Крытычная маса (рух)
- Гэты артыкул пра публічны рух роварыстаў. Тэрмін зь ядзернай фізыкі апісаны ў артыкуле крытычная маса (фізыка).
Крытычная маса — сустрэча ў адным месцы значнай колькасьці раварыстаў, якія арганізавана рухаюцца па горадзе.
Першы сумесны заезд быў у 1992 у горадзе Сан-Францыска. З таго часу рух пашырыўся па ўсім сьвеце і зараз такія падзеі адбываюцца больш чым ў 300 гарадах, звычайна ў апошнюю пятніцу кожнага месяца.
Крытычная маса ня мае ніякіх мэтаў, акрамя як атрымаць задавальненьне ад сустрэчы з аднадумцамі і адчуць пачуцьцё большай бясьпекі ў гуртовым праезьдзе. Сумесныя заезды прызначаны таксама для таго, каб прыцягнуць увагу грамадзкасьці, гарадзкіх уладаў і аўтамабільных кіроўцаў. Таму ўдзельнікі часта ярка апранаюцца, аздабляюць ровары сьцяжкамі з жартаўлівымі слоганамі, бразготкамі, падчас руху зьвіняць званкі, дудзяць дуды. Крытычную масу абвінавачваюць у тым, што яны блякуюць шлях, ствараюць заторы. Самі раварысты адказваюць: «мы не замінаем дарожнаму руху — мы ёсьць частка дарожнага руху». Падчас заездаў маса заўжды прапускае гарадзкі публічны транспарт і аўтамабілі хуткай і пажарнай дапамогі.
Крытычная маса адрозьніваецца ад многіх іншых грамадзкіх рухаў тым, што ня мае герархіі, там няма сходаў, лідэраў, сяброўскіх унёскаў. Гэты рух называюць «арганізаванае супадзеньне». Усё, што патрэбна для існаваньня руху — дастаткова вялікая колькасьць чалавек, якія ведаюць месца і час, каб згуртавацца і разам стварыць «крытычную масу». Маршрут праезду выбіраецца або загадзя або перад пачаткам, і можа зьмяняцца падчас самога заезду.
Назва «крытычная маса» была ўпершыню ўжытая амэрыканскім дызайнэрам Джорджам Блісам (George Bliss), калі той наведаў Кітай. Ён заўважыў, што матацыклісты і роварысты маюць просты спосаб самарэгуляваньня некіроўных скрыжаваньняў. Кіроўцы накопліваюцца на адным канцы пакуль іх колькасьць не дасягне «крытычнай масы» і яны ня змогуць праехаць скрыжаваньне.
Што такое "Крытычная Маса"?
рэдагавацьКрытычная маса (далей — КМ) — гэта арганізаванае супадзеньне, калі некаторая колькасьць раварыстаў зьбіраецца разам і едзе па горадзе. Адзінокі/ая раварыст(ка) вельмі ўразьлівы/ая і безабаронны/ая ў вялікай плыні мэталічных каробак, якія рухаюцца на вялікай хуткасьці й вывяргаюць зь сябе выхлапныя газы. Яму/ёй складана адстаяць свае правы перад націскам аўтамабілістаў, нават калі ён/яна рухаецца па галоўнай дорозе. Едучы ж у групе, раварыст(ка) атрымлівае значна большую асалоду, бо адчувае, што знаходзіцца ў атачэньні сяброў і ў большай бясьпецы. Гэта вельмі пазытыўны вопыт. Адначасова колектыўныя катаньні па горадзе дапамагаюць зьмяніць стаўленьне кіроўцаў да раварыстаў. Калектыўная паездка робіць наяўнасьць раварыстаў у гарадзкім асяродзьдзі больш заўважнай.
Удзельнікі КМ звычайна шануюць ксэракратыю. Ксэракратыя пашырае свабоду ды зьнішчае герархію, бо мэта вызначаецца ня купкай "галоўных", але даволі шырока абмяркоўваецца ўдзельнікамі КМ. Выезд бачыцца ня плоска як спроба пралабіраваць больш роварных дарожак ці пратэставаць супраць таго ці іншага аспэкту сацыяльнага парадку (хаця гэткія сантымэнты часта выказваюцца). Хутчэй, кожная асоба мае свабоду вынаходзіць ягоныя/ейныя ўласныя нагоды дзеля ўдзелу і таксама мае свабоду абменьвацца сваімі ідэямі зь іншымі. Адны людзі знаходзяцца тут, каб прапагандаваць від транспарту, які прыводзіцца ў рух сілай чалавека, як сур’ёзную альтэрнатыву, іншыя патрабуюць павагі аўтамабілістаў і пляніроўшчыкаў гораду, а некаторыя бяруць удзел проста таму, што любяць езьдзіць роварам і адчуваць дух грамады з астатнімі раварыстамі Крытычнай масы.
Адкуль усё пайшло? Гісторыя руху
рэдагавацьУпершыню адбыўшыся ў Сан-Францыска (ЗША) 25 верасьня 1992 году КМ распаўсюдзілася па ўсёй зямной кулі як лясны пажар, і ў цяперашні час КМ праходзяць у сотнях гарадоў, у дзясятках краінаў, амаль на ўсіх кантынэнтах (выняткам ёсьць Антарктыда; зрэшты, аўтамабілі ня надта замінаюць тамтэйшым раварыстам. Сваю назву КМ узяла зь фільма Тэда Ўайта "Return of the Scorcher", дзе гэты тэрмін выкарыстоўваўся дзеля апісаньня дарожнаго руху ў Пэкіне. Там няма сьветлафораў, і калі вялікія масы раварыстаў (а іх там сапраўды шмат) скапліваюцца на скрыжаваньні, яны ў нейкі момант проста перагароджваюць дарогу аўтамабілям і праяжджаюць. Галоўнае — набраць "крытычную масу".
Ідэя правесьці КМ упершыню зьявілася ў галаве Крыса Карлсана (з Сан-Францыска), ён падзяліўся ідэяй зь сябрам Джымам Свансанам, той ідэю падхапіў... Апошнюю пятніцу кожнага месяца раварысты гораду пачалі ладзіць КМ. А ўжо ў кастрычніку 1993 году лік удзельнікаў КМ-Сан-Францыска перасягнуў тысячу.
Сёньня КМ праходзіць у Нью-Ёрку і Рыё-дэ-Жанэйра, Яганэсбургу і Барсэлёне, Сыднэі й Пнам-Пэні. Лік гарадоў, дзе ёсьць рэгулярная КМ, няспынна павялічваецца. З 1998 году КМ праводзіцца ў Варшаве, зь вясны 2004 г. — у Маскве ды іншых гарадах Расеі, з восені 2004 г. — у Кіеве.
25 траўня 2007 г. у Менску прайшла 17-я па ліку КМ, колькасьць удзельнікаў дасягнула 300. У Гародні першая крытычная маса прайшла 28 траўня 2006 г.
Прынцыпы Крытычнай Масы
рэдагаваць"Мы не блякуем рух - мы зьяўляемся ягонай часткай!" — такі лёзунг "Крытычнай масы".
Хто галоўны?
Ніхто. Адна з прычын таго, чаму рух КМ стаў такім папулярным і масавым, заключаецца ў тым, што ўсё наладжана вельмі проста і адкрыта. Бо гэта ўсяго толькі пакатушкі! Тут няма лідараў і таму гэты рух нельга кантраляваць ці інтэграваць у сыстэму. «Крытычная маса» — гэта дзеяньне, але не арганізацыя. У яе няма чоткай ідэалёгіі, — яна акурат прадстаўляе адкрыты форум для абмеркаваньня ідэй ды іх увасабленьня ў жыцьцё. Людзі сустракаюцца, катаюцца разам, абшчаюцца і ўдзельнічаюць у прыгодзе, якая ствараецца імі самімі! Час і месца сустрэчы прызначаюцца ўдзельнікамі праз агульнае абмеркаваньне (пры асабістай сустрэчы альбо на форуме ў сеціве).
Стаўленьне да кіроўцаў
Стычкі з кіроўцамі не дапамогуць нікому. Перадусім яны не дапамогуць нам пераканаць іх зьмяніць сваё стаўленьне да нас. Пагэтаму трэба па магчымасьці імкнуцца ў гранічна добразычлівай манэры давесьці да іх нескладаныя ісьціны, якія заключаюцца ў тым, што мы зь імі роўнапраўныя ўдзельнікі дарожнага руху і што КМ не замінае дарожнаму руху, а зьяўляецца яго часткай. Было б някепска ўручыць кіроўцу ўлётку, якая прымусіла б яго задумацца аб неабходнасьці паважаць пешаходаў і раварыстаў, радзей карыстацца машынай, клапаціцца аб навакольным асяродзьдзі і гэтак далей.
Стаўленьне да пешаходаў і грамадзкага транспарту
КМ перасоўваецца па праезжай частцы, прапускае пешаходаў на пешаходных пераходах ды не карыстаецца ходнікамі без асаблівай неабходнасьці. КМ заўжды прапускае грамадзкі транспарт (трамваі, тралейбусы, аўтобусы), паколькі гэта найбольш рацыянальны з экалягічнага і сацыяльнага пунктаў гледжаньня спосаб перасоўваньня па горадзе. Машыны хуткай дапамогі і пажарнай службы таксама прапускаюцца наперад.
Яшчэ некалькі заўваг
Ва ўдзельнікаў КМ могуць быць зусім розныя матывы — ад простаго жаданьня пакатацца зь сябрамі да прапаганды больш клапатлівага стаўленьня да прыроды. Задача КМ не састаіць у тым, каб паказаць іншым крутасьць свайго "апарата" ці рэкорд хуткасьці катаньня. КМ — дэмакратычная пакатушка, яна адкрытая для ўсіх раварыстаў без залежнасьці ад маркі ровара і яго кошту. Тэмп рух ня будзе празьмерна высокім, каб ніхто не адстаў і група не рассыпалася на асобныя складнікі. Нясьпешна праязжаючы па вуліцах гораду, КМ прыцягне да сябе больш увагі навакольных. Важна, каб КМ перасоўвалася адзінай групай, не дазваляючы аўтамабілям укліньвацца ў сябе (гэта можа быць вельмі небясьпечна). Думайце аб тым, што вы робіце і аб тым, як гэта можа адбіцца на паплечніках. Ня кідайце таварыша па КМ у бядзе!
Ровар заваёўвае сьвет
рэдагавацьРовары, як вядома, шырока выкарыстоўваюцца ў вёсках, мястэчках і невялікіх гарадах. І гэта зразумела, бо яны зьяўляюцца танным, зручным і хуткім сродкам перамяшчэньня.
У вялікіх гарадах ровары да нядаўняга часу не прыжываліся. Але хуткае павелічэньне колькасьці аўтамабіляў стварыла мноства праблем: заторы, загазаванасьць, забітыя прыпаркаванымі аўтамабілямі двары і вуліцы.
Грамадзкі транспарт, на жаль, не ідэальны (прычым ня толькі ў нас, але і на Захадзе, і на Ўсходзе). У такіх умовах усё болей і болей людзей перасаджваецца на ровар. Надзвычай манэўраны і даволі хуткі (да 35-50 км/г) ровар часта дазваляе дабірацца з раёну ў раён ня толькі хутчэй за грамадзкі транспарт, але і хутчэй за аўтамабіль. Пры гэтым ровар не патрабуе шмат месца для паркоўкі, не выкідае ў атмасфэру шкодныя рэчывы, не стварае шуму, ня можа забіць пешахода ці кіроўцу, нарэшце.
В Эўропе, асабліва Заходняй, моладзь ужо даўно пачала адваёўваць месцы ў аўтамабіляў і шырока выкарыстоўваць ровары/самакаты пры паездках на кароткія адлегласьці. Толькі ў Амстэрдаме (Нідэрлянды) працентны паказчык роварных дарожак уздоўж дарог ці асобна ад іх складае 50%, а ў Скоп’е (Македонія) ажно 80% (дадзеныя прыблізныя).
Пляны разьвіцьця роварнай інфраструктуры ў гарадах, асабліва ў Заходняй Эўропе, зьявіліся больш за 30 год назад, прычым найчасьцей пад ціскам "зялёных", грамадзкасьці.
Глядзіце таксама
рэдагавацьВонкавыя спасылкі
рэдагавацьКрытычная маса (рух) — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Critical Mass (па-ангельску)
- Worldwide Critical Mass Hub (па-ангельску)
- Крытычная маса – Горадня
- Критическая масса (па-расейску)
форумы:
- Раварызм(недаступная спасылка)