Марошка

расьліна
(Перанакіравана з «Марошка прысадзістая»)

Маро́шка прысадзістая (па-лацінску: Rubus chamaemorus) — від шматгадовых травяністых расьлінаў роду маліна сямейства ружавых. Плады ядомыя, ужываюцца як у сырым выглядзе, так і дзеля апрацоўкі.

Марошка
Клясыфікацыя
НадцарстваЭўкарыёты
ЦарстваРасьліны
АддзелКветкавыя
КлясаДвухдольныя
АтрадРужакветныя
СямействаРужавыя
РодМаліна
ВідМарошка
Бінамінальная намэнклятура
Rubus chamaemorus L., 1753
Арэал
ITIS 24850 ·

Навуковая відавая назва паходзіць ад стар.-грэц. χαμαί («на зямлі») і лац. morus («шаўкоўніца»). «Марошка» адначасова назва як расьліны, так і яе пладоў.

Батанічнае апісаньне

рэдагаваць
 
Батанічная ілюстрацыя з кнігі К. А. М. Ліндмана «Bilder ur Nordens Flora», 1917—1926

Травяністая або паўхмызьняковая шматгадовая двухдомная расьліна з доўгім і тонкім паўзучым карэнішчам вышынёй 8-25 см, з паўзучым карэнішчам і сьцяблом, якое разьвіваецца штогод падчас цьвіценьня.

Сьцёблы кароткаапушчаныя, тонкія, прастастойкія, з дзьвюма-трыма лістамі і адной верхавіннай кветкай зь белымі пялёсткамі. Такім чынам, утвараецца па адной ягадзе на сьцябле.

Лісьце цэльнае, маршчыністае круглява-пупышкападобнае, пяціпялёсткавае, па краі няроўна-гародчатае.

Кветкі аднаполыя, адзінкавыя, белыя. Тычынкавыя і песьцікавыя кветкі знаходзяцца на розных расьлінах, мужчынскія кветкі троху буйней. Чашалісьцікаў і пялёсткаў па пяць; тычынкі і песьцікі шматлікія. Цьвіце ў чэрвені — ліпені, а праз 40-45 дзён сьпеюць ягады.

Плод — зборная касьцянка дыямэтрам 1,5 см, формай нагадвае плады маліны, але адрозьніваецца асаблівым пахам і смакам, салодкая; нясьпелыя ягады — чырвоныя, а сьпелыя — аранжавага колеру, амаль празрыстыя, нагадваюць чысты яркі бурштын, з ружовым бокам. Ягады тры разы мяняюць свой ​​колер. Ураджайнасьць ягад дасягае нярэдка 1000 кг з 1 га.

Не любіць дождж і вецер, асабліва — замаразкі.

Квітнее ў маі-чэрвені, зьбіраюць ягады ў ліпені-жніўні, карані нарыхтоўваюць глыбокай восеньню.

 
 
 
 
Зьлева направа: кветка, ліст у восеньскай афарбоўцы, плод, насеньне

Распаўсюджаньне

рэдагаваць

Ягада не любіць сьпякоту, таму, у асноўным, яе можна сустрэць толькі ў тых рэгіёнах, дзе сярэднясутачная тэмпэратура ўлетку не падымаецца вышэй за 20 градусаў. Марошка вытрымлівае халодныя тэмпэратуры ніжэй за −40 °C, але адчувальная да солі і сухіх умоў. Яна расьце на балотах, маршах і вільготных лугах і патрабуе сонечнай экспазыцыі ў кіслай зямлі (паміж 3,5 і 5 pH).

 
Марошка ў Нарвэгіі

Марошка расьце ў паўночным паўшар’і ад 78°N да прыкладна 55°N на балоце. У вельмі рэдкіх выпадках сустракаецца аж да 44°N, у асноўным у горных раёнах.

Арэал ахоплівае пераважна сярэднюю паласу эўрапэйскай часткі Расеі, таксама яе поўнач, Сібір і Далёкі Ўсход.

 
Цьвіценьне марошкі ў Фінляндыі

У Беларусі

Распаўсюджанная пераважна на поўначы і ў цэнтры краіны.

У Эўропе

Расьце ў паўночных краінах, краінах Балтыі, паўднёвай частцы Грэнляндыі. Сустракаецца ў нямецкіх далінах Везера й Эльбы, дзе знаходзіцца пад аховай закона, і ў пустках Вялікабрытаніі й Ірляндыі.

У Азіі

Сустракаецца ў паўночнай частцы Расеі на ўсход у бок Ціхага акіяна. Невялікія папуляцыі сустракаюцца таксама далей на поўдзень, як батанічны рудымэнт Ледніковага пэрыяду.

У Паўночнай Амэрыцы

 
Пасьпелая марошка

Марошка дзіка расьце на большай частцы Паўночнай Канады, Аляскі, у Паўночнай Мінесоце, Нью-Хэмпшыры й Мэне. Ёсьць гістарычны запіс пра невялікую папуляцыю, якая раней расла на Лонг-Айлэндзе на ўсход ад Нью-Ёрка.

Сустракаецца на тарфяных балотах, забалочаных лясох, мохавых і хмызьняковых тундрах у арктычнай і паўночнай лясной паласе паўночнага паўшар’я па паўночных аколіцах.

Ягаднікі марошкі суседнічаюць з брусьніцамі, чарніцамі, буякамі, побач часта расьце багун, шмат сфагнавых мхоў. Такія месцы — улюбёныя пашы белых курапатак і такуючых глушцоў.

У клясыфікацыі расьлінных супольнасьцей характэрны від для альянсу Oxycocco-Empetrіon, асацыяцыі Empetro-Trіchophoretum austrіacі.