«Ля́піс Трубяцкі́» — беларускі рок-гурт, заснаваны ў 1990 годзе. Праіснаваў да 1 верасьня 2014 году, калі было абвешчана пра падзел на два новыя гурты — Trubetskoy і Brutto.

Ляпіс Трубяцкі

Сяргей Міхалок. Канцэрт у клюбе Б1 Maximum
Гады 1990—2014
Краіна
Месца ўтварэньня Менск, Беларусь
Мова расейская, беларуская, ангельская
Жанр рок, ска, панк
Выдавец Саюз Мьюзік, West Records
Зьвязаныя праекты Крамбамбуля, Саша і Сірожа, Drezden
Удзельнікі Сяргей Міхалок
Павал Булатнікаў
Руслан Уладыка
Дзяніс Стурчанка
Павал Кузюковіч
Іван Галушка
Аляксандар Старажук
Былыя ўдзельнікі Аляксандар Ролаў
Ягор Дрындзін
Уладзімер Елкін
Анатоль Зіневіч
Алег Ладо
Юры Задзіран
Валер Башкоў
Дзьмітры Сьвірыдовіч
Віталь Драздоў
Аляксей Зайцаў
Аляксей Любавін
Узнагароды і прэміі
Lyapis.com

Гісторыя гурту

рэдагаваць

Гурт утварыўся ў лютым 1990 году. Даў свой першы канцэрт на фэсьце «Тры колеры» ў Менску. Лідэрам ад самага пачатку стаў студэнт Інстытуту культуры Сяргей Міхалок. Іншымі ўдзельнікамі першага складу былі бас-гітарыст калектыву Дзьмітры Сьвірыдовіч, гітарыст Руслан Уладыка й ударнік Аляксей Любавін.

Удзельнікі гурту «Ляпіс Трубяцкой» зьбіраліся ў той час пераважна на канцэртах. Пераход групы ад «віртуальнага» існаваньня да «рэальнага» адбыўся пасьля першага сур’ёзнага выступу групы на «Фэсьце музычных меншасьцяў» у Доме настаўніка ў Менску.

Яўген Калмыкаў (будучы дырэктар калектыву) стаў першым чалавекам, які прапанаваў музыкам ганарар за сольны выступ (таксама першы) у 1994 на піўным шоў у кавярні «Время» (Час) у ДК Менскага трактарнага заводу. Прыкладна ў гэты час адбыўся і першы тур гурту па Беларусі (на аўтобусе) у межах «Next Stop New Life», у якім гледачам прадстаўлялася сумесная з тэатрам «Бамбукі» (кіраўнік — Сяргей Міхалок) рок-опэра «Заваёва космасу».

Затым у 1994 «Ляпіс Трубяцкой» ўлетку прыняў удзел у фэсьце «КГ. Сердитый праздник», які праходзіў у менскім Палацы спорту з удзелам расейцаў «Чайф», «Два самолёта», «Чуфелла марзуфелла» і іншых. Крыху пазьней музыкі апынуліся на прыдуманым мастаком Васілём Пачыцкім фэсьце «Неизвестное кино Гагарина» («Невядомае кіно Гагарына»), дзе таксама выступалі «Зартипо» і «Хламкин едет в Израил». Посьпех канцэрту навёў на думку аб выпуску касэты. У выніку быў зроблены запіс выступу ў «Альтэрнатыўным тэатры» падчас «Рок-абанэмэнта», які выйшаў у Беларусі ў 1995 годзе пад назвай «Любови капец» (ня блытаць са складанкай 1998).

Першы наклад касэты склаў каля 100 штук, зь якіх прададзена было толькі дваццаць (пазьней, на хвалі посьпеху «Ранетого сердца», яна была перавыдадзеная). Але кожны ўсё яшчэ займаўся сваімі справамі: Яўген Калмыкаў працаваў у аб’яднаньні «Клубный стиль», Сяргей Міхалок курыраваў клюб «Аддис-Абеба» і кіраваў тэатрам «Бамбукі» (усе акторы — мужчыны, па аналёгіі зь японскім тэатрам «кабукі»). Склад быў той самы, хіба што бас-гітарысты часта зьмяняліся (Алег «Паганіні» Усьціновіч, Алег Ладо).

Усё рэзка зьмянілася ў 1996 пасьля канцэрту ў Палацы шахматаў і шашак. Менавіта тамака іх заўважыў кіраўнік «Комплексбанка» Яўген Краўцоў. Ён прапанаваў зрабіць запіс на сваёй студыі «Mezzo Forte». Прыкладна ў гэты час групу ўзмацнілі Ягор Дрындзін (труба), Віталь Драздоў (скрыпка, вакал), Павал Кузюковіч (вальторна) і Аляксандар Ролаў (гітара, сышоў праз паўгады). Вынікам стаў альбом «Ранетое сердце», афіцыйна прадстаўлены 21 чэрвеня 1996 году на «Сьвяце музыкі» ў менскім парку Горкага. Продажы «Ранетого сердца» білі ўсе беларускія рэкорды. Па розных ацэнках (касэты выдавалі ўсе хто заўгодна, і дакладнай лічбы ніхто ня ведае) наклад склаў ад 20 да 30 тысячаў асобнікаў.

Апафэозам узьлёту стала трэцяя цырымонія ўручэньня беларускіх музычных узнагародаў «Рок-каранацыя-96». «Ляпісу Трубяцкому» дасталіся тры ўзнагароды з чатырох магчымых. «Лепшы аўтар тэкстаў году» (узнагарода падзеленая з Касяй Камоцкай з гурту «Новае Неба»), «Альбом году» і «Лепшы гурт году» (так званая «Вялікая карона», што азначала, што «Ляпіс Трубяцкой» зараз — «рок-кароль»). Аднак за наступны год быў выдадзены толькі канцэртны запіс з прэзэнтацыі праграмы «Сьмяротнае вясельле».

У лютым 1998 у Маскве выходзіць запісаны яшчэ ў 1997 «Ты кинула» з паловай старых і паловай новых песьняў. Падчас яго запісу з калектыву сыходзяць Алег Ладо й Віталь Драздоў. Першага спачатку ў якасьці сэсійнага музыкі замяняе Валер Башкоў, але трохі пазьней вяртаецца бас-гітарыст першага складу Дзьмітры Сьвірыдовіч. На месца Драздова прыходзіць другі вакаліст Павал Булатнікаў (былы ўдзельнік менскага дуэту «Ліцэй»). Напрыканцы году беларускім рэжысэрскім тандэмам «Bolek & Lolek» (М. Тымінько ды А. Церахаў) здымаецца першы ў гісторыі гурту відэакліп — «Ау». Ён быў зроблены аматарскім чынам: з размаляваных на кампутары ўручную фатаздымкаў музыкаў гурту.

Альбом «Ты кинула» прыносіць групе посьпех у Расеі й краінах СНД. Увесну «Ляпіс Трубяцкой» зьдзяйсьняе першыя за паўтара году гастролі па Беларусі.

Напрыканцы 1998 году выйшаў альбом рэміксаў песьняў гурту «Ляпис-Дэнс», да стварэньня якога самі музыкі ня мелі ніякага дачыненьня, а ў жніўні па ініцыятыве Яўгена Краўцова была выпушчаная складанка «архіўных» запісаў гурта «Любови капец». Гітом робіцца запісаная ў 1996 годзе для «Ранетого сердца» вэрсія песьні Алега Квашы «Зялёнавокае таксі», якая, у той жа час, ператвараецца ў падставу для скандалу, узьнятага аўтарам песьні напачатку 1999.

