Павал Пернікаў
Па́вал Алякса́ндравіч Пе́рнікаў (нар. 1992) — беларускі праваабаронца і вікіпэдыст.
Павал Пернікаў | |
Род дзейнасьці | праваабаронца |
---|---|
Дата нараджэньня | 1992 (32 гады) |
Месца нараджэньня | |
Грамадзянства | Беларусь |
Месца вучобы | Берасьцейскі дзяржаўны ўнівэрсытэт (2015) |
Занятак | вікіпэдыст, праваабаронец, талентавы мэнэджар, вязень сумленьня |
Месца працы | мэнэджэр гурта «Bristeil» |
Гады дзейнасьці | зь 2013 году |
Псэўданім | Удзельнік:Pr12402 |
Пасада | Сябра ўправы Міжнароднага таварыства правоў чалавека |
Бацька | Аляксандар Пернікаў |
Узнагароды | дыплём Прадстаўніцтва ААН у Беларусі (2013) |
Сябра ўправы Міжнароднага таварыства правоў чалавека (Нямеччына). Мэнэджэр беларускага музычнага гурта «Bristeil». Зь 2014 году быў рэдактарам Вікіпэдыі, у тым ліку на беларускай мове клясычным правапісам, чый уліковы запіс узламалі ў сьнежні 2021 году[1]. У красавіку 2022 году быў асуджаны на 2 гады зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў «дыскрэдытацыі» Рэспублікі Беларусь, у тым ліку праўкамі ў артыкул «Сьпіс загінулых падчас акцыяў пратэсту ў Беларусі (2020—2021)» пра сьмерць дэманстранта Генадзя Шутава. З абвінавачаньнем не пагадзіўся і віны на судзе не прызнаў[2].
Жыцьцяпіс
рэдагавацьУ 2010—2015 гадох навучаўся на юрыдычным факультэце Берасьцейскага дзяржаўнага унівэрсытэту[3]. У 2013 годзе атрымаў дыплём Прадстаўніцтва ААН у Беларусі за перамогу ў Конкурсе студэнцкіх працаў да 20-годзьдзя Сусьветнай канфэрэнцыі па правах чалавека (Аўстрыя). На той час быў сябрам управы Рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня абароны правоў чалавека, якое было Беларускай сэкцыяй Міжнароднага таварыства правоў чалавека (МТПЧ; Нямеччына). 25 жніўня 2014 году стаў рэдактарам Вікіпэдыі як Удзельнік:Pr12402. У верасьні 2014 году наведаў Раду Эўропы (Францыя) ў складзе моладзевай дэлегацыі. У Берасьці меў дачыненьне да сэмінару МТПЧ і школы юных праваабаронцаў. У 2019 годзе склаў справаздачу пра круглы стол наконт дэзынфармацыі ў СМІ. Кіраваў прэс-цэнтрам Беларускай сэкцыі МТПЧ. Быў мэнэджэрам беларускага музычнага гурта «Bristeil»[1].
Рэдагаваньне Вікіпэдыі
рэдагавацьЗа 2014—2021 гады ўнёс звыш 84 000 правак у артыкулы Вікіпэдыі. Увосень 2021 году рэдагаваў артыкулы пра сродкі масавай інфармацыі Беларусі, журналістаў Генадзя Мажэйку і Кацярыну Барысевіч, музычныя гурты «IQ48» і «Ляпіс Трубяцкі». 27 сьнежня 2021 году зламысьнік атрымаў доступ да яго ўліковага запісу і з 17:10 да 17:52 выдаліў у Вікіпэдыі на беларускай мове клясычным правапісам у 6 артыкулах:
- «Аляксандар Лукашэнка» — абзац пра ўведзеныя супраць яго асабістыя санкцыі;
- «Вераніка Цапкала» — згадка пра ўзнагароджаньне прэміямі імя Льва Копелева і Фрыца Цокліха;
- «Марыя Калесьнікава» — разьдзел пра міжнародную рэакцыю на яе затрыманьне;
- «Свабода слова ў Беларусі» — большасьць разьдзелу пра падзеі 2020—2021 гадоў;
- «Рэжым Лукашэнкі» — абзац пра рэзалюцыю Кангрэсу ЗША з асуджэньнем фальсыфікацыяў на выбарах 2020 году, рэпрэсіяў супраць мірных дэманстрантаў і прызнаньнем гэтага рэжыму нелегітымным;
- «Сьпіс загінулых падчас акцыяў пратэсту ў Беларусі (2020—2021)» — разьдзел «Рэакцыі»[1].
