Сіньша (заказьнік)
«Сіньша» — рэспубліканскі краявідны заказьнік Беларусі, абвешчаны ў сакавіку 1996 году на ўсходзе Расонскага раёну Віцебскай вобласьці.
«Сіньша» | |
2013 год | |
Плошча | 12 877,42 га |
---|---|
Краіна | Беларусь |
Геаграфічныя каардынаты | 55° пн. ш. 29° у. д. / 55° пн. ш. 29° у. д.Каардынаты: 55° пн. ш. 29° у. д. / 55° пн. ш. 29° у. д. |
Месцазнаходжаньне | Расонскі раён |
Утварэньне | 21 сакавіка 1996 (28 гадоў таму) |
«Сіньша» |
Быў створаны для аховы краявідаў і азёрных экасыстэмаў у вытоках ракі Дрысы. Пры ўтварэньні плошча складала 13 398 га. Пераважаў водна-ледавіковы рэльеф з вышынямі 140—160 мэтраў над узроўнем мора. Верхнія слаі антрапагенных пародаў былі прадстаўленыя розназярністымі пяскамі. Пашырэньне мелі камы і озы, тэрмакарставыя катлавіны і лагчыны з валунных марэнных суглінкаў і супескаў. У заказьніку было 21 возера агульнай плошчай 15 кв.км. Налічалася 17 відаў рыбы, сярод якіх найбольш ляшчова-шчупаковых. Звыш 80% земляў займалі лясы, сярод якіх пераважна хвойныя. Расьлінны сьвет налічваў звыш 400 відаў найвышэйшых расьлінаў, зь якіх 5 занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі: звычайны баранец, пірамідальная гарлянка і плывучы вадзяны гарэх, кальчаковая гідрыла і адналістая мякатніца. Жывёльны сьвет належаў да таёжнага комплексу і ўлучаў 112 віды птушак і 28 відаў сысуноў, 9 відаў земнаводных і 5 відаў паўзуноў. Найбольшае пашырэньне мелі глушэц, цецярук і рабчык, вальдшнэп і дзік, казуля і лось, бабёр і куніца, норка і ліс. Сярод занесеных у Чырвоную кнігу відаў былі жоўтагаловы дзяцел, даўгахвостая кугакаўка[1] і буры мядзьведзь, рысь і касматаногі сыч[2].
Возера Сіньша злучалася з азёрамі Валоба і Дрысы, Глыба і Астраўцы ракой Дрысай[3]. Каля вёскі Перавоз (Краснапольскі сельсавет) на паўднёва-ўсходнім беразе возера Дрысы, што між вусьцем ракі Вушача і вытокам ракі Дрыса, знаходзілася Рагвалодава гара вышынёй 12 мэтраў. Яна таксама называлася Рагнедзіным курганом і ўпершыню згадвалася ў дасьледаваньні Аляксандра Семянтоўскага-Курылы ў 1867 годзе[4]. У 2014 годзе плошчу заказьніка зьменшылі да 12 877 га. Між вёскамі Грышына (Гарбачэўскі сельсавет) і Мамолі (Краснапольскі сельсавет) месьцілася звыш 20 пагоркаў на кв.км, дзе тыя чаргаваліся з азёрнымі катлавінамі. Найвышэйшай была гара Гвазьдзіха вышынёй 224 мэтры над узроўнем мора, якая мела статус геалягічнага помніка прыроды мясцовай значнасьці. Асноўнымі прытокамі ракі Дрыса былі Нешчарда і Нішча. Азёрныя катлавіны ўтваралі 2 паралельныя паласы, выцягнутыя з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. У склад заказьніка ўваходзілі таксама такія азёры, як Ямна, Глыба і Опціна, Ножніцы і Язьменка, Чорнае і Белае, Карэчна і Кожкі, Плішчана і Чорненькае, Янаўскае і Плеса, Астраўцы і Пралобна, Бродна і Браданок, Шчучае і Соміна. Яловыя лясы сустракаліся мазаічна. Пашырэньне мелі другасныя ліставыя лясы — бародаўчатабярозавыя, асінавыя і шэраальховыя, якія ўзьніклі на месцы карэнных хвойных і хвойна-шыракаліставых лясоў. У межах заказьніка былі прадстаўленыя нізінныя, пераходныя і верхавыя балоты. Сярод каштоўных у гаспадарцы відаў былі пашыраныя: дэкаратыўныя — архідныя і гвазьдзік, разгалісты званочак і казялец, каласісты кольнік і высакародная пералеска; меданосныя; лекавыя — лекавая буквіца і рачыкі, пясчаны сухацьвет і прадзіраўлены сьвятаяньнік; харчовыя — брусьніцы, буякі і маліны, суніцы і чарніцы. Сумарная колькасьць глушца дасягала 100 асобінаў. Найбольшая разнастайнасьць відаў рыбы назіралася ў азёрах Валоба, Глыба, Дрысы, Ножніцы і Опціна, дзе вадзіліся лешч, плотка і шчупак[5]. На возеры Сіньша знаходзілася вуская паўвыспа даўжынёй 3 км[6].
У культуры
рэдагавацьУвесну 2010 году рэжысэр ангельскага сэрыялу «Дзікая прырода» Найджэл Марвін наведаў заказьнік, дзе ўвесну 2011 году «Брытанская вяшчальная карпарацыя» прызначыла правядзеньне здымак фільму аб прыродзе Беларусі. Тым часам, заказьнік «Сіньша» сярод замежнікаў найбольш наведвалі падарожнікі з Ангельшчыны, Нідэрляндаў, Нямеччыны, Польшчы, Францыі і Чэхіі[7].
12 лістапада 2020 году Нацыянальны банк Беларусі выпусьціў у абарачэньне памятныя манэты "Заказьнік «Сіньша» сэрыі «Заказьнікі Беларусі». Са срэбра выпусьцілі 999 манэтаў наміналам 20 рублёў і вагой 33,63 грамаў, пробай стопку 925 і прамерам 28,61 мм, якасьцю пруф. Таксама вырабілі 1999 медна-нікелевых манэтаў наміналам 1 рубель і вагой 13,16 грамаў, прамерам 32 мм і якасьцю пруф-лайк. Сьпераду манэты намалявалі плывучы гарэх, а на адвароце — рысь. Манэты адчаканіў «Казахстанскі манэтны двор»[8].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь // Дзяржаўная інспэкцыя аховы жывёльнага і расьліннага сьвету пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь, 2023 г. Праверана 21 красавіка 2023 г.
- ^ П.І. Лабанок. Сіньша, заказьнік // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 14: Рэле — Слаявіна. — С. 408. — 512 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0238-5
- ^ 10 маляўнічых беларускіх азёр для летняга адпачынку // Беларуская служба Радыё «Свабода», 25 чэрвеня 2016 г. Праверана 17 чэрвеня 2022 г.
- ^ Ігар Сувораў. Дзе на Беларусі жыве Балотны Цмок і дзе ляжыць Камень Каханьня // Прыродаахоўны партал «Багна», 6 кастрычніка 2016 г. Праверана 17 чэрвеня 2022 г.
- ^ Сіньша, заказьнік ляндшафтны. Расонскі раён // Віцебская абласная бібліятэка, 7 траўня 2020 г. Праверана 17 чэрвеня 2022 г.
- ^ Віктар Малышчыц. Як выглядае заказьнік «Сіньша», калі лясы афарбоўваюцца ў залатыя колеры // Партал «Наша ніва», 19 кастрычніка 2019 г. Праверана 17 чэрвеня 2022 г.
- ^ Аўтар сэрыялу БВК «Прагулкі з дыназаўрамі» здыме фільм аб прыродзе Беларусі // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 18 чэрвеня 2010 г. Праверана 17 чэрвеня 2022 г.
- ^ Нацыянальны банк выпускае ў абарачэньне памятныя манэты «Заказьнік «Сіньша» сэрыі «Заказьнікі Беларусі» // Нацыянальны банк Беларусі, 12 лістапада 2010 г. Праверана 17 чэрвеня 2022 г.
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |