай колькасьцю зубоў. Галава і тулава зьяўляюцца дорзавэнтральна пляскатымі, а хвост сьціснуты з бакоў. Ён рушыцца кракадзілам з боку ў бок, што дазваляе жывёліне плысьці па вадзе. Жорсткія арагавелыя лускавінкі забясьпечваюць ахову цела кракадзілаў, а ў некаторых відаў яны нават зрастаюцца з чэрапам. Ноздры, вочы і вушы ўзьнятыя над верхняй часткай пляскатай галавы, што дазваляе ім заставацца над паверхняй вады, калі жывёла плыве. Адмысловыя затамкі ўшчыльняюць ноздры і вушы, калі жывёла паглыбляецца ў ваду. У адрозьненьне ад іншых паўзуноў, кракадзілы маюць сэрцы з чатырма камерамі, якія дазваляюць поўнасьцю паддзяляць кроў насычаную кіслародам ад крыві ненасычаную кіслародам[16].
Анатомія птушак
рэдагавацьПтушкі зьяўляюцца чатырохногімі жывёламі. Іхныя заднія канцавіны выкарыстоўваюцца для шпацыру і скокаў, у той час як пярэднія канцавіны эвалюцыянавалі ў крылы, пакрытыя пер’ем і прыстасаваныя да палёту. Птушкі ёсьць цеплакроўнымі, маюць высокую хуткасьць мэтабалізму, лёгкую касьцяную сыстэму і магутныя цягліцы. Доўгія косткі зьяўляюцца тонкімі, парожнімі і вельмі лёгкімі. Паветраны мех, разрастаны зь лёгкіх, займае цэнтральную частку некаторых костак. Грудзіна шырокая і звычайна мае канцік(en), а хвастковыя хрыбеткі ёсьць зрошчанымі. У птушак бракуе зубоў, а вузкія сківіцы ўтвараюць дзюбу, пакрытую рогам. Вочы адносна вялікія, асабліва ў начных разнавіднасьцяў, як то совы. Яны разьмяшчаюцца на пысе сьпераду ў драпежных відаў і з бакоў у шэрагу іншых, як то качак[17].
Пёры зьяўляюцца вырастамі эпідэрмісу, іхны добра разьвіты шчыльны стрыжань сашчэпліваецца з скурай праз пёравую торбу, а астатняя частка, як то махала, месьціцца па-за скурай жывёліны. Вялікія лётныя пёры сустракаюцца на крылах і хвасьце, контурныя пёры пакрываюць астатнюю частку птушынага цела, у маладых птушак і вадаплаўных птушак пад контурнымі пёрамі маецца дробны пух. Адзінай скураной залозай ёсьць хвастковая залоза, якая знаходзіцца ля самага хвасту. Гэтая залоза ўтварае тлустую сакрэцыю, якая забясьпечвае воданепранікальнасьць пёрам. На канцах пальцаў лапкаў маюцца лускавінкі, ступні і кіпцікі[17].
Анатомія сысуноў
рэдагавацьСысуны ёсьць вельмі разнастайнай клясай жывёлаў, у асноўным наземных, але некаторыя зь іх зьяўляюцца воднымі, а іншыя здольныя лётаць. У сысуноў у асноўным чатыры канцавіны, але некаторыя водныя сысуны ня маюць канцавінаў, альбо яны зьмененыя ў плаўнікі ці ў крылы. Заднія канцавіны ў большасьці сысуноў разьмешчаны пад тулавам, што дапамагае жывёліне добра трымацца на зямлі. Косткі сысуноў добра закасьцянелыя, а зубы, якія звычайна дыфэрэнцыраваныя, пакрытыя пластом прызматычнай эмалі. Сысуны маюць малочныя зубы, якія потым цягам жыцьця замяняюцца на карэнныя зубы, але ў некаторых відаў іх зусім няма, як то ў кітападобных. Сысуны маюць тры косткі ў сярэднім вуху і скрутак ва ўнутраным вуху. Яны маюць валасы або поўсьць, а скура ўтрымлівае залозы, якія выдзяляюць пот. Некаторыя з гэтых залозаў, то бок малочныя залозы, спэцыялізаваныя на выпрацоўку малака дзеля кармленьня маладняку. Сысуны дыхаюць лёгкімі і маюць залону, якая аддзяляе грудную клетку ад жывату, што дапамагае ім уцягваць паветра ў лёгкія. Сэрца мае чатыры камеры, а кроў насычаная кіслародам цалкам аддзеленая ад крыві ненасычаную кіслародам. Азотныя адходы выводзяцца галоўным чынам у выглядзе мачавіны[18].
Сысуны зьяўляюцца амніётамі, і большасьць зь іх зьяўляецца жывародзячымі. Выключэньнем з гэтага зьяўляюцца аднапраходныя, якія адкладваюць яйкі. Да іхнага ліку адносяцца качканосы і яхідны, якія пражываюць толькі на адным кантынэнце — у Аўстраліі. У большасьці іншых сысуноў маецца пляцэнта, дзякуючы якой разьвіваны плод атрымлівае харчаваньне на працягу ўсіх стадыяў свайго развіцьця ў арганізьме маці. У сумчатых жывёлаў стадыя разьвіцьця плоду вельмі кароткі, і нясьпелы маладняк нараджаецца і знаходзіць дарогу да сумкі маці, дзе ён знаходзіць смочак, да якога прысмоктваецца, і завяршае сваё разьвіцьцё[18].
Анатомія чалавека
рэдагавацьЧалавек мае агульную анатомію цела сысуноў. Цела чалавека складаецца з галавы, шыі, тулава (якое ўключае грудную клетку і жывот), дзьве рукі і ручыцы, а таксама дзьве нагі і ступні.
Як правіла, студэнты пэўных біялягічных навук, як то фэльчары, пратэзавальнікі і артапэды, фізыятэрапэўты, працатэрапэўты, мэдычныя сёстры, артапэды і студэнты-мэдыкі вывучаюць анатомію чалавека па анатамічных мадэлям, шкілетам, падручнікам, схемам, фатаздымкам, навучальным дапаможнікам, а таксама на лекцыях. Акрамя таго, студэнты-мэдыкі, як правіла, таксама вывучаюць будову цела чалавека праз практычны вопыт, як то расьсячэньне і агляд трупаў. Вывучэньню мікраскапічнай анатоміі альбо гісталёгіі можа дапамагчы практычны вопыт вывучэньня гісталягічных узораў пад мікраскопам[20].
Анатомія, фізыялёгія і біяхімія чалавека ёсьць дадатковымі асноўныя мэдычнымі навукамі, якія, як правіла, выкладаюцца студэнтам-мэдыкам у мэдычных навучальных установах. Анатомію чалавека можна выкладаць на рэгіянальным і сыстэмным узроўні, то бок можна асобна разглядаць і вывучаць анатомію асобных частак цела, як то галава і грудзі, альбо разглядаць і вывучаць канкрэтныя сыстэмы, як то нэрвовая і дыхальная сыстэмы. Адным з клясычных падручнікаў па вывучэньні анатоміі зьяўляецца праца ангельскага хірурга Гэнры Грэя «Анатомія Грэй», які быў рэарганізаваны з сыстэмнага ў рэгіянальны фармат, у адпаведнасьці з сучаснымі мэтадамі навучаньня[21]. Дасканалае веданьне анатоміі патрабуецца ад лекараў, асабліва хірургаў і лекараў, якія працуюць па некаторых дыягнастычных спэцыяльнасьцях, напрыклад, гістапаталёгіі і радыёлёгіі.
Акадэмічныя анатамы звычайна працуюць ва ўнівэрсытэтах, мэдычых навучальных установах альбо ў навучальных шпіталях. Яны часта ўдзельнічаюць у выкладаньні анатоміі і дасьледаваньнях некаторых сыстэмаў, органаў, тканінак або вузаў.
Найболей вядомыя галіны анатоміі
рэдагаваць- анатомія расьлін — вывучае структуры і ўзаемнае распалажэньне тканкавых комплексаў у расьлін;
- анатомія жывёл — вывучае структуры і ўзаемнае распалажэньне тканкавых комплексаў у жывёлаў;
- анатомія чалавека — вывучае структуры і ўзаемнае распалажэньне тканкавых комплексаў у чалавека. Гэтая галіна навукі мае значэньне як для біялёгіі, гэтак і для мэдыцыны. Акрамя таго, веданьне анатоміі неабходна ў выяўленчым мастацтве дзеля правільнай перадачы прапорцыяў, поз, жэстаў і мімікі чалавека.
Крынціы
рэдагаваць- ^ Henry Gray. «Anatomy of the Human Body». 20th edition. 1918
- ^ Arráez-Aybar et al. (2010). «Relevance of human anatomy in daily clinical practice». Annals of Anatomy-Anatomischer Anzeiger. 192(6). — С. 341—348. — DOI:10.1016/j.aanat.2010.05.002. PMID 20591641.
- ^ Waggoner, Ben. «Vertebrates: More on Morphology». UCMP.
- ^ Romer, Alfred Sherwood (1985). «The Vertebrate Body». Holt Rinehart & Winston. — ISBN 978-0-03-058446-6.
- ^ Liem, Karel F.; Warren Franklin Walker (2001). «Functional anatomy of the vertebrates: an evolutionary perspective». Harcourt College Publishers. — С. 277. — ISBN 978-0-03-022369-3.
- ^ «What is Homology?». National Center for Science Education.
- ^ а б Dorit, Walker, Barnes 1991. С. 816—818.
- ^ «The fish heart». ThinkQuest.
- ^ Kotpal, R. L. (2010). «Modern Text Book of Zoology: Vertebrates». Rastogi Publications. — С. 193. — ISBN 978-81-7133-891-7.
- ^ Stebbins, Cohen 1995. С. 24—25.
- ^ Dorit, Walker, Barnes 1991. С. 843—859.
- ^ Stebbins, Cohen 1995. С. 26—35.
- ^ Dorit, Walker, Barnes 1991. С. 861—865.
- ^ а б в Dorit, Walker, Barnes 1991. С. 865—868.
- ^ Dorit, Walker, Barnes 1991. С. 870.
- ^ Dorit, Walker, Barnes 1991. С. 874.
- ^ а б Dorit, Walker, Barnes 1991. С. 881—895.
- ^ а б Dorit, Walker, Barnes 1991. С. 909—914.
- ^ «Hand». Encyclopædia Britannica
- ^ «Studying medicine». Medschools Online.
- ^ Gray, H.; Standring, S.; Ellis, H.; Berkovitz, B. (2004). «Publisher’s page for Gray’s Anatomy». 39th edition (UK). Elsevier Churchill Livingstone. — ISBN 978-0-443-07168-3.
Літаратура
рэдагаваць- Dorit, R. L.; Walker, W. F.; Barnes, R. D. Zoology. — Saunders College Publishing, 1991. — ISBN 978-0-03-030504-7
- Stebbins, Robert C.; Cohen, Nathan W. A Natural History of Amphibians. — Princeton University Press, 1995. — ISBN 978-0-691-03281-8