Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці
Прэмія «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці» (па-ангельску: Civil Society Champions award) — штогадовая прэмія, якая адзначае найбольш значныя, выбітныя і яскравыя асобы, арганізацыі і падзеі знакавыя для разьвіцьця беларускага трэцяга сэктару. Прэмія заснаваная Асамблеяй няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі ў 2009 годзе. Першая цырымонія ўзнагароджаньня адбылася 23 сьнежня 2009 году ў Менску.[1]
Ідэя зьяўленьня прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці»
рэдагавацьІдэя — адзначыць найбольш пасьпяховыя рэалізаваныя крэатыўныя ідэі ў грамадзкім сэктары, вызначыць усе цікавыя падзеі году ў жыцьці грамадзянскай супольнасьці і прыцягнуць да іх увагу беларускага грамадзтва.[2]
Працэдура вызначэньня пераможцаў
рэдагавацьСьпіс намінацыяў прэміі вызначаецца Праўленьнем Асамблеі НДА. Сябры Рабочай групы Асамблеі НДА прапаноўваюць кандыдатаў на кожную намінацыю з абгрунтаваньнем яе вылучэньня. Шорт-ліст складае Праўленьне. Максымальная колькасьць намінантаў па кожнай намінацыі 7. За пераможцаў галасуюць сябры Рабочай групы, кіраўнікі і экспэрты ўплывовых беларускіх грамадзкіх аб’яднаньняў, атрымальнікам прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці» мінулых гадоў. Галасаваць можна толькі па адной кандыдатуры ў кожнай намінацыі. Пераможцам абвяшчаецца кандыдат, які набраў найбольшую колькасьць галасоў. Вынікі галасаваньня зацьвярджаюцца Праўленьнем Асамблеі НДА.[3]
Намінацыі
рэдагаваць- Грамадзкі лідэр году — уручаецца грамадзкаму дзеячу за яго ўнёсак у разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці Беларусі ў бягучым годзе. Улічваюцца ягоны ўплыў на грамадзкі сэктар, аўтарытэт і дасягненьні.
- Кампанія году — уручаецца ініцыятарам і/або прадстаўнікам найбольш значнай агульнанацыянальнай кампаніі, праведзенай НДА ў бягучым годзе. Улічваецца важнасьць паднятай тэмы, маштаб кампаніі, дасягнутыя вынікі, а таксама розгалас у СМІ.
- Новая ініцыятыва — уручаецца прадстаўнікам новай грамадзянскай ініцыятывы, якая распачала сваю дзейнасьць у бягучым годзе. Улічваецца актуальнасьць абранага кірунку дзейнасьці і важнасьць ініцыятывы для мэтавай аўдыторыі.
- Рэгіянальная падзея — уручаецца ініцыятарам найбольш значнай рэгіянальнай грамадзкай акцыі/ кампаніі/падзеі. Улічваецца маштаб падзеі, дасягнутыя вынікі і розгалас пра падзею ў агульнанацыянальным маштабе.
- Месца году — уручаецца прадстаўнікам адміністрацыі памяшканьня, якое актыўна выкарыстоўваецца ў дзейнасьці НДА. Улічваецца даступнасьць месца для грамадзкіх актывістаў і ягоная папулярнасьць.
- Крэатыў году — уручаецца ініцыятарам найбольш яскравай і крэатыўнай грамадзкай акцыі/кампаніі/ падзеі. Улічваецца нестандартны падыход да актуалізацыі грамадзка значнай тэмы.
- Гарбуз году — уручаецца за нэгатыўныя дзеяньні ў дачыненьні да арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці і іх прадстаўнікоў.
- Мэдыя/журналіст году — уручаецца за найбольш грунтоўнае і рознабаковае асьвятленьне грамадзкай дзейнасьці ў масмэдыя. Улічваецца адкрытасьць да супрацоўніцтва з НДА і асьвятленьне актуальных для няўрадавага сэктару тэмаў.