28 сьнежня 2021 году ўсе 6 выдаленьняў скасавалі, а ягоны ўліковы запіс заблякавалі праз «захоп уліковага запісу» і «ўзлом пароля»[1].
Перасьлед
рэдагаваць28 сакавіка 2022 году пракуратура Берасьцейскай вобласьці паведаміла пра перадачу ў суд справы супраць Паўла Пернікава паводле артыкула 369-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь». Яго абвінавацілі ў тым, што з 29 сьнежня 2020 году па 30 красавіка 2021 году ў Вікіпэдыі і на вэб-бачыне Міжнароднага таварыства правоў чалавека (МТПЧ; Нямеччына) «перадаў заведама ілжывыя зьвесткі аб датычнасьці органаў улады Беларусі да забойства ў кастрычніку 2004 года журналісткі Веранікі Чаркасавай, а таксама да катаваньняў і забойстваў людзей»[1].
7 красавіка 2022 году ў Судзе Маскоўскага раёну Берасьця пракурорка Алена Ціхановіч абвінаваціла Пернікава ў дыскрэдытацыі дзяржаўных органаў Беларусі праз праўкі ў артыкулы на Вікіпэдыі пра забойства журналісткі Веранікі Чаркасавай і дэманстранта Генадзя Шутава, а таксама праз артыкул на вэб-бачыне МТПЧ пра катаваньне і забойства дэманстрантаў падчас пратэстаў 2020 году. У прыватнасьці ў віну ставіліся праўкі пры канцы сьнежня 2020 году на беларускай Вікіпэдыі тарашкевіцай у артыкул «Сьпіс загінулых падчас акцыяў пратэсту ў Беларусі (2020—2021)». Адпаведныя рэдагаваньні тычыліся сьмерці земляка Генадзя Шутава, а ва ўводзінах — непрызнаньня Міністэрствам ўнутраных справаў Беларусі адказнасьці за сьмерць ніводнага дэманстранта. Павал Пернікаў не пагадзіўся з абвінавачаньнем і не прызнаў віны на судзе. Пракурорка Ціхановіч запатрабавала зьняволіць Пернікава на 2 гады калёніі агульнага рэжыму, на якія судзьдзя Яўген Брэган яго і вырак[2].
11 красавіка 2022 году 5 беларускіх арганізацыяў правааборанцаў прызналі Пернікава палітычным вязьнем і заклікалі да неадкладнага вызваленьня Пернікава і іншых беларускіх палітвязьняў[4].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в г д Міхаіл Палазьнякоў, «Мэдыязона». Захоп акаўнта, істотныя праўкі, крымінальная справа. Што вядома пра затрыманага рэдактара «Вікіпэдыі» Паўла Пернікава // Партал «Наша ніва», 29 сакавіка 2022 г. Праверана 7 красавіка 2022 г.
- ^ а б Рэдактара Вікіпэдыі асудзілі да двух гадоў калёніі за «дыскрэдытацыю Беларусі» // Праваабарончы цэнтар «Вясна», 7 красавіка 2022 г. Праверана 7 красавіка 2022 г.
- ^ «Ці маем мы права замаўчаць, бо баімся перасьледу?» Як Вікіпэдыя і вікіпэдысты сталі ворагамі беларускага рэжыму // Беларуская служба Радыё «Свабода», 13 красавіка 2022 г. Праверана 13 красавіка 2022 г.
- ^ Заява праваабаронцаў Беларусі аб прызнанні 18 палітычных зняволеных
Гэта — накід артыкула пра асобу з Беларусі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |