Менсктранс
Каардынаты: 53°53′5″ пн. ш. 27°31′56″ у. д. / 53.88472° пн. ш. 27.53222° у. д.
«Менсктранс» — дзяржаўнае транспартнае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў кастрычніку 2003 году.
«Менсктранс» | |
наркам. «Мінсктранс» | |
Тып | унітарнае прадпрыемства |
---|---|
Заснаваная | 23 кастрычніка 2003 (21 год таму) |
Заснавальнікі | Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт |
Краіна | |
Разьмяшчэньне | Менск |
Адрас | Маскоўскі раён, Каапэратыўны зав., д. 12[1] |
Ключавыя фігуры | Алег Дзюбенка, Канстанцін Галалобаў[2] |
Галіна | сфэра паслугаў |
Паслугі | пасажырскія перавозкі |
Матчына кампанія | Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт |
Ахоплівае сваёй дзейнасьцю Менск і часткова Менскую вобласьць. Выконвае гарадзкія, прыгарадныя і некаторыя міжнародныя перавозкі аўтобусамі, гарадзкія перавозкі тралейбусамі, трамваямі і мэтрапалітэнам, а таксама заказныя перавозкі аўтобусамі гарадзкой і міжнароднай клясы.
Будова
рэдагавацьНа 2021 год «Менсктранс» улучаў:
- 4 аўтобусныя паркі — № 2 (вул. Маякоўскага, д. 115а), № 5 (вул. Гурскага, 15), № 6 (вул. Машынабудаўнікоў, д. 15), № 7 (4-ы зав. Кальцова, д. 2);
- 4 тралейбусныя паркі — № 2 (вул. Ванеева, д. 31), № 3 (вул. Гурскага, д. 17), № 4 (Харкаўская вул., д. 16) і № 5 (вул. Солтыса, д. 26);
- «Транспартны парк № 1» (вул. Гінтаўта, д. 3)
- «Менскі аўтавакзал» (Бабруйская вул., д. 6, корп. 1)
- агенцтва «Менсктранс» (Партызанскі прасп., д. 6), «Рамонтна-будаўнічую ўправу» (Партызанскі прасп., д. 6) і «Службу энэргагаспадаркі» (Партызанскі прасп., д. 6);
- здраўніцу «Волма» (Азёрны пасёлак, Ігуменскі раён) і сельскагаспадарчы комплекс «Велікапольле» (Ігуменскі раён)[3].
Мінуўшчына
рэдагаваць26 лістапада 2003 году Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт ухваліў Рашэньне № 1987 аб стварэньні ўнітарнага прадпрыемства «Менсктранс» шляхам зьліцьця Ўправы транспарту і сувязі Менгарвыканкаму з 3-ма прадпрыемствамі — «Менскгарэлектратранс», «Менскі мэтрапалітэн» і «Менскпасажыраўтатранс». У транспартныя паркі паступілі беларускія аўтобусы «Нёман» (Ліда) і «МАЗ», тралейбусы «Белкамунмаш», а таксама сабраныя ў Беларусі аўтобусы «Радзіміч» ад украінскага вытворцы аўтобусаў «Багдан» (Луцк). На сталічных праспэктах усталявалі 74 плястыкавыя прыпыначныя павільёны зь зялёнымі дахамі і месцамі для мапы гораду і рэклямы. У 2004 годзе ўтварылі падразьдзяленьні: агенцтва «Менсктранс», «Службу энэргагаспадаркі» і сельскагаспадарчы комплекс «Велікапольле» (Ігуменскі раён). У 2005 годзе адчынілі 3 новыя станцыі другой лініі Менскага мэтрапалітэну — «Спартовая», «Кунцаўшчына» і «Каменная Горка». На іх ўсталявалі відэаназіраньне. На прыпынках разьмясьцілі білетныя шапікі. У 2006 годзе пачалі пракладку шумапаглынальных трамвайных шляхоў. Аўтобусы «МАЗ» замянілі «Ікарусы» (Сэкешфэхэрвар, Вугоршчына) і «ЛіАЗы» (Лікіна-Дулёва, Маскоўская вобласьць)[4].
У 2007 годзе ўвялі 2 новыя станцыі першай лініі Менскага мэтрапалітэну — «Барысаўскі тракт» і «Ўручча». Працягласьць сталічнай падземкі павялылася на 2,7 кіламэтры. На 20 дыспэтчарскіх станцыях правялі рамонт. Увялі тралейбусную лінію працягласьцю 30,8 км па вуліцах Гарэцкага і Лабанка ад вуліц Рафіева і Лабанка. Таксама пабудавалі тралейбусную лінію працягласьцю 5,3 км ад вуліцы Русіянава да Астрашыцкай і Старынаўскай вуліц у сувязі з уводам новага ўчастку мэтро. Новую тралейбусную лінію адчынілі на Нарачанскай вуліцы, якая ўваходзіла ў склад спартовага комлексу «Менск-Арэна». Урэшце скончылі перабудову кантактнай сеткі на праспэкце Пушкіна і пачалі перабудову трамвайнага шляху з выкарыстаньнем электракантактнай зваркі стыкаў. Скончылі ўкладку новай рэйкава-шпальнай рашоткі на скрыжаваньні Ўльянаўскай вуліцы і вуліца Сьвярдлова. Спынілі дзейнасьць «Тралейбуснае дэпо № 1» і «Аўтобусны парк № 3». У 2008 годзе бясшпальна-бясстыкавым спосабам перабудавалі 2 участкі трамвайнага шляху на вуліцы Якуба Коласа агульнай працягласьцю 2,5 км, што зрабіла трамвайны рух малашумным. Таксама «Менсктранс» стварыў падразьдзяленьне «Рамонтна-мэханічны завод». Увялі новую цягавую станцыю, што сілкавала кантактную тралейбусную сетку па вуліцы Ціміразева і на 1-м гарадзкім кальцы. Пачалі будоўлю на «Цэнтральным аўтавакзале». У 2009 годзе спыніў існаваньне «Аўтобусны парк № 1», мікрааўтобусы «Мэрсэдэс 411» якога перадалі «Тралейбуснаму парку № 4». Пачалі ўкараняць дыспэтчарскае кіраваньне на спадарожнікавай навігацыі. Таксама пачаліся перавозкі тралейбусам «Вітаўт» з аўтаномным ходам. У падразьдзяленьні «Менскі аўтавакзал» адчынілі турыстычнае бюро[4].
У 2010 годзе «Служба арганізацыі руху» стварыла цэнтар кіраваньня рухам наземнага грамадзкага транспарту. У 2011 годзе пасьля перабудовы адчынілі «Цэнтральны аўтавакзал». На цягавых падстанцыях укаранілі комплексы тэлемэханікі «Сырыюс». Перабудавалі трамвайныя шляхі ад Батанічнай вуліцы па Даўгабродзкай вуліцы да Партызанскага праспэкту і па вуліцы Пляханава да праспэкту Ракасоўскага. У сьнежні 2011 году ўсе наземныя перавозкі «Менсктрансу» аснасьцілі навігацыйным абсталяваньнем і прыладамі перадачы зьвестак. У 2012 годзе на прыпынках усталявалі электронныя таблё з чаканым часам прыбыцьця транспарту. Уводзяцца 3 станцыі 1-й лініі Менскага мэтрапалітэну — «Грушаўка», «Міхалова» і «Пятроўшчына». Пачалі ўкараняць «Аўтаматызаваную сыстэму аплаты і кантролю праезду» («АСАКП»). Запусьцілі перабудаваную кантатную сетку ад 2-га завулка Розы Люксэмбург праз вуліцу Шчорса да вуліцы Гурскага. Пасьля 3-гадовай перабудовы аднавілі трамвайны рух у Серабранку на паўднёвым усходзе сталіцы. У 2013 годзе дабудавалі тралейбусную лінію па Сухараўскай вуліцы і вуліцах Скрыпнікава і Адзінцова. У рамках гэтай пабудовы стварылі дыспэтчарскую станцыю «Сухарава» з разваротным аўтобусна-тралейбусным кальцом, а таксама цягавую падстанцыю. Трамвайны шлях па вуліцы Якуба Коласа перабудавалі на малашумны лад. У 2014 годзе ў салёнах больш як 2500 адзінак грамадзкага транспарту ўсталявалі прылады счытваньня інфармацыі зь бескантатных смарт-картак (валідатары). Перасталі выкарыстоўваць кандуктараў. Для ўсіх відаў грамадзкага транспарту ўвялі адзіны праязны білет. «Міжнародны дзелавы альянс» прыступіў да ўкараненьня «АСАКП» на прадмесьцевых маршрутах. На прыпынку «Плошча Незалежнасьці» ўсталявалі электроннае таблё, што дазваляла адсочваць рух аўтобусаў анлайн. Адчынілі 29-ю станцыю Менскага мэтрапалітэну — «Малінаўка». Кіроўцаў «Менсктрансу» забясьпечылі форменным адзеньнем. Зачынілі «Маскоўскі аўтавакзал». У 2015 годзе са складу «Менсктрансу» вылучылі ўнітарнае прадпрыемства «Менскі метрапалітэн». У прадмесьцевых аўтобусах запусьцілі АСАКП. «Аўтобусны парк № 7» атрымаў аўтобусы на газавым паліве. На прыпынках замяняюць таблё на сьвятлодыёдныя, што дазваляе адлюстроўваць зьвесткі ў некалькіх адценьнях. Міжнародныя аўтобусы «Аўтобуснага парку № 2» абсталявалі «Вай-фаем». Скончылі перабудову трамвайнага шляху па вуліцы Казлова[4].
На 1 лютага 2021 году «Менсктранс» ажыцьцяўляў перавозкі па 278 наземных маршрутах, зь 202 аўтобусных і 60 тралейбусных, а таксама па 8 трамвайных і электробусных. Працягласьць кантактнай сеткі для тралейбусаў складала 500 км. На лініі выходзіла да 628 тралейбусаў. Сярэдняя даўжыня маршруту для аўтобуса складала 11,7 км, для тралейбуса — 11,4 км, для трамвая — 10,3 км і для электробуса — 10 км. Транспартны парк налічваў 1190 аўтобусаў, 753 тралейбусы, 137 трамваеў і 80 электробусаў. Сярод іх 90 % мелі відэарэгістратары. Таксама налічвалася каля 2000 аўтобусных і тралейбусных прыпынкаў, а таксама 136 трамвайных. Зь іх 474 мелі электратаблё[5]. За 2023 год «Менсктранс» павялічыў долю электрыфікаванага грамадзкага транспарту ў сваім аўтапарку з 40 да 56 %. Пры гэтым на канец 2023 году прадпрыемства мела 323 электробусы і тралейбусы з павялічаным аўтаномным ходам[6].
Кіраўнікі
рэдагаваць- Лявонці Папянок (з 2006-га)
- Алег Дзюбенка (па 2021 год)
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Кантакты // УП «Менсктранс», 2021 г. Праверана 27 траўня 2021 г.
- ^ Інфармацыя для грамадзянаў // УП «Менсктранс», 2021 г. Праверана 27 траўня 2021 г.
- ^ Структурныя падразьдзяленьні // УП «Менсктранс», 2021 г. Праверана 27 траўня 2021 г.
- ^ а б в Гісторыя транспарту // УП «Менсктранс», 2021 г. Праверана 27 траўня 2021 г.
- ^ Разьвіцьцё транспарту Менска // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 26 траўня 2021 г. Праверана 27 траўня 2021 г.
- ^ Уладзімер Русаковіч. Мінпрыроды падвяло вынікі сваёй працы за 2023 год // Газэта «Зьвязда», 27 студзеня 2024 г. Праверана 4 лютага 2024 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Электронны зварот грамадзяніна // УП «Менсктранс», 2021 г. Праверана 27 траўня 2021 г.