- Найлепшы сайт НДА — уручаецца найбольш прыкметнаму ў бягучым годзе сайту няўрадавай арганізацыі ці ініцыятывы. Улічваюцца ягоная наведвальнасьць, абнаўляльнасьць, зручнасьць падачы інфармацыі, карысьць для мэтавай аўдыторыі і прамоцыі грамадзкай дзейнасьці ў Беларусі.
- Партнэрства году — уручаецца за салідарныя дзеяньні і рэалізацыю найлепшай ініцыятывы, якая аб’яднала партнэраў з розных сфэраў і сэктараў на карысьць грамадзянскай супольнасьці. Улічваецца колькасьць партнэраў і сацыяльная важнасьць увасобленых імі імпрэзаў або кампаніяў.
- Талака году — уручаецца за найбольш пасьпяховае далучэньне да грамадзкай актыўнасьці людзей праз краўдфандынг, супольныя акцыі, валянтэрства і іншыя формы дзейнасьці. Улічваецца колькасьць удзельнікаў, важнасьць тэматыкі, дасягнутыя вынікі і трываласьць далучанасьці да грамадзкай дзейнасьці.
Пераможцы 2009 году
рэдагаваць23 сьнежня 2009 году ўпершыню адбылася нефармальная цырымонія ўзнагароджаньня найбольш выбітных грамадзкіх ініцыятываў ды кампаніяў[4].
- Нерэгістрацыя году — Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.
- Грамадзянская кампанія году — супольная ініцыятыва беларускіх праваабаронцаў «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі».[5]
- Рэгіянальная падзея году — масавы Форум Асамблеі НДА Магілёўскай вобласьці, які сабраў пад адным дахам больш за 80 актывістаў дэмакратычных аб’яднаньняў Магілёўшчыны.[6]
- Крэатыў году — выправа Дзядоў Марозаў у пракуратуру, якія дамагаюцца адмены крымінальнага артыкулу 193.1 у межах кампаніі Stop 193.1.[7]
- За дзейсную дабрыню — група ініцыятыўных блогераў, якія самаарганізаваліся дзеля дапамогі дзіцячаму дому.
- За чалавечнае стаўленьне да жывёлаў — кампанія ў абарону бяздомных жывёлаў, якая ладзілася цэлым шэрагам арганізацыяў і асобаў: грамадзкімі аб’яднаньнямі «Эгіда» і «Ратаваньне», «Абаронім жыцьцё», «Заасьвет», былымі валянтэрамі «Фаўна гораду», «Ініцыятыва», «Беларуская музычная альтэрнатыва» ды інш.
- Найбольш абсурдная адмова году — галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкаму. Чыноўнікі адмовілі ў рэгістрацыі грамадзкай арганізацыі «Залаты леў», таму што «ў тэксьце статуту арганізацыі адсутнічае расшыфроўка назвы „Залаты леў“».[8]
Пераможцы 2010 году
рэдагаваць21 лютага 2011 году ў галерэі «Ў» прадстаўнікі Асамблеі НДА ўганаравалі найбольш заўважныя ў 2010 годзе ініцыятывы. 2010 год прайшоў пад знакам прэзыдэнцкай кампаніі. Аднак, грамадзкія ініцыятывы і аб’яднаньні спраўна дзейнічалі ў неспрыяльных умовах. 19 сьнежня 2010 году адбыўся жорсткі разгон акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў, шэраг палітыкаў, грамадзкіх актывістаў, журналістаў апынуліся ў турмах.[9] Салідарнасьць і ўзаемапавагу можна адзначыць як асноўны прынцып дзейнасьці трэцяга сэктару ў 2010 годзе[10].
- Кампанія году — ініцыятыва Беларускага Хэльсынскага камітэта і Праваабарончага цэнтру «Вясна» «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
- Грамадзкі лідэр году — старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў, сябра Рабочай групы Асамблеі НДА, Жанна Літвіна.
- Рэгіянальная падзея году — Фэст моладзевай журналістыкі «Твой стыль», які адбыўся ў Горадні і ў якім прымалі ўдзел каля 150 рэпартэраў-пачаткоўцаў.
- Акцыя году — Акцыя Салідарнасьці з рэпрэсаванымі 19—20 сьнежня.[11]
- Нечаканая рэгістрацыя году — Асацыяцыя дадатковай адукацыі і асьветы, якой першапачаткова было адмоўлена ў рэгістрацыі, пасьля чаго адмова пасьпяхова была аспрэчаная ў судзе.[12]
- Адмова году — аб’яднаньне «Берасьцейская вясна». Колькасьць адмоваў у рэгістрацыі арганізацыі наблізілася да дзесяці.[13]
- Асяродак грамадзянскай супольнасьці — Кнігарня «Ў».
- Выкарыстаньне віртуальнай прасторы ў грамадзкай дзейнасьці — блогерка Zmagarka (Тацьцяна Елавая), якая правяла ў Інтэрнэце грамадзкае расьсьледаваньне па падзеях 19—20 сьнежня.[14]
Пераможцы 2011 году
рэдагавацьЦырымонія ўзнагароджаньня прайшла 7 лютага 2012 у Менску ў «Арт-сядзібе». Пераможцы атрымалі ганаровыя дыплёмы і гадзіньнікі з выяваю пэрсанажу Вож Проста Вож[15].
- Грамадзкі лідэр году — праваабаронца, старшыня ПЦ «Вясна», Алесь Бяляцкі, які знаходзіцца за кратамі праз сваю праваабарончую дзейнасьць. Прэмію за Алеся Бяляцкага атрымалі праваабронцы Валянцін Стэфановіч і Тацьцяна Равяка.
- Месца году — галерэя «Ў».
- Найлепшая грамадзкая ініцыятыва — «Народны журналіст».
- Рэгістрацыя году — Офіс па правах людзей з інваліднасьцю.[16]
- Адмова году — «Цэнтар разьвіцьця валянтэрства» па прычыне адмовы кіраўніка цэнтру Мікалая Кванталіяні супрацоўнічаць з КДБ.[17]
- Найлепшая кампанія году — Кампанія па зборы подпісаў за непрыняцьцё закону аб некамэрцыйных арганізацыях, якую праводзілі супольна Асамблея НДА і Цэнтар прававой трансфармацыі «Lawtrend».
- Найлепшая рэгіянальная падзея — Страйк супрацоўнікаў жыльлёва-камунальнай гаспадаркі гораду Барысава. Супрацоўнікі ЖКГ пабаяліся прыехаць у Менск, таму прызы за іх атрымаў барысаўскі журналіст Міхась Васільеў, які асьвятляў гэтую падзею. Разам з дыплёмам, гадзіньнікам і кубкам у Барысаў перадалі цьвікі зь бел-чырвона-белымі стужкамі як сымбаль непахіснасьці характару барысаўскіх пралетарыяў.[18]
- Крэатыў году — віртуальны абменьнік — сайт Prokopovi.ch. Самі стваральнікі сайту не рызыкнулі прыйсьці за ўзнагародай і ў звароце папрасілі пакінуць да лепшых часоў прызы ў офісе Асамблеі НДА.[19]
Пераможцы 2012 году
рэдагаваць1 лютага ў Менску ў кнігарні «Логвінаў» адбылася цырымонія ўзнагароджаньня[20].
- Грамадзкі лідэр году — гарадзенскі журналіст Андрэй Пачобут і выдавец часопісу ARCHE Валер Булгакаў. Узнагароды ў гэтай намінацыі давялося ўручаць дыстанцыйна.
- Месца году — офіс праваабарончага цэнтру «Вясна».
- Адмова году — «Арт Сядзіба».
- Крэатыў году — плюшавы дэсант, які быў зладжаны Studio Total.
- Кампанія году — Беларуская антыядзерная кампанія.
- Рэгістрацыя году — Прыватная культурна-асьветніцкая ўстанова «Плятформ Інавэйшн»[21].
- Новая ініцыятыва — Маратон салідарнасьці «Свабоду палітвязьням».[22]
- Рэгіянальная падзея — стварэньне структураў незалежных прафсаюзаў на прадпрыемстве «Граніт» у Мікашэвічах.[23]
Пераможцы 2013 году
рэдагаваць23 сьнежня 2013 году ў памяшканьні «Арт Сядзібы» адбылася пятая штогадовая цырымонія ўручэньня прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці». Сёлета паступіла рэкордная колькасьць прапановаў па кожнай намінацыі — агулам больш за 160 прапановаў[24].
- Грамадзкі лідэр году — Сяргей Міхалок, лідэр гурту «Ляпіс Трубяцкі».
- Кампанія году — агульнанацыянальная кампанія Асамблеі НДА «Зробім лепш!», удзел у якой узялі 27 грамадзкіх арганізацыяў з 14 гарадоў Беларусі. У межах кампаніі праведзены шэраг разнастайных мерапрыемстваў, якія аб’ядналі больш за шэсьць тысячаў чалавек па ўсёй краіне. Кампанія завершылася вялікім фэстам «Зробім лепш!» у менскім клюбе Re:public.[25]
- Новая ініцыятыва — моўныя курсы «Мова ці кава», што цягам году праходзілі ў сталічнай галерэі «Ў». Прэмію атрымала аўтарка курсаў журналістка Кацярына Кібальчыч.[26]
- Рэгіянальная падзея — народныя бунты супраць ліквідацыі хатніх сьвіньняў у сувязі зь небясьпекаю распаўсюду афрыканскай чумы. Атрымаць прэмію ў Менск прыехала актыўная ўдзельніца кампаніі Кацярына Музыкантава зь вёскі Сумарокава (Магілёўскі раён).[27]
- Месца году — пляцоўка «ЦЭХ».
- Крэатыў году — PRацоўня сацыяльнай рэклямы за крэатыўную прамоцыю НДА[28] і прыватная ініцыятыва па ўсталяваньні ў Астравецкім раёне помніка паўстанцам Каліноўскага мэцэнатам Мікітам Забугам[29]
- СМІ году — інтэрнэт-тэлебачаньне партала TUT.BY. Статуэтку і дыплём атрымала рэдактарка TUT.BY-TV Алёна Андрэева.
- Найлепшы сайт НДА — сайт Праваабарончага цэнтру «Вясна».
- Лапаць году — Ірына Бійнік, арганізатарка вэляпрабегу «Стылягі на роварах». За арганізацыю вэляпрабегу яе прысудзілі да штрафу ў два мільёны беларускіх рублёў.
Пераможцы 2014 году
рэдагаваць13 студзеня 2015 году ў Арт Сядзібе прайшла шостая цырымонія ўручэньня прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці». Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў адзначыла выбітныя і яскравыя акцыі ў грамадзкім сэктары за 2014 год. Сёлета ў журы ўвайшло 100 чалавек зь ліку лідэраў трэцяга сэктару, мінулагодніх пераможцаў і журналістаў, якія стала пішуць пра НДА.[30]
- Грамадзкі лідэр году — вядоўцы моўных шоў «Мова нанова», «Мова ці кава», «Мова веда» і «Мова TUT».
- Кампанія году — кампанія «Пазнач сябе беларусам». Цягам 2014 году моладзь з Арт Сядзібы правяла шэраг акцыяў па прамоўцыі беларускіх сымбаляў, вышымаек, былі зладжаныя два Дні вышыванкі[31] і раздадзеныя 5 кілямэтраў стужкі з нацыянальным арнамэнтам.
- Новая ініцыятыва — экспэрты ў абарону Курапатаў. Археолягі, архітэктары, інжынэры, юрысты, культуролягі, журналісты ў 2014 годзе аб’ядналі свае намаганьні, каб юрыдычна бараніць ахоўныя межы Курапатаў ад незаконнага скарачэньня й забудовы.
- Рэгіянальная падзея — Дзень памяці паўстанцаў 1863 году ў Сьвіслачы. У 2014 падзея адзначыла свой 20-гадовы юбілей.
- Крэатыў году — акцыя салідарнасьці футбольных фанатаў на матчы «Беларусь-Украіна», які прайшоў 9 кастрычніка на Барысаў-Арэне.[32]
- Журналіст/мэдыя году — Марат Гаравы, журналіст газэты «Новы час».
- Найлепшы сайт НДА — інфармацыйна-мэтадычны партал для настаўнікаў www.nastaunik.info.
- Гарбуз году — атрымалі Ўпраўленьне па грамадзянству й міграцыі ГУУС Мінгарвыканкаму й Аддзел па грамадзянству й міграцыі Першамайскага РУУС г. Менску за ануляваньне віду на жыхарства праваабаронцы Алены Танкачовай.[33]
Пераможцы 2015 году
рэдагаваць15 студзеня 2016 году Асамблея зладзіла сёмую цырымонію ўганараваньня пераможцаў прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці», каб адзначыць лідэраў і найбольш значныя падзеі трэцяга сэктару за мінулы год. Журы складалася з 114 грамадзкіх лідэраў, экспэртаў, журналістаў і пераможцаў мінулых гадоў, зь якіх за намінантаў прагаласавала 75 чалавек.
- Грамадзкі лідэр году — Сьвятлана Алексіевіч. Атрыманьне ёй Нобэлеўскай прэміі аб’яднала беларусаў, а грамадзкая пазыцыя прымусіла задумацца пра сытуацыю ў краіне.
- Кампанія году — кампанія салідарнасьці з кадэтамі Ястрэмбельскай школы-інтэрнату (#Пагоняпобач). Прэмію ўручылі ініцыятарам кампаніі — прадстаўнікам «Арт Сядзібы».
- Новая ініцыятыва — сэрыя пэрформансаў у падтрымку людзей з абмежаванымі магчымасьцямі, якую зладзілі студэнты Тэатральнай лябараторыі «Фонтынбрас» пры Беларускім свабодным тэатры.
- Рэгіянальная падзея — абарона берагу возера Балдук у Пастаўскім раёне ад забудовы. Сябры арганізацыяў «Зялёная сетка», «Экадом», «Ахова птушак Бацькаўшчыны» разам зь мясцовымі жыхарамі з 2012 году змагаюцца супраць забудовы ля возера.
- Партнэрства году — Гуманітарны маршрут «Беларусь-АТО». У 2015 годзе гэта намінацыя была ўведзена ўпершыню, і ўручалася за салідарныя дзеяньні і рэалізацыю найлепшай ініцыятывы, якая аб’яднала партнэраў з розных сфэраў і сэктараў на карысьць грамадзянскай супольнасьці.
- Найлепшы сайт НДА — партал adukacyja.info.
- Крэатыў году — стрыт-арт фэст Urban Myths у Менску.
- Гарбуз году — атрымала Міністэрства інфармацыі за загад зьнішчыць наклад кнігі Віталя Сіліцкага «Доўгая дарога ад тыраніі: посткамуністычны аўтарытарызм і барацьба за дэмакратыю ў Сэрбіі і Беларусі».
- Мэдыя/журналіст году — блогер Антон Матолька.
Пераможцы 2016 году
рэдагаваць23 сьнежня 2016 году ў Менску прайшла восьмая цырымонія ўручэньня прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці». Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў адзначыла найбольш выбітныя і яскравыя падзеі ў грамадзкім сэктары за бягучы год. Журы складалася з 116 грамадзкіх лідэраў, экспэртаў, журналістаў і пераможцаў мінулых гадоў, а лонг-ліст намінантаў сёлета склаў 166 прапановаў.
- Грамадзкі лідэр году — Зьміцер Дашкевіч. Ён цягам 2016 году ініцыяваў збор подпісаў за наданьне бел-чырвона-беламу сьцягу статусу гістарычнай каштоўнасьці, зьнішчыў «3,5 кв.м урадлівага слою глебы» на беларуска-расейскай мяжы, пратэставаў супраць адкрыцьця графіці «Масква-Менск» і ўсталяваньня помніку Леніну.
- Кампанія году — кампанія па зборы подпісаў за наданьне бел-чырвона-беламу сьцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці, #нашсьцяг.
- Новая ініцыятыва — установа «Human Constanta», якая запомніліся грамадзтву дзеяньнямі ў абарону правоў уцекачоў і мігрантаў у Берасьці.
- Рэгіянальная падзея — кампанія ў абарону гісторыка-культурнага раёну Менску «Асмалоўка».
- Партнэрства году — плятформа Talaka.by. На гэтай некамэрцыйнай пляцоўцы актыўныя людзі знаходзяць каманду, памочнікаў і фінансы для рэалізацыі сваіх ідэяў. Найбольшай падтрымкай на плятформе карыстаюцца ідэі ў сфэры разьвіцьця беларускай мовы і культуры.
- Мэдыяактыўнасьць году — он-лайн-часопіс «Имена», які дае магчымасьць ня толькі даведацца пра гісторыі, лёсы і ўчынкі беларусаў, а таксама ствараць і падтрымліваць важныя для грамадзтва праекты.
- Крэатыў году — невядомы мастак, які дамаляваў калючы дрот на прапагандысцкім графіці «Менск-Масква».
- Гарбуз году — супрацоўнікі ГУУС Менгарвыканкаму, якія сёлета жорстка затрымалі ўдзельнікаў негвалтоўнай акцыі раварыстаў «Крытычная маса».
- Мэдыя / журналіст году — Галіна Абакунчык, карэспандэнтка Радыё Свабода, аўтарка 98 матэрыялаў пра грамадзянскую супольнасьць, яе ініцыятывы і перасьлед у 2016 годзе.
Пераможцы 2017 году
рэдагаваць21 сьнежня 2017 году Асамблея НДА зладзіла дзявятую цырымонію ўганараваньня пераможцаў прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці», каб адзначыць выбітных асобаў і важныя падзеі трэцяга сэктару Беларусі ў 2017 годзе. Журы складалася з 110 грамадзкіх лідэраў, экспэртаў, журналістаў і пераможцаў мінулых гадоў, зь якіх за намінантаў прагаласавала 90 чалавек.
- Грамадзкі лідэр году — Сяргей Драздоўскі, каардынатар Офісу па правах людзей з інваліднасьцю, рухавік кампаніі «Павестка 50». Кампанія разгарнулася ў пяці беларускіх гарадах і была накіраваная на імплемэнтацыю палажэньняў Канвэнцыі аб правах людзей з інваліднасьцю.
- Кампанія году — Кампанія ў абарону Курапатаў, #курапаты.
- Новая ініцыятыва — грамадзкі рух «Дзея» ды ініцыятыва «Хайсы» зь Віцебску (2 пераможцы).
- Рэгіянальная падзея — «маршы недармаедаў» супраць дэкрэту №3, якія прайшлі сёлета ў розных гарадах Беларусі. У акцыях бралі актыўны ўдзел грамадзкія актывісты і мясцовыя жыхары. Прыз у гэтай намінацыі атрымалі прадстаўнікі Слоніму, Воршы і Гомеля.
- Партнэрства году — Беларускія ўікэнды. Дзякуючы ім цягам 2017 году беларускамоўныя вэрсіі фільмаў былі паказаныя ў шэрагу кінатэатраў краіны.
- Мэдыяактыўнасьць году — сацыяльныя сеткі пошукава-выратавальнага атраду «Анёл».
- Крэатыў году — акцыя «Ноч расстраляных паэтаў» — супольная ініцыятыва Маладога Фронту і творчых асяродкаў.
- Гарбуз году — журы вырашыла «адзначыць» гэтай антыпрэміяй крымінальную справу па «факце» навучаньня і падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках. Па справе было затрымана больш за 30 чалавек — былых актывістаў арганізацыі «Белы легіён» і спартова-патрыятычнага клюбу «Патрыёт».
- Мэдыя / журналіст / журналістка году — гомельскі відэаблогер Максім Філіповіч. Ягоны канал на YouTube тсаў такім папулярным, што ўлады абвінавацілі Максіма ў «падмене дзяржаўных СМІ».
Пераможцы 2018 году
рэдагавацьУ чацвер 10 студзеня ў культурніцкай прасторы «Корпус» у Менску назвалі пераможцаў прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці». Дзясяты раз яе ўручала Асамблея НДА. У шорт-лісьце было 57 намінантаў, а ў журы — 112 грамадзкіх лідэраў, экспэртаў і журналістаў з усёй Беларусі.
- Грамадзкі лідэр году — Павал Белавус, заснавальнік «Арт Сядзібы». Адзін з арганізатараў сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР, канцэрту і інфармацыйнай кампаніі #БНР100, акцыяў #добрыясловы і «Брукаванка памяці» ў Курапатах.
- Кампанія году — кампанія па адзначэньні 100-годзьдзя БНР. Агульнабеларуская грамадзкая кампанія, якая ўцягнула мноства людзей, арганізацыяў, камэрцыйных структураў і нават дзяржаўных установаў у дзясятках гарадоў нашай краіны.
- Новая ініцыятыва — унівэрсытэт імя Ніла Гілевіча. Зарэгістраваны ў якасьці ўстановы ў сакавіку 2018. Заснаваны ТБМ, каб выправіць ганебную сытуацыю зь немагчымасьцю атрымаць вышэйшую адукацыю на беларускай мове.
- Рэгіянальная падзея — кампанія супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці.
- Партнэрства году — кааліцыйная праца праваабарончых НДА Беларусі пры падрыхтоўцы дакладу для Камітэту па правах чалавека ААН. У выніку больш як 60 рэкамэндацыяў Камітэту правоў чалавека ААН да ўраду Беларусі маюць у сваім складзе прапановы беларускіх праваабаронцаў дзеля выпраўленьня сытуацыі з правамі чалавека ў краіне.
- Мэдыяактыўнасьць году — кароткія ролікі ў сацсетках і перадача «Мова пра мову» Вінцука Вячоркі папулярызуюць мову сучаснымі сродкамі.
- Крэатыў году — бацькоўская ініцыятыва «Дзеткі-кветкі», якая правяла грамадзкі маніторынг моўнага статусу 106 дзіцячых садкоў у Менску.
- Гарбуз году — Антыўзнагарода «Гарбуз году» дастаўся БелТА, па заяве якой 14 журналістаў недзяржаўных мэдыя абвінавацілі ў несанкцыянаваным доступе да інфармацыі.
- Мэдыя / журналіст / журналістка году — Тацьцяна Каравянкова, якая на БелаПАН прафэсійна асьвятляе грамадзка-палітычныя тэмы ў Беларусі.
- Талака году — краўдфандынгавая плятформа «Талака», якая летась дасягнула паказальніку ў 1 мільён рублёў, сабраных на грамадзкія праекты.
Пераможцы 2019 году
рэдагаваць9 студзеня ў менскім клюбе «Бруге» адбылася цырымонія ўзнагароджаньня пераможцаў прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці-2019». Асамблея НДА ў адзінаццаты раз адзначыла асобаў і важныя падзеі грамадзкага сэктару. Сёлета ў журы была рэкордная колькасьць грамадзкіх лідэраў, экспэртаў, журналістаў і пераможцаў мінулых гадоў — агулам 150 чалавек.
- Грамадзкая лідэрка году — першае месца падзялілі Сьвятлана Гатальская з руху «Маршыруй, дзетка!», які прасоўвае прыняцьцё закону аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту, і Алена Масьлюкова, лідэрка ініцыятывы супраць запуску заводу па вытворчасьці бялёнай цэлюлёзы ў Сьветлагорску.
- Кампанія году — Кампанія па ўшанаваньні паўстанцаў 1863-1864 году ў Вільні.
- Новая ініцыятыва — адукацыйна-асьветніцкая пляцоўка «Тэрыторыя правоў», заснаваная Беларускім домам правоў чалаавека і ПЦ «Вясна».
- Мэдыяактыўнасьць — перамог відэа-блог на youtube «Рудабельская паказуха».
- Талака году — краўдфандынгавая пляцоўка MolaMola.
- Рэгіянальная падзея — праект «Інклюзіўны барыста», які распаўсюдзіў сваю працу на абласныя і малыя гарады.
- Партнэрства году — усталяваньне помніка Алесю Адамовічу ў Глушы. Грамадзянская супольнасьць ініцыявала і сабрала сродкі. Праект падрыхтаваў скульптар Гэнік Лойка, падтрымала дачка пісьменьніка Натальля Адамовіч, а мясцовая ўлада вылучыла годнае месца для помніка і дапамагла з арганізацыяй урачыстасьці.
- Крэатыў году — мабільны дастасунак reBrest – гід па архітэктурнай спадчыне гораду.
- Журналістка году — Дзіяна Серадзюк, якая вядзе рубрыку «Грамадзтва» ў «Новым Часе"».
- Антыпрэмія «Гарбуз» году — апраўданьне зносу памятных крыжоў у Курапатах і перасьледу абаронцаў мэмарыялу.
Відэа
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ Асамблея раздала ўзнагароды
- ^ Асамблея НДА ўручыць прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці»
- ^ Хто стане чэмпіёнамі грамадзянскай супольнасьці-2013?
- ^ Асамблея НДА раздала ўзнагароды
- ^ Беларусі распачалася кампанія «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня»(недаступная спасылка)
- ^ форум грамадзкіх арганізацый Магілёшчыны(недаступная спасылка)
- ^ зайчики и Деды Морозы штурмовали палату представителей национального собрания
- ^ суд над Залатым Львом(недаступная спасылка)
- ^ [1]
- ^ Названы «Чэмпіёны грамадзкай супольнасьці — 2010»(недаступная спасылка)
- ^ рэпрэсій выклікала цунамі салідарнасьці(недаступная спасылка)
- ^ [2]
- ^ Вынікі 2010 года: палітыка «лібэралізацыі» завяршылася небывалымі рэпрэсіямі і масавымі арыштамі
- ^ Таццяна Елавая: Правакатары маглі быць наймітамі спэцслужбаў
- ^ Алесь Бяляцкі — «Грамадзкі лідар году-2011»
- ^ Офіс па правах людзей з інваліднасьцю адчыніўся ў Беларусі!
- ^ Кіраўнік Цэнтра разьвіцьця валанцёрства заявіў пра націск напярэдадні вырашэньня пытаньня аб рэгістрацыі грамадзкага аб’яднаньня ў Міністэрстве юстыцыі
- ^ Страйк у Барысаве завершыўся посьпехам(недаступная спасылка)
- ^ Сайт Prokopovi.ch перамог у намінацыі «Крэатыў году»
- ^ Мінску ўручаны прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці — 2012»
- ^ Андрэй Бандарэнка: Зарэгістравалі новую арганізацыю, працуем далей
- ^ Ганна Шапуцька: Мэта марафону — узмацніць хвалю салідарнасьці(недаступная спасылка)
- ^ Незалежны прафсаюз на «Граніце» стаў падзеяй года
- ^ У Мінску аб’яўлены лаўрэаты пятай штогадовай прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці»
- ^ Кампанія «Зробім лепш!»
- ^ Першая мінская «Мова ці кава» сабрала сто чалавек
- ^ Куды падзець сьвіней? Перасяліць!
- ^ У Мінску стартаваў праект «PR недзяржаўных арганізацый, ініцыятыў, кампаній. Візытоўкі»
- ^ Прыватны помнік Кастусю Каліноўскаму
- ^ Асамблея назвала чэмпіёнаў грамадзянскай супольнасьці 2014 году
- ^ Першы Дзень вышыванкі прайшоў у Менску
- ^ Эксперты: Футбольные фанаты были и будут политически активны
- ^ Суд Первомайского района г. Минска отказал в удовлетворении жалобы Елены Тонкачевой о незаконности ее высылки из Беларуси
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Belngo.info
- Сайт прэміі(недаступная спасылка)