Маргер (паэма)
«Ма́ргер» (польск. Margier) — паэма Ўладзіслава Сыракомлі на гістарычную тэматыку, аўтар яе называў «найлепшым зь дзяцей свайго духу», з чым, аднак, не пагадзіліся крытыкі[1].
Маргер | |
польск. Margier | |
Першае выданьне | |
Жанр: | Паэма |
---|---|
Аўтар: | Уладзіслаў Сыракомля |
Мова арыгіналу: | польская |
Год напісаньня: | 6 жніўня 1854 |
Публікацыя: | 1855 |
Асобнае выданьне: | 1855 |
Выдавецтва: | Рубэн Рафаловіч |
Твор паэт пісаў з канца 1852[2] да 6 жніўня 1854 году ў Барэйкаўшчыне, а ў 1855 годзе паэма выйшла асобным выданьнем[3].
Назва
рэдагавацьМаргер (Margger[4], Margeir[5]) — імя германскага паходжаньня[6][7][8][9]. Іменная аснова -марх- (-марк-, -мерк-) паходзіць ад гоцкага marh 'конь'[9], аснова -мер- (-мар-, -мір-) (імёны ліцьвінаў Маргела, Валадзімер, Нетымер; германскія імёны Mergell, Waldmer, Nitimerus) — ад гоцкага і бургундзкага meris 'славуты, выбітны'[10], а аснова -гер- (-гар-, -гір-) (імёны ліцьвінаў Гералт, Гермонт, Бутгер; германскія імёны Gerolt, Geromont, Butger) — ад стараісьляндзкага geirr, стараверхненямецкага gēr 'дзіда'[11].
Імя князя ў Хроніцы Віганда адзначалася як Marger[12].
Напісаньне
рэдагавацьПаэма засноўваецца на няўдалай абароне замка Пулену, апісанай у крыжацкай Хроніцы Віганда. Паводле нямецкага храніста, калі паганскае насельніцтва згубіла надзею на ратунак, то ня хочучы здавацца ў палон, пастанавіла ўчыніць масавае самагубства і спаліць свае рэчы ў вогнішчы, каб нічога не засталося ворагу[13][14]. На гэтую падзею ўвагу паэта зьвярнула пісьменьніца Паўліна Вільконская[15].
Уладзіслаў Сыракомля пісаў паэму некалькі месяцаў і быў крайне ёй задаволены[1]. Пішучы ўступ паэт, на думку Тадэвуша Піні, арыентаваўся на «Дзеву возера» Вальтэра Скота, якога Сыракомля ў маладосьці ахвотна чытаў[16].
Зьмест
рэдагавацьУ часе сутычкі з крыжакамі, у палон да літоўцаў трапляе немец Рансдорф. Літоўцы хочуць яго забіць, але правадыр Маргер захоўвае яму жыцьцё й загадвае занесьці яго ў свой замак Пулен, дзе раненага крыжака лечаць. Маргер яго палюбіў і нават адмовіўся прынесьці яго ў ахвяру Поклюсу. Дачка правадыра Эгле (польск. Egle) нават закахалася ў палоннага. Але Маргер пагадзіўся ў выніку даць немца ў ахвяру, праз што Эгле вызваліла Рансдорфа й з дапамогай старога Лютаса выпусьціла таго з замка праз падземныя хады, узяўшы толькі прысягу, што Рансдорф нікому пра іх не распавядзе[17].
Немец вяртаецца да сваіх, марачы доўга пра літоўку, якая ўратавала яму жыцьцё. Тым часам крыжакі зьбіраюцца на новую вайну зь Літвою, жадаючы здабыць замак Пулен. Рансдорфа як дасьведчанага чалавека, які ведае мясцовасьць, бяруць з сабой і даюць кіраваць адным аддзелам. Аднак ён сам сабе прысягае, што не выдасьць патаемнага ходу[18].
У гэты час вестка пра ўцёк крыжака ў замку пакінула вялікае ўражаньне на ўсіх. Маргер здагадаўся, хто ў гэтым вінаваты й прабачыў дачцэ, але сьвятары пагражалі страшнай помстай бога й жадалі задобрыць Поклюса, аддаўшы Эглю ў ахвяру, інакш на Літву зваліцца вялікае няшчасьце. Маргер, хочучы ўратаваць Айчыну, аддае дачку сьвятарам, тая чакае часу свайго спаленьня. Рансдорф даведваецца пра гэта ад Лютаса, якога крыжакі схапілі ў палон і якому немец захаваў жыцьцё. З гэтымі весткамі, Рансдорф не зажадаў больш стрымлівацца прысягай, бо каханьне яго апанавала. Крыжакі атачаюць замак з усіх бакоў, лезуць на сьцены, а Рансдорф з аддзелам ідзе патаемным ходам і хутка зьяўляецца ў цэнтры замка. Пачынаецца бітва, літоўцы абараняюцца з двух бакоў. Рансдорф жа бяжыць да запаленай вязьніцы, выносіць адтуль непрытомную Эглю й уцякае да крыжачкага лагера[19].
Літоўцы, бачачы, што ім не перамагчы, пастанаўляюць зьдзейсьніць самагубства. Літоўцы гінуць у вогнішчы, застаецца адзін Маргер. Жадаючы ўжо ўваткнуць у свае грудзі меч, ён заўважае каля замка лодку, што плыве па Нёмане, з Рансдорфам і Эгле. З астатніх сілаў літовец хапае лук і выпускае дзьве стралы. Целы немца й дачкі падаюць у ваду, а Маргер спакойна працінае сабе грудзі й падае мёртвы ў вогнішча пасярод сваіх суродзічаў[20].
Крытыка
рэдагавацьПа публікацыі на паэта пасыпалася злосная крытыка, якую ён успрымаў балюча. Творцу вінавацілі за фанабэрыстасьць і ганарыстасьць у прадмове, дзе ён адкрыта прызнаваў «Маргера» за найлепшы свой твор. Праз ціск крытыкі Ўладзіслаў Сыракомля думаў нават кінуць пісьменьніцтва[21].
Прыяцель паэта Язэп Крашэўскі шчыра пісаў у газеце «Gazeta Warszawska», што «Маргер» ня ёсьць такім шэдэўрам, як здаецца Ўладзіславу Сыракомлю, што лепш яму ісьці заўсёды толькі за сэрцам, бо тады ён піша найпрыгажэй і найчульлівей. Уладзіслава Сыракомлю гэта моцна закранула, аднак ён не пакрыўдзіўся[22].
Тадэвуш Піні адзначае, што, дарма што многія перавагі й прыгожыя ўступы, «Маргер» саступае іншым паэмам («Дабрародны Ян Дубарог», «Акраец хлеба»)[1]. Дасьледнік заўважае:[23]
… у гэтым творы няма той натуральнасьці, той прастаты, якая паказвае, што адзін выпадак выплывае з другога ясна й дакладна. Тут усё апавяданьне абапіраецца толькі на выпадковых здарэньнях. Які ж гэта неасьцярожны водца, які дазваляе непрыяцелю хадзіць спакойна па сваім замку, не маючы намеру забіць яго, а потым дапускаючы, што ён выйдзе на волю! Які легкадумны стары Лютас, які Рансдорфу паказвае патаемны ход, выпускае яго на свабоду, а потым зусім без патрэбы кажа яму пра зьняволеньне Эгле, быццам прагнуў, каб немец парушыў прасягу й у адчаі памкнуўся на дапамогу каханай, несучы адначасна згубу ліцьвінам.
Тадэвуш Піні таксама сьцьвярджае, што ў паэме Сыракомлі нічога новага адносна Міцкевічавых «Гражыны» і «Конрада Валенрода» няма; нічога новага пра звычаі старажытных літоўцаў не даведацца зь яе, акрамя як пра рэлігію, якую Сыракомля, на ягоную думку прадставіў дакладней, хаця карціна прынашэньня ахвяраў, паводле Піні, не адпавядае рэчаіснасьці[24].
Пераклады
рэдагавацьУ 1882 годзе Ян Нечас зрабіў і выдаў пераклад на чэскай мове[25]. На летувіскую мову паэма перакладзена двойчы: Сімонасам Норкусам-Наркявічусам (1883)[26] і Антанасам Валайцісам (1936)[27]. У 1880 годзе Ліядор Пальмін апублікаваў свой пераклад на расейскую мову ў маскоўскім часопісе «Русская Мысьль»[28]. Іншы маскальскі пераклад зрабіў Міхаіл Зянкевіч[29].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в Pіnі, T. Władysław Syrokomla і jego utwory (пол.). — 1901. — С. 112.
- ^ Spasowіcz, Wł Władysław Syrokomla (пол.). — 1881. — С. 80.
- ^ Syrokomla, Wł. Margіer (пол.). — Wіlno: R. Rafałowіcz, 1855. — 136 с.
- ^ Die Klostergemeinschaft von Fulda im früheren Mittelalter. Bd. 2.2: Untersuchungen. — München, 1978. S. 638.
- ^ Ray O. Vore navne: en etymologisk navnebok med fyldige utredninger. — Chicago, 1944. S. 238.
- ^ Förstemann E. W. Altdeutsches Namenbuch. Bd. 1: Personennamen. — Bonn, 1900. S. 572, 1095.
- ^ Jacob G. Die Ortnamen des herzogthums Meiningen. — Hildburghausen, 1894. S. 79.
- ^ Die Klostergemeinschaft von Fulda im früheren Mittelalter.. Bd. 3: Vergleichendes Gesamtverzeichnis der fuldischen Personennamen. — München, 1978. S. 287.
- ^ а б Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 24.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 18.
- ^ Morlet M.-T. Les noms de personne sur le territoire de l’ancienne Gaule du VIe au XIIe siècle. T. I: Les noms issus du germanique continental et les créations gallo-germaniques. — Paris, 1971. P. 98.
- ^ Scriptores rerum Prussicarum. Bd. 2. — Leipzig, 1863. S. 489—490.
- ^ Новая Прусская хроника (1394) / Перевод с латинского яз. и комм. Н. Н. Малишевского. — М., 2014. С. 31.
- ^ Pіnі, T. Władysław Syrokomla і jego utwory (пол.). — 1901. — С. 111-112.
- ^ Pіnі, T. Władysław Syrokomla і jego utwory (пол.). — 1901. — С. 111.
- ^ Pіnі, T. Władysław Syrokomla і jego utwory (пол.). — 1901. — С. 117.
- ^ Pіnі, T. Władysław Syrokomla і jego utwory (пол.). — 1901. — С. 112-113.
- ^ Pіnі, T. Władysław Syrokomla і jego utwory (пол.). — 1901. — С. 113.
- ^ Pіnі, T. Władysław Syrokomla і jego utwory (пол.). — 1901. — С. 113-114.
- ^ Pіnі, T. Władysław Syrokomla і jego utwory (пол.). — 1901. — С. 114.
- ^ Pіnі, T. Władysław Syrokomla і jego utwory (пол.). — 1901. — С. 133.
- ^ Pіnі, T. Władysław Syrokomla і jego utwory (пол.). — 1901. — С. 134.
- ^ Pіnі, T. Władysław Syrokomla і jego utwory (пол.). — 1901. — С. 114-115.
- ^ Pіnі, T. Władysław Syrokomla і jego utwory (пол.). — 1901. — С. 115-116.
- ^ Syrokomla, Vl., Nečas, J. Margěr (чэс.). — Praha: Nákladem knіhkupectví І.L. Kobrova, 1882. — 105 с.
- ^ Sіgіtas Bіrgelіs Kunіgas, rašytojas іr knygnešys (лет.) // Punskas.pl. — 2018/05/22.
- ^ Vladіslavas Sіrokomlė, Margіs (Margіrіs), vertė. Antanas Valaіtіs, Kaunas: Sakalas, 1936
- ^ Сырокомля, В. Маргеръ (рас.) // Русская Мысьль. — 1880. — № 1-2.
- ^ Кондратович, Л. Избранные произведения: перевод с польского (рас.). — Москва: Государственное издательство художественной литературы, 1953. — С. 161-246. — 293 с.
Літаратура
рэдагаваць- Pini, T. Władysław Syrokomla i jego utwory (пол.). — Lwów: Macierz Polska, 1901. — 247 с.
- Spasowicz, Wł Władysław Syrokomla (пол.). — Lwów: Księgarnia Polska, 1881. — 148 с.
- Варабей, М. П. Асэнсаванне хрысціянскага і язычніцкага ў паэме «Маргер» Уладзіслава Сыракомлі (бел.). — Мінск: РІВШ, 2016. — С. 79-82. — ISBN 978-985-586-012-0.
- Варабей, М. Хрысціянізацыя ВКЛ вачыма Уладзіслава Сыракомлі ў гістарычнай паэме «Маргер» (бел.). — Мінск: Выдавецкі цэнтр БДУ, 2016. — С. 217-221. — ISBN 978-985-553-407-6.