Часовая беларуская рада
Беларуская часовая рада (БЧР, Часовая беларуская рада) — палітычнае аб’яднаньне польскай арыентацыі ў Заходняй Беларусі.
Існавала ў 1924—1926 у Вільні. Заснавальнікі і ідэолягі В. Адамовіч, С. Валэйша, А. Паўлюкевіч, Я. Салавей. Друкаваны орган — газэта «Грамадзкі голас».
На думку арганізатараў, БЧР узьнікла «як апазыцыя Беларускаму пасольскаму клюбу, яго камунізуючай ідэалёгіі і рэвалюцыйным мэтадам». Рада праклямавала непадзельнасьць і сувэрэннасьць Беларусі, хоць фактычна задавальнялася культурна-нацыянальнай аўтаноміяй у рамках Польшчы. Заклікала да еднасьці, стварэньня адзінага нацыянальнага фронту. Непрымірыма ставілася да эміграцыйнага ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі і ўрада БССР. З узьнікненьнем Беларускай сялянска-работніцкай грамады і шырокім разгортваньнем нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі БЧР распалася, а дзейнасьць асобных яе прадстаўнікоў, асабліва Паўлюкевіча, ператварылася ў дагаджаньне польскім уладам.
Гісторыя
рэдагавацьПачатак
рэдагавацьУвосень 1924 году ў Заходняй Беларусі адбываецца раптоўная мабілізацыя беларускіх палянафільскіх арганізацыяў. У канцы верасьня 1924 году арганізуецца Цэнтральны камітэт беларускіх справаў на чале з Фэліцыянам Цяўлоўскім. Акрамя таго шмат беларусаў польскай арыентацыі кансалідуюцца вакол Беларускага грамадзкага сходу Станіслава Валэйшы. А ўжо 21 верасьня 1924 году пасьля расколу ў Беларускім грамадзянскім сходзе арганізуецца Часовая Беларуская Рада, якая аб’яднала вакол сябе «памяркоўныя элемэнты, што жадалі лаяльна супрацоўнічаць з польскай дзяржавай».
Адзін зь першых расколаў унутры Часовай Беларускай Рады адбыўся 10 лютага 1925 году — зь яе складу выйшлі Ўсевалад Більдзюкевіч, Васіль Шышкоў і Валейша, у выніку чаго ў арганізацыі ўзмацнілася роля Паўлюкевіча, які з часам пачынае граць ролю галоўнага беларускага палянафіла. Рада пачынае шукаць саюзьнікаў сярод палянафільскіх колаў ва ўкраінскім нацыянальным руху. 8 красавіка 1925 году ў Роўне адбылася агульная канфэрэнцыя з мэтай кансалідацыі палянафільскага лягеру сярод нацыянальных меншасьцяў Рэчы Паспалітай, аднак працягу гэтая ініцыятыва ў выглядзе наступнай сустрэчы ўжо ў Вільні не знайшла.
Праца па пашырэньні свайго ўплыву на правінцыі БЧР амаль не вялася. За 1925 год не адбыўся ніводзін з заплянаваных зьездаў — у Гародні, Баранавічах ды Вільні. Як адзначаў пазьней «Кароткі нарыс беларускага пытаньня», «гэта было зроблена або таму, …што ён (Паўлюкевіч) баяўся, каб зьезд не апанавалі варожыя арганізацыі, або, урэшце, таму, што разам з іншымі асобамі часткова расьпусьціў прызначаныя на правядзеньне зьезду грошы».
