Міжнароднае таварыства правоў чалавека

(Перанакіравана з «МТПЧ»)

Міжнаро́днае тава́рыства право́ў чалаве́ка (МТПЧ) (па-нямецку: Internationale Gesellschaft für Menschenrechte; па-ангельску: International Society for Human Rights) — міжнародная няўрадавая, некамэрцыйная, праваабарончая арганізацыя, якая мае статус удзельніка пры Радзе Эўропы й зьяўляецца чальцом Камітэту па сувязях з няўрадавымі арганізацыямі пры Радзе Эўропы. МТПЧ мае статус назіральніка ў Афрыканскай камісіі па правах чалавека й народаў. Арганізацыя мае асацыяваны статус з Дэпартамэнтам глябальных камунікацыяў ААН(en) і кансультатыўны статус пры Эканамічнай і сацыяльнай Радзе ААН.

Міжнароднае таварыства правоў чалавека
Абрэвіятура МТПЧ
Дата ўтварэньня 1972
Тып праваабарончая арганізацыя
Штаб-кватэра Франкфурт-на-Майне, Нямеччына
Сяброўства ад 30000 да 35000 чальцоў па ўсім сьвеце
Сайт http://www.ishr.org
Праваабаронца Ёахім Гаўк(be) падчас удзелу ў прэс-канфэрэнцыі Міжнароднага таварыства правоў чалавека

Штаб-кватэра МТПЧ знаходзіцца ў Франкфурце-на-Майне (Нямеччына). Арганізацыя была заснаваная ў Заходняй Нямеччыне ў 1972 годзе як ням. Gesellschaft für Menschenrechte (GfM) (па-беларуску: Таварыства правоў чалавека) з мэтаю садзейнічаньня міжнароднаму разуменьню й талерантнасьці ва ўсіх сфэрах культуры й грамадзтва, і з тых часоў таварыства падтрымлівае толькі тых асобаў, якія падзяляюць гэты прынцып і, як сьледзтва, негвалтоўна імкнуцца да абароны сваіх правоў. Ініцыятарам заснаваньня МТПЧ быў Іван Агрусаў, былы расейскі прымусовы рабочы, які пасьля Другой сусьветнай вайны вырашыў застацца ў Заходняй Нямеччыне ў сувязі з дрэнным абыходжаньнем з былымі прымусовымі рабочымі ў Савецкім Саюзе (многія зь іх былі адпраўленыя ў ГУЛаг па вяртаньні).

Таварыства стала міжнародным у 1982 годзе з заснаваньнем філіяў у Аўстрыі, Швайцарыі, Вялікабрытаніі й Францыі. З тых часоў арганіцацыя вырасла надалей і ўключае 47 нацыянальных сэкцыяў (у тым ліку беларускую), нацыянальных групаў, рэгіянальных камітэтаў і зьвязаных арганізацыяў па ўсім сьвеце[1][2].

Сярод вядомых чальцоў МТПЧ канцлер Заходняй Нямеччыны Людвіг Эрхард(be), былы аўстра-вугорскі кронпрынц Отта фон Габсбург, былы генэральны пракурор Нямеччыны Людвіг Марцін(de), кітайскі праваабаронца Гары Ву(ru), беларускі філёзаф і палітоляг, прафэсар Іван Катляр(be), узбэцкі праваабаронца, прафэсар Марат Західаў(ru).

Падчас халоднае вайны Міжнароднае таварыства правоў чалавека надавала асноўную ўвагу парушэньням правоў чалавека ў дзяржавах Усходняга блёку. Нямецкая Дэмакратычная Рэспубліка (Усходняя Нямеччына) у 1975 годзе абвясьціла Міжнароднае таварыства правоў чалавека «ворагам дзяржавы», і Штазі распачала кампанію супраць праваабарончай арганізацыі, спрабуючы яе дыскрэдытаваць[3]. У апошні час МТПЧ засяродзіла ўвагу на пытаньнях свабоды веравызнаньня(be) й свабоды прэсы ў такіх краінах, як Віетнам і Кітай.

Таварыства выпускае ўласную пэрыядычную рассылку[4] (на ангельскай мове) і часопіс на нямецкай мове ням. Menschenrechte (бел. Права чалавека)[5]. Прэзідэнтам Міжнароднай рады МТПЧ зьяўляецца прафэсар, доктар Томас Шырмахэр(de). Карл Хафэн — скарбнік, Мары Джэрард, доктар Рэнэ Гомэс(es), доктар Любоў Нямчынава, доктар Хайдзі Марын, Сымона Шлегель і прафэсар, доктар Андрэй Сухарукаў — віцэ-прэзыдэнты[6].

Крыніцы рэдагаваць

Літаратура рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць