Sputnik (радыё)
Радыё «Sputnik» (рас. Радио «Спутник») — расейская дзяржаўная радыёстанцыя, заснаваная ў кастрычніку 1929 г. пад назовам «Маскоўскае радыё» для замежнага вяшчаньня. 10 лістапада 2014 г. атрымала сучасны назоў замест «Голас Расеі», які мела з 22 сьнежня 1993 году. На 2016 г. падавала агляды, навіны і рэпартажы на 37 мовах, у тым ліку на беларускай з 2015 году. У 2015 г. радыёвяшчаньне ажыцьцяўлялася ў 34 краінах[1].
Радыё «Sputnik» | |
Лёга | |
Горад | Масква |
---|---|
Краіна | Расея |
Фармат | навіновы |
Час вяшчаньня | кругласутачна |
Зона вяшчаньня | 34 краіны |
Пачатак працы | 29 кастрычніка 1929 (95 гадоў таму) |
Заснавальнік | Народны камісарыят поштаў і тэлеграфаў СССР(ru) |
Уласьнік | «Расея сёньня»(ru) |
Кіраўнікі | Андрэй Быстрыцкі(ru) |
Сайт | bel.sputnik.by |
sputnikbelarus | |
sputnik.belarus | |
Вконтакте | sputnikbelarus |
YouTube | Sputnik |
Он-лайн-трансьляцыя | rian.cdnvideo.ru |
На 2016 г. 37 мовамі падачы зьвестак былі: ангельская, абхаская, азэрбайджанская, арабская, армянская, асэтынская, беларуская, віетнамская, гіндзі, гішпанская, грузінская, дарыйская (Аўганістан), дацкая, італьянская, карэйская, кітайская, курдзкая, кыргыская, латыская, нарвэская, нямецкая, партугальская, польская, пуштунская, пэрсыдзкая, расейская, румынская (малдоўская), сэрбская, таджыцкая, турэцкая, узбэцкая, урду, фінская, француская, чэская, швэдзкая і японская.
Мінуўшчына
рэдагаваць29 кастрычніка 1929 г. «Маскоўскае радыё» пачало вяшчаць на нямецкай мове. 7 лістапада дадалося вяшчаньне на францускай мове. Да канца году зьявілася ангельскамоўнае вяшчаньне. У 1930 г. перадачы сталі штодзённымі і пераважна ажыцьцяўляліся ў наўпроставым этэры. У 1933 г. Міжнароднае маскоўскае радыё падпарадкавалі Дзяржаўнаму камітэту радыёфікацыі і радыёвяшчаньня СССР(ru). Цягам 1930-х гадоў дадалі яшчэ 10 моваў вяшчаньня. На пачатку 1940 г. зьявілася расейская рэдакцыя «Гаворыць Масква». 1 ліпеня дадалося кітайскамоўнае вяшчаньне, першыя перадачы якога чытала Дэн Інчао, якая была жонкай прадстаўніка камуністаў пры ўрадзе Кітая Чжоў Эньлай(zh) (1937—1946). 14 красавіка 1942 г. з Хабараўска (Расейская СФСР) пачалося вяшчаньне на Японію. Да 1945 г. штодзённае этэрнае вяшчаньне вырасла да 152 перадачаў на 28 мовах. У 1946 г. дадалі вяшчаньне на мангольскай мове, у 1957 г. — на пуштунскай (Аўганістан). У 1956—1962 гг. у арабскай рэдакцыі радыё працаваў Яўген Прымакоў (1929—2015), дзе ўзьняўся ад карэспандэнта да галоўнага рэдактара. У 1961 г. пачалося вяшчаньне на амхарскай (Этыёпія), суахілі (Усходняя Афрыка) і хаўса (Заходняя Афрыка).
28 кастрычніка 1962 г. адбылася радыёперадача адказу старшыні Савету міністраў СССР Мікіты Хрушчова (1954—1964) на тэлеграму прэзыдэнта ЗША Джона Кенэдзі (1961—1963) напярэдадні, што палагодзіла Кубінскі ракетны крызіс. У 1967 г. пачалося вяшчаньне на дарыйскай мове (Аўганістан). Да 1980-х гадоў дадалося вяшчаньне на яшчэ 8 мовах Афрыкі. 23 траўня 1983 г. дыктар ангельскай рэдакцыі Уладзімер Данчаў(ru) у наўпроставым этэры заявіў: «Насельніцтва Аўганістану грае важную ролю ў абароне тэрыторыі краіны ад савецкіх захопнікаў», за што да сьнежня знаходзіўся ў Ташкенце (Узбэцкая ССР) на прымусовым псыхіятрычным лячэньні(en). 22 сьнежня 1993 г. расейскі прэзыдэнт Барыс Ельцын (1991—1999) Указам № 2258 ператварыў аб’яднаньне «Міжнароднае маскоўскае радыё» ў радыёкампанію «Голас Расеі». У 1996 г. пачалося сеціўнае радыёвяшчаньне.
У 2000-х гадах зьявілася спадарожнікавае вяшчаньне. На 2013 г. мясцовае радыёвяшчаньне ажыцьцяўлялася ў 27 краінах, дзе налічвалася 109 млн штомесячных радыёслухачоў. Замежныя прадстаўніцтвы працавалі ў 6 краінах: Ангельшчына (Лёндан), Бразылія (Рыё-дэ-Жанэйра), ЗША (Вашынгтон), Нямеччына (Бэрлін), Турэччына (Стамбул) і Ўкраіна (Кіеў). Радыёперадачы падаваліся на 31 мове. Вэб-сайты працавалі на 39 мовах. Радыёстанцыя выкарыстоўвала 30 радыёперадавальнікаў, большасьцю на кароткіх хвалях у Расеі. За мяжой радыёстанцыя выкарыстоўвала 4 уласныя радыёперадавальнікі ў 4 краінах: Армэнія (вёска Камо, Шырацкая вобласьць(hy)), Нямеччына (Вахэнбрун(de), зямля Турынгія; 1000 кіляват, сярэднія хвалі), Таджыкістан (Душанбэ; 1000 кіляват) і Ўзбэкістан (Ташкент; 1000 кіляват). 9 сьнежня 2013 г. расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін Указам № 894 падпарадкаваў радыёстанцыю інфармацыйнаму агенцтву «Расея сёньня»(ru). 1 студзеня 2014 г. спынілася радыёвяшчаньне на кароткіх хвалях. 10 лістапада радыёстанцыя атрымала назоў радыё «Sputnik». У сярэдзіне сьнежня радыёстанцыя займела сайт у Беларусі[2], дзе ў Менску сядзібу разьмясьцілі па вул. Я.Коласа, д. 50, корп. 1[3]. У 2015 г. пачалася падача навінаў і рэпартажаў на беларускай мове.
Кіраўнікі
рэдагаваць- Армэн Аганэсян(ru) (1992 — 23 кастрычніка 2008)
- Андрэй Быстрыцкі(ru) (з 2008 г.)
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Аб праекце // Радыё «Sputnik», 2015 г. Праверана 17 лютага 2016 г.
- ^ Уладзімер Глод. «Камісары з Крамля» запусьцілі «Sputnik» у Беларусь // Радыё «Свабода», 5 студзеня 2015 г. Праверана 17 лютага 2016 г.
- ^ Кантакты // Радыё «Sputnik» Беларусь, 2015 г. Праверана 17 лютага 2016 г.