Трамбон

духавы музычны інструмэнт

Трамбон (па-італьянску: trombone, літар. «Вялікая труба») — медны духавы музычны інструмэнт басава-тэнаравага рэгістра. Трамбон вядомы з XV стагодзьдзя. Ад іншых медных духавых інструмэнтаў адрозьніваецца наяўнасьцю кулісы — асобай перасоўнай U-вобразнай трубкі, з дапамогай якой музыкант зьмяняе аб'ём зьняволенага ў інструмэнце паветра, такім чынам, дасягаючы магчымасьці выконваць гукі храматычнага гукараду (на трубе, валторне й тубе гэтай мэты служаць вентылі). Трамбон — нетранспаноўны інструмэнт, таму ягоныя ноты заўсёды запісваюцца ў адпаведнасьці з сапраўдным гучаньнем. На некаторых трамбонах маюцца дадатковыя кроны, якія дазваляюць паніжаць гукі на кварту й на квінту, якія падключаюцца з дапамогай квартвентыля й квінтвентыля.

Трамбон

Інструмэнт існуе ў некалькіх разнавіднасьцях, якія ўтвараюць сямействы. У наш час у асноўным выкарыстоўваецца асноўны прадстаўнік сямейства — тэнаравы трамбон. Як правіла, пад словам «трамбон» разумеюць менавіта гэтую разнавіднасьць, таму часьцяком слова «тэнаравы» апускаюць. Альтовы й басовы трамбоны прымяняюцца радзей, сапранавы й кантрабасовы — амаль не выкарыстоўваюцца. Дыяпазон трамбона — ад G1 (соль контрактавы) да F2 (фа другой актавы) з пропускам гукаў паміж B1 і E (сі-бэмоль контрактавы й мі вялікай актавы). Гэты прамежак (акрамя ноты H1, то бок сі контрактавы) запаўняецца пры наяўнасьці квартвентыля.

Трамбон — разнастайны па штрыхах і тэхнічна рухомы інструмэнт, валодае яркім, бліскучым тэмбрам у сярэднім і верхнім рэгістрах, змрочным — у ніжнім. На трамбон магчыма выкарыстаньне сурдыны, асаблівы эфэкт — глісанда — дасягаецца сьлізгаценьнем кулісы. У сучасным сымфанічным аркестры звычайна выкарыстоўваюцца тры трамбоны, то бок два тэнаравыя й адзін басовы. Асноўная сфэра прымяненьня трамбона — сымфанічны аркестар, але ён таксама выкарыстоўваецца ў якасьці салюючага інструмэнта, а таксама ў духавым аркестры, джазе й іншых музычных жанрах.

Літаратура

рэдагаваць
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15. — 552 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0251-2 (Т. 15)

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць