Белы легіён
«Бе́лы легіё́н» — спартова-патрыятычная арганізацыя Беларусі, заснаваная ў 1995 року для дапрызыўной падрыхтоўкі і патрыятычнага выхаваньня моладзі[1].
«Белы легіён» | |
Папярэднік | Беларускае згуртаваньне вайскоўцаў |
---|---|
Дата ўтварэньня | 1995 рок |
Дата спыненьня існаваньня | 2005 рок |
Тып | Спартова-патрыятычная арганізацыя |
Штаб-кватэра | Менск |
Месцазнаходжаньне | Беларусь |
Сяброўства | каля 300 сяброў у пэрыяд з 1995 па 2005 рок |
Афіцыйныя мовы | беларуская мова |
Асноўныя асобы | Сяргей Бульба, Міраслаў Лазоўскі, Ігар Корсак |
Дзейнасьць
рэдагаваць«Белы Легіён» як самастойная структура выдзеліўся з моладзевага крыла[2] Беларускага Згуртаваньня Вайскоўцаў у 1995 року[3][4][a]. У той час паўстала пагроза страты незалежнасьці Беларусі з-за падпісаньня саюзных дамоваў з Расеяй. Узначаліў «Белы легіён» адказны сакратар Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў Сяргей Бульба (Чыслаў)[5].
У 1995—2000 роках «Белы Легіён» браў актыўны ўдзел ва ўсіх мітынгах і маршах з мэтаю абароны незалежнасьці Беларусі. У той пэрыяд маргінальныя групоўкі часта арганізоўвалі правакацыі супраць мірных дэманстрантаў. «Белы Легіён» узяў на сябе задачу адэкватнага супрацьдзеяньня такім правакацыям, працы на іх апярэджаньне і ліквідацыю магчымых наступстваў. Пры тым «Белы Легіён» ня быў часткай якой-небудзь з існуючых дэмакратычных структураў — дзейнічаў выключна як сілавы блёк агульнадэмакратычнага руху[6].
У красавіку 1996 року прадстаўнікі крайне правай арганізацыі з Украіны УНА-УНСО, матываваныя дактрынай «хай агонь гарыць у Абхазіі ці Беларусі, абы не ва Ўкраіне», былі гатовыя прымяняць падчас акцыі ў Менску кактэйлі Молатава супраць беларускіх сілавікоў. «Белы Легіён» рашуча прадухіліў такую правакацыю, і прадстаўнікі УНА-УНСО больш не прыяжджалі ў Беларусь для ўдзелу ў акцыях пратэсту.
Сьцяг «Белага легіёну» — чырвонага колеру зь белым знакам «спарышу» ў чорным коле — упершыню быў узьняты на Дні Волі 25 сакавіка 1996 року.
Патрыятычная актыўнасьць «Белага Легіёну» стала прычынай павышанай увагі да самой арганізацыі і да асобных яе сябраў з боку сілавых структураў. У 1997 року дзяржаўныя спэцслужбы зладзілі шэраг правакацыяў супраць сябраў арганізацыі, у тым ліку жорсткае зьбіцьцё ейнага лідэра Сяргея Чыслава, які патрапіў у лякарню са шматлікімі пераломамі[7].
У жніўні 1998 року за расклейку арганізацыйных улётак былі затрыманыя актывісты Ігар Корсак і Павал Сілівончык. Іх таксама абвінавацілі ў «распаўсюджаньні фашысцкай сымболікі» за маляваньне на мурох «спарышу» — лягатыпу «Белага легіёну», аднак гэтае абвінавачваньне было зьнятае пасьля заключэньня экспэртаў-мастацтвазнаўцаў[8][9][10].
17 кастрычніка 1999 року «Белы легіён» узяў удзел у шматлікай дэманстрацыі «Марш свабоды» ў Менску, якая скончылася сутычкамі зь міліцыяй на рагу вуліцаў Фрунзэ й Першатравеньскай. Акрамя дэманстрантаў, параненьні ў сутычках атрымалі таксама 53 міліцыянты[10].
Напрыканцы 1999 року «Белы легіён» практычна зьнік з пратэстнай і палітычнай арэны — частка сяброў сышла ў бізнэс, а рэшта засяродзілася на працы з моладзьдзю (фізычнае й патрыятычнае выхаваньне), правядзеньне штогадовых спартовых збораў й летнікаў у розных кутках Беларусі. Таксама сябры «Белага легіёну» ахоўвалі нацыянальныя культурныя імпрэзы, офісы незалежных СМІ, буйныя мерапрыемствы палітычнай апазыцыі.
У сакавіку 2000 року за распаўсюд улётак быў затрыманы адзін зь ягоных лідэраў Міраслаў Лазоўскі. Ён стаў першым асуджаным па артыкуле Адміністрацыйнага кодэксу «дзейнасьць ад імя незарэгістраваных… аб’яднаньняў»[10].
Колькасьць удзельнікаў «Белага легіёну» ў 1995—2000 роках складала прыкладна 300 чалавек. Арганізацыя мела сваіх прыхільнікаў у шмат якіх гарадах Беларусі, а таксама ў розных сацыяльных групах: ад спартоўцаў й вайскоўцаў да інтэлігенцыі. Аднак, ня маючы магчымасьці атрымаць афіцыйную рэгістрацыю, у 2005 року арганізацыя фактычна спыніла сваё існаваньне.
Увесь пэрыяд дзейнасьці «Белы легіён» быў патрыятычнай арганізацыяй, якая цьвёрда стаяла на дзяржаўніцкіх пазыцыях й займалася ў значнай ступені падрыхтоўкай юнакоў да службы ў войску, сілавых структурах. Значная частка моладзі, якая ішла ў «Белы легіён», хацела, ведаючы высокі ўзровень падрыхтоўкі ў арганізацыі, якасна падрыхтавацца да паступленьня ў Вайсковую акадэмію ці Акадэмію МУС, многія выхаванцы адслужылі ў спэцпадразьдзяленьнях сілавых структураў Беларусі, некаторыя зь іх дагэтуль знаходзяцца на афіцэрскіх пасадах рознага ўзроўню[11].
Ад 2005 року «Белы легіён» як структура не прысутнічае ў палітычным жыцьці Беларусі. Большасьць яго былых сяброў захавалі ня толькі сяброўскія сувязі, але і засталіся людзьмі з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй[12]. Аднак дагэтуль былыя сябры арганізацыі з-за сваіх палітычных поглядаў і мінулага ў «Белым легіёне» застаюцца пад пільнай увагай спэцслужбаў і пэрыядычна церпяць правакацыі зь іх боку[13].
Перасьлед
рэдагавацьВосеньню 1996 г. Сяргей Бульба (Чыслаў) быў вывезены невядомымі спэцслужбамі ў лес каля Слуцку, перажыў клінічную сьмерць і тры тыдні правёў у лякарні[14].
У 2006 року сябры «Белага Легіёну» былі задзейнічаныя ў ахове кандыдата на пасаду прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Казуліна, аднак тая ахоўная дзейнасьць не была зьвязаная з афіцыйнай пазыцыяй арганізацыі і аднаўленьнем яе дзейнасьці, а зьяўлялася прыватнай ініцыятывай яе асобных былых сяброў.
У 2008 року колішніх кіраўнікоў «Белага легіёну» Ігара Корсака, Міраслава Лазоўскага і Сяргея Бульбу (Чыслава) затрымлівалі ў справе па выбуху 4 ліпеня[15], аднак празь непрацяглы час вызвалілі з-пад варты.
У 2015 року адзін зь лідэраў былога «Белага легіёну» Міраслаў Лазоўскі быў затрыманы за нашэньне майкі з надпісам «Азов» і аштрафаваны.
20 сакавіка 2017 г. старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада» Мікалай Статкевіч, які ў 1990-я гады ўзначальваў грамадзкае аб’яднаньне «Беларускае згуртаваньне вайскоўцаў», даслаў у Менскі гарвыканкам заяву на правядзеньне 25 сакавіка чарговага «Маршу абураных беларусаў»[16]. 17 лютага першым такім маршам зь яго ўдзелам пачаліся «Маршы недармаедаў» за скасаваньне Дэкрэту № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства», дзеяньне якога Аляксандар Лукашэнка ў адказ прыпыніў 9 сакавіка на год.
21 сакавіка 2017 року а 13-й гадзіне Аляксандар Лукашэнка заявіў на прадпрыемстве «Кранаспан» у Магілёве: «Адзін зь лягераў быў у раёне Бабруйска і Асіпавічаў. Астатнія лягеры — ва Ўкраіне. … Грошы ішлі праз Польшчу і Летуву да нас. Мы літаральна ў гэтыя гадзіны затрымалі пару дзясяткаў баевікоў, якія рыхтавалі правакацыю са зброяй»[17]. А 20-й гадзіне 21 сакавіка супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь правялі 2-гадзінны ператрус у менскай кватэры Міраслава Лазоўскага, пасьля чаго зьмясьцілі яго ў сьледчы ізалятар МУС Беларусі на вуліцы Валадарскага[18]. Цягам 21-22 сакавіка 2017 року затрымалі 26 чалавек, якіх абвінавацілі па 3-й частцы 293-га артыкула «Масавыя беспарадкі» Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь[19][20].
Увечары 22 сакавіка 2017 року дзяржаўныя тэлеканалы «Агульнанацыянальнае тэлебачаньне» (АНТ) і «Беларусь 1» паказалі кадры затрыманьня ў Менску былога сябра «Белага легіёна» Віктара Данілава. У этэры перадачы «Панарама» на «Беларусь 1» «Белы легіён» нараклі «экстрэмісцкай прафашысцкай» арганізацыяй. Таксама згадавалася, што 29-гадовага Данілава «здолелі своечасова спыніць да 2-га вулічнага дзеяньня 25 сакавіка»[21], то бок папераджальна затрымалі да Дня волі[22], як і іншых.
На 11 красавіка 2017 року ў КДБ Беларусі па справе аб масавых беспарадках фігурантамі праходзілі 35 чалавек, зь іх 20 абвінавачваліся яшчэ й па артыкуле аб незаконным узброеным фармаваньні. Да 16 чэрвеня КДБ Беларусі закрыў справу аб «масавых беспарадках». Справу аб стварэньні «незаконнага ўзброенага фармаваньня» з КДБ перадалі Сьледчаму камітэту Рэспублікі Беларусь. У СІЗА КДБ і МУС Беларусі заставаліся 14 чалавек. Некаторым зь іх сьледзтва працягнулі на 2-4 месяцы. Астатніх адпусьцілі на волю пад падпіску аб нявыезьдзе і неразгалошваньні, зь некаторых зьнялі абвінавачаньне[23]. Да 30 чэрвеня 2017 г. на волю выйшлі ўсе затрыманыя.
27 лістапада 2017 г. крымінальны перасьлед усіх удзельнікаў справы «Белага легіёну» быў афіцыйна спынены[24].
Крыніцы і заўвагі
рэдагаваць- ^ «На нас Караткевіч паўплываў» — Сяргей Чыслаў пра гісторыю «Белага легіёну»
- ^ Карней, Ігар (10 ліпеня 2008) «Белы легіён» не існуе, але цікавіць сьледзтва Палітыка. Радыё «Свабода». Праверана 22 сакавіка 2017 г.
- ^ Стэфаненка, Раман Ствараецца «Белы легіён» 90-я Праверана 22 сакавіка 2017 г.
- ^ Белы легіён – праўда й міты(недаступная спасылка)
- ^ Стваральнік «Белага легіёну» Сяргей Чыслаў: нашай уладзе трэба звярнуцца да здаровага патрыятызму
- ^ Сяргей Чыслаў пра гісторыю «Белага легіёну»
- ^ drab. (30 верасьня 2011) Белы Легіён Беларусь, Навіны. Грамадзянскае партнэрства «Альянс». Праверана 22 сакавіка 2017 г.
- ^ Ігар Корсак Свабоду палітвязьням! Праверана 22 сакавіка 2017 г.
- ^ Павал Сілівончык Свабоду палітвязьням! Праверана 22 сакавіка 2017 г.
- ^ а б в Каберац, Антось (9 ліпеня 2008) Што такое «Белы легіён»? Грамадзтва. Наша Ніва. Праверана 22 сакавіка 2017 г.
- ^ Сяргей Чыслаў: Нашай уладзе трэба звярнуцца да здаровага патрыятызму
- ^ Сяргей Чыслаў: «Белы легіён» — гэта не арганізацыя, гэта стан душы
- ^ “Белы легіён” не існуе, але цікавіць сьледзтва
- ^ Лідар «Белага легіёну»: Я перажыў клінічную смерць
- ^ Сотрудники КГБ по делу о взрыве в Минске задержали троих бывших активистов «Белого легиона» (рас.) Нацыянальная бясьпека. Interfax (9 ліпеня 2008). Праверана 22 сакавіка 2017 г.
- ^ Статкевіч паведаміў у Менгарвыканкам аб намеры правесьці 25 сакавіка «Марш абураных беларусаў» // Тэлеканал «Белсат», 22 сакавіка 2017 г. Праверана 11 ліпеня 2017 г.
- ^ Уладзімер Мацьвееў. У Беларусі затрымалі баевікоў, якія рыхтавалі правакацыю са зброяй // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 21 сакавіка 2017 г. Праверана 11 ліпеня 2017 г.
- ^ Былы лідэр «Белага Легіёну» Лазоўскі затрыманы і зьбіты, у кватэры адбыўся ператрус // Радыё «Свабода», 22 сакавіка 2017 г. Праверана 11 ліпеня 2017 г.
- ^ Сьпіс затрыманых па справе «аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў» // Наша ніва : газэта. — 5 красавіка 2017. — № 4 (967). — С. 3. — ISSN 1819-1614.
- ^ Папаўняецца сьпіс затрыманых за «масавыя беспарадкі», якіх не было // Праваабарончы цэнтар «Вясна», 23 сакавіка 2017 г. Праверана 11 ліпеня 2017 г.
- ^ Пры затрыманьні ў актывіста «Белага легіёна» канфіскаваны гранаты, драбавікі, аўтамат // БелТА, 23 сакавіка 2017 г. Праверана 11 ліпеня 2017 г.
- ^ Аляксандар Папко. «Віктар Данілаў — ніякі не нацыст, а сюжэт БТ — маніпуляцыя» // Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 22 сакавіка 2017 г. Праверана 11 ліпеня 2017 г.
- ^ nn.by
- ^ Справа «Белага легіёна», якая пачалася з ліста «фрау А.» Лукашэнку, спынена — Наша Ніва, 30 лістапада 2017
- ^ Паводле словаў аднаго з заснавальнікаў, Міраслава Лазоўскага, дакладную дату зьяўленьня вызначыць цяжка, паколькі складана адмежаваць асобную дзейнасьць «Белага легіёну» ад мерапрыемстваў у складзе Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў. Афіцыйна ж «Белы легіён» ня быў зарэгістраваны.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Белы Легіён. Гісторыя // «Малады Фронт»