Увосень 1998 году пачынаецца падрыхтоўка матэрыялу для новага альбому. Альбом «Красота» выходзіць 12 траўня 1999[1], і музыкі зноў пачынаюць актыўную гастрольную дзейнасьць, значнае месца ў якой займае ўдзел у непалітычнай частцы туру «Так!» у верасьні-кастрычніку. Увосень пачынаецца падрыхтоўка новага матэрыялу. Першая песьня «Вінаградная лаза» запісваецца ў Менску на студыі «Mezzo Forte» ў верасьні і зводзіцца ў Францыі ангельскім прадусарам Віктарам Пэндлбэры.

Напачатку 2000 году студыя «Союз» перавыдала прыналежны ёй альбом «Красота» пад назвай «Всем девчонкам нравится…». У перавыданьне ўвайшлі тры новыя песьні — «Любовь повернулась ко мне задом» («Каханьне павярнулася да мяне задам»), «Крошка моя» («Лялечка мая»; кавэр-вэрсія гіту «Руки вверх!») и «Виноградная лоза» («Вінаградная лаза»). У гэты ж час выходзіць музычны фільм пра гурт «Усім дзяўчынкам падабаецца…». На гэтым супрацоўніцтва з «Союзам» на той момант скончылася.

У студзені 2000 у Менску на студыі Беларускага тэлебачаньня запісваецца новы альбом назовам «Тяжкий». Падчас запісу кружэлкі ў якасьці запрошанага музыкі зьяўляецца Іван Галушка (трамбон), які празь некалькі месяцаў уліваецца ў склад гурту ў якасьці трэцяга ўдзельніка духавое сэкцыі (Я. Дрындзін — труба, П. Кузюковіч — трамбон). «Ляпісы» падпісваюць кантракт з расейскай рэкард-кампаніяй Real Records, якая 15 траўня таго ж году выпускае іх новы альбом. Кружэлка выклікала неадназначную рэакцыю. Праграмныя дырэктары маскоўскіх радыёстанцыяў вельмі неахвотна бралі ў свой этэр песьні зь «Тяжкага», MTV і ОРТ адмаўляліся круціць кліпы «Спорт мінуў», «Дружбак» і «Па алеях» (зьняты з удзелам комік-трупы Маскі-шоў). Затое Арцемій Троіцкі назваў «Тяжкий» «лепшым, што было выдадзена ў Расеі ў 2000 годзе».

Першым сынглам з наступнага альбому стала песьня «Галубы». Ролік, рэжысэрам якога стаў Ігар Пашкевіч (ён жа экранізаваў у 1999 «Яблыні»), здымаўся ў пачатку студзеня ў Менску на Менскім роварным заводзе. Кліп быў узяты ў эксклюзіў MTV і ў сакавіку 2001 стаў самым ратуемым на гэтым канале відэаролікам.

У сакавіку таго ж году музыкі гурту «Ляпіс Трубяцкой» сталі ініцыятарамі стварэньня творчага аб’яднаньня «Дзеці Сонца». Мэта аб’яднаньня — прапагандаваць пазытыўную вясёлую музыку, незалежна ад таго, хто яе выконвае — прызнаныя зоркі ці таленавітыя пачаткоўцы. У мэтах пасоўваньня гэтай ідэі быў створаны аднайменны рэкорд-лэйбл «Дзеці Сонца», стылявыя прыярытэты якога — ска, рэгі, рага, «цыганшчына» і іншая «сонечная музыка». Да канца году выйшла дзьве складанкі[1].

Улетку 2001 быў зьняты кліп на песьню «Сочы», якая, як і «Галубы», мела вялікі посьпех. У верасьні выйшаў альбом «Юность» — самая пасьпяховая кружэлка ад часоў «Красоты».

Паміж тым напачатку 2001 году на зьмену Дзьмітрыю Сьвірыдовічу прыйшоў Аляксей Зайцаў (бас-гітара), а праз год групу пакінуў яшчэ адзін удзельнік першага складу — Аляксей Любавін (ударныя). Месца за барабанамі заняў Аляксандар Старажук.