Дзейнасьць Рады зводзілася да выданьня газэты «Грамадзкі голас», а таксама да асабістых акцый Паўлюкевіча. БЧР абмяжоўвалася агульнымі заявамі дэкляратыўнага зьместу на старонках газэты ды дыскрэдытацыі асобы Антона Луцкевіча як адной з найбольш уплывовых постацей Віленскага БНК і ўсяго беларускага руху. З ініцыятывы Паўлюкевіча ў сярэдзіне 1925 году грамадзкі рэзананс атрымала «Справа Шалешкі»: Уладзімер Шалешка — вядомы дзеяч беларускага нацыянальнага руху ў Гародні і Вільні, напрыканцы 1924 году нелегальна перабраўся ў БССР, дзе па чутках, быў арыштаваны ДПУ і расстраляны. Паўлюкевіч пачаў актыўна распаўсюджваць гэтую інфармацыю, вінавацячы ў гібелі Шалешкі менавіта Луцкевіча, які быццам бы наўмысна адправіў паплечніка ў БССР дзеля ліквідацыі. 31 ліпеня 1925 году ў Вільні ў рэдакцыі газэты «Грамадзкі голас» адбыўся сход беларускіх дзеячоў, на якім разглядалася «справа Шалешкі». Аднак на паседжаньні 6 жніўня 1925 году Валейша заявіў, што Шалешка, паводле ягоных дадзеных, не расстраляны, а жыве ў БССР і працуе настаўнікам. Хутка пасьля гэтага ў заходнебеларускіх газэтах левага накірунку зьявіўся адкрыты ліст Шалешкі з абвяржэньнем чутак аб уласнай сьмерці. Паводле газэт ён нават у Менску хадзіў да польскага консула і прасіў яго абвергнуць праз польскі друк аб ягоным нібыта расстрэле.
Зьяўленьне Грамады
рэдагавацьРаскол Беларускага пасольскага клюбу і ўзьнікненьне БСРГ прывялі да перагрупоўкі заходнебеларускіх сіл. Палянафільскія групоўкі пачалі навязваць кантакты з апанэнтамі Грамады. «…Дзейнасць Часовай Беларускай Рады ў дадзены час, — адзначалася ў справаздачы камісарыята дзяржпаліцыі за сакавік 1926 году, — накіравана на выкарыстаньне непаразуменьняў паміж беларускімі пасламі і зводзіцца да намаганьняў навязаць кантакт зь Беларускім сялянскім саюзам і групаю ксяндза Станкевіча». Аднак БЧР ня здолела знайсьці саюзьнікаў сярод часткі Беларускага клюбу, што была ў апазыцыі да Грамады. На зьезьдзе Беларускага Сялянскага Саюза 24 сакавіка была прынятая рэзалюцыя, згодна зь якой «ніякіх шчыльнейшых кантактаў нацыянальных беларускіх групаў з Часоваю Радаю быць ня можа».
Ня маючы вынікаў сваёй працы і адмовіўшыся ад актыўнай дзейнасьці, Паўлюкевіч працягваў кампанію на старонках «Беларускага слова» па ачарненьні А.Луцкевіча. Напрыканцы лютага 1926 году ў «Беларускім слове» зьявіўся артыкул пад крыптанімам Т. Г. з абвінавачваньнем супраць былога старшыні ўраду БНР у супрацоўніцтве зь нямецкай і францускай выведкамі, а таксама — польскай палітычнай паліцыяй. Інтрыга была тым большай, што ў якасьці аўтара ліста выступаў… Тамаш Грыб, у мінулым лідэр беларускіх эсэраў і праціўнік палянафілаў. Ліст выклікаў вялікі вэрхал сярод левых актывістаў заходнебеларускага руху, якія абвінавацілі эсэраў з Прагі, БСС і Паўлюкевіча ў спробе разбурыць пралетарскі рух, што набірае моц сярод беларусаў.
Трыюмф
рэдагавацьПасьля травеньскага перавароту і прыходу да ўлады прыхільнікаў Пілсудзкага Паўлюкевіч зьмяніў тактыку. 15 траўня 1926 году, калі ў Вільні стала вядома аб падзеях у сталіцы, Часовая Беларуская Рада на надзвычайным паседжаньні пастанавіла выслаць віншавальную тэлеграму на імя Пілсудзкага. Хутка пасьля тэлеграмы Паўлюкевіч езьдзіў у Варшаву на сустрэчу з новым прэм’ерам Бартэлям. Той абяцаў БЧР падтрымку і дапамогу, але патрабаваў большай актыўнасьці і павелічэньня ўплыву сярод беларускага грамадзтва.
