Электробус

аўтобус, які засілкоўваецца электрычнасьцю

Электро́бус (электрычны аўтобус) — бязрэйкавы пасажырскі транспартны сродак з электрапрывадам. Электраэнэргія, неабходная для работы электробусу, назапашваецца на борце ў акумулятарнай батарэі альбо генэруецца, напрыклад, паліўнымі элемэнтамі.

Электробус «Альгерд Е321» у Менску

Апісаньне

рэдагаваць

Электробус шмат у чым падобны да тралейбуса з аўтаномным ходам і ў цэлым на электрамабіль, за выключэньнем памераў, зьмяшчальнасьці і магутнасьці электрапрываду.

Электрычную энэргію электробус можа атрымліваць ад зьнешняй крыніцы забесьпячэньня электрычнай падстанцыі або ад зараднай станцыі для электрамабіляў, а таксама ў аварыйнай сытуацыі ад побытавай электрасеткі 230В зьменнага току. Для зьдзяйсьненьня працэсу зараджаньня акумулятарнай батарэі, як правіла, выкарыстоўваюць кабэлі, якія камутуюцца спэцыяльным раздымам, або спэцыяльны пантограф, які падымаецца ў вызначанай зоне і камутуецца аўтаматычна зь лініяй, або калі электробус знаходзіцца ў прастоі.

Вядучыя колы электробуса прыводзяцца ў рух адным або некалькімі асынхроннымі электрарухавікамі зьменнага току, злучанымі з акумулятарам. Блёк частасьцевага пераўтваральніка напругі ператварае пастаянную (лінейную) напругу ў зьменную. Таксама ў электробусах існуе зваротны працэс рэкупэрацыі электрычнай энэргіі, калі кінэтычная энэргія рухавіка пераўтвараецца ў электрычную зьменнай напругі, а блёк частасьцевага пераўтваральніка выпроствае яго ў пастаянную напругу.

З разьвіцьцём электратэхнічнай прамысловасьці і вынаходніцтвамі ў галіне цягавага электрапрываду крыніцамі электраэнэргіі для электробусаў прапануюцца новыя віды акумулятараў, іяністары (або так званыя супэркандэнсатары), паліўныя элемэнты ды інш. Замест рухавіку прапануецца таксама выкарыстаньне электрычных матор-колаў, якія хоць і маюць важкія недалікі, але дазваляюць выключыць «клясычныя» перадавальныя прылады: кардан, дыфэрэнцыял, паўвосі ды інш.).

Мінуўшчына

рэдагаваць

Упершыню рухомая мадэль электробусу на мэталёвых колах была прадэманстраваная на Сусьветнай выстаўцы 1900 року ў Парыжы.

Першы электрычны маршрутны аўтобус зьявіўся ў Вялікабрытаніі ў 1906 року. 15 ліпеня 1907 року ў Лёндане кампанія «London Electrobus Co.» адкрыла рэгулярны рух аўтобусаў з электрапрывадам на маршруце між чыгуначнымі вакзаламі „Вікторыя“ і „Лівэрпуль-стрыт“.

Пры зборцы брытанскіх электробусаў выкарыстоўвалі францускія кампанэнты і батарэі фірмы «Gould Storage Battery Corporation», якія дазвалялі праходзіць без падзарадкі да 40 міляў, што было дастаткова для чатырох рэйсаў між канцавымі прыпынкамі. Пасьля ранішняй зьмены электробус накіроўваўся ў гараж, дзе батарэі цалкам мяняліся на новыя.

Чыстыя і ціхія электробусы былі папулярныя ў турыстаў і жыхароў Лёндану. На піку свайго посьпеху ў канцы 1908 року кампанія мела каля 20 электробусаў. Неўзабаве быў адкрыты дадатковы маршрут да Кілбэрну. У пачатку 1910 року пасьля скандалу і абвінавачваньняў у махлярстве «London Electrobus Co.» давялося закрыць. Восем электробусаў былі прададзеныя «Brighton, Hove & Preston United», астатнія ж былі разабраныя на запасныя часткі.

У 1916 року новым уласьнікам «Brighton, Hove & Preston United» стаў Томас Тылінг(en). Апошні рэйс ангельскага электробусу адбыўся ў Брайтане ў красавіку 1917 року. Тылінг паведаміў, што недахоп запасных частак змусіў яго спыніць работу электрычных аўтобусаў.

У 2018—2020 гадох у Кітаі штогод выраблялі звыш 90 000 электробусаў, у выніку ў найбольшых гарадах краіны іх лік перасягнуў 10 000[1].

Беларусь

рэдагаваць

У сьнежні 2016 году «Белкамунмаш» пачаў вырабляць сучлененыя электробусы «Вітаўт Макс Электра» (Е433) на 150 пасажыраў. Да жніўня 2020 году «Белкамунмаш» паставіў электробусы ў 40 гарадоў 23-х краінаў[2]. 5 траўня 2020 году «Менскі аўтамабільны завод» выпусьціў электробус «МАЗ 303Е10» з запасам ходу да 300 км і зьмяшчальнасьцю да 70 чалавек[3]. 27 сакавіка 2024 году «Белкамунмаш» даставіў у Шклоўскую філію «Магілёўаблаўтатрансу» 15 электробусаў «Альгерд Е321», якімі замянілі ўвесь пасажырскі грамадзкі транспарт на дызэльным ходзе ў горадзе. У выніку Шклоў стаў першым горадам у Беларусі, які цалкам перавёў грамадзкі транспарт на электрацягу[4].

  1. ^ Ірына Сідарок. Дарогі Беларусі ацэняць у зорках // Газэта «Зьвязда», 27 кастрычніка 2020 г. Праверана 29 чэрвеня 2022 г.
  2. ^ Аляксандар Піменаў. Рух па шляху экалагічнасьці // Газэта «Зьвязда», 31 жніўня 2020 г. Праверана 29 чэрвеня 2022 г.
  3. ^ «МАЗ» стварыў першы электробус // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 5 траўня 2020 г. Праверана 29 чэрвеня 2022 г.
  4. ^ Пілётны праект «Зялёны горад»: холдынг «БКМ» паставіў у Шклоў 15 электробусаў // УП «Белкамунмаш», 27 сакавіка 2024 г. Праверана 15 чэрвеня 2024 г.