Беларуская асацыяцыя журналістаў
«Белару́ская асацыя́цыя журналі́стаў» — грамадзкае аб’яднаньне прафэсійных журналістаў Беларусі, заснаванае ў верасьні 1995 году.
Беларуская асацыяцыя журналістаў | |
Абрэвіятура | БАЖ |
---|---|
Дата ўтварэньня | 16 верасьня 1995 (29 гадоў таму) |
Тып | прафэсійнае |
Юрыдычны статус | грамадзкае аб’яднаньне |
Мэта | забесьпячэньне свабоды слова |
Штаб-кватэра | Камсамольская вул., д. 7, каб. 32 |
Месцазнаходжаньне | Менск |
Дзейнічае ў рэгіёнах | Беларусь |
Сяброўства | 1100 журналістаў (2013) |
Старшыня | Андрэй Бастунец |
Намесьнікі | Аліна Суравец, Сьвятлана Калінкіна, Аляксандар Старыкевіч, Міхаіл Янчук. |
Сайт | baj.by/be |
У 1999 і 2006 гадах асацыяцыя прайшла дзяржаўную перарэгістрацыю. Асноўныя мэты дзейнасьці: абарона правоў журналістаў і прынцыпаў свабоднай і прафэсійнай журналістыкі. З 1997 — асацыяваны сябра Міжнароднай фэдэрацыі журналістаў(uk). Арганізацыі-партнэры: «Рэпартэры бязь межаў», «Артыкул 19(mk)», «Камітэт па абароне журналістаў», Эўрапейскі цэнтар журналістыкі (EJC), Летувіскі саюз журналістаў; Швэдзкі інстытут (FOJO), Дацкі саюз журналістаў (DJ), Нарвэскі саюз журналістаў, фонд Фрыдрыха Эбэрта й іншыя. На 19 траўня 2009 г. налічвала 1157 сябраў[1]. Акрамя цэнтральнага офіса ў Менску мае 6 рэгіянальных філіяў. 27 жніўня 2021 году Вярхоўны суд Беларусі задаволіў пазоў Міністэрства юстыцыі Беларусі аб ліквідацыі «БАЖ» за адсутнасьць юрыдычных адрасоў у абласных аддзяленьняў і непадачу запытаных у чэрвені дакумэнтаў[2].
Задачы
рэдагавацьПаводле Статуту задачамі БАЖ зьяўляюцца:
- абарона зацікаўленасьцяў сябраў у дзяржаўных установах і міжнародных арганізацыях;
- забесьпячэньне прафэсійнай дзейнасьці ды павышэньня адукацыі сябраў;
- стварэньне спрыяльных умоваў дзейнасьці СМІ;
- супраца з журналісцкімі таварыствамі іншых краінаў.
Дзейнасьць
рэдагавацьБАЖ займаецца наступнымі відамі дзейнасьці:
- асьветніцтва;
- выдавецкая справа: з 2000 г. БАЖ выдае прафэсійны часопіс «Абажур», які выходзіць 1 раз на 3 месяцы накладам 600 асобнікаў, распаўсюджваецца бясплатна;
- прадстаўленьне сябраў у судах;
- агляд парушэньняў заканадаўства аб вяшчаньні[3];
- стварэньне падпарадкаваных установаў і ладжаньне нарадаў ды стажыровак журналістаў;
- разгляд скаргаў на парушэньне сябрамі прафэсійных абавязкаў;
- заахвочваньне сябраў за дасягненьні ў журналістыцы: конкурс «Вольнае слова», «За адданасьць прафэсіі»[4], прэмія імя Дзьмітрыя Завадзкага (уручаецца з 2002 году), дыплём імя Ігара Герменчука (з 2005, заснаваны Нарвэскім ПЭН-цэнтрам і Нарвэскім Домам правоў чалавека (Human Rights House) разам з БАЖ), конкурс імя Веранікі Чаркасавай, конкурс філіяў[5] (2008), конкурс «За экалягічны дабрабыт»[6] (2009), конурс на тэмы турэмнага і сьмяротнага пакараньня[7] (2011).
- заснаваньне СМІ.
Падчас пратэстаў 2020–2021 гадоў на Беларусі БАЖ разам з «Рэпартэрамі бязь межаў» зьбірала зьвесткі, якія паказалі, што Беларусь была самай небясьпечнаю краінаю Эўропы для журналістаў у 2020 годзе.[8] Асацыяцыя таксама аказвала юрыдычную падтрымку журналістам, якіх перасьледуюць, хаця сама неаднаразова станавілася суб’ектам рэпрэсіяў з боку рэжыму Лукашэнкі.[9] 18 студзеня 2021 году БАЖ прызнала Андрэя Аляксандрава і Ірыну Злобіну палітычнымі зьняволенымі[10]. 16 лютага 2021 году міліцыя затрымала старшыню асацыяцыі Андрэя Бастунца, яшчэ некалькіх чальцоў і журналістаў-фрылянсэраў падчас ператрусаў іх дамоў і офісу БАЖ. Міліцыя таксама канфіскавала смартфоны, кампутары, грошы і файлы з асабістаю інфармацыяю пра сябраў БАЖ. Камітэт па абароне журналістаў і Міжнародная фэдэрацыя журналістаў(uk) асудзілі арышты.[11][12] Праз тры дні ЗША ўвялі санкцыі ў дачыненьні да 43 беларускіх чыноўнікаў за падрыў дэмакратыі ў краіне, у тым ліку й за рэйд на БАЖ.[13]
27 жніўня 2021 году Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь ліквідаваў БАЖ[14].
28 лютага 2023 году КДБ прызнаў БАЖ экстрэмісцкім фармаваньнем.
Кіраваньне
рэдагаваць- Зьезд. Склікаецца прынамсі аднойчы на тры гады. Правамоцны пры ўдзеле больш як паловы абраных прадстаўнікоў. Ухваляе пастановы большасьцю галасоў удзельнікаў. Вызначае кірункі і спосабы дзейнасьці ды абірае склад Рады, Управы, Кантрольна-рэвізійнай камісіі ды Камісіі па этыцы, як і старшыню з намесьнікамі. Зацьвярджае справаздачы аб даходах і выдатках БАЖ. Можа 2/3 галасоў удзельнікаў ухваліць пастанову зьмене Статуту або самароспуску БАЖ.
- Рада. Склікаецца прынамсі двойчы на год. Правамоцная пры ўдзеле больш як паловы сваіх сябраў. Ухваляе пастановы простаю большасьцю галасоў прысутных. Ладзіць выкананьне пастановаў Зьезду ды вызначае кірункі выкарыстаньня сродкаў БАЖ. Ухваляе ўступленьне ў міжнародныя арганізацыі ды памер сяброўскіх складак. Стварае ды касуе падпарадкаваныя юрыдычныя асобы, як і зацьвярджае іх статуты і кіраўнікоў.
- Управа. Зьбіраецца прынамсі штомесяц. Ухваляе пастановы простаю большасьцю галасоў ад агульнага складу. Кіруе сродкамі БАЖ ды ўхваляе пастановы аб набыцьці, распараджэньні і адчужэньні маёмасьці. Вядзе прыём сябраў ды ладзіць сувязі з урадам і іншымі ўстановамі. Зьмяняе Статут паводле зьменаў заканадаўства ды ладзіць прававую дапамогу сябрам. Ухваляе ўзоры нутранай дакумэнтацыі й расклад працы супрацоўнікаў.
- Кантрольна-рэвізійная камісія. Зьбіраецца прынамсі штогод. Ухваляе пастановы 2/3 галасоў ад свайго складу. Наглядае за выкананьнем Статуту й падае ў Раду штогадовыя справаздачы аб захаванасьці маёмасьці БАЖ. Дапамагае рэвізорам суполак БАЖ.
Старшыні
рэдагаваць- Жанна Літвіна — да 25 красавіка 2015 году
- Андрэй Бастунец — з 25 красавіка 2015 году[15]
Узнагароды і прэміі
рэдагаваць- У 2003 годзе Сусьветная асацыяцыя газэтаў(uk) узнагародзіла БАЖ «Залатым пяром свабоды(zh)»[16].
- У 2004 годзе Эўрапейскі парлямэнт уганараваў БАЖ прэміяй імя Сахарава «За свабоду думкі».
- У чэрвені 2011 году Атлянтычная Рада(uk) ўзнагародзіла БАЖ «Прэміяю Свабоды Атлантычнай Рады»[17].
- У лістападзе 2020 году Велікабрытанія й Канада ўганаравалі БАЖ першай Прэміяю за свабоду СМІ (па-ангельску: Media Freedom Award)[18].
- У жніўні 2021 году БАЖ атрымаў Прэмію імя Герда Буцэрыюса «Вольная прэса Ўсходняй Эўропы(ru)»[19]
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Тацяна Каравянкова. «Аддаваць» мэдыясфэру ўлады не маюць намеру (бел.) // БелаПАН, 25 траўня 2009 г. Праверана 26 сакавіка 2013 г.
- ^ Вярхоўны суд ліквідаваў Беларускую асацыяцыю журналістаў // Беларуская служба Радыё «Свабода», 27 жніўня 2021 г. Праверана 14 лістапада 2021 г.
- ^ Маніторынгі
- ^ https://web.archive.org/web/20160305012444/http://baj.by/be/node/2448
- ^ http://baj.by/be/node/2190(недаступная спасылка)
- ^ https://web.archive.org/web/20160305020916/http://baj.by/be/node/2557
- ^ https://web.archive.org/web/20160305013257/http://baj.by/be/node/4254
- ^ Belarus was Europe's most dangerous country for journalists in 2020, data shows Access to the comments (анг.). Euronews(be) (2020-12-29).
- ^ Journalism in Belarus: 'Like walking through a minefield' (анг.). Нямецкая хваля (2020-11-26).
- ^ Патрабуем неадкладнага вызваленння палітвязняў Андрэя Аляксандрава і Ірыны Злобінай. - Вясна (цэнтар),18.01.2021
- ^ Belarusian authorities raid Belarusian Association of Journalists headquarters, journalists’ homes (анг.). Камітэт па абароне журналістаў (2021-02-16).
- ^ Belarus: Belarusian Association of Journalists under attack (анг.). Міжнародная фэдэрацыя журналістаў(uk) (2021-02-16).
- ^ U.S. Imposes Visa Restrictions On 43 Belarusians For 'Undermining Democracy' (анг.). Свабода (2021-02-19).
- ^ Суд ликвидировал Белорусскую ассоциацию журналистов (рас.) Інтэрфакс Праверана 2021-09-25 г.
- ^ На старшыню БАЖ абраны Андрэй Бастунец, Радыё Свабода, 25.04.2015
- ^ Weissrussischer Journalistenverband ausgezeichnet. (ням.). Neue Zürcher Zeitung(uk) (2003-06-13). Праверана 2021-03-13 г. Архіўная копія ад 2021-03-13 г.
- ^ Freedom Awards. Атлянтычная Рада(uk).
- ^ United Kingdom and Canada announce recipient of first Media Freedom Award (анг.). gov.uk(en). Праверана 2020-11-16 г.
- ^ Ольга Кепински. (2021-08-12) Все награды Free Media Awards присуждены белорусским журналистам (рас.). euronews(be). Праверана 2021-08-12 г. Архіўная копія ад 2021-08-12 г.
Літаратура
рэдагаваць- Бубен, С.С., Процька, Т.С. Правы чалавека : дапаможнік для настаўнікаў. — Мн.: Тэхналогія, 2001. — С. 213. — 366 с. — 9000 ас. — ISBN 985-458-020-2