Напрыканцы траўня Паўлюкевіч правёў агітацыйныя мітынгі ў Наваградку, Баранавічах і Нясьвіжы, а прадстаўнікі БЧР езьдзілі з агітацыяй па Гарадзенскім, Віленскім і Лідзкім паветах. Нарэшце, 16 чэрвеня 1926 году РБЧР выступіла з «Мэмарыялам Часовай Беларускай Рады да пана прэм’ера Рады міністраў», які, па сутнасьці, стаў праграмным дакумэнтам. Асноўныя пастуляты зводзіліся да разьвязаньня «…зямельнага пытаньня, справы беларускага школьніцтва, удзелу ў самаўрадах, працы для інтэлігенцыі ў школах і адміністрацыі, людзкага абыходжаньня з боку паліцыі і адміністрацыі, спыненьня прыдзірак і перасьледу за прывідны камунізм — гэта найбольш балючыя справы беларускага жыцьця, ад урэгуляваньня якіх залежыць стварэньне нармальных умоваў жыцьця на нашых землях…». Дзеля гэтага, на думку аўтараў «Мэмарыяла», трэба прыцягнуць да працы ў адміністрацыі мясцовыя дэмакратычныя элемэнты, не выключаючы і беларускай інтэлігенцыі; хуткае правядзеньне зямельнай рэформы; адкрыцьцё беларускіх школ; адкрыцьцё курсаў для беларускіх настаўнікаў; наданьне абітурыентам дзеючых у Вільні і Кракаве настаўніцкіх курсаў права на працу (кваліфікацыі), гарантаваньне ім пасады і дапамогі да моманту фактычнага іх атрыманьня; выданьне дазволаў на адкрыцьцё новых беларускіх гімназій пад кіраўніцтвам «Прасьветы»; прызначэньне субсыдый для наяўных беларускіх гімназій; выданьне распараджэньня аб прыняцьці выпускнікоў беларускіх гімназій у вышэйшыя школы, перш за ўсё ў Вільні; адкрыцьцё ў Віленскім унівэрсытэце аддзелу беларусістыкі і беларускага гуманітарнага факультэту; забесьпячэньне магчымасьці таварыству «Прасьвета» дзеля вядзеньня шырокай культурна-асьветніцкай працы; дазвол на адкрыцьцё ў Вільні новай беларускай культурна-асьветніцкай пляцоўкі — «Беларускай хаткі»; выданьне канцэсіі на адкрыцьцё Беларускага банку і выдзяленьне яму крэдытаў; урэгуляваньне справаў праваслаўнай царквы.
Абвяшчэньне такой праграмы ўзмацніла пазыцыі Паўлюкевіча сярод беларускіх грамадзкіх дзеячоў. Гэта былі галоўныя пастуляты, якія даўно патрабавалі беларусы ў міжваеннай Рэчы Паспалітай. Ксёндз Адам Станкевіч заявіў, што пад гэтым мэмарыялам ён сам мог бы падпісацца, зьмяніўшы яго толькі ў некаторых месцах.
Зьезд
рэдагаваць26—28 чэрвеня 1926 году пад эгідаю БЧР адбыўся доўгачаканы зьезд Заходняй Беларусі, які да гэтага ўвесь час адкладваўся з розных прычынаў. Сама дата зьезду трымалася ў таямніцы амаль да апошняга моманту. У першым паседжаньні ўдзельнічалі ўся Часовая Беларуская Рада, сябры Таварыства «Прасьвета» і яшчэ каля дзесяці прадстаўнікоў віленскай і варшаўскай прэсы, а таксама госьці, у асноўным зь ліку мясцовай польскай інтэлігенцыі. Зьезд праігнаравалі беларускія паслы і ўплывовыя беларускія палітыкі. Некалькі дэлегатаў дэманстратыўна пакінулі залю паседжаньня. Сход адкрыў Паўлюкевіч. Пасьля сваёй прамовы ён прапанаваў даслаць прывітальныя тэлеграмы да прэзыдэнта краіны, маршала Пілсудзкага, прэм’ера Бартэля, а таксама ваяводы Рачкевіча, што было аднагалосна ўхвалена. На зьезьдзе адбылася зьмена назвы арганізацыі. Замест Часовай Беларускай Рады ўзьнікла Беларуская нацыянальная рада ў Вільні. У выніку праведзеных выбараў у склаў праўленьня Рады вайшлі: А.Паўлюкевіч — старшыня, Сокал-Кутылоўскі, Ф.Аляхновіч, А.Якімовіч, Т.Вернікоўскі, Яраш, Вітко. Акрамя гэтага, на зьезьдзе былі прынятыя рэзалюцыі па палітычным, рэлігійным, школьным і зямельным пытаньнях.
Ня толькі левыя крытычна адрэагавалі на зьезд. Айцец Станкевіч зьмясьціў у «Беларускай крыніцы» артыкул «Пасьля зьезду Паўлюкевіча», у якім падкрэсьліў, што рэальная палянафільская ідэя для беларусаў у дадзены момант не існуе: «Лёс нашага народу ў апоры на Польшчу нават тэарэтычна немагчыма сабе ўявіць. Гэта тое ж самае, што будаваць дом на пяску без адпаведнага фундамэнту. Немагчыма таксама і рэальная апора нашага народу на Польшчу. Сучасная Польшча застаецца пры сваіх захопніцкіх імкненьнях, якія калісьці давялі нас да страты нашай незалежнасьці, і якія зараз аж занадта выразна адыгрываюць ў Польшчы галоўную ролю».
Заняпад
рэдагавацьПразь месяц пасьля зьезду ў працы палянафілаў зноў пачаўся застой, выкліканы ў значнай ступені спыненьнем урадавых субсыдый. Паўлюкевіч працягваў друкаваць «Беларускае слова», а ў жніўні 1926 году нават распаўсюдзіў адозву, у якой выказваўся супраць дзейнасьці БСРГ. Для таго, каб справіцца зь недахопам грошай, ён разам з Друцкім-Падбярэскім, А.Кабычкіным, Аляхновічам, Знамяроўскім, Г.Канапацкім і В.Шышковым зьвярнуліся да ўладаў па дазвол на адкрыцьцё «Беларускага клюба», які мог бы за кошт камэрцыйнай дзейнасьці прыносіць прыбытак. Аднак пасьля таго, як улады зацьвердзілі статут арганізацыі, Паўлюкевіча не абралі ва ўправу клюбу. Улада перайшла ў рукі Більдзюкевіча і С.Валейшы, які даў грошы на арганізацыю.
Былыя супрацоўнікі і паплечнікі Паўлюкевіча — А.Кобычкін і Б.Друцкі-Падбярэскі, не атрымаўшы ад яго дапамогі, канчаткова адышлі ад БЧР. У адказ Паўлюкевіч у №22 «Беларускага слова» ад імя Беларускай нацыянальнай рады выступіў супраць сваіх былых паплечнікаў, аднак сустрэў пратэст з боку іншых сябраў Рады. Францішак Аляхновіч на старонках «Віленскага кур’еру», заявіў, што Беларуская нацыянальная рада ня мае з адозвай нічога агульнага, і што яна зьяўляецца толькі творам Паўлюкевіча. Друкарня Двожэца, не атрымаўшы аплаты, з 19 жніўня 1926 году адмовілася друкаваць «Беларускае слова». Затое 7 кастрычніка 1926 году выйшаў першы нумар «Беларускай хаты» пад рэдакцыяй А.Кабычкіна. У перадавіцы газэты, пад назвай «Наш шлях» гаварылася: «Стоячы безумоўна на грунце польскай дзяржаўнасьці, мы павінны адкрыта выказацца за супрацоўніцтва з польскай дэмакратыяй, у мэтах супольнай барацьбы з польскай рэакцыяй… Пры гэтым агаварываемся, што здабыцьцё правоў загварантаваных польскай канстытуцыяй ня ёсьць наш пэўны ідэал, і мы разглядаем гэта як першы этап на шляху зьдзяйсьненьня ідэалу поўнай незалежнасьці Беларускага Народу».
Такім чынам, пад канец 1926 году Беларуская нацыянальная рада апынулася ў стане поўнага заняпаду. І хаця 16 кастрычніка Паўлюкевіч выдаў адозву з абвяржэньнем чутак аб ліквідацыі Рады, заклікаючы да працы і барацьбы на карысьць беларускай культуры і супрацьстаяньню камуністам, ягоная палітычная кар’ера амаль скончылася.
Літаратура
рэдагаваць- А. М. Чарнякевіч «Беларуская Часовая Рада і яе месца і роля ў беларускім нацыянальным руху ў Польшчы сярэдзіны», Матэрыялы Рэспубліканскай навуковай канфэрэнцыі (Гародня, 23-24 кастрычніка 2008 г.)
- Ліс А. С. Беларуская часовая рада / А. С. Ліс // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 1: А—Беліца. — Мн.: БелЭн, 1993. — 495 с — С. 420. — ISBN 5-85700-074-2.
- Горны А. С. Беларускія паланафілы і майскі пераварот у Польшчы 1926 года // Беларусь у XIX—XXI стагоддзях: праблемы этнакультурнага і нацыянальна-дзяржаўнага развіцця. — Гомель, 2013. — С. 121—127.