Першыя чарнавыя запісы для новага альбому зрабілі ўвосень 2002, пасьля чаго ў студзені 2003 зьезьдзілі ў Кіеў да Яўгена Ступкі. Дзьве песьні з шасьці запісаных увайшлі ў экспэрымэнтальны самотнік «Чырвоны кальсоны» (травень 2003), куды таксама ўвайшла вялікая колькасьць рэміксаў ад сяброў гурту.

Падчас запісу Аляксея Зайцава на бас-гітары замяняе Ўладзімер Эгліціс з гурту Карла Хламкіна. Прыкладна ў той самы час калектыў пакідае Ягор Дрындзін. Трубачом робіцца валтарніст Павал Кузюковіч[2].

Вынікам амаль гадавое працы стаў альбом «Золотые яйцы» (красавік 2004), гучаньне якога было прыкметна больш «незалежным», з досыць моцным уплывам ска і рэггей. Да часу яго выпуску было зьнята два відэакліпы. Першы, на песьню «Раінька», стаў самай няўдалай працай Ігара Пашкевіча. Другі, выкананы ў тэхніцы плястылінавае анімацыі зьнялі браты Сідарукі.

Да выхаду альбому Сяргей Міхалок мяняе свое вонкавае аблічча. У жніўні 2004 зьявілася відэа на песьню «Почтальоны», зьнятае амэрыканскім рэжысэрам Кевінам Джэксанам. Самае дарагое і, мусіць, самае няўдалае відэа гурта.

У 2004—2006 гадах «Ляпіс Трубяцкой» актыўна займаўся саўндтрэкамі. Каманда запісала музыку да сэрыялу «Мужчыны ня плачуць» і фільму «Апошні забой» (абодва зьнятыя расейскім рэжысэрам Сяргеем Бабровым). Вынікам стаў зборны альбом «Мужчины не плачут. Музыка для кино», большасьць песень якога былі запісаныя ў фармаце напаўакустычнага бэнду з акардэонам. Ён выйшаў у сакавіку 2006.

Разам з тым яшчэ ўлетку 2005 калектыў пачаў працу над сваёй чарговай кружэлкай. Першыя новыя песьні («Андрюша», «Харэ») былі прадстаўленыя слухачам яшчэ да студыйнага запісу на фэстах «Нашэсьце» ў Казахстане і Расеі.

У першай палове 2006 у гурт вярнуўся адзін з заснавальнікаў калектыву — бас-гітарыст Дзьмітры Сьвірыдовіч (праўда, яму ізноў прыйшлося сысьці напрыканцы 2006, і тады яго замяніў Дзяніс Стурчанка). Трыюмфальным можна назваць выступ «Ляпісаў» на Таўрыйскіх гульнях у траўні 2006, дзе група выканала амаль усе свае гіты, а таксама некаторыя новыя кампазыцыі.

На працягу 2006 гурт шукаў саўндпрадусара для запісу новага матэрыялу, каб нарэшце ў поўнай меры рэалізаваць свае ска-панкавыя мары. Новым саўнпрадусарам стаў Віталь Цялезін («Океан Ельзи», «Братья Гримм» і іншыя). Альбом быў запісаны ў Кіеве з восені 2006 па вясну 2007. Першым паўнавартасным сынглам зь яго стала песьня «Харэ», з трэш-кліпам ад рэжысэра і актора Ўладзімера Япіфанцава, які быў запушчаны ў пачатку 2007. Але галоўнай ударнай сілай альбому стала песьня «Капітал» з апакаліптычным відэакліпам Аляксея Церахава (суаўтар кліпаў «Ау» і «Розочка»), прэм’ера якога адбылася ў Інтэрнэце. За першы месяц ролік прагледзелі каля 100 тысячаў чалавек. Альбом «Капитал» выйшаў напрыканцы красавіка 2007 і стаў новым вітком у творчасьці калектыва[3]. Яго расейская прэзэнтацыя адбылася 1 траўня ў Маскве, украінская — 17 траўня ў Кіеве, а беларусы змаглі ўбачыць новую праграму 2 чэрвеня ў Бабруйску.

На цырымоніі ўручэньня прэмій «Гукавая дарожка — 2008» у Маскве калектыў перамог адразу ў дзьвюх намінацыях: «Рок» і «Гурт году».

«Ляпісы» ўпершыню патрапілі ў лік сушукальнікаў прэміі «Гукавая дарожка» (яна ж — «ZD Awards»), прычым адразу ў трох катэгорыях: «Рок», «Гурт году» і «Альбом году». Канкурэнтамі «Ляпісаў» былі: Зэмфіра, «Мумій Троль», «Акварыюм», «Бі-2», «Горад 312», «Бумбокс», Noize MC, Quest Pistols і нават Дзіма Білан (у намінацыі «Альбом году»). «Ляпісы» атрымалі дзьве статуэткі, як лепшы гурт і лепшы рок-праект году.

7 сакавіка 2009 году ў маскоўскім спорткомплексе «Алімпійскі» мінула другая цырымонія ўзнагароджаньня прэміяй «Чартавы тузін. Топ 13» («Чартова дюжина. Топ 13»). Гэтая прэмія лічыцца галоўнай узнагародай у вобласьці расейскай рок-музыкі. Беларускі гурт «Ляпис Трубецкой» другі раз запар патрапіў у лік пераможцаў «Чартавага тузіну». Год назад «Ляпісы» атрымалі прэмію за кліп «Капітал», зьняты рэжысэрам Аляксеем Церахавым. У 2009 годзе яны зноў патрапілі ў намінацыю «Відэакліп» — і зноў з ролікам Церахава «Огоньки».

У пачатку сакавіка 2009 году пачаўся маштабны тур па Беларусі. Цэнтральны канцэрт беларускага туру адбыўся 9 сакавіка ў Палацы спорту ў Менску ў прысутнасьці каля 9000 гледачоў. Акрамя гэтага чакаюцца выступы ў Берасьці, Горадні, Магілёве, Гомелі, Наваполацку, Салігорску і Бабруйску.

14 сакавіка 2009 году ў Маладэчне прайшла 13-я цырымонія ўзнагароджаньня лепшых беларускіх музыкаў «Рок-каранацыя». Крыштальныя кароны ўручаныя ў дзевяці намінацыях. Тры зь іх дасталіся гурту «Ляпіс Трубяцкой»: «Песьня году» («Зорачкі»), «Альбом году» (Manifest) і вялікая рок-карона — «Гурт году».

Прадвесьнікам новага альбому стала песьня на верш Янкі Купалы «Ня быць скотам», якую «Ляпісы» прадставілі ў лістападзе 2011 году. Рэліз альбому «Рабкор» адбыўся 1 траўня.

17 сакавіка 2014 году гурт выпусьціў зварот, у якім заявіла пра тое, што заканчвае сваю кар’еру 1 верасьня таго ж году. 1 верасьня 2014 году было абвешчана, што гурт спыняе сваё існаваньне, а яго ўдзельнікі заснавалі два новыя гурты: Trubetskoy, які будзе выконваць у тым ліку і старыя песьні «Ляпіса Трубяцкога», а таксама праект Brutto[4]. У склад гурта Trubetskoy ўвайшлі тры былыя ўдзельнікі «Ляпіса Трубяцкога» — Павал Булатнікаў (вакал), Руслан Уладыка (гітара), Аляксандар Старажук (бубны), таксама да іх далучыліся гітарыст Павал Трацяк і басіст Аляксандар Мышкевіч; Сяргей Міхалок заснаваў свой асобны праект — Brutto[4]. На сьнежань 2015 г. у амэрыканскай сацыяльнай сетцы Facebook старонка гурта была 5-й найбольш упадабанай у Беларусі з больш як 104 тыс. упадабаньняў[5].

Дыскаграфія

рэдагаваць
Год Арыгінальная назва Па-беларуску
1995 Любови капец! — Live '95 Каханьню капец! — Live '95
1996 Ранетое сердце Параненае сэрца
1997 Смяротнае вяселле Сьмяротнае вясельле
1998 Ты кинула Ты кінула
1998 Любови капец: архивные записи 1992—1995 Каханьню капец: архіўныя запісы 1992—1995
1999 Красота Прыгажосьць
1999 Ляписденс Ляпісдэнс
2000 Всем девчонкам нравится Усім дзяўчатам падабаецца
2000 Тяжкий Цяжкі
2001 Юность Юнацтва
2001 Ляписденс-2 Ляпісдэнс-2
2003 Чырвоны кальсоны (макси-сингл) Чырвоныя споднікі
2004 Золотые яйцы Залатыя яйкі
2004 Аргентина Аргентына
2006 Мужчины не плачут. Музыка для кино Мужчыны ня плачуць. Музыка для кіно
2007 Капитал Капітал
2008 Manifest Маніфэст
2009 Культпросвет Культпрасьвет
2011 Весёлые картинки Вясёлыя малюнкі
2012 Рабкор Рабкор
2014 Матрёшка Матрошка

Фільмаграфія

рэдагаваць
  • 1997 — «Ау»
  • 1998 — «В платье белом»
  • 1998 — «Кинула»
  • 1999 — «Кинула» (feat. «Дискотека Авария»)
  • 1999 — «Розочка»
  • 1999 — «Яблони»
  • 2000 — «Дружбан» (Вэрсія 1 — ад канца да пачатку)
  • 2000 — «Дружбан» (Вэрсія 2 — нармалёвая)
  • 2000 — «Спорт прошел»
  • 2000 — «НЛО» (намаляваны Аляксеем Хацкевічам)
  • 2000 — «По аллеям» (пры ўдзеле Маскі-шоў)
  • 2001 — «Голуби»
  • 2001 — «Любовь повернулась ко мне задом» (feat. KARAPUZIKEE)
  • 2001 — «Сочи»
  • 2001 — «Некрасавица»
  • 2002 — «Юность»
  • 2002 — «Гоп-хип-хоп (рэмікс)» (feat. «Саша и Сирожа»)
  • 2003 — «Ласточки»
  • 2003 — «Раинька»
  • 2004 — «Золотые яйцы»
  • 2004 — «Почтальоны»
  • 2006 — «Андрюша»
  • 2006 — «Саяны»
  • 2006 — «Харе»
  • 2006 — «Олені» (feat. TIK)
  • 2007 — «Капитал» (вэрсія 1 — гурт грае ў гаражы)
  • 2007 — «Капитал» (вэрсія 2 — мультыплікацыя)
  • 2008 — «Керчь-2»
  • 2008 — «Жлоб»
  • 2008 — «Манифест»
  • 2008 — «Огоньки»
  • 2009 — «Belarus Freedom»
  • 2009 — «Зорачкі» (праект OpenSpace.ru)
  • 2009 — «Буревестник»
  • 2009 — «Светлячки»
  • 2010 — «Пульс эпохи»
  • 2010 — «Купляй беларускае» (праект Adnak.by)
  • 2010 — «Болт» (feat. Noize MC) (аўтар — Аляксей Церахаў)
  • 2010 — «Африка» (кавэр на песьню гурту «Комитет охраны тепла»)
  • 2011 — «Я верю» (вэрсія 1 — аўтар Аляксей Церахаў)
  • 2011 — «Я верю» (вэрсія 2 — аўтар Аляксандар Сьцекаленка)
  • 2011 — Космонавты
  • 2011 — Принцесса
  • 2011 — Не быць скотам
  • 2011 — Путинарода
  • 2012 — Броненосец (Ты ни при чём?) (аўтар — Аляксей Церахаў)
  • 2012 — Железный

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць