Пазнанскі зборнік

рукапісны помнік сярэднявечнай беларускай літаратуры

«Пазна́нскі збо́рнік», таксама Ко́дэкс Рачы́нскага альбо Кодэкс №94 — рукапісны помнік беларускай літаратуры XVI стагодзьдзя. Уключае творы старажытнай беларускай арыгінальнай і перакладной літаратуры, сярод якіх — «Аповесьць пра Трышчана», «Аповесьць пра Баву», «Гісторыя пра Атылу», «Летапісец Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага». Захоўваецца ў зборах бібліятэкі Рачынскіх у Познані (Польшча).

Пазнанскі зборнік
Тытульны аркуш «Гісторыі пра князя Гвідона» (Аповесьць пра Баву)
Жанр: рыцарскі раман, летапіс
Мова арыгіналу: беларуская, польская
Год напісаньня: XVI—XVII стст.

Мінуўшчына

рэдагаваць

Аўтарства рыцарскіх раманаў пра Трышчана і Бову, а таксама летапісу невядомае. Невядомыя таксама дакладныя месца, час і акалічнасьці зьяўленьня зборніку. Першы ўласьнік рукапісу — Рыгор Уніхоўскі(d) — шляхціч Наваградзкага павету — імаверна, набыў рукапіс каля 1582 року падчас адной з паездак у Вільню[1]. Пасьля гэтага ягоны лёс не прасочваецца ўсутыч да XIX стагодзьдзя.

Першыя згадкі пра кодэкс апублікаваў у «Зборы гістарычных помнікаў» (1822) Юльян Урсын Нямцэвіч, пазначыўшы, што знайшоў яго ў 1819 року у бібліятэцы Віленскага ўнівэрсытэту[2]. У 1835 року яго выкупіла Канстанцыя Рачынская (жонка фундатара бібліятэкі Рачынскіх(d) Эдварда).

У 1842 року ў Познані рукапіс вывучаў Восіп Бадзянскі; вынікі сваіх дасьледаваньняў апублікаваў у 1846. Пачатак філялягічнаму вывучэньню кодэксу пачаў Аляксандар Брукнэр (1886), працягнуў Аляксандар Весялоўскі (1888). У выніку было высьветлена, што ў прамежку 1672 і 1736 рокамі рукапіс перайшоў ва ўласьнасьць Радзівілаў. Да 1736 зборнік знаходзіўся ў бібліятэцы(d) Ганны з Сангушкаў ў Бялай-Падлясцы, адкуль у лістападзе таго ж году быў перавезены ў Нясьвіж[3]. Зь нясьвіскага Радзівілаўскага архіву ён мог патрапіць у Вільню між 1814 і 1819 рокамі, калі яго там і знайшоў Нямцэвіч[4].

Упершыню беларускія аповесьці з «Пазнанскага зборніку» апублікаваў Аляксандар Весялоўскі (1888), летапіс — Станіслаў Пташыцкі ў Поўным зборы рускіх летапісаў (ПЗРЛ, т. 17, 1907). Пазьней летапіс перавыдаў Мікалай Улашчык у 35-м томе таго ж ПЗРЛ[5].

Цяпер арыгінал зборніку зьберагаецца ў публічнай бібліятэцы імя Рачынскага (Познань), адкуль і атрымаў назву.

Характарыстыка

рэдагаваць

Памер рукапісу — у аркуш. Папера белая, пераплёт скураны. Філіграні двух відаў: выцягнуты круг, у якім знаходзіцца падабенства крыжа, і віньетка тых жа памераў. Рукапіс месцамі ў пацёртай скураной вокладцы з польскім надпісам на карэньчыку: «od. 1487 do 1651. Kodex białoruski RK 94» («з 1487 па 1651. Кодэкс беларускі RK 94»). У верхняй частцы вокладкі налепленая паперка з надпісам почыркам XVIII стагодзьдзя: «Ułomek dziejów dawnych po rusku o królu Marku o hrabi Gwidoni, o Athylie krolu węgerskim, tudzież życie dawnych xiążat litewskich» («Урывак гісторыі старажытнай па-руску пра караля Марка, князя Гвідона, вугорскага караля Атылу, тут жа жыцьцё старажытных княжат літоўскіх»)[5].

У рукапісе 344 аркушы. Да 292-га аркушу зборнік напісаны адным каліграфічным почыркам і атрамантам. На палёх зробленыя заўвагі па-беларуску іншай рукой і атрамантам, а таксама па-польску іншым атрамантам. Загалоўкі невялікіх разьдзелаў напісаныя буйным уставам[5]. Пагінацыя(d) — у правым верхнім куце тым жа атрамантам (толькі няцотныя лікі)[6].

Другая частка рукапісу (стар. 293—335) напісана некалькімі почыркамі, адносіцца да XVII стагодзьдзя і складаецца ў асноўным зь сямейных запісаў Уніхоўскіх і дзьвюх копій актаў. Запісы Ўніхоўскіх разьмешчаныя не паводле храналёгіі і належаць розным аўтарам. Такім чынам, хутчэй за ўсё запісы Ўніхоўскіх разам з генэалёгіяй Трызнаў былі прыплеценыя ў зборнік пазьней[7].

Кодэкс складаецца з дзьвюх частак:

Аляксандар Весялоўскі апісаў нумарацыю твораў па аркушах, пазьней пацьверджаную Міколам Улашчыкам: «Аповесьць пра Трышчана» займае 1—127 аркушы, «Аповесьць пра Баву» — 129—171-ы, «Гісторыя пра Атылу» — 173—224-ы. Аркушы 127 (адваротны) — 128, 171 (адв.) — 172 — чыстыя. Аркушы 225—291 — «Летапісец Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага»; 293—301 — «Копія пацьверджаньня Ўладыславам IV року 8 сакавіка 1635 року рэестру аб правох двара караля Казімера»; далей да 328 аркушу «Ухвала Жыгімонта I і паноў-рад пра абарону земскую» 1528 року. На 328-м аркушы — нататка пра Люблінскую унію 1569 року; далей да 335-га аркушу — сямейныя нататкі Ўніхоўскіх (у іхнім валоданьні рукапіс быў амаль 80 гадоў) і радавод Трызнаў. Апошні допіс датаваны 1672 рокам[1].

Нумарацыя Тамары Суднік адрозьніваецца ад вышэйзгаданых дасьледчыкаў роўна ўдвая. «Трышчан», «Бава» і «Атыла» займаюць адпаведна 1—64-ы, 65—86-ы ды 87—112-ы аркушы, так званы «летапіс Рачынскага» — 113—146-ы.

Паводле Аляксандра Брукнэра, першыя два творы першае часткі — «Трышчан» ды «Бава» — перакладзеныя з італьянскага арыгіналу праз сэрбскі пераклад. Аўтарства «Гісторыі пра Атылу», напісанай у 1538 року, належыць Міклашу Олагу(d). У 1574 ягоны твор пераклаў на польскую мову Цыпрыян Базылік. Сканчае першую частку «Летапісец вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», альбо «Летапіс Рачынскага», які ахоплівае гісторыю Літвы ад часоў прыбыцьця рымскіх уцекачоў на чале з Палямонам.

Агульны слоўнікавы склад зборніку — больш за пяць тысячаў словаў. Тэксты твораў адметныя багацьцем і чысьцінёю тагачаснай беларускай літаратурнай мовы. Пэўнае месца займаюць палянізмы, большасьць зь якіх у сваю чаргу запазычаныя з заходнеэўрапейскіх моваў (мур, цекгельня, литера, кгвалт, жолнер, гетман, шляхта). Частка іх увайшла ў беларускую мову[8].

  1. ^ а б Олег Лицкевич. Философия человека в переводніх повестях Познанского сборника (16 в.) : Рэферат для здачы канд. мінімуму па філасофіі.
  2. ^ Т. М. Судник. «Повесть о Трыщане» в познанском сборнике XVI в. // подг. А.Д. Михайлов Легенда о Тристане и Изольде. — М.: Наука, 1976.
  3. ^ Кириченко 2006. С. 223.
  4. ^ Кириченко 2006. С. 220.
  5. ^ а б в Улашчык 1980. С. 12.
  6. ^ а б Старавойтава, Н. П. Імя Мікалая Улашчыка ў беларускай медыявістыцы // рэдкал. : С. М. Ходзін (адк. рэд.) [і інш.] Крыніцазнаўства, археаграфія, архівазнаўства ў XX—XXI ст. у Беларусі : зб. навук. артыкулаў, прысвечаных 100-годдзю з дня нараджэння М. М. Улашчыка. — Мн.: БДУ, 2008. — С. 53. — ISBN 978-985-485-977-4.
  7. ^ Кириченко 2006. С. 215.
  8. ^ Старавойтава, Н. П. Даўнія беларускія пераклады: сузор’е класікі і праблема моўнай рэцэпцыі // Вестник Белорусского государственного экономического университета. — Мн.: БДЭУ, 2006. — № 2. — С. 95—96.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць