Во́бласьць — назва адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі Беларусі (мэханічна перанесеная з часоў савецкай гвалтоўнай русіфікацыі), а таксама Баўгарыі, Казахстану, Кыргыстану, Расеі, Таджыкістану, Узбэкістану і Ўкраіны. Традыцыйная беларуская назва адпаведнай адміністрацына-тэрытарыльянай адзінкі ад часоў Вялікага Княства Літоўскага — ваяводзтва[1][2].

Этымалёгія

рэдагаваць

Паводле Этымалягічнага слоўніка беларускай мовы НАН Беларусі слова «вобласьць» — запазычаньне з царкоўнаславянскай мовы, аднак сучаснае значэньне гэтага слова («буйная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка») ёсьць сэмантычнай калькай з расейскай мовы[3].

Беларусь

рэдагаваць

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел на вобласьці ў Беларускай ССР увялі ў 1938 годзе ў час кульмінацыі сталінскага тэрору. Сьпярша існавалі Віцебская, Гомельская, Магілёўская, Менская і Палеская вобласьці. Па далучэньні Заходняй Беларусі ўтварыліся Баранавіцкая, Беластоцкая, Берасьцейская, Вялейская (з 1944 году Маладэчанская) і Пінская вобласьці. У 1944 годзе ўлады СССР перадалі большую частку Беластоцкай вобласьці Польшчы, утварыліся Бабруйская, Гарадзенская і Полацкая вобласьці. У зьвязку з узбуйненьнем вобласьцяў у 1954 годзе скасавалі Бабруйскую, Баранавіцкую, Палескую, Пінскую і Полацкую, а ў 1960 годзе — Маладэчанскую вобласьць.

Па аднаўленьні незалежнасьці Беларусі вобласьць засталася трэцім зьвяном адміністрацыйнага ланцугу «вобласьць — раён — сельсавет». Прадстаўнічы орган — абласны Савет дэпутатаў на чале з старшынём Савету. Выканаўча-распарадчы — выканкам на чале з старшынём выканкаму, які ёсьць кіраўніком вобласьці. Старшыня Савету абіраецца на паседжаньні адпаведнага Савету. Старшыня аблвыканкаму прызначаецца прэзыдэнтам краіны з згоды Савету. Па двухразовай адмове ў зацьверджаньні кандыдатуры старшыні выканкаму прэзыдэнт робіць прызначэньне асабіста.

Існуе 6 вобласьцяў: Берасьцейская, Віцебская, Гарадзенская, Гомельская, Магілёўская, Менская. У сваю чаргу гэтыя вобласьці падзяляюцца на 118 раёнаў. Сталіца краіны Менск мае адмысловы статус.

Расейская імпэрыя

рэдагаваць

У Расейскай імпэрыі вобласьці як адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі адпавядалі губэрням, але ствараліся толькі ў нацыянальных ускраінах, геаграфічна аддзеленых тэрыторыях або на землях казачых войскаў. Кіраваньне абласьцямі адрозьнівалася ад губэрняў тым, што на іх тэрыторыі заўсёды знаходзіліся войскі, таму абласны начальнік быў адначасна як грамадзянскім, так і вайсковым кіраўніком.

На 1917 год у Расейскай імпэрыі існавала 21 вобласьць: 18 вобласьцяў у Сыбіры і 3 асобныя вобласьці (вобласьць Войска Данскога, Уральская і Тургайская).

У СССР вобласьць была асноўнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай. На 1987 год існавала 123 вобласьці, у тым ліку 8 аўтаномных[4].

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ Чайчыц А. Карыснае практыкаваньне ад Зянона Пазьняка, Радыё Свабода, 24 красавіка 2017 г.
  2. ^ Народная Праграма Вольная Беларусь — гэта праект новай Беларусі. — Варшава — Нью-Ёрк — Менск: «Беларускія Ведамасьці», 2017. С. 17—18.
  3. ^ ЭСБМ. Т. 2. — Мн., 1980. С. 174.
  4. ^ БЭ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 245.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць